РО́РЭР (Rohrer) Генрых (н. 6.6.1933, Бухс, Швейцарыя),

швейцарскі фізік. Чл. Швейц. акадэміі тэхн. навук (1988). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1988). Скончыў Швейц. тэхнал. ін-т у Цюрыху (1955). З 1963 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс карпарэйшэн». З 1997 у н.-д. установах Іспаніі і Японіі. Навук. працы па звышправоднасці, фізіцы цвёрдага цела, мультыкрытычных з’явах, сканіруючай тунэльнай мікраскапіі, нанамеханіцы. Стварыў першы сканіруючы тунэльны электронны мікраскоп (1981; з Г.​Бінігам), што дало пачатак новай галіне навукі — нанатэхналогіі. Нобелеўская прэмія 1986 (з Бінігам).

Тв.:

Рус. пер. — Растровый туннельный микроскоп (разам з Г.​Бінігам) // В мире науки. 1985. Вып. 10;

Сканирующая туннельная микроскопия — от рождения к юности (з ім жа) // Успехи физ. наук. 1988. Т. 154, вып. 2.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.Рорэр.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГА́ТА (італьян. regata ад riga шэраг, лінія; стартавая лінія),

буйное, звычайна традыц. спаборніцтва па парусным спорце, вяслярным спорце; часам спаборніцтвы па водна-маторным спорце. Складаецца з серыі гонак для суднаў розных класаў.

Адна з першых Р. (Венецыянская Р. гандальераў) адбылася ў 1740. З сярэдзіны 19 ст. Р. праводзяцца ў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, з канца 19 ст. — у ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі, Расіі, сканд. краінах і інш. Найб. вядомыя — Хенлейская каралеўская Р. па акад. веславанні (з 1839, на р. Тэмза паблізу Лондана), Кільская парусная Р. (1897, Кільская бухта Балт. м., Германія). На Алімп. гульнях праводзяцца Р. па парусным спорце (серыя з 7 гонак) і перадалімпійскія спаборніцтвы. Гл. таксама Веславанне акадэмічнае. Веславанне на байдарках і каноэ.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДА́РАЎ Армен Сяргеевіч (н. 3.6.1948, г. Адэса, Украіна),

бел. вучоны ў галіне архітэктуры, дызайну і гісторыі дарог. Канд. архітэктуры (1974). Скончыў БПІ (1970). З 1974 у дарожных установах, з 1990 у рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белдарцэнтр» (з 1995 гал. архітэктар, з 2000 нам. ген. дырэктара — гал. архітэктар). У 1992—98 чл. к-та па ландшафтнай архітэктуры аўтамаб. дарог Транспартнага даследчага савета Нац. АН ЗША. Навук. працы па тэарэт. асновах дарожнай архітэктуры. Стварыў арх.-дызайнерскую службу аўтамаб. дарог Беларусі. Аўтар арх. праекта знака «Нулявы кіламетр», устаноўленага на Кастрычніцкай плошчы Мінска (1998).

Тв.:

История и архитектура дорог Белоруссии. Мн., 1978;

Архитектура автомобильных дорог. М., 1986;

Книга о дорогах: Дороги в человеческой цивилизации и культуре. Мн., 2000.

А.С.Сардараў. Знак «Нулявы кіламетр» (Мінск, 1998).

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РДЖЭНТ (Sargent) Джон Сінгер (12.1.1856, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1925),

жывапісец. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі (1870—73), у Э.​А.​Каралюс-Дзюрана ў Парыжы (1874—79). Зазнаў уплывы Г.​Курбэ, Э.​Манэ і К.​Манэ. З 1885 жыў у Лондане, наведваў ЗША. Найб. вядомы як майстар віртуозных свецкіх партрэтаў: «Мадам X» (1884), «Лорд Рыблсдэйл у паляўнічым касцюме» (1902) і інш. Шэрагу партрэтаў уласцівы вострая назіральнасць і цікавасць да псіхалогіі партрэтаваных [партрэты Р.​Л.​Стывенсана, 1884—87; мадам Поль Пуарсон (Сеймурыка Кютбер), 1885], Пісаў эфектныя жанравыя карціны («Кітайскія ліхтарыкі», 1885—86), эцюдысцэнкі парыжскага жыцця ў манеры, блізкай да імпрэсіяністаў («Халео», 1882; «Пол Хелью з жонкай на эцюдах», 1889). З 1890-х г. ствараў імпрэсіяністычныя акварэльныя пейзажы. Аўтар манум. размалёвак у Публічнай б-цы ў Бостане (1890—1919).

І.​М.​Скварцова.

Дж.С.Сарджэнт. Партрэт мадам Поль Пуарсон. 1885.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАСЛА́ЎСКІ (Świętosławski) Войцех Алаізій (3.7.1881, в. Кірыёўка Жытомірскай вобл., Украіна — 29.4.1968),

польскі фізікахімік, заснавальнік школы тэрмахімікаў. Чл. Польскай АН (1952). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1906). З 1910 у Маскоўскім ун-це. З 1918 у Польшчы: праф. Варшаўскага політэхн. ін-та (1918—39, 1946—51) і Варшаўскага ун-та (1918—29, 1947—60). У 1935—39 міністр вышэйшай адукацыі Польшчы. У 1940—46 у ЗША. У 1955—61 дырэктар Ін-та фіз. хіміі Польскай АН. У 1928—32 і 1934—40 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі. Навук. працы па тэрмахіміі арган. злучэнняў, тэорыі працэсаў каксавання і перапрацоўкі кам.-вуг. смалы. Распрацаваў шэраг каларыметрычных метадаў. Сканструяваў адыябатычны каларыметр (1913), эбуліяметр для хуткага вызначэння малекулярнай масы (эбуліяметр С.; 1924).

