ЛО́ДЖЫЯ (італьян. loggia ад стараж.-верхненям. laubja альтанка),
памяшканне, адкрытае з аднаго ці некалькіх бакоў, дзе сцяну замяняюць каланада, аркада, парапет і інш. Можа быць асобным збудаваннем (Л. дэі Ланцы ў Фларэнцыі, Італія, каля 1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.Таленці) або часткай будынка. Служыць крытым балконам ці ўваходам і пластычна ўзбагачае фасад будынка. Л. вядомы са старажытнасці (у архітэктуры Стараж.Грэцыі і Рыма). У эпоху Адраджэння пашыраны ў выглядзе адкрытага з аднаго ці некалькіх бакоў будынка тыпу галерэі (Л. дэль Кансільё ў г. Верона, Італія, 1475—92, арх. Фра Джакондэ). Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай архітэктуры (у жылых будынках і будынках санаторна-курортных устаноў, інтэрнатах, гасцініцах і інш.). Бываюць радавыя (з адным адкрытым бокам), вуглавыя, часткова вынесеныя.
Лоджыя дэль Кансільё ў г. Верона (Італія). 1475—92. Арх. Фра Джаконуэ Джакондэ*.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ПАТ, Публій Карнелій Непат
[Publius Cornelius Nepos; каля 109 да н.э., г. Павія, Італія — каля 27 да н.э.],
старажытнарымскі гісторык і паэт. Сябар Катула і Цыцэрона. Аўтар «Хронікі» ў 3 кн. (захавалася ў фрагментах), у якой апісаў найважнейшыя падзеі ў гісторыі Грэцыі ў сувязі з гісторыяй Рыма (увёў новую храналогію, у якасці вызначальнай прыняў дату заснавання Рыма). Праца «Прыклады» (не захавалася) уяўляла сабой зборнік гіст. анекдотаў і апавяданняў пра выдатныя мясціны. Гал. праца Н. — «Пра знакамітых людзей» у 16 кн. (захаваліся 22 біяграфіі з раздзелам «Пра знакамітых іншаземных палкаводцаў» і біяграфіі Катона Старэйшага і Атыка з раздзелам «Пра рымскіх гісторыкаў»). Аўтар эратычных вершаў (паводле сведчання Плінія Малодшага); захаваліся звесткі, што Н. быў таксама выдаўцом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР, Меер (Meyer) Эдуард (25.1.1855, г. Гамбург, Германія — 31.8.1930), нямецкі гісторык антычнасці. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Лейпцыга (з 1884), Брэслаў (з 1885; цяпер г. Вроцлаў, Польшча), Гале (з 1889), Берліна (1902—23). Даследаваў гісторыю Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма з пазіцый мадэрнізму і цыклічнасці тэорыі, увёў у гіст. навуку паняцце «культ. комплекс», якое разумеў як вынік узаемадзеяння матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў. Аўтар прац «Гісторыя Троі» (1877), «Гісторыя Пантыйскага царства» (1879), «Гісторыя старажытнасці» (т. 1—5, 1884—1902; асн. праца, у якой гіст. падзеі даведзены прыбл. да 336 да н.э.), «Гісторыя Старажытнага Егіпта» (1887), «Даследаванні па гісторыі Гракхаў» (1894), «Узнікненне іудзейства» (1896), «Да тэорыі і методыкі гісторыі» (1902), «Егіпецкая храналогія» (1904), «Манархія Цэзара і прынцыпат Пампея» (1918), «Паходжанне і пачаткі хрысціянства» (т. 1—3, 1921—23) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮНЦ ((Müntz) Іаган Генрых) (1727, г. Мюльгаўзен, Германія — 1798),
мастак-пейзажыст, падарожнік. У 1760-я г. жыў у Лондане, вандраваў па Італіі (1762, 1785), Грэцыі (1763), Галандыі (1772). У 1780-я г. ў Рэчы Паспалітай, дзе ў званні маёра служыў у пляменніка караля, падскарбія ВКЛ С.Панятоўскага. Па вайск. і гасп. заданнях ездзіў па Украіне, Малдове і Беларусі, рабіў замалёўкі гарадоў, замкаў, вёсак, тыпаў насельніцтва, пісаў пейзажы. Адначасова вёў падарожныя нататкі. У 1783 па дарозе з Украіны ў Літву рабіў на Беларусі замалёўкі палескіх вёсак, Белавежскай пушчы. Апісаў умовы мясц. гаспадарання, адзначыў, што палескія балоты прыдатныя для меліярацыі на ўзор Галандыі. Даў характарыстыку жыхароў: «Мясцовыя насельнікі ўвогуле людзі дабрадушныя, добрыя патрыёты, яны ладна складзены і моцныя на работу». З 1792 працаваў у Каселі ў курфюрста гесенскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫ БЫК, тур (Bos primigenius),
вымерлая млекакормячая жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных; продак еўрап. свойскай буйн. раг. жывёлы. Быў пашыраны ў лесастэпах і стэпах Усх. паўшар’я ў 2-й пал. антрапагенавага перыяду. На Беларусі трапляўся да пач. 17 ст. ў Белавежскай пушчы, лясах Панямоння і Прыбужжа. Апошні тур (самка) у прыродных умовах забіты ў Польшчы ў 1627, на тэр.Зах. Сібіры дажыў да 18 ст.
