паўзун сям. вужовых атр. лускаватых. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Азіі (да цэнтр. Манголіі). Жыве пераважна ў вільготных месцах, каля жылля чалавека, зрэдку ў стэпах і гарах. На Беларусі трапляецца ўсюды.
Даўж. да 1,5 м. Цела зверху ад цёмна-шэрага да чорнага колеру, знізу белае з чорнымі плямамі ў выглядзе няроўнай чорнай паласы. Па баках галавы 2 вял., добра прыкметныя светлыя плямы (жоўтыя, аранжавыя, брудна-белыя). Перыядычна ліняе. Кладзе 6—35 яец, вужаняты даўж. каля 15 см. Актыўны днём, ноччу хаваецца. Корміцца жабамі, рапухамі, апалонікамі, мышамі. Неядавіты, бясшкодны. Добра плавае. Для абароны выкарыстоўвае выдзяленні з клаакі з непрыемным пахам. Добра пераносіць няволю. Колькасць вужоў звычайных на Беларусі памяншаецца ў сувязі з меліярацыяй.
Вялікі Аўстралійскі басейн, у Аўстраліі. Пл. каля 1,7 млн.км². Цягнецца больш як на 2200 км з Пн на Пд ад узбярэжжа зал. Карпентарыя да сярэдняга цячэння р. Дарлінг і амаль на 1800 км з З на У. Размешчаны ў прагіне стараж.крышт. фундамента; гал. ваданосныя гарызонты — мезазойскія пясчанікі, якія залягаюць на глыб. да 1200 м. Дэбіты свідравін ад некалькіх л/с да 25—40 л/с, самавыліванне да 60 л/с. Воды пераважна прэсныя ці слабамінералізаваныя (да 3—6 г/л). Жыўленне за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў і паверхневых вод. Патэнцыяльныя эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод 1772 млн.м³/год (у т. л. прэсных 872 млн.м³/год). Вада выкарыстоўваецца для гасп.-пітных мэт і на арашэнне.
размешчаны пераважна на тэр. Алжыра, ахоплівае таксама паўд. палову Туніса і часткова Лівію. Пл. каля 600 тыс.км². На Пн абмежаваны Сахарскім Атласам, на З — Угарцкімі ланцугамі, на Пд — масівам Ахагар, усх. мяжа басейна дакладна не вызначана. Прыўрочаны да апускання Сахарскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Гал. ваданосны комплекс звязаны з ніжнемелавымі пясчана-гліністымі адкладамі. Глыбіня 100—1300 м. Дэбіт свідравін да 300 л/с самавыліваннем, сярэдні ўдзельны дэбіт 1—3 л/с. Воды нярэдка тэрмальныя (60 °C і болей), прэсныя або маламінералізаваныя (0,3—2,4 г/л). Асн. вобласць жыўлення басейна на схілах гор, а таксама кандэнсацыйная вільгаць у раёнах буйных пясчаных масіваў (эргаў). Воды выкарыстоўваюцца для прам-сці, арашэння і абваднення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВЫ,
рускія акцёры, браты.
Сяргей Васілевіч (19.9.1827, Масква — 17.6.1862). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1844), працаваў у трупе Малога т-ра. Да 1853 выступаў пераважна ў вадэвілях. Новы этап у творчасці пачаўся са з’яўленнем п’ес А.Астроўскага: Бародкін («Не ў свае сані не садзіся»), Разлюляеў («Беднасць не загана»), Ціхан («Навальніца») і інш.Павел Васілевіч (1832, Масква — 10.4.1879). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1850). Працаваў у Маскоўскай балетнай трупе імператарскіх тэатраў, у правінцыі. З 1860 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). Асабліва ўдаваліся яму ролі ў п’есах Астроўскага: Любім Тарцоў («Беднасць не загана»), Падхалюзін («Свае людзі — паладзім») і інш., выступаў таксама ў камедыях А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Сухаво-Кабыліна, вадэвілях.
