РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Усевалад Аляксандравіч) (10.4.1895, г. Пушкін Ленінградскай вобл — 31.8.1977),
рускі паэт і перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). Друкаваўся з 1910. У зб-ках «Вялікая Мядзведзіца» (1926), «Гранітны сад» (1929), «...Зямное сэрца» (1933), «Акно ў сад» (1939) пісаў пра жыццё ў краіне, дзеячаў рус. культуры. Зб-кі «Голас Радзімы» (1943), «Ладага» (1945), «Родныя дарогі» (1947) пра падзеі Вял.Айч. вайны. Лірыка 1950—70-х г. прысвечана паўн. прыродзе і Ленінграду. Аўтар кніг пра А.Пушкіна («Чытаючы Пушкіна», 1962), мемуараў. З канца 1920-х г. перакладаў бел. паэзію. У 1930-я г. наведваў Беларусь, сустракаўся з бел. пісьменнікамі. На рус. мову пераклаў больш за 60 вершаў Я.Купалы, яго паэмы «Яна і я», «Тарасова доля», драму «Раскіданае гняздо» (з П.Кабзарэўскім). Я.Купалу прысвяціў некалькі вершаў і артыкулаў. Пераклаў таксама вершы Ф.Багушэвіча, Цёткі, П.Глебкі, У.Дубоўкі, К.Кірэенкі, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка і інш. На бел. мову яго творы перакладалі Р Баравікова, А.Вялюгін, Дубоўка, В.Зуёнак, Г.Кляўко, Р.Няхай, У.Паўлаў, Я.Сіпакоў, М.Танк і інш.
Тв.:
Избранное. Т 1—2. Л., 1974;
В созвездии Пушкина М., 1972;
Страницы жизни. 2 изд. М., 1974;
Город на Неве. 2 изд. Л., 1978;
Бел.пер. — у кн.: Паэты Ленінграда. Мн., 1948;
У кн.: Руская савецкая паэзія. Мн., 1953.
Літ.:
Васильева И.А. Всеволод Рождественский: Очерк жизни и творчества. Л., 1983;
Лиокумович Т. Поэзия Янки Купалы в русских переводах // Мастерство перевода. Сб. 12. 1979. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭНТА́НА (Brentano),
Клеменс (9.9.1778, Эрэнбрэйтштайн, каля г. Кобленц, Германія — 28.7.1842), нямецкі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік гейдэльбергскага кола рамантыкаў (гл. ў арт.Германія раздзел Літаратура). Літ. дзейнасць пачаў пад уплывам Л.Ціка. Адыход ад тэматыкі і стылю іенскіх рамантыкаў назіраецца ў рамане «Годві» (1801), камедыі «Понсе дэ Леон» (1804). Лірыка Брэнтана, заснаваная на нар. песеннай творчасці, зрабіла пераварот у ням. паэзіі, паўплывала на творчасць іншых рамантыкаў (асабліва Г.Гейнэ). Увёў у ням. паэзію тэму любоўных пакут, непадуладнага чалавеку ірацыянальнага пачуцця. Найб. вядомасць набылі вершы т.зв. рэйнскага цыкла: «Плывец у лодцы», «Вясёлыя музыканты», «Рыбак сядзеў у лодцы» і інш. Верш «Ларэлея» сам нарадзіў нар. паданне, стаў сімвалам рамант. мастацтва і натхніў многіх еўрап. паэтаў (І.Айхендорфа, Гейнэ, Ж. дэ Нерваля, Г.Апалінэра). З 1810-х г. у творчасці Брэнтана ўзмацніліся рэліг. пошукі, што адбілася ў духоўных вершах, навелах «Гісторыя сумленнага Касперла і прыгажуні Анерль», «Тры арэхі», «З летапісу вандроўнага шкаляра», у лірычнай драме «Заснаванне Прагі» (1815).
Аўтар сатыр. казак («Казка пра Гокеля і Гінкель» і інш.), оперных лібрэта. Апублікаваў зб.ням.нар. песень «Дзівосны рог хлопчыка» (1806—08, з Л.А.Арнімам). На бел. мову шэраг вершаў Брэнтана пераклаў У.Папковіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзіяням. рамантызму. Мн., 1989;
рус.пер. — Избранные стихотворения. М., 1986;
[Стихи] // Европейская поэзия XIX века. М., 1977;
Немецкая поэзия XIX века. М., 1984;
Поэзия немецких романтиков. М., 1985.
