спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл.Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТЫ (ад слова люты — злы, суровы),
другі месяц каляндарнага года ў Беларусі (28 дзён, у высакосным годзе 29), апошні месяц зімы. 15 Л. працягласць дня ў Мінску 9 гадз 48 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 23,3°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 133 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-8 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў Л. -5,9 °C (-3,5 °C на ПдЗ і -7,5 °C на ПнУ). Вільготных дзён (адносная вільготнасць удзень не ніжэй 80%) 12—18. У Л. у сярэднім па рэспубліцы 3—8 дзён з мяцеліцай. На б.ч. тэрыторыі выпадае каля 30—40 мм ападкаў, павялічваецца таўшчыня снегавога покрыва з максімумам у 3-й дэкадзе месяца 10—15 см на ПдЗ і 20—35 мм на ПнУ. Таўшчыня лёду на вял. рэках і азёрах 35—60 см, глебы прамярзаюць да 30—50 см і болей. Глыбокі снег, ледзяная скарынка перашкаджаюць ласям, зайцам, лісам здабываць корм. У Л. адбываецца гон у ваўкоў, лісоў, зайцоў. Пачынаецца павольнае перамяшчэнне на Пн чарод чачотак, снегіроў, амялушак, крыжадзюбаў, паўн. савы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЕ ДОБРАЎПАРА́ДКАВАННЕ,
мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў адпачынку, павышэнні ўстойлівасці ландшафтаў да рэкрэацыйных нагрузак, удасканальванні эстэт. якасцей месцаў адпачынку. У залежнасці ад прызначэння рэкрэацыйных тэрыторый і іх наведвальнасці фарміруюцца ландшафты з розным узроўнем Р.д. (напр., на аснове прыроднага ляснога масіву могуць фарміравацца пашыраныя на Беларусі рэкрэацыйныя лясы, лесапаркі і загарадныя паркі). У рэкрэацыйных лясах захоўваецца прыродны характар асяроддзя і ствараецца мінім. ўзровень добраўпарадкавання (абсталяванне турысцкіх стаянак, сховішчаў ад непагадзі, месцаў для вогнішчаў і інш.). У лесапарках прарэджваецца дрэвастой, фарміруюцца выразныя пейзажныя перспектывы, пракладваюцца дарожкі і сцежкі (займаюць да 4% тэрыторыі), абсталёўваюцца пляцоўкі для адпачынку, спарт. заняткаў і г.д.У загарадных парках ствараецца больш высокі ўзровень Р.д.: высаджваюцца дэкар. расліны, паляпшаецца травяное покрыва, добраўпарадкоўваюцца берагі вадаёмаў; фарміруюцца пейзажныя карціны, сеткі дарог і сцежак (займаюць да 8% тэр.), выкарыстоўваюцца малыя арх. формы (альтанкі, кіёскі, фантаны, свяцільнікі і інш.). Разліковыя рэкрэацыйныя нагрузкі на 1 гатэр. рэкрэацыйнага лесу — 3—10 чал., лесапарку — 8—30, загараднага парку — 25—70 чал. Р.д. ажыццяўляецца на аснове спец. праекта, які забяспечвае цэласнасць арх.-планіровачнага і ландшафтнага вырашэння кампазіцыйнай задумы з улікам прыродаахоўных патрабаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ ЗЯМЕ́ЛЬ (ад рэ...+ культывацыя),
комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні гасп. каштоўнасці і прадукцыйнасці зямель, пашкоджаных эрозіяй, пры здабычы і перапрацоўцы карысных выкапняў, геолагаразведачных, буд. і інш. работах. Важная састаўная ч.рэкультывацыі ландшафтаў.
