ПАСТАРНА́К (Барыс Леанідавіч) (10.2.1890, Масква — 30.5.1960),
рускі пісьменнік. Сын Л.В.Пастарнака. Вучыўся ў Марбургскім ун-це (1912) у Т.Когена. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). Друкаваўся з 1913. Першы зб. вершаў — «Блізня ў хмарах» (1914). Уваходзіў у літ. групу «ўмераных» футурыстаў «Цэнтрыфуга», у ЛЕФ (да 1927). У ’паэт. зб-ках «Паверх бар’ераў» (1917), «Сястра мая — жыццё» (1922), «Тэмы і варыяцыі» (1923), «Другое нараджэнне» (1932), «На ранніх цягніках» (1943), цыкле вершаў «Калі разгуляецца» (нагі. 1956—59) філас. роздум пра «вечныя» тэмы: жыццё і смерць, сэнс чалавечага існавання, вера і нявер’е, прырода, каханне, лёс паэта, мастацтва, культура. Паэзіі П. ўласцівы метафарычнасць, асацыятыўнасць, парушэнне звыклых сінтакс. сувязей, дынамічнасць, жывапіснасць, музычнасць. Раман «Доктар Жывага» (апубл. за мяжой 1957, у Расіі 1988; Нобелеўская прэмія 1958, ад якой П. пад пагрозай высылкі з СССР адмовіўся; дыплом уручаны яго сыну ў 1990; экранізаваны ў 1965, рэж. Д.Лін) пра лёс рас. інтэлігенцыі ў пераломную эпоху. У цыкле «Вершы Юрыя Жывага», змешчаным у канцы рамана, асэнсаванне гісторыі чалавецтва ў святле хрысціянскага ідэалу. Аўтар паэм «Дзевяцьсот пяты год» (1925—26, цалкам апубл. 1927), рамана ў вершах «Спектарскі» (1931), кн. прозы «Паветраныя пуцявіны» (1933), аўтабіягр.кн. «Ахоўная грамата» (1931), п’есы «Сляпая прыгажуня» (апубл. 1969, незавершана), рэцэнзій на кнігі М.Асеева, Г.Ахматавай, У.Маякоўскага, артыкулаў па праблемах перакладу і інш. Майстар паэт. перакладу (трагедыі У.Шэкспіра, 2 часткі «Фауста» І.В.Гётэ, вершы Дж.Байрана, П.Верлена, Р.М.Рыльке, Р.Тагора, Т.Шаўчэнкі, груз. паэтаў і інш.). У 1936 выступіў на 3-м пленуме Саюза сав. пісьменнікаў у Мінску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, А.Александровічам, высока ацэньваў іх творчасць. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі В.Аколава, Р.Барадулін, Ю.Свірка, апавяданне «Паветраныя пуцявіны» М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Сяргей Сяргеевіч) (23.4.1891, с. Краснае Краснаармейскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 5.3.1953),
расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Нар.арт. Расіі (1947). Чл.нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1934), Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па кл. кампазіцыі (1909, вучыўся ў А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання (у М.Чарапніна) і фп. (у Г.Есіпавай; абодва 1914). Пачаў выступаць у 1908 як піяніст. З 1918 жыў і працаваў за мяжой. З 1936 у Расіі. Творчасць П., трывала звязаная з традыцыямі мінулага, пашырыла межы муз.мастацтва ў галіне мовы, зместу, сродкаў выразнасці, уяўляла сабой наватарскую з’яву сучаснасці. Стварыў значныя творы ва ўсіх муз. жанрах.: вак., сімф., камерна-інстр., пісаў музыку да кінафільмаў і тэатр. пастановак. Яго музыка, гарманічная і жыццесцвярджальная, аб’ядноўвае ў сабе эпас і лірыку, драматызм і гумар, іронію і гратэск, характарыстычнасць і псіхалагізм. Вядучая роля ў ёй належыць оперы і балету, якія вылучаюцца нетрадыцыйнымі сюжэтамі, новымі прынцыпамі і прыёмамі муз. драматургіі і належаць да рэфарматарскіх заваёў (супрацоўнічаў з С.Дзягілевым, У.Меерхольдам, А.Таіравым, С.Эйзенштэйнам). Аўтар 8 опер, у т. л. «Заручыны ў манастыры» (1940), «Вайна і мір» (1943); 7 балетаў, у т. л. «Рамэо і Джульета» (1936), «Золушка» (1944), пастаўленых у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1962, 1985, 1968, 1965; 7 сімфоній (у т. л. «Класічная», 1916—17, 7-я, 1951—52); араторыі «На варце міру» (1950); кантат «Здравіца» (1939, з выкарыстаннем фалькл. тэкстаў народаў СССР, у т. л.бел.), «Аляксандр Неўскі» (1938); сімф. казкі «Пеця і воўк» (1936) і інш. Адзін з першых кампазітараў сусветнага кіно. Сярод кінафільмаў, да якіх напісаў музыку: «Аляксандр Неўскі», «Іван Грозны», бел. «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946 (тройчы), 1947, 1951. Ленінская прэмія 1957.
Літ. тв.: Автобиография. М., 1973; Детство. 5 изд. М., 1983.
Літ.:
Нестьев И.В. Жизнь Сергея Прокофьева. 2 изд. М., 1973;
Мартынов И.И. Сергей Прокофьев: Жизнь и творчество. М., 1974;
Савкина Н.П. С.С.Прокофьев. М., 1982;
Данько Л. С.С.Прокофьев, 1891—1953. 2 изд. Л., 1983;
Сергей Прокофьев, 1891—1991: Дневник, письма, беседы, воспоминания. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСЭ́Н ((Poussin) Нікала) (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),
французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.Варэна. Зазнаў уплывы А.Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант.мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў ў Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).
Тв.:
Рус.пер. — Письма. М.; Л., 1939.
Літ.:
Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;
М., 1964;
Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́Т,
горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс.ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс.ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужная вытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.
У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавы Алаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.
Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц.арх. А.Проста. У яго паўн.-ўсх.ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц.нар. рамёстваў, старажытнасцей.
Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.Рабат. Агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТЫ́РА (лац. satira ад больш ранняга satura сумесь),
вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з’яў, выкрыццё заган; эмацыянальна-эстэт. форма крытыкі; від камічнага. Адрозніваецца ад гумару асуджальным пафасам, рэзка негатыўнай ацэнкай аб’екта асмяяння. Характарызуецца паліт. злабадзённасцю, тэндэнцыйнасцю, публіцыстычнай накіраванасцю. Рэалізуецца ў розных відах мастацтва: выяўл. (карыкатура, шарж), т-ры і кіно (сатыр.камедыя) і інш., найб. пашырана ў л-ры. У Стараж. Рыме С. наз. асобны жанр лірыкі, у якім выкрываліся паліт., грамадскія і літ. з’явы (Гарацый, Ювенал). Пазней паняцце «С.» пашырылася на творы інш. жанраў. Асн. жанры С.: эпіграма (Марцыял, Г.Лесінг, Р.Бёрнс, А.С.Пушкін), сатыр. камедыя (Арыстафан, Мальер, Б.Брэхт, А.С.Грыбаедаў), памфлет (Эразм Ратэрдамскі, Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр), фельетон (Г.Гейнэ, М.Булгакаў, М.Зошчанка). С. як эстэт. катэгорыю ўпершыню разглядаў Ф.Шылер, які разумеў пад гэтым паняццем усе праявы камічнага. Размежаванне С. і гумару як процілеглых відаў камічнага вызначалася ў эстэтыцы рамантызму (Жан Поль). Г.Гегель адмаўляў маст. вартасць С. У сав. эстэтыцы і літаратуразнаўстве С. як грамадска актыўная праява камічнага лічылася яго найвышэйшай формай (Ю.Б.Бораў, А.З.Вуліс, Дз.П.Нікалаеў, Я.Я.Эльсберг). М.М.Бахцін лічыў С. літ. з’явай Новага часу, не ўласцівай літаратуры папярэдніх эпох і нар. культуры. У бел. л-ры элементы С. адзначаюцца з 16—17 ст. («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя творы С. Зізанія, Л.Карповіча, Хрыстафора Філалета). Да С. звярталіся В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, К.Каганец, У.Галубок, А.Мрый, М.Танк, Н.Гілевіч, Р.Барэдулін і інш.; С. вызначае асн. кірунак творчасці К.Крапівы, А.Макаёнка, У.Корбана і інш. Праблемы С. даследуюцца на Беларусі пераважна ў межах літаратуразнаўства (Дз.Я.Бугаёў, Л.М.Гарэлік, Я.Казека, Я.К.Усікаў), мастацтвазнаўства (Ю.М.Сохар, В.Ф.Шматаў), фалькларыстыкі (А.С.Фядосік).