Літ.:
Балашов Н.И. Брентано и «Волшебный рог мальчика» // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;
Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. Л., 1973. С. 351—395.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́К (Мікола) (Мікалай Раманавіч; н. 29 5.1933, в. Кабылянка Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік, краязнавец, фалькларыст. Засл. дз. культуры Польшчы (1986). Скончыў БДУ (1959). У 1959—64 выкладчык бел. і рус. моў і літаратур, лац. мовы, у 1965—71 дырэктар Бельскага бел. ліцэя. У 1971—88 у штотыднёвіку «Ніва» (Беласток). Друкуецца з 1957. Працуе ў жанрах апавядання, эсэ, нарыса, выступае як публіцыст і крытык. Выдаў зб. вершаў і перакладаў «Ціш» (Беласток, 1988). Шмат увагі аддае гіст. тэматыцы. Барацьба нашых продкаў з татарамі і крыжакамі, эпоха Усяслава Чарадзея і Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Міндоўга, Ягайлы, напад Батыя і жыццё яцвягаў, заснаванне Бельска і змаганне супраць каталіцкай экспансіі, паўстанне 1863—64 на Беласточчыне і інш. — асн. тэмы кніг гіст. эсэ і апавяданняў «Трызна» (Мн., 1991), «Паратунак» (Мн., 1993). Апубл. каля 700 уласных запісаў бел.нар. песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік Беласточчыны, сабраны і апрацаваны ім зб. казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польск. мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Аўтар публіцыст. і крытычных артыкулаў, краязн. нарысаў, бел. падручнікаў для школ у Польшчы. Даследуе бел.-польскія культ. сувязі, бел.нар. каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію. Пераклаў на бел. мову кн. Калеві Касаля «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі» (Беласток, 1992), вершы польскіх паэтаў Л.Падгорскага-Аколава, Ц.Абрамовіча, Е.Плютовіча, Т.Маславецкага, А.Казлоўскай і інш., з лац. — М.К.Сарбеўскага. Складальнік зб. «Храм і верш: Праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія» (Беласток, 1993).
Тв.:
Белавежскія быліцы і небыліцы: Легенды, паданні. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ФАЛЬКЛО́Р,
від вуснай нар. паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш стараж. від нар. вусна-паэт. творчасці, якая ўвабрала шматвяковы пед. і паэт. вопыт народа. Творы Дз. ф. падзяляюць на 3 групы: паэзія пеставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некат. загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл). Дз. ф. ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай.
Пазнавальна-выхаваўчы характар Дз. ф. вызначае маст. форму, рытміку. вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў, Для яго характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэт. мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў Дз.ф. таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самаст. дзіцячым гульням і забавам).
У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафес. мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры. На Беларусі Дз. ф. збіралі і вывучалі Я.Чачот, А.Рыпінскі, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі, А.А.Грыневіч, Р.Р.Шырма, Г.І.Цітовіч і інш.
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972;
Гульні, забавы, ігрышчы. Мн., 1996.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 172—178;
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Аникин В.П. Русские народные пословицы, поговорки, загадки и детский фольклор. М., 1957;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁЛЬДЭРЛІН ((Hölderlin) Іаган Крысціян Фрыдрых) (20.3.1770, г. Лаўфен-ам-Некар, Германія — 7.6.1843),
нямецкі паэт. Папярэднік рамантызму. Вучыўся ва ун-це Цюбінгена (1788—93), вывучаў тэалогію, філасофію, ант. мастацтва, сябраваў з Г.Гегелем і Ф.Шэлінгам. Працаваў хатнім настаўнікам. Усведамленне сваёй несумяшчальнасці з рэчаіснасцю, беднасць, трагічнае каханне паўплывалі на яго душэўны стан (з 1802 псіхічна хворы). У ранніх «Цюбінгенскіх гімнах» («Гімны да ідэалаў Чалавецтва», 1790—97) апяваў свабоду, гармонію, хараство, сяброўства, даў канцэпцыю бясконцага руху чалавецтва да дасканаласці. Пераход да сталай паэзіі (2-я пал. 1790-х г.) адзначаны зваротам да ант. верша. Стараж. Эладу Гёльдэрлін успрымаў як эталон гарманічнага існавання (філас. оды і элегіі «Майн», «Некар», «Гайдэльберг», «Мая ўласнасць», паэма «Архіпелаг» і інш.). Філас.-лірычны раман «Гіперыён, ці Пустэльнік у Грэцыі» (т. 1—2, 1797—99) прасякнуты любоўю да мінулага Грэцыі і трывожным роздумам пра шляхі цывілізацыі. У цэнтры філас. трагедыі «Смерць Эмпедокла» (1798—99) праблемы пошукаў найлепшага грамадскага ладу і духоўныя супярэчнасці генія. Пераклады трагедый Сафокла, эпінікіяў Піндара стымулявалі яго пераход да т.зв. «жорсткага стылю», які стаў адметнай рысай позніх філас. гімнаў Гёдэрліна, аб’яднаных умоўнай назвай «Айчынныя песняпевы». Яны ствараюць шырокую панараму гіст. руху еўрап. цывілізацыі («Вяртанне на радзіму», «Ля вытокаў Дуная», «Рэйн», «Тытаны», «Свята міру» і інш.). Паэзія Гёдэрліна паўплывала на творчасць многіх еўрап. паэтаў. На бел. мову вершы Гёдэрліна перакладаў В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам.гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.