Асн. кірункі Р.З.: с.-г. (стварэнне ворных зямель, сенажацей, пашаў, садоў), лесагасп. (лесапасадкі эксплуатац., азеляняльнага, глебаахоўнага водаахоўнага прызначэння), водагасп. (стварэнне сажалак, Вадасховішчаў, водна-спарт. комплексаў), жыллёвае і прамысл.буд-ва на парушаных землях. Праводзіцца ў 2 этапы: горнатэхн. (планіровачныя работы, фарміраванне адхонаў, выемак і адвалаў, пакрыццё парушаных зямель глебавым покрывам, меліярац. работы, буд-ва дарог) і біял. (аднаўленне ўрадлівасці зямель, стварэнне с.-г. і лясных угоддзяў, фарміраванне ландшафтаў, спрыяльных для жыццядзейнасці чалавека).
На Беларусі зацверджана зямельным заканадаўствам і абавязковая для ўсіх гасп. устаноў, якія выконваюць работы, звязаныя з парушэннем глебавага покрыва; састаўная ч. мерапрыемстваў у сістэме аховы прыроды і рацыянальнага прыродакарыстання. Найб. плошчы парушаны торфараспрацоўкамі, здабычай нярудных карысных выкапняў, нафты, калійных солей, буд-ва дарог, газа- і нафтаправодаў. У 1985 рэкультывавана 12 тыс.га, у 1995—6, у 1999—3 тыс.га зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАКЛІМАТЫ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі па ступені спрыяльнасці кліматычных умоў для земляробства. Асн. задача агракліматычнага раянавання — вылучэнне тэрыторый (паясоў, зон, абласцей, раёнаў і г.д.), што адрозніваюцца паміж сабой асаблівасцямі клімату і ўмовамі с.-г. вытв-сці. Падзяляецца на агульнае, якое дае магчымасць вызначыць у цэлым агракліматычныя рэсурсы для сельскай гаспадаркі, і спецыяльнае, што служыць для вырашэння канкрэтных вытв. задач. Ацэнка агракліматычных рэсурсаў праводзіцца пераважна праз паказчыкі колькасці цяпла і вільгаці, умоў перазімоўкі культур. У аснову агракліматычнага раянавання ва ўмераных шыротах пакладзена сума т-р вышэй за 10 °C і працягласць залягання ўстойлівага снегавога покрыва. У найб. пашыранай схеме агракліматычнае раянаванне Беларусі (паводле А.Х.Шкляра) тэр. рэспублікі падзяляецца на 3 агракліматычныя вобласці з 6 падвобласцямі і 19 агракліматычнымі раёнамі (гл. схему). Раянаванне грунтуецца на аснове фіз.-геагр. правінцый, улічваюцца сумы т-р паветра за цёплы перыяд года (з т-рамі паветра вышэй за 10 °C), каэфіцыент увільгатнення, кантынентальнасць клімату, колькасць дзён з т-рамі паветра ад 5 да 15 °C і інш. паказчыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ,
агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл.Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл.Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.
Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ГЛЕБ,
навука пра заканамернасці фарміравання і прасторавае размяшчэнне глеб і іх сувязь з геагр. асяроддзем. Цесна звязана з глебазнаўствам, геамарфалогіяй, кліматалогіяй, геабатанікай, ландшафтазнаўствам. Падзяляецца на агульную геаграфію глеб (вывучае глебаўтваральныя фактары і найб. агульныя законы геагр. заканамернасцей размеркавання глеб) і рэгіянальную геаграфію глеб (пытанні глебава-геагр. раянавання, картаграфавання і даследавання прасторавага размяшчэння глеб розных ч. зямной паверхні). Найб. агульныя заканамернасці геаграфіі глеб: гарызантальная занальнасць (змены глебавага покрыва на раўнінах у залежнасці ад колькасці цяпла і вільгаці); вышынная пояснасць (змены глеб у гарах); правінцыяльнасць (змены глеб пад уплывам змен клімату, тэктоніка-літалагічных умоў і інш.). Выкарыстоўвае метады даследавання: параўнальна-геагр., картаграфічны, статыстычны. Складае навук. аснову для ўліку зямельных рэсурсаў, распрацоўкі мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці і рацыянальным размяшчэнні с.-г. вытв-сці. Узнікла геаграфія глеб у канцы 19 ст. ў выніку навук. прац В.В.Дакучаева, які стварыў вучэнне аб фактарах глебаўтварэння, гарыз. і верт. занальнасці.