Літ.:
Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974;
Жан Поль. Приготовительная школа эстетики: Пер. с нем. М., 1981;
Гарэлік Л.М. Сатыры слова гнеўнае: Некаторыя асаблівасці бел.сав. сатырыч. паэзіі. Мн., 1989;
Пропп В.Я. Проблемы комизма и смеха. 2 изд. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЛ́АЦІ (Scarlatti),
сям’я італьян. кампазітараў; бацька і сын.
Алесандра (2.5.1660, г. Палерма, Італія — 22.10.1725), кампазітар, пачынальнік і буйны прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў свайго бацькі і ў М.-А.Спартоніо, А.В.Амата. У 1672—1722 капельмайстар у т-рах Рыма, каралеўскай капэле (1684—1702), у кансерваторыі Неапаля (1708—17 і выкладаў у ёй). У яго творчасці рэалізаваны гал. тэндэнцыі італьян.муз. барока і опернага мастацтва 17—18 ст. Аўтар опер-серыя (больш як 125, каля 80 страчана), у т. л. «Нявінная памылка» (паст. 1679), «Дзівацтвы кахання, ці Разаўра» (паст. 1690), «Карынфскі пастух» (паст. 1701), «Вялікі Тамерлан», «Мітрыдат Еўпатар» (абедзве паст. 1706), «Трыумф свабоды» (паст. 1707), «Сцыпіён у Іспаніі» (паст. 1714), «Тыгран» (паст. 1715), «Тэлемак» (паст. 1718); камедыі «Трыумф гонару» (паст. 1718); каля 660 кантат, 20 араторый, 20 серэнад, каля 200 мес для 4—10 галасоў, псалмаў, камерна-інстр. музыкі і інш. Оперныя уверцюры С. падрыхтавалі паяўленне жанру сімфоніі. Сярод вучняў Ф.Гелініяні, Ф.Дурантэ. Джузепе Даменіка (25.10.1685, г. Неапаль, Італія — 23.7.1757), кампазітар, арганіст, клавесініст-віртуоз. Сын Алесандра. Вучыўся ў свайго бацькі, у Ф.Гаспарыні і Б.Паскуіні. Працаваў у Лісабоне і Мадрыдзе як арганіст, капельмайстар, кампазітар капэл: з 1701 каралеўскай у Неапалі, з 1705 у Венецыі, 1708 у Рыме, у т. л. з 1713 у папскай. З 1720 прыдворны музыкант партуг. караля ў Лісабоне. З 1729 на службе ў іспанскай каралевы. Гал. месца ў яго творчасці належыць клавірным творам. У яго санатах для клавесіна («экзерсісы») фарміравалася санатнае алегра. Для твораў характэрны апора на танц. жанры, «барочнае» наватарства ў выяўленні магчымасцей клавесіна і ва ўвядзенні тэхн. навін у ігры на ім, якія развіліся ў фп. музыцы кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Сярод твораў: 20 опер, у т. л. «Актавія» (паст. 1703), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1713), 20 кантат, 6 араторый, серэнады, 12 канцэртаў для скр., альта і віяланчэлі, духоўная музыка, 555 твораў для клавіра і інш.
Літ.:
Алексеев А.Д. История фортепианного искусства. Ч. 1. М., 1962;
Окраинец И.А. Доменико Скарлатти: Через инструментализм к стилю. М., 1994;
Луцкер П В., Сусидко И.П. Итальянская опера XVIII в. Ч. 1. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст.Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял.Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Бытавы жанр. В.Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.Да арт.Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтваАН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр.мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі
(май 428, Афіны — 347 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).
На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.Скарына, М.Сматрыцкі, А.Волан, Б.Дабшэвіч, К.Лышчынскі, К.Нарбут і інш.). Напр., С.Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.Капіевіч, А.Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.Галянскі, Л.Бароўскі, Е.Славацкі, А.Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДЫ (Nederland),
Каралеўства Нідэрландаў (Koninkrijk der Nederlanden), неафіц. назва Галандыя, дзяржава на зах. узбярэжжы Зах. Еўропы. На Пн і З абмываецца Паўночным м., на У мяжуе з Германіяй, на Пд — з Бельгіяй. Пл. 41,5 тыс.км², без унутр. водаў — 33,9 тыс.км². Нас. 15 808 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Амстэрдам, рэзідэнцыя ўрада — г.Гаага. Падзяляецца на 12 правінцый. Афіц. мова — нідэрландская (галандская). Н. валодаюць в-вам Аруба і Нідэрландскімі Антыльскімі астравамі. Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — манарх, пры якім ёсць дарадчы орган — Дзярж. савет (яго члены назначаюцца манархам). Заканад. ўлада належыць манарху і Генеральным штатам (парламент у складзе 2 палат (Першай і Другой). Першая палата (75 дэпутатаў) выбіраецца правінцыяльнымі штатамі на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 4 гады. Другая палата (150 дэпутатаў) выбіраецца насельніцтвам на тых жа падставах на той жа тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць манарх і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. Н. нізінная — працяг Паўн.-Германскай нізіны, сярэдняя выш. 20—30 м, значная частка (прыкладна 27%) ніжэй узр. мора (да -7 м). Для аховы ад затаплення пабудаваны дамбы. Нізіны ніжэй узр. мора, адгароджаныя ад мора дзюнамі, плацінамі і дамбамі, асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя польдэры. Вядзецца далейшае асушэнне мелкаводдзяў. На крайнім Пд адгор’і Ардэнаў (выш. да 321 м). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 2,5 трлн. м³, 4-е месца ў свеце), нафта, каменны вугаль, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. ад 1 °C (Пн) да 3 °C (Пд), ліп. адпаведна 16,3—17,1 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Шмат паўнаводных рэк, каналаў, азёр. На ПдЗ дэльты Рэйна, Шэльды, Мааса. Пад ворывам, садамі, лугамі і пашай 50% тэр. Пад лесам і хмызнякамі 8% тэр. Ёсць дубовыя і букавыя гаі, пасадкі хвоі і таполі, хмызнякі з абляпіхі, верасовыя пусткі. У жывёльным свеце дробныя млекакормячыя (вавёрка, заяц, куніца), шмат птушак. У краіне 3 нац. паркі, больш за 500 невял. прыродных рэзерватаў (агульная пл. каля 100 тыс.га).