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕБАСЦЬЯ́Н (Sebastian; сапр. Шэбешцьен; Sebestyen) Георг

(Дзьёрдзь; 17.8.1903, Будапешт — 1989),

венгерскі дырыжор. Скончыў Вышэйшую школу музыкі імя Ф.​Ліста (1921). Вучань Б.Вальтэра. З 1922 працаваў у оперных т-рах Германіі. У 1931—37 дырыжор сімф. аркестра Усесаюзнага радыё ў Маскве, дзе ажыццявіў канцэртныя пастаноўкі опер В.​А.​Моцарта і оперы «Фідэліо» Л.​Бетховена, выступаў у сімф. канцэртах (першы выканаў 1-ю сімфонію Ц.​Хрэннікава і 1-ю сюіту «Рамэо і Джульеты» С.​Пракоф’ева). З 1938 у ЗША, з 1946 у Парыжы. Працаваў дырыжорам у «Алера камік», паставіў шэраг рус. опер у Парыжскай оперы, у т. л. «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага. Шмат гастраліраваў, у т. л. ў СССР у 1961.

Літ.:

Григорьев Л.Г., Платек Я.М. Современные дирижеры. М., 1969.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСЦЬЯ́НЕНКА Віктар Рыгоравіч (н. 31.1.1938, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1981), праф. (1984). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1963). З 1963 у Ін-це тэарэт. і прыкладной механікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1982 у БПА (з 1984 заг. кафедры). З 1999 у ЗША. Навук. працы па радыяцыйным цеплаабмене і фізіцы плазмы, праблемах выкарыстання камп’ютэрнай тэхнікі ў навуч. працэсе. Распрацаваў метады разліку поля выпрамянення ў рэальным спектры, уліку ўзаемадзеяння часціц у плазме, методыку і апаратуру для цеплавога неразбуральнага кантролю прамысл. вырабаў.

Тв.:

Радиационный теплоперенос в высокотемпературных газах. М., 1984 (у сааўт.);

Оптимизация метода импульсной тепловой дефектометрии протяженных дефектов (у сааўт.) // Инж.-физ. журн. 1994. Т. 66, № 4.

т. 14, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГЕЦІ (Szigeti) Іожэф (Жазеф; 5.9.1892, Будапешт — 20.2.1973),

венгерскі скрыпач, педагог. Чл. Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» (Італія). Скончыў Акадэмію музыкі ў Будапешце (1905); вучань Е.​Хубаі. У 1917—24 выкладаў у Жэнеўскай кансерваторыі. З 1925 у Францыі, ЗША, з канца 1950-х г. у Швейцарыі. Канцэртаваў у 1905—63, у т. л. ў СССР у 1924—37. Стварыў асабісты высокамастацкі стыль, які вызначаўся глыбінёй і натуральнасцю інтэрпрэтацый, спалучэннем стрыманай эмацыянальнасці і дэкламацыйнасці з тонкім пачуццём формы, высокага майстэрства, адухоўленасцю. Першы выканаўца твораў Б.​Бартака, Э.​Блоха, Э.​Ізаі, П.​Кадашы, А.​Казелы, Г.​Каўэла, С.​Пракоф’ева, у т. л. прысвечаных яму. Выдаў транскрыпцыі для скрыпкі і фп., у т. л. А.​Скрабіна. Аўтар кніг па скрыпічным выканальніцтве («Нататкі скрыпача», 1964).

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́У (Skou) Енс Крысціян (н. 8.10.1918, г. Лемвіг, Данія),

дацкі біяхімік і фізіёлаг. Чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і літаратуры (1965), Ням. акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1977). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1988). Д-р медыцыны (1954). Скончыў Капенгагенскі ун-т (1944). З 1947 у Орхускім ун-це (з 1963 праф. і кіраўнік Ін-та фізіялогіі, у 1978—88 кіраўнік Ін-та біяфізікі). Навук. працы па вывучэнні мясц. анестэтыкаў, біяэнергетыцы жывой клеткі, мембраннай біяхіміі і фізіялогіі. Адкрыў (1957) іоннатранспартны фермент натрыйкаліевую адэназінтрыфасфатазу, які ажыццяўляе адзін з фундаментальных працэсаў у жывой клетцы — перанос іонаў Na​+ і K​+ праз клетачную мембрану. Заклаў асновы мембраннай біяхіміі трансп. пратэінаў. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з П.​Д.​Боерам, Дж.​Э.​Уокерам).

М.​М.​Касцюковіч.

Е.К.Скоу.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕРЧ,

моцны віхор у атмасферы, які ўтвараецца ў навальнічнай хмары і прасціраецца да зямной паверхні ў выглядзе цёмнага слупа з лейкападобным расшырэннем зверху і знізу. Паветра ў ім верціцца супраць гадзіннікавай стрэлкі са скорасцю да 100 м/с і адначасова падымаецца па спіралі, захопліваючы знізу пыл, ваду і розныя прадметы. Узнікае пры значнай няўстойлівасці ніжняга слоя паветра і рухаецца са скорасцю 10—20 м/с, праходзіць шлях 40—60 км. Верагоднасць С. стымулюе блізкасць атм. фронту. Суправаджаецца навальніцай, дажджом, градам; адна з прычын стыхійных бедстваў. Над морам і акіянам утвараецца часцей, чым над сушай, дзе завецца тромбам, у ЗША — тарнада. На Беларусі штогод з сак. да вер. адзначаюць 1—2 выпадкі С., у асобныя гады (напр., у 1951) — да 5.

т. 15, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)