На Беларусі глебы вывучаліся ў 18 і 19 ст. У 1923 праведзены рэкагнасцыровачныя даследаванні глеб, у 1949 складзены іх першыя зводныя карты (маштаб 1:1 200 000). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Каардынацыйны цэнтр па вывучэнні глеб — НДІ глебазнаўства і аграхіміі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНЫЯ ЗВЯРЫ́ (Carnivora),
млекакормячыя атр. драпежных. 7 сям., 90 родаў, 232 віды. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. У шэрагу месцаў акліматызаваны. Жывуць на адкрыты прасторах, у гарах, лясах і інш. Большасць аселыя, інш. мігрыруюць. Трымаюцца па адным або парамі, зрэдку аб’ядноўваюцца ў статкі. Большасць драпежнікі, радзей усёедныя. Актыўныя пераважна ў прыцемках і ноччу. У Чырв. кнізе МСАП 36 відаў і 20 падвідаў. На Беларусі жыве 15 відаў з 6 сямействаў. 3 віды занесены ў Чырв. кнігу: барсук, буры мядзведзь, рысь.
Даўж. цела ад 11 см (ласка) да больш як 300 см (тыгры), маса ад 100 г да 1000 кг (белы мядзведзь). Цела ўкрыта валасамі, сярод якіх вылучаюць накіравальныя, восцевыя і пуховыя. Лінькі 2 або 1, у зімовы час валасяное покрыва больш густое. Зубы падзяляюцца на разцы, вял. конусападобныя востраканцовыя выгнутыя іклы і карэнныя (сярод іх — драпежныя зубы). Характэрны развітыя грабяні на чэрапе для мацавання моцнай сківічнай мускулатуры. Пераважна манагамы. Дзіцянят 1—8, зрэдку 20—22, нараджаюцца сляпыя і бездапаможныя. Многія Д.з. — аб’екты промыслу і зверагадоўлі, некат. шкоднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІ СВО́ЙСКІЯ,
няпарнакапытныя траваедныя жывёлы сям.коневых. Выведзены шляхам працяглай селекцыі ад дзікіх коней, пашыраных у Азіі і Афрыцы (у Еўропе вынішчаны). Прыручэнне пачалося ў 3-м тыс. да н. э. ў стэпах паміж р. Дон і Дняпро, у Паўд. Сібіры, Сярэдняй Азіі і інш. Існуе больш за 200 парод. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюцца тыпам, экстэр’ерам, працаздольнасцю. Добра прыстасаваныя да бегу, маюць вял. сілу цягі, непераборлівыя, вынослівыя, даўгавечныя, з высокай малочнай і мясной прадукцыйнасцю. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы на палявых і трансп. работах, у спорце; ад іх атрымліваюць розную прадукцыю (кумыс, мяса, лек. сывараткі, вакцыны, вырабы са скуры і інш.). На Беларусі найб. пашырана пародная група беларускіх запражных коней. Гадуюць таксама арабскую пароду верхавых коней, арлоўскую рысістую пароду, латвійскіх запражных коней, рускую рысістую пароду, рускую цяжкавозную пароду, тракененскую пароду, чыстакроўную верхавую пароду.
У залежнасці ад пароды выш. ў карку ад 50 да 185 см, маса ад 60 да 1500 кг. У жарабцоў 40 зубоў (12 разцоў, 4 іклы, 24 карэнныя), у кабыл іклаў няма. Валасяное покрыва кароткае (1—4 см). Жывуць каля 25 гадоў (зрэдку 40 і болей). Гл. таксама Конегадоўля, Конны завод.