Васільевы — яркія прадстаўнікі рус. акцёрскай школы, вызначаліся прастатой і натуральнасцю выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСКО́ЎНІЦА (Myrica),
род кветкавых раслін сям. васкоўнікавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі ў 1858 у Горацкім дэндрарыі высаджана васкоўніца звычайная (Myrica gale, расла да Вял.Айч. вайны). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 2 амер. віды: В. вашчаная (Myrica cerifera) і пенсільванская (Myrica pensilvanica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы выш. да 15 м. Лісце чаргаванае, простае, скурыстае, з дробнымі пахучымі залозкамі. Кветкі дробныя, у коласападобных суквеццях або адзіночныя, аднаполыя. Плод — зборная касцянка з васковым налётам. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і васканосныя), харч. (плады некаторых відаў ядомыя, лісце і суквецці выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай прам-сці), лек. (сродак супраць астмы і інш.) і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙСЕНГО́Ф (Генрых Уладзіслававіч) (7.8.1859, б. маёнтак Пакрэўна, Рокішкскі р-н, Літва — 1922),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Рысавальнай школе В.Герсана ў Варшаве (1874—78), Пецярбургскай АМ (1878—82), у Мюнхене (1889), Парыжы (1900). Амаль увесь час жыў у в. Русаковічы (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.). Пісаў пераважна пейзажы. У маст. выстаўках удзельнічаў з 1889. Сярод твораў: «Транспарт палонных» (1886), «Перавозка параненых» і «Беларускія могілкі. Русаковічы» (1889), «Куток у Польным» (1891), «Беларускія паляўнічыя» і «Снег» (1894), «Світанак на возеры», «Паляўнічы з сабакам» (Нац.маст. музей Беларусі), «Прадчуванне», «Надвячорак», «Хмара», «Цішыня» (усе 1910-я г.), пейзажы Літвы. Стварыў эскізы дыплома с.-г. і прамысл. выстаўкі ў Мінску (1901).
Літ.:
Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971. С. 82—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТУНЫ́ (Gyrinidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).
Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЧКІ́ (Jobiidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Больш за 200 родаў, каля 600 відаў пераважна ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Донныя, прыбярэжна-марскія, саленаватаводныя і прэснаводныя рыбы. Найб. вядомыя бычкі: каліфарнійскі сінепалосы, кругляк, бланкет, каспійская пугалаўка, мартавік, японскі дзявочы, травянік і інш. На Беларусі 1 від — бычок-пясочнік.
Даўж. 7,5 мм — 90 см. Брушныя плаўнікі зрослыя, утвараюць круглы прысосак, што дазваляе рыбам утрымлівацца пры моцных рухах вады. Нерастуюць вясной, ікру адкладваюць у гнёзды, якія падрыхтоўваюць самцы. Большасць бычкоў кормяцца доннымі беспазваночнымі, ёсць драпежныя і планктонаедныя віды. Некат. бычкі (кругляк, пясочнік, шырман і інш.) маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭЗ (Syringa),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л.бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).
Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКІ (Pieridae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 500 відаў. На Беларусі 12. Пашыраны на ўсіх мацерыках, найб. вядомыя бялянкі капусная, або капусніца (Pieris brassicae), рэпніца (P. rapae), бручніца (P. napi).
Дзённыя матылі, крылы ў размаху да 8 см. Афарбоўка часцей белая, жоўтая або аранжавая, з чорным малюнкам. Вусені зялёныя або стракатыя, звычайна ўкрытыя кароткімі валаскамі. Кукалкі жаўтаватыя або шаравата-белыя з чорнымі кропкамі і плямамі прымацоўваюцца да субстрату паяском з шаўкавістай павуцінкі галавой уверх. Развіваюцца пераважна на крыжакветных і бабовых раслінах, некат. жывуць на крушынавых, ружавых і інш. Шэраг бялянак шкоднікі с.-г. культур, вусені аб’ядаюць лісце. Жаўтушкі, зоркі, лімонніцы — дэкар. матылі лугоў, палёў, лясоў. Некат. віды ахоўваюцца, жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.