ДАРЭ́ ((Doré) Густаў Вінсент Шарль) (6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),
французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).
Літ.:
Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.
Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТО́РЫЯ ЛІТАРАТУ́РЫ,
раздзел літаратуразнаўства, які даследуе ўзнікненне, развіццё і змены літ. кірункаў і маст. стыляў у розныя эпохі і ў розных народаў, а таксама канкрэтныя літ. і літ.-крытычныя творы, творчасць асобных пісьменнікаў і літ. крытыкаў, фарміраванне, асаблівасці і гіст. лёс маст. метадаў, відаў і жанраў літаратуры. Развіццё л-ры ў кожнай краіне непарыўна звязана з гісторыяй яго народа і адрозніваецца непаўторнай нац.сац.-гіст. асаблівасцю, таму гісторыя літаратуры падзяляецца на гісторыі асобных нац. літаратур. Прасочваючы літаратурны працэс у адной краіне, даследчыкі высвятляюць яго сувязь і ўзаемадзеянне з літ. працэсам у інш. краінах, характарызуюць той нац. ўклад, які зроблены ці робіцца пэўным народам у сусветную літаратуру. Пра даследаванні па гісторыі бел. л-ры гл. ў арт.Літаратуразнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТАВА (Соф’я Уладзіміраўна) (4.8.1895, Масква — 12.4.1982),
руская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар.арт.СССР (1955). З 1911 актрыса 1-й Студыі МХТа (з 1924 МХАТ 2-і), з 1938 актрыса і рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (у 1951—57 маст. кіраўнік). Педагог Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26). Актрыса шырокага творчага дыяпазону, высокай сцэн. культуры. Дасканала валодала мастацтвам псіхал. аналізу ролі: Марыя («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Нора («Нора» Г.Ібсена; рэж., разам з І.Бярсеневым), Жэнеўева («Маленне пра жыццё» Ж.Дэваля); Марыя Аляксандраўна («Сям’я» І.Папова), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава, рэж., разам з А.Пялевіным) і інш. З 1946 здымалася ў кіно: «Клятва» (Дзярж. прэмія СССР 1947), «Сям’я Ульянавых», «Падзенне Берліна», «Няскончаная аповесць» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПАБУДАВА́ННІ,
рашэнне некаторых геаметрычных задач з выкарыстаннем дапаможных інструментаў (цыркуля, лінейкі і інш.), якія мяркуюцца абсалютна дакладнымі.
Падзяляецца на геаметрычныя пабудаванні на плоскасці і ў прасторы. Геаметрычнае пабудаванне лічыцца выкананым, калі па зададзеных элементах выяўлены (пабудаваны) шуканыя элементы: пункты, прамыя, акружнасці і інш. У даследаваннях па геаметрычных пабудаваннях выяўляецца шэраг задач, якія можна вырашаць дадзенымі сродкамі, і спосабы рашэння гэтых задач. Напр., з дапамогай цыркуля і лінейкі (аднабаковай, без дзяленняў) можна рашаць задачы, у якіх каардынаты шуканага пункта могуць быць запісаны выразам з канечным лікам складанняў, множанняў, дзяленняў і здабыванняў квадратнага кораня з каардынат зададзеных пунктаў. Напр., цыркулем і лінейкай можна пабудаваць агульную датычную прамую да 2 акружнасцей, але немагчыма рашаць стараж. задачы пра трысекцыю вугла, квадратуру круга, падваенне куба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВА́РА ДЭ ЛА СЕ́РНА ((Geuvara de la Serna) Эрнеста [вядомы і як Чэ) (Ché); 14.6.1928, г. Расарыо, Аргенціна — 8.10.1967], лацінаамерыканскі рэвалюцыянер, дзярж. і паліт. дзеяч Кубы. Урач. У 1954 удзельнічаў у рэв. барацьбе ў Гватэмале. У 1955 у Мексіцы ўвайшоў у групу Ф.Кастра Руса, у складзе якой высадзіўся на Кубу (снеж. 1956). Адзін з кіраўнікоў Кубінскай рэвалюцыі 1959. Прэзідэнт Нац. банка Кубы (1959—61),
міністр нац. прам-сці (1961—65). Адзін з кіраўнікоў «Руху 26 ліпеня», пасля чл.Нац. кіраўніцтва Аб’яднаных рэв. арг-цый Кубы. Прыхільнік тэорыі экспарту рэвалюцыі. У 1965 пакінуў Кубу і кіраваў у 1966—67 партыз. атрадам у Балівіі, трапіў у палон, забіты. Аўтар прац пра Кубінскую рэвалюцыю 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВАЛЕ́ЎСКІ (Валерый Серафімавіч) (н. 11.1.1961, г. Гродна),