Тв.:
Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.
Літ.:
Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;
Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІС (Арсень Сяргеевіч) (н. 4.2.1934, в. Вётхава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-рфілал.н. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў, працаваў рэдактарам Дзярж.выд-ва Беларусі. З 1962 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе фальклорныя жанры (манаграфіі «Купальскія песні», 1974; «Валачобныя песні», 1989; «Жніўныя песні», 1993), л-ру, краязнаўства, перыядычны друк Беларусі, жыццё і дзейнасць працаўнікоў бел.нац.-вызв. руху, гісторыю мастацтва і культуры. Адзін з укладальнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да тамоў акад. серыі «Беларуская народная творчасць» — «Жніўныя песні» (1974), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992). Склаў зб-кі «Беларускія народныя necui» (1970), «Беларускі фальклор» (у сааўт., 4-е выд. 1996), «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы» (1984, з І.У.Саламевічам), «Тарашкевіч Б. Выбранае» (1991) і інш. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Песня на ўсё жыццё» (пра Р.Р.Шырму, з І.К.Цішчанкам, 1984), «Прысады жыцця» (пра М.І.Гарэцкага, з І.В.Калоўскім, 1985), «Зямля Тарашкевіча» (з Ю.В.Лысятавым, 1991), «Аркадзь Смоліч», «Дзядзька Уласаў» (пра АМ.Уласава, абодва 1992), «Адвечныя званы» (пра М.В.Доўнар-Запольскага, 1993). Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Мікола Шчакаціхін. Мн., 1968;
Пётра Сергіевіч. Мн., 1970;
Пякучай маланкі след: Эцюд да партрэта мастака Горыда. Мн., 1981;
Вечны вандроўнік: Нарыс пра мастака Я.Драздовіча. Мн.,1984;
Песню — у спадчыну. Мн., 1989;
Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994;
Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),
італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.Баланьіні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.Б.Саларэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.
Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.
На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЙША (Вячаслаў Пятровіч) (н. 5.6.1942, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец, крытык. Акад.Міжнар.АН Еўразіі (з 1994), д-рфілал.н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1963); у 1967—88 і з 1994 выкладае ў ім (заг. кафедры). З 1988 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 нам. дырэктара Нац.навук.-асв. цэнтра імя Ф.Скарыны. Даследуе гісторыю бел. л-ры, бел.-ўкр., бел.-рус. і інш.літ. ўзаемасувязі, паэтыку верша, пытанні тэорыі маст. перакладу, праблемы літ. працэсу. Аўтар манаграфіі «Паэтыка Максіма Танка» (1968), кніг «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «Гутаркі пра верш» (1979), «Напісана рукой Купалы» (1981), «Слядамі знічкі» (пра С.Палуяна, 1990; з Т.Кабржыцкай), «Там, дзе бруіцца Іслач...» (1991) і інш. Складальнік вучэбнага дапаможніка для ВНУ «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя» (1971; у сааўт.; 2-е выд. 1988), зб. Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету» (1983, з Я.Раманоўскай) і інш. Перакладае з укр., польск., сербскай і інш. моў. Міжнар.літ. прэмія імя І.Франко 2000.
Тв.:
Карані дружбы: Бел.-ўкр.літ. ўзаемасувязі пачатку XX ст.Мн., 1976 (разам з Т.В.Кабржыцкай);
І нясе яна дар..: Бел.паэзія на рус. і ўкр. мовах. Мн., 1977;
Паэтычны слоўнік. Мн., 1979;
Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;
Кантакты: Літ.-крытыч. арт., эсэ. Мн., 1982;
Вяршыні: З невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Мн., 1991;
І адгукнецца слова ў слове..: Літ.-крытыч. арт., эсэ, дыялогі. Мн., 1992;