Выш. ў карку да 2 м, маса да 1,5 т. Падобны да сучасных свойскіх быкоў, за выключэннем пераважна чорнай афарбоўкі цела і белай паласы ўздоўж спіны. У канцы антрапагену П.б. распаліся на буйную і дробную расы. Лічыцца, што буйная засталася ў дзікім стане (была аб’ектам палявання), а дробная прыручана ў Грэцыі каля 4 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж.Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭНТАЛО́ГІЯ (ад акцэнт + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).
Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж.Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст.н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.Х.Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.Ф.Фартунатаў, А.Мее.
Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.Ф.Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.В.Бірыла, Л.Ц.Выгонная, Л.М.Вардамацкі, М.П.Лобан, Я.І.Івашуціч, Я.Э.Смулкова (Польшча), Э.Станкевіч (ЗША)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЧНЫ О́РДЭР,
адзін з трох асноўных грэч.арх.ордэраў. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю. У ніжняй частцы (1/3 агульнай вышыні) ствол мае невял. выпукласць — энтазіс. Капітэль складаецца з шыйкі, што злучае капітэль са ствалом калоны, эхіна (паўвала) і верхняй квадратнай у плане пліты — абака. Над абакам — бэлька (архітраў), завершаная палічкай, над архітравам — фрыз, расчлянёны трыгліфамі на роўныя часткі (метопы), упрыгожаныя размалёўкай або скульптурай. Верхняя частка складалася з прамавугольных пліт — мутул («сухарыкі», дэнтыкулы), высунутай пліты слязніцы і ўвянчальнай часткі — сімы.
Як мастацка выразная форма Д.о. склаўся ў Стараж.Грэцыі і дарыйскіх абласцях пры буд-ве храмаў і інш. грамадскіх збудаванняў з каменю (600—590 да н.э.). Класічныя ўзоры Д.о. захаваліся ў Парфеноне, на Прапілеях, на Акропалі ў Афінах.
Да арт.Дарычны ордэр. Храм Парфенон у Афінах. 447—438 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (ад польск. haft вышываны ўзор, вышыўка),
1) ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі (шаўковымі, залатымі, сярэбранымі ніткамі, жэмчугам, каштоўнымі ці штучнымі камянямі, з 19 ст. — бісерам, мішурой і інш.) па шоўку, аксаміце, парчы і інш. тканінах. Існуюць разнастайныя тэхн. прыёмы гафту (гладзь, высокарэльефнае шыццё «па карце», «у прыкрэп» і інш.). Узор бывае плоскі, пукаты, ажурны, накладны. Вядомы са стараж. часоў у краінах Усходу, Стараж.Грэцыі, Стараж. Рыме, з сярэдневякоўя — па ўсёй Еўропе. На Беларусі з 15—16 ст. гафтам аздаблялі літургічныя тканіны, шляхецкае адзенне і інш. Пераважалі раслінныя матывы, стылістыка адпавядала агульнаеўрап. маст. кірункам. У нар. побыце гафтаваннем называлі розныя віды ажурных швоў.
2) Машынная вышыўка белай гладдзю па белай тканіне. У сучаснай маст. прам-сці плоскім машынным гафтаваннем пераважна расліннага характару аздабляюць пасцельную бялізну, жаночае адзенне, тасьму, тканіны і інш.