РАЙКО́Ў (Яўген Ціханавіч) (н. 25.3.1937, Масква),

расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Муз.-пед. вучылішча імя Гнесіных (1962). З 1961 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), П’ер Бязухаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева) і інш.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАНАЛО́ГІЯ (ад дэман + ...логія),

рэлігійнае вучэнне пра злых духаў, заснаванае на першабытнай веры ў духаў (нячысцікаў), а таксама пра спосабы пазбаўлення ад іх людзей, апанаваных д’яблам. Такімі спосабамі хрысціяне лічаць малітвы, заклінанні і пэўныя культавыя дзеянні па выгнанні д’ябла (экзарцызм). Гіст. Д. бярэ пачатак у першабытнай веры ў духаў. Найб. значэнне мае ў рэлігіях з дуалістычным падзелам Сусвету на свет дабра і зла (зараастрызм і маніхейства). У больш позніх рэлігіях, на якія паўплываў зараастрызм (іудаізм, хрысціянства, іслам і інш.), Д. з’яўляецца таксама важнай састаўной ч. веравучэння. Большасць вобразаў бел. нар. Д. дахрысціянскага паходжання. У Д., як і ў міфалогіі, з’явы навакольнага свету, адухоўленыя нар. фантазіяй, адлюстраваны ў выглядзе фантаст. істот. Дэманалагічныя ўяўленні звязваліся з прыроднымі з’явамі (духі прыроды), гаспадаркай і хатнім побытам (хатнія духі), нягодамі, хваробамі, прычым пераважалі вобразы злой сілы. Нар. фантазія надзяляла іх чалавечымі рысамі, знешне падобнымі да чалавека (пераважна на старога дзядка з сівой барадой). Сярод духаў прыроды вылучаліся лясун — гаспадар лесу, вадзянік — дух вады, палявік, жыцень — духі палёў; вылучалі лазавіка, багніка, што нібыта жылі ў лазняку, багне. Большасць павер’яў пра хатніх духаў звязана з уяўленнямі пра «апекуна» дома і гаспадаркі дамавіка; бытавалі таксама ўяўленні пра хлеўніка, гуменніка, лазніка, ёўніка (апошняму часта ахвяроўвалі сноп жыта, каб не спаліў ёўню). Хваробы, паводле павер’яў, чынілі цётухны (увасаблялі ліхаманку), крыксы, начніцы (увасаблялі дзіцячыя хваробы), маровая панна (увасабляла мор, эпідэмію). Увасабленнем трывожнага сну была мара. Найб. пашыраным у нар. Д. быў вобраз чорта, які лічыўся прычынай усякай бяды, няшчасця, зла; быў падобны на д’ябла і служыў яго сінонімам. У канцы 19 — пач. 20 ст. вобразы нар. Д. страцілі рэліг. значэнне і засталіся ў фальклоры як персанажы нар. маст. фантазіі (трапляюцца пераважна ў былічках і чарадзейных казках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр. Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна

(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),

украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага, М.​Садоўскага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр. т-р у Кіеве. Узначальвала Нар. т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар. т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага) і інш.

Літ.:

Дурилін С.М. Марія Заньковецька. Київ, 1955.

М.К.Занькавецкая.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАХРО́СТ (Аляксандр Рыгоравіч) (н. 18.9.1951, в. Навахросты Крупскага р-на Мінскай вобл.),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1982, клас Я.Глебава). Працуе пераважна ў галіне інстр. музыкі. Лірыка-філас. вобразнасцю адметныя кантаты «Званы» на словы Р.​Барадуліна (1983), «Усход сонца» на вершы Я.​Коласа (1986), араторыя «210 крокаў» на словы Р.​Раждзественскага (1987), сімфонія паводле паэмы «Сцяна» Б.​Марцінкявічуса (1984). У кампазіцыйнай тэхніцы арыентуецца на гукавую каларыстычнасць, у т. л. звязаную з бел. нар. музыкай. З інш. твораў: Adagio для голасу, аргана і аркестра (1991), сімф. карціна «Чучала Марэна» (1982), канцэрт для стр. аркестра (1988), канцэрціна (1985, 1995), «Музыка для габоя, фартэпіяна і струнных» (1986), сюіта для флейты і аргана (1988), квінтэт для духавых інструментаў (1983), музыка для аркестра нар. інструментаў, п’есы для фп., хары, рамансы, апрацоўкі нар. песень.

Т.​А.​Дубкова.

т. 11, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.

Г.​М.​Загародні.

т. 11, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВУ́ЦКІ (Леў) (Ляўко) Мікалаевіч (20.2.1889, с. Іржавец Ічнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 30.3.1977),

украінскі кампазітар, педагог, грамадскі дзеяч. Д-р мастацтвазнаўства (1941). Акад. АН УССР (1957). Нар. арт. СССР (1944). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1916, па класе кампазіцыі Р.Гліэра), з 1935 яе праф. Творчасці ўласцівы вернасць нац. і класічным традыцыям, апора на нар. мастацтва. Сярод твораў: кантата-паэма «Хусціна» (паводле Т.​Шаўчэнкі; з фп., 1923; з арк., 1944), 2 сімфоніі (1920, 2-я рэд. 1957; 1927, апошняя рэд. 1970), канцэрт для фп. з арк. (1934, 2-я рэд. 1963), хар. паэма «Ода песні» (1960), хар. і сольныя апрацоўкі ўкр. нар. песень. Дзярж. прэмія СССР 1941. Дзярж. прэмія Украіны 1966.

Літ.:

Бялик М.Г. Л.​Н.​Ревуцкий. М., 1963;

Шеффер Т. Л.​М.​Ревуцький. Київ, 1973.

Л.М.Равуцкі.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ А́РМІЯ КІТА́Я,

афіцыйная назва рэгулярных войск Кіт. Нар. Рэспублікі (гл. раздз. Узброеныя сілы ў арт. Кітай).

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел. танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

П.​А.​Жмайлік.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРСАЛА́ДЗЕ (Элісо Канстанцінаўна) (н. 14.9.1942, Тбілісі),

грузінская піяністка. Нар. арт. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966, клас А.​Вірсаладзе), З 1959 салістка Тбіліскай, з 1977 — Маскоўскай філармоній. З 1967 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Глыбокі і тонкі інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта. У рэпертуары таксама творы кампазітараў-рамантыкаў. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Р.​Шумана (Цвікаў, ГДР, 1966), імя П.​І.​Чайкоўскага (1962, Масква), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1966). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬЕ́НДЭ ГО́СЕНС ((Allende Gossens) Сальвадор) (26.7.1908, г. Вальпараіса, Чылі — 11.9.1973),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т (1932). Па адукацыі ўрач. Адзін з заснавальнікаў (1933) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Чылі. У 1937—41 дэп. Нац. кангрэса. У 1939—42 міністр аховы здароўя ва ўрадзе Нар. фронту. У 1945—70 сенатар (у 1966—69 старшыня сената). У 1970 выбраны ад блока Нар. адзінства прэзідэнтам краіны. Загінуў у час ваен. перавароту.

С.Альендэ Госенс.

т. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)