горад у Расіі, у Алтайскім краі, у даліне р. Белакурыха. За 250 км ад Барнаула. 13,6 тыс.ж. (1995). Бальнеалагічны курорт у адгор’ях Чэргінскага хрыбта. Развіваецца з канца 19 ст. Вядомасць набыў дзякуючы мясц. крыніцам слабамінералізаваных тэрмальных (28—42 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, руху і апоры, нерв. і гінекалагічных расстройстваў, пры парушэннях у абмене рэчываў. Больш за 10 санаторыяў; пансіянаты, лячэбніцы, месцы для аэрагелія- і клімататэрапіі. Паблізу горада Цялецкае воз., Алтайскі запаведнік.
Літ.:
Казначеев В., Черявский Е. Курорт Белокуриха. 2 Изд. [Барнаул], 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Санкт-Пецярбургу, грамадская арганізацыя. Засн. ў 1989. Праводзіць навук. канферэнцыі, творчыя сустрэчы, лекцыі па гісторыі і культуры Беларусі, культ.-асв. работу. Мае філіялы — Т-вабел. мовы імя Ф.Скарыны і рэгіянальную суполку Міжнар. асацыяцыі беларусістаў. У 1992 намаганнямі БГКТ на месцы масавых расстрэлаў сав. грамадзян у г.п. Левашова пастаўлены памятны крыж ахвярам з Беларусі і Літвы, падрыхтавана кніга «Мартыралог беларусаў Ленінграда». Прымае ўдзел у міжнар. і бел.навук. канферэнцыях, з’ездах беларусаў свету і блізкага замежжа і інш. Калектыў мастакоў «Маю гонар» наладжвае выстаўкі ў Расіі, Беларусі, краінах Балтыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАЛЕТА́РСКАЕ СТУДЭ́НЦКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВАў Маскве.
Існавала ў 1923—30 як нац. студэнцкая арг-цыя (756 чал.). Аб’ядноўвала зямляцтвы 22 ВНУ Масквы. Статутныя мэты: «Змаганне з буржуазна-шавіністычнай і непралетарскай ідэалогіяй»; арганізацыя навук. і культурніцкай працы сярод бел. студэнтаў; падрыхтоўка для Беларусі кваліфікаваных спецыялістаў, якія ведаюць мясц. асаблівасці і бел. мову; стварэнне спецыялізаваных навук. гурткоў па вывучэнні гісторыі, геаграфіі, роднай мовы і л-ры; арганізацыя навуч. практыкі на Беларусі; размеркаванне пасля сканчэння ВНУ на працу ў Беларусь; матэрыяльная ўзаемадапамога. У 1930 усе згуртаванні па тэр.-нац. прыкметах скасаваны, а пытанні моладзі перададзены ў камсамольскія арг-цыі па месцы вучобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб.стараж. надпіс на раннім іўрыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕВЯРЭ́СК,
летапісны горад, які ўпамінаецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» у канцы 14 ст. сярод гарадоў ВКЛ. У даследчыкаў няма адзінага пункту гледжання наконт месцазнаходжання Вевярэска: рус. гісторык М.М.Ціхаміраў адносіў яго да загадкавых; археолаг В.В.Сядоў атаясамліваў з гарадзішчам каля в. Касцянёва Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. і лічыў, што назву атрымаў ад р. Ваверка, якая працякае за 16—18 км ад пасялення. Магчыма, летапісны Вевярэск існаваў на месцы сучаснай в. Ваверка Лідскага р-на, якая размяшчаецца на беразе р. Ваверка. У дакументах 16 ст. ўпамінаецца пад назвай Гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,
свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г.Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцыгал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл.Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІЯ ПАКУ́ТНІКІ,
бел. святыя Іаан, Антоній і Яўстафій (да хрышчэння Кумец, Няжыла, Круглец), якія загінулі ў 1347 пакутніцкай смерцю за пераход з язычніцтва ў хрысціянства. На месцы пакарання віленскіх пакутнікаў, якія былі прыдворнымі вял. князя Альгерда, па жаданні яго жонкі пабудавана капліца, пазней — Свята-Троіцкая царква. У 1374 віленскія пакутнікі кананізаваны. З 16 ст. іх мошчы знаходзіліся ў Віленскім Святадухаўскім манастыры. У ліп. 1993 часткі мошчаў віленскіх пакутнікаў закладзены ў абраз трох віленскіх пакутнікаў і перанесены ў Мінскі Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Гісторыя віленскіх пакутнікаў коратка выкладзена ў «Сказанні пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія, Яўстафія».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШЧЫН,
гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст.н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтва св. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.