бел. гітарыст, педагог; адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Гродзенскае муз. вучылішча (1980), Бел. кансерваторыю (1985). Удасканальваўся ў Маскоўскім дзярж.муз.-пед. ін-це імя Гнесіных (1989). З 1989 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. У рэпертуары старадаўняя лютневая і гітарная бел. музыка, п’есы кампазітараў-класікаў (у т. л. ва ўласных транскрыпцыях і апрацоўках), творы бел. аўтараў (Г.Гарэлавай, В.Войціка, Я.Паплаўскага). Аўтар артыкулаў пра бытаванне лютні і гітары на Беларусі, аўтар і складальнік нотных зборнікаў «Альбом юнага гітарыста» (1994), «Беларуская гітарная музыка» (1995), «Гігара ў ансамблі» (1997). Стварыў шмат запісаў на радыё. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. і нац. конкурсаў У.Захараў, Ф.Волкаў, В.Тарлецкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦІІ́ СВЯТЫ́Х»,
помнік бел. перакладной агіяграфічнай л-ры 17 ст. Перакладзены з польскай мовы. Першакрыніца — «Жыціі святых» П.Скаргі. Вядомы тры скарочаныя бел. пераклады. Найб. поўны (141 жыціе) створаны ў 2-й пал. 17 ст., відаць, у Магілёве, захаваў многія літ. асаблівасці арыгінала. Бел. перакладчыкі выбіралі творы пранайб. вядомых «святых», часам уносілі змены ў тэксты (апускалі выпады супраць праваслаўных і пратэстантаў, пахвалы рымска-каталіцкаму касцёлу і інш.). Творы ў зборніку маюць сярэдневяковы рэліг.-аскетычны, дыдактычны характар, схематычныя вобразы, але дзякуючы багаццю зместу, даходлівасці выкладу былі папулярныя сярод бел., польскіх і ўкр. чытачоў.
Літ.:
Гудзий Н.К. Переводы «Żywotów śwętych» Петра Скарги в Юго-Западной Руси. Киев, 1917;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКЛА́ДНІЦТВА,
пераход дзярж. цяглых людзей да феадалаў у Рус. дзяржаве 13 — пач. 18 ст. Каб пазбавіцца цяжкіх дзярж. падаткаў і павіннасцей, збяднелыя сяляне і гараджане дамаўляліся («закладваліся») з феадаламі перайсці да іх, калі будуць зменшаны павіннасці. Пры гэтым закладнікі трацілі асабістую свабоду і траплялі ў залежнасць да феадала. Упершыню З. ўпамінаецца ў дагаворнай грамаце 1266 Ноўгарада з цвярскім князем. Урад, не задаволены памяншэннем даходаў ад скарачэння цяглых сялян, Судзебнікам 1550 забараніў гандл. людзям «закладвацца» за манастыры, а ў 1584 — свецкім феадалам прымаць закладнікаў. Пастановы 1619, 1638 абавязалі закладнікаў вярнуцца на старыя месцы. З. фармальна забаронена Саборным улажэннем 1649, аднак існавала да пач. 18 ст. Дакументы 15—16 ст. сведчаць пра існаванне З. і на Полацкай зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАР’Я́Н (Наіры) (сапр. Егіязар’ян Аястан; 13.1.1901, с. Хараконіс, Зах. Арменія, цяпер тэр. Турцыі — 12.7.1969),
армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі ун-т (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў паэзіі «Блакітная краіна каналаў» (1926), «Вечныя вяршыні» (1937), «Ратны кліч» (1941), «Распаленай душой» (1942), рамана «Ацаван» (1937—47) і інш., у якіх адлюстраваў сац.-псіхал. працэсы ў вёсцы ў перыяд калектывізацыі. Раман «Пятрас і яго міністры» (1958) пра Арменію ў час панавання дашнакаў; аповесць «Давід Сасунскі» (1966) створана па матывах эпасу. Сатырычны талент З. выявіўся ў рамане «Другое жыццё» (1965—67). Вядомы як драматург (гіст. трагедыя «Ара Прыгожы», 1946; камедыі «Ля крыніцы», 1948; «Доследнае поле», 1950). Пераклаў на арм. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову яго творы пераклаў Х.Жычка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́СІМ (Мікола) (Мікалай Арцёмавіч; 19.11.1908, в. Шані Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 19.7.1957),
бел.паэт. Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1948). За рэв. дзейнасць у 1920—30-я г. ўлады Польшчы неаднойчы арыштоўвалі яго, знявольвалі ў турму. Працаваў у брэсцкай абл.газ. «Sapa» (1948—57). З 1926 змяшчаў свае творы ў зах.-бел. прэсе. Першы зб. «Ад шчырага сэрца» (1947). У вершах выяўляў сац. канфлікты ў зах.-бел. вёсцы, паказваў цяжкае жыццё сялянства. Карыстаўся прыёмамі гратэску, пародыі. У вершах ваен. і пасляваен. часу пісаў пра веліч і цяжар нар. вайны ў варожым тыле, радасць мірнай працы.