ХО́ДЗЬКА (Барэйка) Міхал

(1808, г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 2.5.1879),

паэт, перакладчык, паліт. дзеяч. Сын Я.Ходзькі, брат А.Ходзькі і І.І.Ходзькі. Вучыўся ў Віленскім ун-це, належаў да т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго падаўлення інтэрніраваны прускімі ўладамі ў г. Мемель (Клайпеда). Эмігрыраваў у Францыю, быў членам карбанарскіх і масонскіх груповак у Парыжы. Нелегальна наведваў радзіму. Уваходзіў у Таварыства літоўскіх і рускіх зямель, арг-цыю «Помста народа». Удзельнічаў у экспедыцыі Ю.​Заліўскага (1833). Вярнуўся ў Францыю, у 1848 разам з А.​Міцкевічам арганізаваў польскі легіён у Італіі, удзельнічаў у ваен. акцыях. Аўтар паэм «Дзесяць карцін з экспедыцыі ў Польшчы 1833 г.» (1841) і «Шыман Канарскі» (1845), успамінаў «Экспедыцыя ў Польшчу ў 1833 г. аднаго з эмісараў» (1835) і «Міцкевіч і польскі легіён у Італіі» (1862). Перакладаў на польск. мову творы Дж.​Байрана «Мазепа» і «Манфрэд». Памёр у Парыжы.

Тв.:

Дзесяць карцін з экспедыцыі ў Польшчу 1833 г.: Карціна VII // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Бел. польскамоўная паэзія XIX ст. Мн., 1998.

М.​І.​Аўсяная.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)