КУЗЬМІЧО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 20.5.1923, г. Вузлавая Тульскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага (1949—52). З 1943 працаваў у ваен.перыяд. друку, час. «Литературная Грузия». З 1967 жыве на Беларусі. Піша на рус. мове. Друкуецца з 1940: вершы, п’есы [«У нашым палку», паст. 1951; «Вяртанне (Бацька)», паст. 1954; «Арліны перавал», паст. 1958, і інш.]. Аўтар аповесцей «Па свежаму следу» (1955), раманаў «Так наступае вясна» (1958), «Паўднёвы Захад» (1962), «Трывога» (1964), «Поле бою» (1979), «Падпольная мянушка — Янаш» (1987), дакумент. аповесцей «Першыя савецкія гвардзейцы» (1971), «Час пераклічкі» (1981), «Год нараджэння — сорак першы» (1989), ваен.-гіст. нарысаў. Асн. тэма твораў — армейская служба ў мірны час, гераізм у гады вайны. Перакладае з груз. і арм. моў на рускую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛЬФ (англ. golf),
спартыўная гульня з мячом і клюшкай. Полем для гольфа служыць участак натуральнай умерана перасечанай мясцовасці (поле, парк, узлесак) пл. ад 50 тыс. да 200 тыс.м², на якім размечана 9—18 дарожак-трас (даўж. 150—470 м, шыр. 30—40 м). У канцы кожнай з іх зроблены пляцоўкі пл. каля 20 м² з ямкай-лункай пасярэдзіне (глыб. 11 см, дыяметр 10 см). Мяч з літой літай* гумы (вес вага 42,5 г), клюшкі (у наборы) даўж. ад 85 да 110 см з галоўкамі рознай формы. Мэта гульні — ударамі клюшкай па мячу пракаціць яго праз усе дарожкі і патрапіць ім у кожную лунку. Перамагае той ігрок ці каманда, якія зробяць гэта найменшай колькасцю ўдараў.
Зарадзіўся гольф у сярэднія вякі ў Даніі. Найб. развіты ў Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, ЗША, краінах Скандынавіі. Уваходзіў у праграму Алімпійскіх гульняў (1900, 1904).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,
выбіральнае паглынанне рэчывам эл.-магн. хваль пэўнай частаты, абумоўленае зменай арыентацыі магнітных момантаў часціц рэчыва (электронаў, атамных ядраў).
Энергет. ўзроўні часціцы, якая мае магнітны момант, у знешнім магн. полі расшчапляюцца на магн. падузроўні, кожнаму з якіх адпавядае пэўная арыентацыя магн. моманту адносна поля (гл.Зеемана з’ява). Эл.-магн.поле рэзананснай частаты выклікае квантавы пераход паміж магн. падузроўнямі. Пры паглынанні энергіі ядрамі атамаў назіраецца ядзерны магнітны рэзананс; у парамагнетыках паглынанне энергіі абумоўлена магн. момантамі няспараных электронаў — электронны парамагнітны рэзананс; у магнітаўпарадкаваных рэчывах адрозніваюць ферамагнітны рэзананс, антыферамагнітны рэзананс, ферымагнітны рэзананс. Выкарыстоўваецца для даследавання ўнутр. структуры цвёрдых цел і вадкасцей, для неразбуральнага хім. аналізу, прэцызійных метадаў вымярэння і стабілізацыі магн. палёў, у ферытавых прыладах ЗВЧ, мазерах і інш.
