А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх.Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пнт-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт.Азія. Каменная пустыня.Да арт.Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт.Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт.Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт.Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт.Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАШЭ́ННЕ, ірыгацыя,
падвядзенне вады на палі пры недахопе вільгаці, павелічэнне яе запасаў у глебе; адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца праз арашальныя сістэмы. Аснову арашэння складаюць гідратэхн. прыёмы нармаванага паступлення вады ў глебу. Рэгулюе таксама т-ру паверхневага слоя глебы, прыземнага слоя паветра, станоўча ўздзейнічае на мікрабіял. працэсы ў глебе, рост і развіццё раслін, ураджай, пажыўныя якасці харч. культур. Дае магчымасць далучыць да с.-г. абароту дадатковыя плошчы, больш прадукцыйна выкарыстоўваць угоддзі. У зоне пустыняў і паўпустыняў земляробства існуе толькі на арашальных землях у аазісах. Амаль усе пасевы пад бавоўнікам і большасць пасеваў рысу размешчаны на арашоных землях. Адрозніваюць арашэнне рэгулярнае (самацёчнае ці з мех. водападыманнем помпавымі станцыямі) і перыядычнае з падачай вады 1 раз у год ці толькі ў час моцнай засухі. Паводле спосабу падачы вады вылучаюць арашэнне паверхневае (затапленнем глебы), дажджаванне, унутрыглебавае (з дапамогаю падземных трубаў), аэразольнае (паляпшае мікраклімат у прыземным слоі паветра).
Арашэнне вядома з часоў неаліту. Да пач. 19 ст. сусветная плошча арашоных зямель складала 8 млн.га, да 20 ст. — 48 млн. та. У Расіі ў 1913 плошча арашэння каля 4 млн.га. Вял. плошчы (больш за 265 млн.га, 1990) арашоных зямель у Індыі, Пакістане, Кітаі, ЗША Мексіцы, Іране, Японіі, Егіпце, Іраку, Узбекістане, Італіі, Балгарыі, Францыі і інш.
На Беларусі арашаюць пераважна пасевы шматгадовых траў, культурную пашу і ўчасткі пад агародніннымі культурамі; прадугледжваецца арашэнне палёў у час засухі (пл. 67,8 тыс.га; 1994). Арашальныя сістэмы складаюць 6,3 тыс.км падземных трубаправодаў, каля 2,5 тыс.шт. дажджавальных машын і ўстановак, 545 электрыфікаваных помпавых станцый, больш за 300 вадасховішчаў і сажалак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.
У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.
На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мяса-воўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн.эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,
навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).
З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.
На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́СТЫКА, містыцызм (ад грэч. mistikos таямнічы),
рэлігійна-філас. плыні, якія прызнаюць магчымасць непасрэдных зносін і яднання чалавечай душы з Богам (абсалютам) на прынцыпах звышпачуццёвага сузірання і індывід. экстатычнага перажывання. У гэтым плане М. супрацьпастаўляецца схаластыцы, якая звязвае шлях спасціжэння Бога з логікай разважання, г. зн. з прынцыпамі рацыяналізму.
Вытокі М. ў стараж. таямнічых рэліг. арг-цыях і культах, якія па-рознаму праяўляліся ў розных рэліг. сістэмах і тэалагічных дактрынах народаў свету. У Стараж. Грэцыі існавалі містычныя культы орфікаў, Дыянісія. Ісіды, Мітры; у Стараж.Кітаі М. праяўлялася у даасізме, у Стараж. Індыі — у будызме і брахманізме, у Іране — у суфізме. Найб. пашырэнне М. атрымала ў эпоху сярэднявечча. У філас.-тэарэт. плане М. абгрунтавана ў працах неаплатонікаў і раннехрысц. багасловаў (Арыген, Афінагор, Аўгусцін і інш.), якія распрацоўвалі паняцце трансцэндэнтальнага абсалюту, спрабавалі высвятляць праблемы духоўна-містычнага «яднання» чалавека і гэтага абсалюту. Адрозніваюць М. артадаксальную і неартадаксальную. Артадаксальная М. прызнавалася хрысціянскай царквой. Яе прадстаўнікі (Бернар Клервоскі, Гуга Сен-Вікторскі і інш.) пры тлумачэнні шляху спасціжэння Бога зыходзілі з вучэння Аўгусціна аб звышпачуццёвым азарэнні чалавечай душы па літасці божай. Неартадаксальная М. (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі і інш.) прызнавала тоеснасць прыроды душы і Бога і ў нейкай ступені змыкалася з пантэізмам, які адвяргаўся царквой. Выступленне прыхільнікаў гэтай плыні за індывід. шляхі богапазнання ў канчатковым выніку прыводзіла да апазіцыі ў адносінах да іерархічных рэліг. ін-таў, свяшчэнных і царк. аўтарытэтаў (напр., містычны пантэізм Т.Мюнцэра, які спалучаўся з элементамі рацыяналізму і атэізму). У Расіі, акрамя рэліг. арг-цый, М. прапагандавалася славянафіламі, масонамі, філосафамі-ідэалістамі (У.Салаўёў, М.Бярдзяеў). Ідэі М. распаўсюджваюцца ў неатамізме, персаналізме, экзістэнцыялізме, прагматызме, неапратэстантызме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ПАХО́Д 1934—36, Вялікі паход,
