ГРАМЫ́КА (Віктар Аляксандравіч) (н. 1.1.1923, в. Сенькава Магілёўскага р-на),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1970). Нар. мастак Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958), з 1959 выкладае ў ім жа (праф. з 1982; з 1991 Бел.АМ). Тэматычныя карціны «Салдаты» (1967), «1941 год. Над Прыпяццю» (1970), «Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца» (1972), «Песня аб маім атрадзе» (1978), «Яблыкі ўраджаю 1941 года» (1987) і інш. вылучаюцца рамантызмам, сімвалічнасцю вобразаў, метафарычнасцю, гармоніяй кампазіцыі і колеру. У яго творах сінтэз тонкага лірычнага пачуцця з эпічнай шырынёй абагульненняў, жаданнем звязаць сучаснасць з бел. мінуўшчынай: «Халодны дзень. Браслаўшчына» (1963), «Ільны беларускія», «Чырвоныя землі Полаччыны» (абодва 1970), «На радзіме Янкі Купалы», «Глубелька — сэрца блакітных азёраў Беларусі» (абодва 1975), «Якое надвор’е будзе заўтра» (1988), «Над старымі акопамі цішыня» (1995). Аўтар серыі партрэтаў «Людзі цаліннага краю» (1963), партрэтаў Я.Брыля (1968), бацькі (1977), камісара А.Ф.Юр’ева (1982), В.Быкава (1984), аўтапартрэт (1988). Сярод пейзажаў: «Ружовы сакавік» (1974), «Над ракой Бобр крычаць жураўлі», «Месячная ноч бухты Чэхава» (абодва 1985), «Ліпень пахне травамі» (1990), «На схіле дня» (1996) і інш.
Літ.:
Бойка У.А. В.А.Грамыка. Мн., 1979;
В.А.Громыко: Красные земли Полотчины: [Альбом]. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г. Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял.кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус.землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),
князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр.ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАБО́РСТВА,
рэлігійны рух у сярэднія вякі, накіраваны супраць хрысц. культу абразоў.
Яшчэ ў 7 ст. ў М. Азіі (некат. даследчыкі лічаць, што пад уплывам ісламу, які забараняў выявы чалавека) пачаліся выступленні супраць выкарыстання культу абразоў, крыжа і інш. як ідалапаклонства. І. найб. пашырылася ў 8—1-й пал. 9 ст. ў Візантыі, дзе яго ўзначалілі першыя імператары Ісаўрыйскай дынастыі. Леў III, які імкнуўся ўмацаваць дзярж. ўладу і аслабіць уплыў царк. іерархаў і манаства, у 726 забараніў пакланенне абразам, канфіскоўваў царк.землі і маёмасць; яго пераемнікі патрабавалі поўнай забароны святых выяў у цэрквах Супраць І. выступілі візантыйскі багаслоў Іаан Дамаскін, сталічная знаць і манаства, падтрыманыя папствам. Барацьба цягнулася больш за стагоддзе, суправаджалася муштрамі, катаваннямі, выгнаннямі, знішчэннем абразоў, разбурэннем манастыроў. У час І. загінулі тысячы помнікаў рэліг. мастацтва. Але гал. мэта візант. імператараў была дасягнута — канфіскацыя царк. і асабліва манастырскіх зямель і раздача іх ваен.-служыламу саслоўю; візант. імператар стаў на чале правасл. царквы. Канчаткова культ абразоў у Візантыі адноўлены ў 843, але большасць секулярызаваных зямель царкве не вернута. Іканаборскі рух узмацніў супярэчнасці паміж усх. і зах. галінамі тады яшчэ адзінай хрысц. царквы.
І. было характэрнай рысай радыкальных кірункаў пратэстантызму (перш за ўсё кальвінізму) у шэрагу краін Зах. Еўропы ў эпоху Рэфармацыі (Нідэрланды, Германія, Францыя). Знішчэннем абразоў і інш. святынь суправаджалася Іканаборскае паўстанне 1566 у Нідэрландах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́летапісная,
назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач.н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.
Літ.:
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;
Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;
Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл.Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял.кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.