ПСЕЎДАМО́НАС (Psendomonas),

род няспораўтваральных бактэрый сям. псеўдаманад. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў паветры, глебе, марскіх і прэсных вадаёмах, сцёкавых водах, газавых і нафтавых радовішчах. Выяўляюцца на харч. прадуктах, целах жывёл і раслін, таксама ў гнойных ранах і экскрэментах хворых млекакормячых жывёл і чалавека.

Пераважна адзіночныя клеткі ў выглядзе дробных палачак з палярна размешчанымі жгуцікамі. Аэробныя арганізмы, грамадмоўныя, гетэратрофы. Некат. віды сінтэзуюць пігменты, вітаміны, антыбіётыкі або таксіны. Ёсць патагенныя і ўмоўна патагенныя для чалавека, жывёл і раслін.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НКЦЫЯ (ад лац. punctio укол),

пракол тканак арганізма полай іголкай з дыягнастычнай, лек. або прафілакт. мэтай. Дыягнастычная П. выкарыстоўваецца: для вывучэння структурна-функцыян. стану органаў, сістэм органаў і тканак, устанаўлення дыягназу захворвання шляхам увядзення ў крывяносныя і лімфатычныя сасуды, поласці, губчатае рэчыва касцей радыеізатопаў, газу (паветра), рэнтгенакантрастных рэчываў, таксама даследавання ўзору вадкасці (кроў, гной і інш.) або кавалачка тканкі (напр., пухліны). З лек. і прафілакт. мэтамі з дапамогай П. ўводзяць лек. сродкі ў тканкі, сасуды, поласці арганізма.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.

Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Пурпур. Мурэкс брандарыс.

т. 13, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦАЛА́НЫ (італьян. pozzolana ад назвы італьян. г. Пацуолі, каля якога здабывалі П.),

вулканагенна-асадкавыя і асадкавыя горныя пароды з уласцівасцю паглынаць аксід кальцыю CaO з вапнавых раствораў. Паводле складу сярод П. адрозніваюць вулканічныя туф, попел, шкло, таксама цэалітавыя пароды, трэпел, дыятаміт і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці дабавак у вытв-сці вяжучых матэрыялаў, т.зв. пуцаланавых цэментаў (гідраўлічная актыўнасць П., што вызначаецца паглынаннем CaO за 30 сут, складае 350—500 мг на 1 г дабаўкі). Буйныя радовішчы ў Італіі, Крыме, Арменіі, на Паўн. Каўказе.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭЙ, Пей (Pei) Ёх Мінг (н. 26.4.1917, г. Гуанчжоў, Кітай), амерыканскі архітэктар. З 1935 вывучаў архітэктуру ў ЗША. Раннія работы выкананы пад уплывам ням. архітэктараў В.Гропіуса і Л.Міс ван дэр Роэ (вышынны будынак «Цэнтр» у Дэнверы, 1955). З канца 1960-х г. развівае ўласны арх. стыль: Нац. цэнтр атм. даследаванняў у Булдэры (1967), Нац. галерэя мастацтваў у Вашынгтоне (1978), б-ка імя Кенэдзі ў Бостане (1979), шкляныя піраміды перад будынкам Луўра ў Парыжы (1985—93) і інш. Праектаваў таксама ў Кітаі.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́Ў,

бальнеагразевы і кліматычны курорт на Беларусі, у Гомельскай вобл., за 12 км на У ад г. Рагачоў, на левым беразе р. Дняпро. Засн. ў 1970. Клімат умерана кантынентальны. Асн. лекавы фактар — мінер. воды 2 відаў: хларыдна-натрыевая высокай мінералізацыі (50 г/л) для ваннаў і інш. бальнеапрацэдур і сульфатна-хларыдная кальцыева-натрыевая вада малой мінералізацыі (5,5 г/л) на пітное лячэнне; таксама тарфяныя гразі. Лечаць хваробы сардэчна-сасудзістай, нерв. сістэм, органаў руху, гінекалагічныя. Санаторый, водагразелячэбніца, бювет мінер. крыніцы.