Насельніцтва. Пераважаюць галандцы, або нідэрландцы (96%). Да карэннага насельніцтва адносяцца фламандцы (на Пд) і фрызы (на Пн), ёсць выхадцы з Сурынама і Інданезіі, немцы, яўрэі, мараканцы, туркі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, мусульман 3%. Натуральны прырост блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 466 чал. на 1 км², на ПдЗ дасягае 2000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 83,3%. Найб. гарады (1998, тыс.чал.): Амстэрдам — 1103, Ротэрдам — 1070, Гаага — 495, Лейдэн — 116. Усе гэтыя гарады і шмат інш. уваходзяць у канурбацыю Рандстад, якая аб’ядноўвае гарады і пасёлкі на ПдЗ краіны (каля 6 млн.ж.). У прам-сці і буд-ве занята 23% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 73%.
Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. сучасных Н. у неаліце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут рассяліліся кельты і тэўтонскія плямёны — фрызы, батавы і інш. У 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. большасць гэтай тэр. належала Стараж. Рыму. З 5 ст.н.э. землі сучасных Н. (акрамя населеных фрызамі) у складзе Франкскай дзяржавы; пашырылася хрысціянства, фарміраваліся феад. парадкі. Пры распадзе Франкскай дзяржавы тэр. Н. паводле Вердэнскага дагавора 843 увайшла ў склад уладанняў Лотара I (сына Карла Вялікага), паводле Мерсенскага дагавора 870 — у склад Усх.-Франкскага каралеўства. У 10—11 ст. тут утварыўся шэраг феад. уладанняў, залежных ад «Свяшчэннай Рым. імперыі». Адно з іх — графства Галандыя — дасягнула вял. поспехаў у развіцці рамяства. рыбалоўства, сельскай гаспадаркі і ў 13—14 ст. падпарадкавала сабе шэраг суседніх зямель. З 12 ст. хутка раслі гарады, будаваліся плаціны і дамбы для адваявання зямлі ў мора і балот. У 14 ст. з’явіліся першыя мануфактуры. У 1433 Галандыю, потым шэраг інш.феад. уладанняў захапілі герцагі Бургундыі. У межах Бургундскай дзяржавы адбылося аб’яднанне феад. уладанняў (яны сталі наз. правінцыямі) на б.ч.тэр.Нідэрландаў гістарычных (сучасныя Н., Бельгія, Люксембург, ч.Паўн.-Усх. Францыі). У 1463 тут упершыню склікана агульная прадстаўнічая ўстанова — Генеральныя штаты. Пасля распаду Бургундскай дзяржавы нідэрл. землі ўвайшлі ў склад уладанняў Габсбургаў (1482). У 1520—40-я г. імператар Карл V захапіў апошнія самастойныя нідэрл. землі — Фрысландыю, Утрэхт, Аверэйсел, Дрэнтэ, Гронінген, Гелдэрн, якія з раней далучанымі правінцыямі склалі ў 1548 комплекс з 17 правінцый пад агульнай назвай Нідэрланды. Пасля распаду імперыі Карла V гэтыя землі апынуліся (з 1556) пад уладай Іспаніі. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. 7 паўн.-нідэрл. правінцый (Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт, Фрысландыя, Аверэйсел і Гронінген) утварылі (1579) незалежную дзяржаву — Рэспубліку Злучаных правінцый на чале з Ген. штатамі, Дзярж. саветам і штатгальтэрам (кіраўніком выканаўчай улады). Па назве гал. правінцыі яе наз. таксама Галандскай рэспублікай або проста Галандыяй. Паўд. правінцыі (сучасныя Бельгія, Люксембург і асобныя раёны Францыі) засталіся пад уладай Іспаніі, з якой Рэспубліка Злучаных правінцый да 1609 і ў 1621—48 вяла працяглыя войны. Паводле Вестфальскага міру /648 Іспанія фармальна прызнала яе незалежнасць. Вызваленне ад улады ісп.феад.-абсалютысцкай манархіі стварыла спрыяльныя ўмовы для капіталіст. развіцця і стварэння шматгаліновай эканомікі. У 1-й пал. 17 ст. невял. краіна (25 тыс.км², 2 млн.чал.) ператварылася ў буйнейшую гандл.-прамысл. і калан. дзяржаву, фін. цэнтр свету. Гандаль усё больш набываў пасрэдніцкі характар і рабіўся асновай галандскай эканомікі.
У 17 ст. створана галандская калан. імперыя, якая ўключала калоніі Новая Галандыя (Паўн. Амерыка, да 1667), Гвіяна (Паўд. Амерыка, атрымана ў 1667 ад Англіі ў абмен на Новую Галандыю), Капская калонія (Паўд. Афрыка), Галандская Індыя (цяпер Інданезія), в-аў Цэйлон (Шры-Ланка) і інш.Гал. ролю ў калан. палітыцы адыгрывалі манапольныя гандл. кампаніі. што атрымлівалі выключныя правы на гандаль з вял. рэгіёнамі свету, ваен.-адм. кіраванне калоніямі, захоп новых тэрыторый. З іх найбольшыя Ост-Індская (1602—1798) і Вест-Індская (1621—1791) кампаніі. Гандл. і эканам. саперніцтва Галандыі з Англіяй прывяло да Англа-галандскіх войнаў 17 стагоддзя (1652—54, 1665—67, 1672—74), агульным вынікам якіх было аслабленне ваен. і паліт. моцы Галандыі. Цяжкімі для яе былі і войны з Францыяй (1672—78, 1688—97, 1702—13). У 18 ст. Галандская рэспубліка ўступіла ў паласу эканам. заняпаду. Купецкія вярхі, якія кіравалі дзяржавай, асн. ўвагу аддавалі пасрэдніцкаму гандлю, а не вытворчасці. Таму ўжо ў канцы 17 ст. Галандыя саступіла Англіі першынство ў прам-сці, а да сярэдзіны 18 ст. — і ў мараплаўстве, і ў знешнім гандлі. Апошні штатгальтэр Рэспублікі Злучаных правінцый Вільгельм V [1766—95] уцягнуў краіну ў кааліцыйную вайну супраць рэв. Францыі (1793). Акупацыя франц. войскамі (1795) паклала канец існаванню рэспублікі. Ў маі 1795 на тэр. Галандскай рэспублікі абвешчана залежная ад Францыі Батаўская рэспубліка, улады якой скасавалі аўтаномію правінцый, прывілеі дваран і рэшткі прыгонніцтва. У 1806 яна пераўтворана ў Галандскае каралеўства, далучанае ў 1810 да Францыі. Эканоміка краіны была падарвана напалеонаўскімі войнамі і кантынентальнай блакадай. У выніку паражэнняў Напалеона I і нац.