перабазіраванне асн. сіл Кіт.Чырв. Арміі (КЧА) з цэнтр. і паўд. раёнаў Кітая на ПнЗ. У выніку наступлення войск Гаміньдана на чале з Чан Кайшы ўрад Кіт.Сав. Рэспублікі (КСР) і кіраўніцтва Камуністычнай партыі Кітая (КПК) былі блакіраваны ў раёне стыку правінцый Цзянсі і Фуцзянь. У гэтых умовах ЦККПК вырашыў прабівацца сіламі 1-га фронту КЧА (каманд.Чжу Дэ, паліт. камісар Чжоў Эньлай) на ПнЗ, бліжэй да мяжы з СССР. Паход пачаўся 16.10.1934 і да снеж. 1934 войскі 1-га фронту КЧА выйшлі да прав. Гуйчжоў, дзе на нарадзе ў г. Цзуньі (снеж. 1935) старшыня Савета нар. камісараў КСР Мао Цзэдун пры падтрымцы ваенных адхіліў ад кіраўніцтва ген. сакратара ЦККПК Цын Бансяня і дабіўся прызначэння сябе паліт. камісарам 1-га фронту КЧА. Пазбягаючы сустрэчы з гал. сіламі Чан Кайшы, войскі КЧА накіраваліся ў прав. Сычуань, дзе ў чэрв. 1935 злучыліся з 4-м фронтам КЧА (камандуючы Сюй Сянцянь, паліт. камісар Чжан Гатао). У жн. 1935 сілы аб’яднаных франтоў КЧА (камандуючы Чжу Дэ, ген.паліт. камісар Чжан Гатао) прадоўжылі рух на Пн. Неўзабаве б.ч. іх была вымушана вярнуцца ў прав. Сычуань, але 2 корпусы КЧА на чале з Мао Цзэдунам у кастр. 1935 прабіліся ў паўн. частку Шэньсі, дзе ўжо існаваў сав. раён. У кастр.—ліст. 1936 да іх далучыліся рэшткі 2-га, 4 і 6-га франтоў КЧА. У выніку П.-З.п. былі страчаны ўсе сав. раёны ў цэнтр. і паўд.Кітаі, але захавана кіруючае ядро КПК і камандаванне КЧА.
Літ.:
Браун О. Китайские записки, 1932—1939: Пер. с нем. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ (ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.
Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.І.Пірагоў і Ф.І.Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.К.Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.В.Вішнеўскі, С.С.Юдзін, І.С.Жораў, Я.М.Мяшалкін і інш.).
На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.К.Зубовіч, І.І.Канус, І.З.Кляўзунік, А.А.Плавінскі, У.У.Спас, І.З.Столкарц, П.В.Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.
Літ.:
Бунятян А.А., Рябов Г.А.Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРО́ І ЗЛО,
нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.
Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.Спінозы, Вальтэра, Д.Дзідро, Г.Гегеля, А.Шапенгаўэра, Ф.Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст.Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.Гусоўскі, М.Цішкевіч, Ф.Скарына, А.Волан, С.Будны, С.Лован, С.Зізаній, М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.Нарбут, Г.Каніскі, К.Каліноўскі, Я.Лучына, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч і інш.
Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),
навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец.геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.
Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад. вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.
На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.Глушневіч і І.Ходзька. І.І.Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах.тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52°паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.А.Дражнюк, І.В.Зубрыцкі, І.І.Купчынаў, Я.Г.Ларчанка, Д.А.Куляшоў, С.М.Лебедзеў, В.Ю.Мінько, В.В.Папоў, А.А.Саламонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЭІ́ЗМ [ад грэч. hen (henos) адно + тэізм],
форма рэліг. веравання, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным вярхоўным богам, вакол якога засяроджаны рэліг. культ; пераходная форма ад монатэізму да політэізму. Тэрмін уведзены ў 1878 англ. гісторыкам рэлігіі і санскрытолагам М.Мюлерам. Ім ён абазначаў характэрную форму стараж.-інд. рэлігій, калі з мноства багоў (Індра, Агні, Сур’я і інш.) той, да якога звяртаецца вернік з малітвай, сумяшчае для яго атрыбуты ўсіх іншых і ўяўляецца ў гэты момант найвышэйшым божаствам. Часам прыхільнікі розных веравызнанняў у якасці гал. разглядалі не толькі нябесных багоў, але і зямных. Так, гімны Вед упамінаюць пра багіню зямлі Прытхіві, а служыцелі ведычнай рэлігіі звяртаюцца і да Бацькі-неба, і да Маці-зямлі. У стараж.Кітаі ў адным шэрагу такіх божастваў былі Цянь (неба) і Ту (зямля), у стараж. грэкаў — адпаведна Уран і Гея. У славян дахрысц. часоў генатэізм таксама быў звязаны з пакланеннем божаствам, якія ўладарылі на небе і на зямлі. Ва ўяўленнях беларусаў вярх. бажаством быў Пярун — магутны цар нябесны (адпавядаў Індры — цару багоў у індыйцаў; Зеўсу — бацьку ўсіх багоў і людзей; галава алімпійскай сям’і багоў у грэкаў). У паданнях беларусаў захавалася памяць пра гал., добрага Белабога, бацьку Перуна. Нярэдка вернікі вылучалі як асн. апекуноў Вялеса, Жыжаля, Ярылу і інш. багоў з уласна бел. пантэона, часам звярталіся з малітвамі да Дажбога — сына Перуна, унукамі якога лічыліся ўсе, хто загінуў на ратным полі. Пакланенню божаствам асаблівае значэнне надавалі ў час спусташальных войнаў, пры аб’яднанні стараж. плямён у племянныя саюзы, калі на чале політэістычнага пантэона аказваўся бог племені-гегемона.
Літ.:
Мюллер М. Религия как предмет сравнительного изучения: [Пер. с англ.]. Харьков, 1887;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Живописная Россия: Отечество наше в зем., ист., плем., экон. и быт. значение: Литов. и Белорус. Полесье. Репринт. 2 изд. Мн., 1994.