МАСА́ЛЬСКІ (Рыгор Ігнатавіч) (н. 18.6. 1926, Мінск),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). У 1947—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчасці характэрна імкненне да дакумент. праўдзівасці адлюстравання падзей і асяроддзя дзеяння, прастата і выразнасць партрэтаў персанажаў. Сярод найб. значных фільмаў: дакументальныя — «Разведчыкі будучыні» (1957), «Цытадэль славы» (1961), «Янка Купала» (1962), «Ёсць такая зямля» (1964), «Арліная крыніца» (1966), «А зязюля кукавала...» (1972, прысвечаны Я.Купалу), «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (1974); мастацкія — «Паланэз Агінскага» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Вуліца без канца» (1973), «Таму што кахаю» (1974), «Братушка» (з Ц.Цанчавым), «Усяго адна ноч» (абодва 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Белыя росы» (1983), «Мама, я жывы» (1985), «Восеньскія сны» (1987); тэлевізійны «Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯЛАЁМІСТАСЦЬ,
паказчык эфектыўнасці вытв-сці, які характарызуе ўзровень выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Паказвае велічыню матэрыяльных затрат на адзінку прадукцыі, або карыснага эфекту, і вызначаецца шляхам дзялення матэрыяльных затрат на аб’ём вытв-сці. Вылучаюць М. вытворчасці, якая характарызуе эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў увогуле па вытв-сці незалежна ад віду выпускаемай прадукцыі, і М. прадукцыі, што адлюстроўвае расход матэрыялу на адзінку канкрэтнага віду прадукцыі. М. прадукцыі падзяляецца на абсалютную, адносную і агульную. Абсалютная М. — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў у абс. выражэнні на фіз. адзінку прадукцыі (напр., расход паліва на кілават-гадзіну электраэнергіі). Адносная М. (удзельная) — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў на адзінку эксплуатацыйнай або тэхн. характарыстыкі вырабляемай прадукцыі (напр., расход металу на адзінку магутнасці рухавіка). Агульная М. — кошт матэрыяльных затрат на адзінку вырабу. Зніжэнне М. — важнейшая крыніца павышэння эфектыўнасці вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,
інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.
Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш.ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.
Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГІ (лац. cornua),
касцявыя вырасты на галаве многіх капытных млекакормячых. Служаць пераважна органамі абароны, а ў самцоў многіх відаў — сродкам барацьбы за самку ў час гону. Былі ў некат. выкапнёвых паўзуноў (напр., у рагатых дыназаўраў) і млекакормячых (у дынацэрат, тытанатэрыяў і інш.). Няпарныя Р. ў насарогаў — канічныя патаўшчэнні арагавелага эпідэрмісу, скурныя ўтварэнні на насавых або лобных касцявых вырастах. Касцявая аснова парных Р. (спіца) у пустарогіх укрыта рагавым чахлом, у жырафы — мяккай скурай, укрытай шэрсцю. Алені, у якіх Р. маюць толькі самцы (у паўн. аленя і самкі), штогод скідваюць іх (апрача кабаргі і вадзянога аленя), што звязана з дзейнасцю палавых залоз. Разгалінаванасць Р. у іх з узростам павялічваецца. Р. пантавых аленяў (панты) — крыніца атрымання лек. сродку (пантакрыну). Р. інш. капытных выкарыстоўваюцца для розных вырабаў, атрымання касцявога тлушчу, касцявой мукі, клею і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЯ́ТА»,