-вызв. паўстання да ліст. 1813 франц. панаванне ў Н. скінута. На тэр.б. Галандскай рэспублікі ўтварылася новая канстытуцыйна-манархічная дзяржава. урад якой запрасіў на пасаду кн. Вільгельма Аранскага (сына Вільгельма V). Галандыі былі вернуты Інданезія і некаторыя інш. калоніі, захопленыя Вялікабрытаніяй і яе саюзнікамі ў ходзе войнаў з Францыяй, але Капская калонія, Цэйлон і ч. Гвіяны засталіся за Вялікабрытаніяй. Венскі кангрэс 1814—15 злучыў тэр.б. Галандскай рэспублікі і Бельгіі ў адзінае Нідэрландскае каралеўства (афіцыйна абвешчана 31.5.1815), або Н., на чале з Вільгельмам Аранскім. які пачаў кіраваць як кароль Вільгельм 1 [1815—40], Да каралеўства на падставе асабістай уніі далучыўся Люксембург. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I нідэрл. войскі ўдзельнічалі ў бітве сіл антыфранц. кааліцыі з франц. арміяй пры Ватэрлоо (18.6.1815). Канстытуцыя Н. 1815 устанавіла роўнае прадстаўніцтва галандскіх і бельг. правінцый у ніжняй палаце парламента, але Вільгельм I фактычна праводзіў палітыку нац. прыгнёту бельг. насельніцтва, што выклікала Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежным каралеўствам. Спроба Н. зноў падпарадкаваць Бельгію ў вайне 1831—33 поспеху не мела. У 1890, пасля смерці караля Вільгельма III (1849—90], спынілася персанальная унія Н. і Люксембурга, які стаў незалежным. Такім чынам, сфарміравалася сучасная тэр. Н. У 1-й пал. 19 ст. заняпад эканомікі Н. пераадолены, але яе развіццё ішло марудна, асабліва ў цяжкай прам-сці. Больш дынамічна развіваліся тэкст.прам-сць і суднабудаўніцтва Сельская гаспадарка заставалася высокаразвітой галіной эканомікі. Паскоранаму эканам. развіццю Н. у 2-й пал. 19 ст. спрыялі прыток капіталу з калоній, даходы ад транзітнага гандлю і вывазу капіталу, дзейнасці Амстэрдамскага, Ротэрдамскага, Нідэрл.-Інд. і інш. банкаў. У выніку зрошчвання банкаўскага і прамысл. капіталу ўзніклі буйныя манаполіі, у т. л. электратэхн. аб’яднанне «Філіпс» (1891), канцэрн «Алгемене кюнстзейдэ юні» (1907). Актывізавалася паліт. жыццё, узнік шэраг партый рознай рэліг. і паліт. афарбоўкі: Ліберальная партыя буйной гандл.-фін. буржуазіі (1830-я г.), пратэстанцкая Антырэв. партыя (1878), Рым.-каталіцкая дзярж. партыя (1901), пратэстанцкі Хрысц.-гіст. саюз (1908) і інш. У 1850-я г. заснаваны першыя прафсаюзы і рабочыя газеты. У Амстэрдаме ўзніклі секцыя Інтэрнацыянала 1-га (1869), Усеагульны нідэрл. рабочы саюз (1871), С.-д. аб’яднанне (1878) і С.-д. саюз (1881).
У 1-ю сусв. вайну Н. захоўвалі нейтралітэт, іх вытворцы і гандляры ўзбагаціліся на продажы ваюючым краінам прамысл. і харч. тавараў. У 1918 С.-д. рабочая партыя Н. перайменавалася ў Камуніст. партыю Н. і ў 1919 увайшла ў Камуністычны Інтэрнацыянал. У 1918—39 краінай кіравалі правыя кааліцыйныя ўрады Рым.-каталіцкай дзярж., Антырэв. партый і Хрысц.-гіст. саюза. У 1930—36 Н. перажылі эканам. крызіс: на 1/3 зменшылася прамысл.вытв-сць, беспрацоўе перавысіла 30%, у стане хаосу апынулася банкаўская сістэма, масава разараліся дробныя сяляне, адбываліся забастоўкі рабочых і служачых. На фоне крызісу актывізаваўся фаш. рух. У 1931 узнікла найбуйнейшая з фаш. арг-цый Н. — Нац.-сацыяліст. рух. У выніку антыфаш. выступленняў працоўных і дзеянняў улад уплыў фаш. арг-цый да 1939 скараціўся, а пасля 2-й сусв. вайны яны забаронены. 10—14.5.1940 Н. захоплены гітлераўскай Германіяй, каралева Вільгельміна [1890—1948] і ўрад эмігрыравалі ў Вялікабрытанію; яп. войскі ў сак. 1942 захапілі Інданезію. Ва ўмовах фаш. акупацыі ў Н. разгарнуўся рух Супраціўлення, праводзіліся масавыя забастоўкі. Да 5.5.1945 брыт. і амер. войскі разам з 5 тыс. змагароў Супраціўлення вызвалілі краіну. У 2-й сусв. вайне загінулі 199 тыс. нідэрландцаў, у т. л. 2,5 тыс.чал. пакараны гітлераўцамі за ўдзел у Супраціўленні. Страты нідэрл. эканомікі склалі 5,6 млрд. долараў, удвая скарацілася вытв-сць. Аднак да 1948 перасягнуты даваен. ўзровень вытв-сці. У пасляваен. час вырасла роля дзярж.-манапал. рэгулявання эканомікі (планаванне на год, рэгіянальнае праграмаванне). На эканоміку Н. станоўча паўплывала адкрыццё багатых радовішчаў газу і нафты. Але распад нідэрл.калан. імперыі працягваўся. У 1945—47 заваявала незалежнасць Інданезія, у 1975 — Нідэрл. Гвіяна (Сурынам). Пад кантролем Н. засталіся Антыльскія (Нідэрл.) а-вы. Адбыліся змены ў паліт. жыцці краіны. Роля бурж. партый, якія скампраметавалі сябе калабарацыянізмам у гады 2-й сусв. вайны, зменшылася, вырас уплыў канфесіянальных арг-цый. На выбарах 1998 найб. колькасць галасоў у 2-й палаце парламента атрымала рэфармісцкая Партыя працы, лідэр якой В.Кок узначаліў кааліцыйны ўрад. З 1980 каралевай Н. з’яўляецца Беатрыкс II з дынастыі Аранскіх-Насаў. Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш.міжнар.паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.2.1992.