Ландшафт курорта Рагачоў.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

комплексы радыётэхн. апаратуры для вызначэння каардынат рухомых аб’ектаў (самалёт, судна) або адлегласцей да іх адносна нерухомых апорных пунктаў (аб’ектаў) з вядомымі каардынатамі. Уключаюць радыёстанцыі на рухомых і нерухомых аб’ектах. Яны выпрацоўваюць і прымаюць радыёхвалі ў пэўным дыяпазоне, па часе і скорасці распаўсюджвання якіх вымяраюцца адлегласці і вылічваюцца каардынаты. Р.с. выкарыстоўваюцца пры аэраздымцы, для стварэння радыёгеадэзічных сетак на вял. тэрыторыі, пры геафіз. разведцы з самалётаў і марскіх суднаў, у паветранай і марской навігацыі. Гл. таксама Радыёвышынямер, Радыёдальнамер, Радыёнавігацыя.

П.​П.​Явід.

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТР (ад ням. Raster граблі),

1) у оптыцы — рашотка, паверхня з дробнымі лінзамі, адтулінамі, шчылінамі ці інш. для структурнага пераўтварэння накіраванага на яе светлавога пучка. Гл. таксама Растравыя аптычныя сістэмы.

2) У паліграфіі — празрыстая аснова з лініямі, штрыхамі і інш. для фотамех. ўзнаўлення паўтонавых відарысаў пры афсетным друку, высокім друку і глыбокім друку.

3) У тэлебачанні — святлівы прамавугольнік на экране тэлевізара, створаны радкамі тэлевізійнай разгорткі аднаго поўнага кадра.

Растры: 1 — лінейны; 2 — двухлінейны; 3 — рамбічны; 4 — карэньчыкавы; 5 — кантактавы; 6 — для глыбокага друку.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЧЭСТЭР (Rochester),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. Засн. ў 1854. 216,9 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1 млн. ж. (1998). Трансп. вузел, порт на воз. Антарыо і канале Эры. Вядучы цэнтр краіны па вытв-сці фота- і кінатэхнікі. Прам-сць оптыка-мех., радыёэлектронная і прыладабуд., у т. л. вытв-сць капіравальнага і паліграф. абсталявання, мед. інструменту, ЭВМ, электронна-аптычных і аптычных прылад, кантрольна-вымяральнай апаратуры; паліграф., харч., швейная. Развіты таксама станкабудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання, аўтамаб. дэталяў і вузлоў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТА-РАСПА́Д, β-распад,

самаадвольнае ператварэнне ўнутры атамнага ядра аднаго з нейтронаў у пратон (ці наадварот), а таксама свабоднага нейтрона ў пратон, абумоўленае слабым узаемадзеяннем. Адзін з асн. тыпаў радыеактыўнасці. Ператварэнне нейтрона ў пратон суправаджаецца выпусканнем электрона e​ і электроннага антынейтрына ν̃e, а пратона ў нейтрон — выпусканнем пазітрона e​+ і электроннага нейтрына νe (гл. Бэта-выпрамяненне).

Пры электронным бэта-распадзе (β​) утвараецца ядро з колькасцю пратонаў, большай на 1 за іх колькасць у зыходным ядры, напр.: 14 6 c 14 7 N + e + ν̃e . Пры пазітронным бэта-распадзе (β​+) колькасць пратонаў у ядры памяншаецца на 1: 11 6 c 11 5 β + e+ + νe . Да бэта-распаду адносяць таксама электронны захоп. Энергія, якая вылучаецца пры бэта-распадзе, размяркоўваецца пераважна паміж e​ і ν̃e (ці e​+ і νe). Перыяды паўраспадаў β-актыўных ядраў ад 10​−2 с да 10​18 гадоў. Пры бэта-распадзе не захоўваецца прасторавая цотнасць, што выяўляецца ў асіметрыі прасторавых напрамкаў у руху электронаў, якія выпраменьваюцца ядрамі: у напрамку спіна ядраў вылятае менш электронаў, чым у адваротным. Асновы тэорыі бэта-распаду закладзены Э.Фермі (1934). Далейшае развіццё тэорыі бэта-распаду прывяло да стварэння адзінай тэорыі слабых і эл.-магн. узаемадзеянняў (гл. Электраслабае ўзаемадзеянне).

М.​А.​Паклонскі.

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)