бел.дзярж. ансамбль нар. музыкі. Створаны ў 1984 пры Бел. філармоніі. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Купрыяненка, з 2001 — А.Кашталапаў. Уключае інстр. ансамбль (10 музыкантаў), вак. (4 спевакі) і танц. (4 выканаўцы) групы. У рэпертуары аўтэнтычныя і апрацаваныя бел.нар. песні і танцы, музыка і абрады з розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Цячэ вада ў ярок», «Ой, у полі крыніца», «Пасею гурочкі», віцебская і лядзецкая полькі, вак.-харэаграфічныя замалёўкі «Каханачка», «Лысы», вак.-інстр. кампазіцыя «Вяселле Магілёўшчыны і Палесся». Сярод выкарыстоўваемых бел.нар. інструментаў цымбалы, жалейка, акарына, колавая ліра, басэтля, саломка, дуда і інш. Лаўрэат Міжнар.маст. фестывалю садружнасці краін у Паўн. Карэі (г. Пхеньян, 1992). Пра «С.» зняты аднайм. кінафільм (1988). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЧЫК (Таццяна Андрэеўна) (12.11.1902, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 24.7.1974),
бел. актрыса. Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1920 на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драм. гурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Я.Купалы «Паўлінка» і выканала гал. ролю. Працавала ў т-рах: Бел.дзярж. (цяпер імя Я.Купалы, да 1921), Бел. імя Я.Коласа (1926—48), драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе (1949—56), Бабруйскім вандроўным (1956—67). Майстар эпізоду. Яе мастацтву былі ўласцівыя яркая характарнасць, акрэсленасць малюнка. Найб. каларытныя характары стварыла ў бел. драматургіі: Паланея («Прымакі» Я.Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Я.Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» К.Чорнага), Жабрачка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Аўдоцця Захараўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Аўдоцця, Акуліна («Любоў, Надзея, Вера» і «Дзіўны дом» П.Васілеўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі).
2) У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».
3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІ́ЛА Іосіф, ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст 17 ст. Быў мазырскім харунжым, каралеўскім палкоўнікам і інш. З 1607 знаходзіўся ў лагеры Лжэдзмітрыя II. У 1611—12 удзельнічаў у баявых аперацыях па захопе і ўтрыманні Масквы (адзін з гал. военачальнікаў польск.-літ. гарнізона ў горадзе). Пасля здачы Масквы рус. ваяводу Дз.Пажарскаму сасланы ў Ніжні Ноўгарад, зняволены ў турму (1612—19). Яго дзённік «Гісторыя Дзмітрыя фальшывага» — важная дакумент.крыніца для вывучэння т.зв. смутнага часу. Як літ. помнік вылучаецца вобразнасцю мовы, дынамізмам у апісанні гіст. падзей, яркімі аўтарскімі ацэнкамі, багаццем інфарм. матэрыялу.
Тв.:
Дневник событий, относящийся к Смутному времени (1603—1613 гг.), известный под именем истории ложного Димитрия // Русская историческая библиотека. Т. 1. Памятники, относящиеся к Смутному времени. Т. 1. СПб., 1872.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977. С. 211—212.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ННА КАМНІ́НА (Anna Komnēnē; 1.12.1083, г. Канстанцінопаль, цяпер г. Стамбул, Турцыя — каля 1154),
візантыйскі гісторык, пісьменніца. Дачка імператара Аляксея I Камніна, жонка дзярж. дзеяча і гісторыка Нікіфара Врыенія. Вывучала л-ру, філасофію, гісторыю, геаграфію і інш. Пасля смерці бацькі (1118) узначаліла няўдалую змову з мэтай скінуць свайго брата Іаана II Камніна і пасадзіць на трон мужа. Трапіўшы ў апалу, канец жыцця правяла ў манастыры. Пасля смерці мужа (каля 1140) давяла да канца яго няскончаныя «Гістарычныя запіскі» (пазней выкарыстала іх у «Алексіядзе»). У 1148 завяршыла свой гіст. твор «Алексіяда», які ахоплівае падзеі 1069—1118. Нягледзячы на суб’ектывізм і тэндэнцыйнасць, твор — адзін з лепшых помнікаў візант. прозы, каштоўная крыніца па гісторыі Візантыі і 1-га крыжовага паходу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн.крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап.ч.СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.І.Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.