СМЕРЧ,

моцны віхор у атмасферы, які ўтвараецца ў навальнічнай хмары і прасціраецца да зямной паверхні ў выглядзе цёмнага слупа з лейкападобным расшырэннем зверху і знізу. Паветра ў ім верціцца супраць гадзіннікавай стрэлкі са скорасцю да 100 м/с і адначасова падымаецца па спіралі, захопліваючы знізу пыл, ваду і розныя прадметы. Узнікае пры значнай няўстойлівасці ніжняга слоя паветра і рухаецца са скорасцю 10—20 м/с, праходзіць шлях 40—60 км. Верагоднасць С. стымулюе блізкасць атм. фронту. Суправаджаецца навальніцай, дажджом, градам; адна з прычын стыхійных бедстваў. Над морам і акіянам утвараецца часцей, чым над сушай, дзе завецца тромбам, у ЗША — тарнада. На Беларусі штогод з сак. да вер. адзначаюць 1—2 выпадкі С., у асобныя гады (напр., у 1951) — да 5.

т. 15, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)