ГУ́Р’ЕЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 11.8.1926, с. Барысаўка Жытомірскай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). У 1960—92 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Выконваў партыі рознага плана, ад лірыка-драм. да характарных: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Мікалай («Яснае світанне» А.Туранкова), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Супонька («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі, Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева), Лыкаў, Гвідон («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Дж.Вердзі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Катэ («Кето і Катэ» В.Далідзе), Міндыя («Міндыя» А.Тактакішвілі), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ДА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1956, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. спявак (бас). Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас С.Асколкава). З 1982 саліст Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Валодае прыгожым моцным голасам яркага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Воланд («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Папагена і Зарастра, Лепарэла («Чароўная флейта», «Дон Жуан» В.А.Моцарта), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), цар Егіпта, Рамфіс («Аіда» Дж.Вердзі), Крэспель («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Цуніга («Кармэн» Ж.Бізэ), граф Растоў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» С.Картэса (Свяшчэннік) і «Таямніца старога замка» У.Кандрусевіча (Здань).
Лаўрэат Рэсп. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.
Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл.Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),
бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац.маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш.Міжнар. прэмія Міру 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧРаманаў
(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),
расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.М.Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЙЛАЎ (Леў Дзмітрыевіч) (24.7.1928, с. Яшкіна Кемераўскай вобл., Расія — 30.7.1980),
расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1970). Скончыў Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1953), з 1970 выкладаў у ім. З 1953 рэжысёр, гал. рэжысёр Новасібірскага т-ра оперы і балета, з 1960 — маскоўскага Муз.т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Упершыню паставіў некалькі опер У.Рубіна, А.Тактакішвілі, В.Губарэнкі. Сярод найб. значных пастановак: «Ярмак» А.Касьянава (1957), «Яе падчарка» Л.Яначака (1958), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча і «Хары Янаш» З.Кодая (1963), «Вірынея» С.Сланімскага (1968), «Цаной жыцця» А.Нікалаева (1965), «Вайна і мір» (1975) і «Любоў да трох апельсінаў» (1979) С.Пракоф’ева, «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1976), «Поргі і Бес» Дж.Гершвіна (1980). Аўтар кн. «Сем раздзелаў пра тэатр» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАВЕ́ЦКІ ((Mazowiecki) Тадэвуш) (н. 18.4.1927, г. Плоцк, Польшча),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. У 1946—55 чл. грамадска-паліт. арг-цыі свецкіх каталіцкіх дзеячаў «Рах» (з лац. «Мір»), У 1953—55 гал. рэдактар штотыднёвіка «WTK» («ВТК»). Адзін з заснавальнікаў (1957) варшаўскага Клуба каталіцкай інтэлігенцыі і штомесячніка «Więź» («Сувязь»; у 1958—81 яго гал.рэд.). У 1961—71 дэпутат Сейма ад каталіцкай групы «Знак». У 1981 і 1989 гал.рэд. «Tygodnika Solidamość» («Штотыднёвіка Салідарнасць»). У 1981 інтэрніраваны. З 1982 дарадчык Л.Валенсы, з 1987 — Краёвай выканаўчай камісіі прафсаюза «Салідарнасць». У 1989—90 прэм’ер-міністр Польшчы. У 1992—95 спец. пасланнік Камісіі па правах чалавека ААН у б. Югаславіі. Аўтар успамінаў «Інтэрніраванне» (1982), публіцыст. нарысаў «Раздарожжы і вартасці» (1970), «Другі твар Еўропы» (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАТО́Н»,
1) серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння касм. прамянёў і ўзаемадзеяння з рэчывам касм. часціц звышвысокіх энергій. Макс. маса каля 17 т. У 1965—68 запушчана 4 «П.»: у 1965—66 — «П.-1» — «П.-3» (маса навук. апаратуры 3,5 т), у 1968 — «П.-4» (маса навук. апаратуры 12,5 т). Палёты «П.» адкрылі новы кірунак у развіцці эксперым. і тэарэт. астрафізікі, фізікі элементарных часціц.
2) Сав. (рас.) 2—4-ступеньчатыя ракеты-носьбіты. Маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, больш за 20 т. Эксплуатуюцца з 1965. Запускі з касмадрома Байканур. Выкарыстоўваліся для запуску касм. апаратаў «Алмаз», «Венера», «Гарызонт», «Зонд», «Космас», «Месяц», «Марс», «Мір», «Салют», «Пратон», модуляў «Зара» і «Зорка» для міжнар.касм. станцыі і інш. Ажыццёўлены 157 паспяховых запускаў П. (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬДЭМАР (Valdemar),
каралі ў сярэдневяковай Даніі.
Вальдэмар I Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.
Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм.тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).
Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням.гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.