Гаспадарка. Н. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна з развітым замежным гандлем і суднаходстам. Па ўзроўні эканам. развіцця займае прыкладна 14-е месца ў свеце, па экспарце і імпарце 7—8-е месца. Валавы ўнутр. даход на 1 чал. за год — 22,2 тыс. долараў (1998). Доля прам-сці складае 21,1%, будаўніцтва — 5,5%, сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам — 3,2%, абслуговых галін — 70,2%. Прамысловасць вылучаецца высокім тэхн. узроўнем, высокай кваліфікаванасцю і прадукцыйнасцю працы. Пераважна развіты галіны, якія працуюць на імпартнай сыравіне з наступным экспартам гатовай прадукцыі. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць буйнейшыя канцэрны «Роял Датч-Шэл» (нафтахімія), «Юнілевер» (быт. хімія і харч. прадукты), «Філіпс» (электратэхніка), «Акза-Нобель» (хім. прадукцыя). Існуе каля 700 тыс. сярэдніх і малых прадпрыемстваў, іх доля ў экспарце 25%. Аснову паліўна-энергет. балансу складаюць (здабыча ў 1997) прыродны газ — 84,5 млрд.м³ (прав. Гронінген) і нафта — 2,1 млн.т. У краіне спажываецца 55% здабытага газу, увозіцца для перапрацоўкі 80—90 млн.т. нафты. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 100 млн.т, размешчаны яны каля Амстэрдама і Флісінгена. Вытв-сць электраэнергіі 83,3 млрд.кВт∙гадз (1997), каля 7,1 млрд.кВт∙гадз імпартуецца. Доля ЦЭС у выпуску электраэнергіі каля 94%, АЭС — каля 5%. У 1997 выплаўлена 5,8 млн.т чыгуну і 6,8 млн.т сталі, гал. ц. Эймёйдэн. Значная выплаўка алюмінію — каля 400 тыс.т (Флісінген, Дэлфзейл), цынку — каля 200 тыс.т (Бюдэл), волава (Арнем). Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка. Асн. галіны: эл.-тэхн. (электраматоры, абсталяванне для электрастанцый, вымяральныя прылады, быт. электратэхніка; цэнтры — Эйндхавен, Ротэрдам, Зволе, Леўвардэн), хім. машынабудаванне (Амстэрдам, Утрэхт), аўтамабілебудаванне (у 1997 грузавых 35 тыс., легкавых 165 тыс., цэнтры Борн і Эйндхавен), авіябудаванне (Калхавен, Папендрэхт). Н. маюць развітое суднабудаванне, прыкладна 50% суднаў ідзе на экспарт. Асн. верфі ў Ротэрдаме, Амстэрдаме, Східаме, Флісінгене. Н. спецыялізуецца на экспарце хім. прадукцыі (каля 10% сусв.хім. экспарту): вытв-сць угнаенняў, этылену, аміяку, сінт. каўчуку, пластмас, фармацэўтычнай і быт.хім. прадукцыі, лакаў, фарбаў, фарбавальнікаў, асн. цэнтры — Утрэхт, Амстэрдам, прав. Лімбург. У 1997 атрымана 1,7 млн.т азотных угнаенняў, 4,5 млн.т пластмас і сінт. валокнаў. У хім. прам-сці выкарыстоўваецца кухонная соль, каля 2—3 млн.т яе штогод здабываюць на Управ. Аверэйсел. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць са спецыялізацыяй па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі і імпартнай какавы. Вядучыя пазіцыі ў сусветным экспарце масла, сыру, згушчанага малака, шакаладу; буйныя прадпрыемствы ў Амстэрдаме, Занстадзе, Східаме, Ротэрдаме. Вылучаецца таксама вытв-сць гароднінных і рыбных кансерваў, маргарыну, піва, цукру. У лёгкай прам-сці найб. развіта тэкст. (207 млн.м² тканін, 1997), асабліва шарсцяная, баваўняная і шаўковая. Асн. раёны: усх.ч.прав. Аверэйсел (баваўняная), прав.Паўн. Брабант (шарсцяная) і Гелдэрланд (штучная і сінт. пража і тканіны). Гарбарна-абутковая прам-сць выпускае 6,2 млн. пар абутку (1997). Развіта дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць: вытв-сць (1997) піламатэрыялаў 346 тыс.м³, драўнянавалакністых пліт 2,2 млн. умоўных м³, паперы і кардону 3 млн.т. Вытв-сць цэменту 3,5 млн.т (1997). Ёсць прадпрыемствы швейнай, керамічнай і фарфора-фаянсавай прам-сці (Амстэрдам). Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Па вытв-сці с.-г. прадукцыі на 1 га Н. ў 8 разоў апярэджваюць Вялікабрытанію і ў 5 разоў Францыю і Германію. Пл.с.-г. угоддзяў 2 млн.га, у т. л. 0,8 млн.га пад ворывам. Гал. галіна — жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы (1997) 4,4 млн. галоў, сярэдні надой на карову 6,6 тыс.л, вытв-сць малака 11,2 млн.т. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 14,3, авечак і коз — 1,7, птушкі — 92. Вытв-сць (1997): мяса ў забойнай вазе 3,5 млн.т, воўны 4 тыс.т, яек 9,9 млрд. штук. У раслінаводстве вылучаецца (1997) вытв-сць бульбы (8,1 млн.т, ураджайнасць 437 ц/га), цукр. буракоў (6,4 млн.т, ураджайнасць 548 ц/га), пшаніцы (1,1 млн.т, ураджайнасць 83,7 ц/га). Сеюць таксама жыта, ячмень, авёс, лён. Добра развіта садоўніцтва (збор пладоў 0,7 млн.т), агародніцтва (збор 3,7 млн.т), сусветную вядомасць мае кветкаводства, прадукцыя якога (кветкі, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў, насенне інш. культур) шырока экспартуецца. Па кошце экспарту с.-г. прадукцыі Н. займаюць 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Развіта марское рыбалоўства (каля 400 тыс.т штогод), сажалкавае рыбаводства. Транспартчыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км (2 тыс.км электрыфікавана), аўтадарог 127 тыс.км (114,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 5 тыс.км. Н. маюць гандл. флот грузападымальнасцю 5,4 млн. дэдвейт-т (1998). Парты абслугоўваюць знешні гандаль Н. і суседнія краіны (асабліва Германію). Гал. парты: Ротэрдам (найб. ў свеце, у 1997 прыняў 34 тыс. марскіх і 130 тыс. рачных суднаў, грузаабарот 400 млн.т), Амстэрдам, Дордрэхт, Эймёйдэн, Флісінген. У краіне 28 аэрапортаў. Авіякампанія «КЛМ» займае 7-е месца ў свеце па перавозцы пасажыраў. У Н. 10,2 тыс.км газаправодаў, 965 км прадуктаправодаў, 418 км нафтаправодаў. Развіты замежны турызм (штогод наведвае больш за 3 млн.чал., найб. з Германіі і ЗША, расходы турыстаў у краіне перавышаюць 6 млрд. долараў). У 1998 экспарт склаў 160 млрд.дол., імпарт 142 млрд.дол.Гал. экспартныя тавары: прыродны газ, прадукцыя эл.-тэхн. прам-сці, судны, хімікаты, лекі, харч. прадукты, кветкі і насенне. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, нафта, разнастайная сыравіна, прадукты трапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: Германія (27% экспарту, 21% імпарту), Бельгія-Люксембург (адпаведна 13 і 11%), Вялікабрытанія (па 10%), Францыя (11% экспарту), ЗША (9% імпарту), Італія (6% экспарту), краіны Цэнтр. і Усх. Еўропы. Экспарт з Беларусі ў 1997—83,2 млн. (прадукцыя хім. і лёгкай прам-сці, фанера), імпарт — 85,2 млн.дол. (харч. прадукты, лекі, тканіны, аргтэхніка, хімікаты). Грашовая адзінка — гульдэн.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (ваен. паліцыя). Агульная колькасць каля 60 тыс.чал. (1998), у т. л. 57 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. У сухап. войсках каля 27 тыс.чал., 600 танкаў, 383 БМП, 269 бронетранспарцёраў, 624 гарматы, 173 мінамёты. У ВПС каля 12 тыс.чал., 170 баявых самалётаў і 12 верталётаў. У ВМС каля 14 тыс.чал., у т. л. 3 тыс.чал. у марской пяхоце, 4 эсмінцы, 12 фрэгатаў, 17 тральшчыкаў, 2 падводныя лодкі; у марской авіяцыі 13 баявых самалётаў і 22 верталёты.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыя працы, «Дэмакраты-66», Нар. партыя за свабоду і дэмакратыю, «Зялёныя левыя», Хрысц.-дэмакр. заклік, Рэфармісцкая паліт. федэрацыя, Сацыяліст. партыя і інш.Асн.прафс. цэнтры: Федэрацыя нідэрл. прафсаюзаў (каталіцкая і сацыял-дэмакратычная) і Нідэрл.нац. аб’яднанне хрысц. прафсаюзаў (пратэстанцкае).
