ЗА́РЫНЬШ ((Zariņš) Маргерс) (н. 24.5.1910, г.п. Яўнпіебалга, Латвія),
латышскі кампазітар, пісьменнік. Нар.арт.СССР (1970). У 1929—33 вучыўся ў Латв. кансерваторыі. У 1940—50 муз. кіраўнік Маст.т-ра імя Я.Райніса ў Рызе. У муз. творчасці пераважае тэатр. стыхія, парадыйна-сатыр. вобразнасць, з 1960-х г. — рысы неакласіцызму. Сярод муз. твораў: оперы «Да новага берага» (1955), «Зялёны млын» (1958), «Опера жабракоў» (1964), «Цуд св. Маўрыкія» (опера-балет, 1975), «Опера на плошчы» (1970); араторыі «Валміерскія героі» (1950), «Махагоні» (1965); канцэрты для аргана і камернага арк. Concerte innocente (1969), Concerto triptichon (1972); вак. творы, хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар літ.-маст. твораў, у т. л. сатырыка-фантаст. рамана «Фальшывы Фауст, або Перапрацаваная і дапоўненая кулінарная кніга» (1973), «Містэрыі і хэпенінгі» (1975), зб. апавяданняў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Латвіі 1958. На бел. мову асобныя літ. творы З. пераклаў А.Марціновіч.
Тв.:
Рус.пер. — Оптимистическая энциклопедия жизни. Л., 1986;
Календарь капельмейстера Коциня: Роман, повесть. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),
расійскі паэт.Канд.філал.н. (1941). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял.Айч. вайны. Паэт.зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.Семяжон, К.Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЖМІ́ (сапр.Назмутдзінаў) Назар Назмутдзінавіч
(5.2.1918, в. Мінішты Дзюрцюлінскага р-на, Башкортастан — 6.9.1999),
башкірскі паэт.Нар. паэт Башкортастан (1992). Скончыў Башкірскі пед.ін-т (1947). У 1947—59 працаваў у друку. У 1962—69 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Башкірыі. Друкаваўся з 1937. Першая кніга — «Кропелькі» (1950). Зб-кам вершаў і паэм «Хвалі» (1955), «Нечаканы дождж» (1960), «Зямля і песня» (1962), «Дыханне» (1976), «Бакі» (1980), «Пакуль святло» (1984), «Бацькоўскі дом» (1988) і інш. уласцівы спалучэнне драм. напружання з тонкім лірызмам, фалькл. традыцый з дасягненнямі сучаснай паэзіі. Аўтар апавяданняў, п’ес «Вясновая песня» (1951), «Госць у суседзяў» (1974), кн. дарожных нататак «Індыйскія старонкі» (1960), мемуараў, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, тэкстаў песень і інш. Пераклаў на башкірскую мову вершы А.Пушкіна, М.Лермантава, Р.Гамзатава, К.Куліева і інш. Асобныя творы Н. на бел. мову пераклаў Ю.Свірка. Рэсп. прэмія Башкірыі імя С.Юлаева 1972, Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Леў Веньямінавіч) (сапр.Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.Вітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ТАН-ТО́МПСАН ((Seton-Thompson) Эрнест) (14.8.1860, г. Саўт-Шылдс, Вялікабрытанія — 23.10.1946),
канадскі пісьменнік, прыродазнавец, мастак-анімаліст. Скончыў каледж мастацтваў у Таронта (1879), вывучаў выяўл. мастацтва ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Падарожнічаў, даследаваў жыццё жывёл. Арганізатар руху следапытаў у Амерыцы. Друкаваўся з 1883. Пісаў на англ. мове. Аўтар больш як 40 кніг пра жывёльны свет, індзейскую і эскімоскую нар. культуру. Вядомасць прынеслі праца «Жыццё дзікіх жывёл» (т. 1—8, 1925—27) і блізкія да навук.-папулярнай л-ры аповесці, апавяданні, нарысы «Дзікія жывёлы, як я іх ведаў» (1898), «Біяграфія грызлі» (1900), «Жыцці тых, на каго палююць» (1901), «Два малыя дзікуны» (1903), «Героі-жывёлы» (1906), «Біяграфія серабрыстага ліса» (1909), «Рольф сярод лясоў» (1911), «Кніга аб лесе» (1912) і інш. Аўтар маст. аўтабіяграфіі «След мастака-натураліста» (1940). Сам ілюстраваў свае кнігі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАНО́ВІЧ (Давід Рыгоравіч) (н. 26.6.1932, г. Нароўля Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў настаўнікам, у газ. «Віцебскі рабочы», у 1961—94 на Віцебскім абл. тэлебачанні. Друкуецца з 1948. Піша на рус мове. Першая кніга паэзіі — «Вясновая казка» (1959). У паэт. зб-ках «Чэрвень-рака» (1962), «Раўнадзенства» (1966), «Мінуты» (1969), «Станцыя трывогі і любові» (1972), «Пісьмо табе» (1975), «Сустрэчныя цягнікі» (1978), «Сілуэты дзён» (1981), «Верасні» (1990) памяць мінулай вайны, роздум пра сённяшні дзень, філас. асэнсаванне мінулага і сучаснага. Кнігі нарысаў і эсэ «Падарожная Аляксандра Пушкіна» (1977), «Праз даль часоў» (1984) пра вядомых людзей, чые жыццёвыя і творчыя шляхі праходзілі праз Беларусь. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Чароўны луг», 1959; «Зялёны конік», 1968). Аўтар тэлеп’ес «Якаў Свярдлоў» (паст. 1963), «Восеньскі букет. І.Рэпін у Здраўнёве» (паст. 1964), сцэнарыяў тэлефільмаў. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.
Тв.:
Избранное. Мн., 1995;
Солнечный хмель. Мн., 1982;
Имею честь принадлежать. Витебск, 1999;
Душа за облако цеплялась...: Лирика любви. Витебск, 2001;
Мой Шагал, или Полет любви: Стихи, переводы Витебск, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ПЕНКА (Змітрок) (Дзмітрый Емяльянавіч; 23.11.1910, в. Калеснікі Хіславіцкага р-на Смаленскай вобласці — кастр. 1944),
бел.паэт. Скончыў Мсціслаўскі пед. тэхнікум (1929). Працаваў у рэсп. Прэсе. 5.12.1936 арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў. З лагера ўцёк. Жыў у Маскве. Удзельнік Айч. вайны. Загінуў у баі ў Карпатах. Друкаваўся з 1926. Пісаў пераважна апавядальна-сюжэтныя творы (зб-кі «На ўсход сонца», «Краіне», абодва 1931, «Абураныя», 1932; цыкл вершаў «Ноч на станцыі Негарэлае», нап. 1930; паэма «Два таварышы», нап. 1931). У паэме «Эдэм» (нап. 1944) уславіў мужнасць і самаахвярнасць народа ў змаганні з ворагам. Аўтар вершаванай кн. для дзяцей «Трактар» (1933). Стаяў ля вытокаў бел.навук.-фантаст. л-ры (раман «Вызваленне сіл», 1932). Пераклаў на бел. мову раманы «Маці» М.Горкага (1932), «Ваколіцы» Л.Первамайскага (1931), аповесць «Ударны атрад» А.Дончанкі (1932), «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» К.Ванака (1932) і інш.
Тв.:
Вершы і паэмы. Мн., 1968.
Літ.:
Бярозкін Р. Выпрабаванне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2;
Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979. С. 139—140, 186—191;
Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990.