СУЙ,
дынастыя ў Кітаі ў 581—618 Засн. палкаводцам Ян Цзянем, які ў 581 скінуў імператара з дынастыі Паўн. Вэй (што скончыла панаванне на Пн Кітая некітайскіх дынастый) і абвясціў сябе імператарам Вэньдзі [581—604]. У 589 ён аб’яднаў пад сваёй уладай Паўн. і Паўд. Кітай, чым паклаў канец перыяду паўднёвых і паўночных дынастый. Ажыццявіў рэформы з мэтай стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы. Пры яго пераемніку імператару Ян Гуану [Яндзі; 605—617), кіраванне якога вылучалася крайнім дэспатызмам, пабудавана асн. ч. Вялікага канала. Знешнія войны (у Карэі, В’етнаме і інш.) пагоршылі эканам. становішча краіны, а высокія падаткі выклікалі нар. паўстанне (611—618). Ян Гуан забіты сваімі салдатамі, а ўладу ў 618 захапіў намеснік у Таюані — Лі Юань, які заснаваў дынастыю Тан.
т. 15, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)