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя страхавая і прыватная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,1, жанчын 81 год (1999). Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,29%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 181 чал., урачамі — 1 на 412 чал. Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Н. уключае пач., прадоўжаную (сярэднюю), вышэйшую і адукацыю дарослых. Да 16-гадовага ўзросту навучанне бясплатнае. Каля 65% школьнікаў Н. вучацца ў прыватных школах. Пач. адукацыя адзіная для дзяцей ва ўзросце 4—12 гадоў. Асн. яе мэта — забеспячэнне развіцця інтэлекту, творчых здольнасцей дзіцяці, сац., культурных і фіз. навыкаў. Выкладаюцца: галандск. і англ. (у апошнія 2 гады навучання) мовы, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, рэліг. і ідэалаг. рухі, музыка, маляванне, фіз. выхаванне, самаабарона, у т. л. дарожная бяспека і інш. Прадоўжаная (сярэдняя) адукацыя (для навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18—20 гадоў) працягвае стадыю пач. адукацыі, уключае агульнаадук. і прафес. кірункі. У адзінай школьнай сістэме магчыма адначасова з агульнай адукацыяй атрымаць прафес. падрыхтоўку на пач. і сярэднім узроўнях або падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. На працягу першых 3 гадоў навучанне вядзецца па агульнай праграме, якая ўключае 15 абавязковых дысцыплін. Прадоўжаную адукацыю даюць розныя тыпы школ: падрыхтоўчая навуковая (6 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ва ун-т або вышэйшую прафес. ўстанову); вышэйшай агульнай прадоўжанай адукацыі (5 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ў вышэйшую прафес. ўстанову або можна прадоўжыць вучобу ў сярэдняй прафес. установе ці ў 5-м класе падрыхтоўчай навук. школы); у школах сярэдняй агульнай прадоўжанай адукацыі і падрыхтоўчай прафес. тэрмін навучання 4 гады; яны рыхтуюць да пераходу ў сістэму сярэдняй прафес. адукацыі або вытв. вучнёўства. Прадоўжаная адукацыя ўключае таксама асв. работу з моладдзю (арыентацыйныя і адаптацыйныя праграмы для навучэнцаў 16-гадовага ўзросту, якія яшчэ не абралі будучую прафесію або месца навучання), сістэму вытв. вучнёўства (для навучэнцаў 16—20-гадовага ўзросту) і сярэднюю прафес. адукацыю (2—4-гадовыя курсы падрыхтоўкі тэхн., с.-г., аховы здароўя і абслугоўвання, эканам.-адм. кірункаў). Выпускнікі сярэдніх прафес. устаноў могуць прадоўжыць навучанне ў сістэме вышэйшай прафес. адукацыі. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзіць вышэйшая прафес. (ін-ты, тэрмін навучання 4—6 гадоў; выпускнікі атрымліваюць званне інжынера, бакалаўра) і навук. (ун-ты), якая мае 2 фазы. Тэрмін навучання на 1-й фазе 4 гады. Другая фаза мае абмежавальныя ўмовы прыёму і накіравана на падрыхтоўку да навукова-даследчай дзейнасці. Выпускнікі ун-та атрымліваюць акадэмічную ступень майстра. Далейшае навучанне і абарона дысертацыі даюць права на атрыманне ступені доктара. Адукацыя дарослых вядзецца на ўсіх узроўнях у дзярж. і прыватных установах; форма навучання дзённая, вячэрняя (пагадзінная) і завочная. Да сістэмы адукацыі дарослых належыць Адкрыты ун-т, які дае вышэйшую адукацыю і даступны ўсім з 18-гадовага ўзросту. У 1997/98 навуч.г. ў Н. каля 7 тыс.пач. школ (больш за 1,6 млн. дзяцей), 720 сярэдніх агульнаадук. (больш за 830 тыс. вучняў), 59 ін-таў (каля 260 тыс. студэнтаў), 15 ун-таў, у т. л. Адкрыты ун-т (у іх больш за 169 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: у Лейдэне (з 1575), Гронінгене (з 1614), Утрэхце (з 1636), Неймегене (з 1923), Тылбургу, Твэнце (з 1961), Маастрыхце, 2 ун-ты ў Амстэрдаме, у т. л.ун-т Фру, Эразмскі ў Ротэрдаме, тэхнал. ў Дэлфце (з 1842) і Эйндховене (з 1956), с.-г. ў Вагенінгене. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Гаазе, універсітэцкія ў Амстэрдаме, Лейдэне, Утрэхце. У 1997 у Н. 1145 грамадскіх б-к і іх філіялаў; 741 музей (аб’яднаны ў Нідэрландскую асацыяцыю музеяў). Буйнейшыя музеі: Рэмбранта (з 1907), Ван Гога (з 1974), Рэкс (з 1808), бат., гіст. (з 1926), кінематаграфіі (з 1946) у Амстэрдаме; Галандскі літ. музей і цэнтр дакументацыі ў Гаазе; Фрызійскі літ. музей і цэнтр дакументацыі (з 1959) у Леўвардэне; прыродна-гіст. ў Леўвардэне (з 1884), Маастрыхце (з 1912), Ротэрдаме (з 1927); Бойманс (з 1847) і Марыціем (з 1873) у Ротэрдаме; мінералогіі і генеалогіі (з 1912) у Дэлфце; тэкст. вытв-сці (з 1958) у Тылбургу. Навук. даследаванні праводзяцца ун-тамі і НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н. больш за 100 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Amsterdamsche Courant» («Амстэрдамскія куранты», з 1619; сучасная назва «De Telegraaf», «Тэлеграф», з 1893), «Algemeen Dagblad» («Усеагульная штодзённая газета», з 1946), «De Volkskrant» («Народная газета», з 1920), «NRC-Handelsblad» («НРК-гандлёвая газета», з 1970), «Het Vrije Volk» («Вольны народ», з 1900), «Het Binnenhof» («Унутраны двор», з 1945), «De Gelderlander» («Гельдэрландзец», з 1848). Інфарм. агенцтвы — Алгемен Недэрландс Персбюро (АНП, каап. аб’яднанне выдаўцоў галандскіх газет, засн. ў 1934), каталіцкае — Каталіск Недэрландс Персбюро (з 1946). Радыёвяшчанне з 1923. Дзейнічаюць 10 агульнанац., 10 рэгіянальных і каля 150 мясц. радыёстанцый. Тэлебачанне з 1951 (з 1967 каляровае, з 1985 спадарожнікавае). Праграмы тэлебачання трансліруюцца на 3 каналах. З 1988 дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нідэрл. радыёвяшчальная карпарацыя (засн. ў 1969). Перадачы вядуцца на 7 мовах.