Літ.:
Сликтер Ч.П. Основы теории магнитного резонанса: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДАБАСА́НАЎ (Калый Малдабасанавіч) (н. 28.9.1929, сяло імя Калініна Нарынскай вобл., Кыргызстан),
кіргізскі дырыжор, кампазітар, педагог. Нар.арт.СССР (1979). Герой Сац. Працы (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954), Кірг.ін-т мастацтваў (1973). З 1954 дырыжор, у 1966—73 гал. дырыжор Кірг.т-ра оперы і балета. З 1975 выкладае ў Кірг. ін-це мастацтваў (з 1984 праф., рэктар). Пад яго муз. кіраўніцтвам у Кірг. т-ры пастаўлены оперы «Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ, «Невядомы салдат» К.Малчанава, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, балеты «Асель» Уласава і «Легенда аб каханні» А.Мелікава і інш. Сярод твораў: балетараторыя «Мацярынскае поле» (паст. 1974) і балет «Сказ пра Манкурт» (паст. 1986; абодва паводле Ч.Айтматава), вак.-сімф., сімф. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні і інш.Дзярж. прэмія СССР 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЛІ́НА (Янка) (сапр.Семашкевіч Іван; 1883, в. Лакцяны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 1955),
бел.паэт. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907). Служыў ксяндзом на Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне, Беласточчыне. У гады культу асобы зведаў рэпрэсіі. Друкаваўся з 1917 у газ. «Гоман», у перыяд. выданнях Зах. Беларусі, у т. л. ў час. «Маланка». Выдаў у Вільні зб-кі вершаў і баек «На прызбе» (1918, 2-е выд. 1924) і «На покуці» (1934), камедыю «Выбар старшыні» (1926), у якой асуджаў жорсткасць і несумленнасць чыноўнікаў. Вершы «Бацькаўшчына», «Дарогі нашай айчыны» і інш. выявілі патрыят. настроі паэта. У вершах «Ой, пусцее поле», «Воўк заўсёды ваўком», байках «Блыха і пан», «Кабан і мурашкі» і інш. Паказаў сац. і нац. ўціск польск. улад. Бытавы гумар пераважае ў вершаваных апавяданнях («Здарэнне», «Пахаванне старшыні»). У аснове твораў Быліны жывая нар. гутарковая мова. Шкодзіць ім залішні дыдактызм, шматслоўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБІНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.
У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл. каля 90 га) і фазанавае поле (пл. каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.Лутніцкі, К.Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.
Створаны ў 1959 у Мінску. Уключае балетную трупу і аркестр. Першыя маст. кіраўнікі А.Апанасенка (1959—71) і С.Дрэчын (1971—73), з 1986 В.Дудкевіч; кіраўнік аркестра С.Хвашчынскі (з 1991). У рэпертуары больш за 100 пастановак: танцы і харэаграфічныя кампазіцыі, створаныя на аснове бел.танц. фальклору («Лявоніха», «Лянок», «Весялуха», «Мяцеліца», «Перапёлачка», «Каханачка», «Маталіха», «Полька-Янка», «Крыжачок», «На Купалле», «Беларуская рапсодыя», «Неглюбскія вячоркі», «Спеў дубраў», «Арэлі», «Церніца»), фальклору інш. народаў, сюжэтныя пастаноўкі («Беларуская партызанская», «Сінявокая і неўміручая», «Полечка-поле», «Хатынь», «Вечарына»), праграма «Карагод сяброў», гумарыстычныя сцэнкі («Крутуха», «Дырыжор аркестра» і інш.). У сваіх інтэрпрэтацыях бел.нар. танцаў ансамбль імкнецца захаваць іх характэрнасць, лёгкасць, зграбнасць рухаў, вынаходлівасць харэаграфічнага малюнка. Сярод артыстаў (1997) М.Ліпчык (баян). У розны час у ансамблі працавалі маст. кіраўнікі Г.Маёраў, В.Бутрымовіч, балетмайстры Г.Мартынаў, Я.Штоп, артысты балета М.Апанасенка, Г.Белавусава, С.Вуячыч, А.Гарэлік, І.Цюрын, кіраўнік аркестра У.Багадайка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),
1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн.поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.
2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).
3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.
Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,
нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн.поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАБЛО́ЦКАЯ (Галіна Пятроўна) (н. 26.6.1953, в. Янкі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1976 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва, з 1993 выкладчык каледжа мастацтваў у Мінску. Працуе пераважна ў галіне габелена ў тэхніцы аўтарскага ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца стрыманай колеравай гамай, алегарычнасцю: габелены-заслоны «Жытнёвае поле» (1985) для гасцініцы «Беларусь», «Вясёлка» (1988—93) для Палаца Рэспублікі ў Мінску, «Бярдзічаў» (1986—87, з В.Грыдзінай) для Палаца культуры завода «Хіммаш» у г. Бярдзічаў (Украіна), серыі габеленаў «Краявіды» (1993), «Дыялог з прыродай» (1993—96), «Замкі Беларусі» (1997), габелены «Актава» (1978), «Ў Белавежскай дуброве» (1981), «Блакітны дзень» (1983), «Рэквіем. Трасцянец» (1984), «Шлях», «Курапаты» (абодва 1988), «Ахвярам 37-га» (1990), «Апошнія ліхтары» (1991), «Дзень» (1996) і інш. Аўтар сцэн. касцюмаў для ансамбляў «Харошкі», «Песняры» (1976—80) і інш.