Літаратура. Адгалоскі нідэрл. героіка-эпічных песень — у эпасах інш.герм. народаў (англ. «Беавульф», ням. «Песня пра Нібелунгаў» і «Кудруна»), На канец 8 — пач. 9 ст. прыпадае творчасць эпічнага песняра Ф.Бернлефа. Першы помнік нідэрл. л-ры на ніжнефранкскім дыялекце — «Каралінгскія псалмы» (9 ст.). Найбуйнейшы прадстаўнік куртуазнай паэзіі 12 ст. — Хендрык ван Велдэке (песні, нідэрл. версія «Рамана пра Энея»), У 13—14 ст. развіваліся рыцарскія раманы і жывёльны эпас («Пра ліса Рэйнарда»), бюргерская дыдактычная (Я. ван Марлант, Я. ван Бундале) і рэліг. (Хадэвейх, Я. ван Руйсбрук) паэзія, нар. балады («Спадар Халевейн») і рамансы. У 14—15 ст. узнікла рэліг. і свецкая драма («Спектакль пра Антыхрыста», «Ланселот Дацкі» і інш.), маральна-дыдактычныя вершы-«спрокі» (Дз.Потэр). Нідэрл. Адраджэнне (15—16 ст.) адметнае лацінамоўнай творчасцю гуманістаў Агрыкалы, Эразма Ратэрдамскага, І.Секунда і інш.Гуманіст. ідэямі прасякнуты творы на нідэрл. мове Дз.В.Корнхерта, Х.Л.Спігела (трактаты, эпічная паэзія), Я. ван дэр Нота (лірыка). Развіваліся драматургія і паэзія рытараў (К.Эверарт, А. дэ Роверэ, М. дэ Кастэлейн, Г.Бейнс), вядомасць набыла рэліг.-палемічная л-ра (творы Ф.Марнікса ван Сінт-Альдэгондэ), ананімныя песні гёзаў, нар. паэзія. На мяжы 16—17 ст. уласна нідэрл. (галандская) і флам. (бельгійская) л-ры пачалі ўспрымацца як самастойныя. У 17 ст.гуманіст. тэндэнцыі выявіліся ў пострэнесансавым рэалізме Г.А.Брэдэра, творах прадстаўнікоў т.зв. Мейдэнскага згуртавання (драматургія і паэзія П.К.Хофта, проза і паэзія К.Хёйгенса, галантная проза І. ван Хемскерка). Падмурак нідэрл. барока стварылі Г.Гроцый, Ю.Ліпсій, Я.Рэфсен (Рэвій), паэт і драматург І. ван дэн Вондэл (трагедыя «Люцыфер»). На духоўнае жыццё Н. істотна паўплывалі філас. ідэі Б.Спінозы. Адметная з’ява канца эпохі нідэрл. барока — бурлескныя творы В.Г. ван Фокенбраха і любоўная лірыка Я.Лёйкена; папулярнасць набыла творчасць песняра нідэрл. мяшчанства Я.Катса. У эпоху Асветніцтва (18 ст.) найвышэйшыя дасягненні нідэрл. л-ры — драматургія П.Лангендэйка, М.Корвера, Р.Фейта, асветніцкія раманы Э.Волф-Бекер і А.Дэкен, эстэтыка-літаратуразнаўчыя працы Ф.Хемстэрхёйса, публіцыстыка Ю. ван Эфена. У 19 ст. творы Фейта, І.Кінкера і інш. паклалі пачатак рамантызму, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога драматург і паэт В.Білдэрдэйк, паэты А.К.Старынг, Х.Толенс, паэт, празаік і публіцыст Э.І.Потгітэр, гіст. раманісты Г.Л.Босбам-Тусен, Я. ван Ленеп, крытык Я.Гел. Развіваліся рэаліст. проза (Н.Бетс, Мультатулі), публіцыстыка (К.Бюскен Хют), драматургія (Х.Я.Схімел). Пад уплывам мадэрнізму ўзнікла літ. група «Пакаленне 80-х», прадстаўнікі якой звярталіся да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, сац. праблем (В.Клос, Ж.Перк, Х.Гортэр, Ф.В. ван Эдэн, Л. ван Дэйсел, А.Вервей, Ф. ван дэр Гус). У пач. 20 ст. ў падтрымку сац.-дэмакр. і рабочага руху выступілі паэтэса Х.Роланд-Холст ван дэр Схалк, празаік Х.Хеерманс. Псіхал.-рэаліст. прозу з элементамі натуралізму стваралі Л.Куперус, Вервей, М.Эмантс. У прозе А. ван Схендэла, паэзіі А. ван дэр Леу, К.А. ван Схелтэма адчувальныя ўплывы неарамантызму і сімвалізму. У 1920—30-я г. традыцыі паэтаў «Пакалення 80-х» прадоўжыў П.К.Баўтэнс. Вядомасць набыла паэзія традыц. форм М.Нейхафа. Х.Ахтэрберга, экспрэсіянісцкая і экзістэнцыялісцкая паэзія і проза Х.Марсмана, А.Роланд-Холста, псіхал.-містычныя і гіст. раманы Ф.Бордэвейка, Ё. ван Амерс-Кюлер, рэліг.-філас. драма В.Э.Фрысланда, рэаліст. проза ван Схендэла, С.Вестдэйка, крытыка і эсэістыка М. тэр Брака, Я.Грэсхафа. У 1930—40-я г. пашырылася антыфаш. тэматыка (творы Ц. дэ Фрыса, М.Дэкера, Г.Бламан). У 1950-я г. ўзнікла паэт. школа т.зв. эксперыменталістаў (Л.Фроман, Х.Каўвенар, Люсеберт, Р.Камперт), да якой у 1960-я г. прымкнулі і празаікі («эксперыментальныя раманы» С.Полет, Я.Бернлефа). Побач з экзістэнцыялісцкай л-рай (В.Ф.Херманс, А.Косман) развівалася рэаліст. проза Я.Волкерса, Х.Мюліса, Х.Хасе. Спалучэнне мастацтва з навукай, т. зв. новы стыль, — вызначальная рыса «постэксперыменталістаў» (Х.Слётэлар, Г.Верхаген). У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне паэтаў і празаікаў («група 70-х гадоў»), якія ў «Маніфесце для 70-х гадоў» выступілі супраць мадэрнізму, заклікалі ствараць л-ру, блізкую і зразумелую для народа (П.Андрысе, Г.Пломб). У л-ры 1980-х г. адметнае месца заняла традыцыяналісцкая (К.Нотэбам, А. ван Хейдэн, Р. ван Рысен) і афарыстычная (К.Стып) паэзія, наватарская драматургія і філас. паэзія Ю.Херцберг. Сярод сучасных нідэрл. пісьменнікаў Л.Ноленс, Г.Мейсінг, Д.Мейсінг, Х.Партакарэра, М.Харт, В. ван дэр Брук, М. ван Памел і інш. Асобныя творы нідэрл. пісьменнікаў на бел. мову пераклалі Л.Баршчэўскі, У.Шатон.
Архітэктура. На тэр. Н. захаваліся мегалітычныя збудаванні эпохі неаліту, рэшткі стараж.-рым. пабудоў (у Валкенбюргу, Элсце). У эпохі сярэднявечча і Адраджэння архітэктура развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У 17 ст. пераважалі грамадскія і гандл.-прамысл. збудаванні, звязаныя з суднаходствам і марскім гандлем (будынкі Адміралцейства і Ост-Індскай кампаніі, кварталы гандл. складоў у Амстэрдаме і інш.). З сярэдзіны 17 ст. пашырыўся галандскі варыянт класіцызму, які вызначаўся практычнасцю і прастатой, яснасцю кампазіцыі, стрыманым пластычным дэкорам (Я. ван Кампен, П.Пост, Ф. і Ю. Вінгбанс). У культавым буд-ве пераважалі сціплыя паводле арх. вырашэння пратэстанцкія цэрквы. У 19 ст. інтэнсіўна забудоўваліся гарады. З 1830-х г. пашырыўся эклектызм, з перавагай рацыянальных арх. форм, звязаных з нац. традыцыямі (Э.Гюгел, П.І.Х.Кёйперс і інш.). У пач. 20 ст. ў горадабудаўніцтве вырашаліся праблемы перанаселенасці, эканам. забудовы. У арх. вырашэнні будынкаў дамінаваў функцыяналізм (Я.І.П.Аўд Х.П.Берлаге, Г.Рытвелд, В.Дзюдак, К. ван Тра, К. ван Эстэрэн). Рамант.-экспрэсіўную тэндэнцыю развівалі Х.П.К. дэ Базел, М. дэ Клерк і інш. На развіццё архітэктуры Н. паўплывала дзейнасць групы «Стыль». З канца 1940-х г. пошукі новых арх. форм змяніліся рацыянальным разуменнем функцыян. задач архітэктуры (І.А.Брынкман, Я.Дзёйкер і інш.). Сярод лепшых пабудоў: гандл. цэнтр «Лейнбан» з вуліцамі для пешаходаў (1949—53, арх. І.Х. ван дэн Брук, Я.Б.Бакема), чыг. вакзал у Ротэрдаме, інтэрнат «Бюргервесхёйс» (1958—60) і аэрапорт Схіпхал (1963—67) у Амстэрдаме, новае крыло музея Кролер-Мюлер (1977) у Отэрла і інш. Стылізатарскі кірунак прадстаўлены работамі дэлфцкіх архітэктараў (малапавярховыя пасёлкі, цэрквы; арх. М.Я.Гранпрэ-Мальер і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Н. выяўлены неалітычная кераміка, творы мастацтва кельтаў, ювелірныя вырабы стараж. германцаў. У эпохі сярэднявечча і Адраджэння мастацтва развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У канцы 16 ст. вызначыліся 2 самаст.нац. школы: фламандская (гл. ў арт.Бельгія) і галандская. У 17 ст. пераважалі станковы жывапіс і графіка; пашырыўся караваджызм (Д. ван Бабюрэн, П.Бор, В.С. дэ Гест, П.Ф. дэ Грэбер, В.П.Крабет, П.Морэлсе, Х.Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст і інш.). У 1620—30-я г. склалася нац. школа рэалізму, якая паўплывала і на развіццё еўрап.мастацтва. Імкненне да выяўлення паўнакроўнасці навакольнага жыцця і натуральнай прыгажосці быт. з’яў прывяло да дыферэнцыяцыі жанраў: партрэт (Ф.Халс, Рэмбрант), пейзаж (Х.Аверкамп, Я. ван Гоен, С. і Я. Ройсдал, А.Кёйп, Х.Сегерс, М.Хобема), нацюрморт (А. ван Беерэн, В.Калф, П.Клас, В.Хеда), быт. (А. ван Астадэ, Я.Вермер, Я.Стэн, Г.Тэрбарх, П. дэ Хох), анімалістычны (Кёйп, П.Потэр) жанры і інш. У канцы 17 ст.нідэрл.мастацтва заняпала, у творах пашырыліся рысы сухой апісальнасці, знешняй прыгажосці і ідэалізацыі. Высокім маст. узроўнем у 17—18 ст. вызначалася дэкар.-прыкладное мастацтва: вырабы з серабра, дэлфцкі фаянс (выкарыстоўвалі формы і матывы кіт. фарфору), размаляваная кафля, масіўная разная мэбля, маст. тканіны і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыліся кампазіцыі і партрэты ў духу акадэмізму (Я.В.Пінеман), рамант. жанравыя і гіст.-быт. сцэны (А.Шэфер, Х. тэн Катэ), пейзажы ў традыц. манеры гал.мастацтва (А.Схелфхаўт). У 2-й пал. 19 ст. развіваліся рэаліст. жывапіс, які працягваў традыцыі мастацтва 17 ст., і імпрэсіянізм. Сярод найб. значных мастакоў Г.Брэйтнер, Я.Х.Вейсенбрух, Іосеф Ісраэлс, Я. і В. Марысы і інш. У 1880-я г. пачаў сваю творчасць В. ван Гог. Жывапіс і графіка мяжы 19—20 ст. адметныя рысамі сімвалізму і мадэрну (Я.Торап, І.Торн-Прыкер). У пач. 20 ст.вял. ўплыў на мастацтва Н. зрабіла групоўка «Стыль». Склалася самаст. школа скульптуры (М.Андрысен, Х.М.Везелар, Л.Зейл, Х.Кроп, І.Мендэс да Коста, Дж.Радэкер, Л.Х.Сондар і інш.). Развіваліся абстрактнае мастацтва (К.Апел, А.Волтэн, Т. ван Дусбург, П.Мондрыян, Б. ван дэр Лек), экспрэсіянізм (Я.Слёйтэрс), сюррэалізм, поп-арт, кінетычнае мастацтва. З 1960-х г.мастацтва Н. развіваецца ў традыцыях пач. 20 ст. У дэкар.-прыкладным мастацтве высокім маст. узроўнем вызначаюцца мэбля, шкло і тканіны па праектах арх. Х.П.Берлаге і Г.Рытвелда, маст. кераміка, дыванаткацтва.
Музыка. Элементы стараж. песень зафіксаваны ў герм. эпасе «Песня пра Нібелунгаў». З сярэднявечча пашыраны эпічныя, абрадавыя, быт., лірычныя нар. песні, песні пратэсту (рух флагелантаў у 15 ст., гёзы ў рэвалюцыю 16 ст.). Бытавалі і нар. танцы. Нар.муз.мастацтва распаўсюджвалі менестрэлі — выканаўцы на шалмеях, арфе, віёле, псалтэрыі. Пачатак прафес. музыкі звязаны з манастырскай культурай, якая мела высокі ўзровень ужо ў 9—10 ст. (Хукбальд). Мясц.муз. традыцыя ўзбагачалася дасягненнямі інш.муз. культур, што садзейнічала ўздыму Нідэрландскай школы ў 15—16 ст. У 17 ст. пашырыліся інстр. жанры, пратэстанцкія псалмы, расквітнела арганная музыка (Я.П.Свелінк). Інтэнсіўна развівалася муз. жыццё гарадоў, ствараліся калегіі аматараў музыкі, аркестры, першыя нідэрл. оперы («Пераможнае каханне» К.Хакварта). У 1-й пал. 19 ст. акрэсліўся ўздым нац. музыкі, павялічылася ўвага да нац. культуры, фальклору (І Ферхюлст, Р.Хол, В.Нікалаі), адкрываліся муз. школы, ствараліся муз. т-вы. На мяжы 20 ст. ўзнікла нац. кампазітарская школа (Б.Зверс, А.Дыпенбрак, І.Вагенар і іх паслядоўнікі). Пачалося выкарыстанне ў творчасці нац.муз. фальклору (Ю.Ронтген). Развіваліся праграмная сімф. музыка (Зверс, Вагенар, К.Допер), нац. опера (Ронтген). Пачала фарміравацца школа нідэрл. дырыжораў, якія выступалі з сімф. аркестрам т-ва «Кансертгебаў» (сярод кіраўнікоў В.Кес, В.Менгельберг, Э.А. ван Бейнум, Э.Іохум, В. ван Отэрла, Б.Хайтынк). Паявіліся оперныя трупы, оперныя артысты (Я.Урлюс, А. ван Рой). Пасля 1-й сусв. вайны ў музыцы Н. узніклі новыя стылістычныя тэндэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем еўрап. прынцыпаў кампазіцыі, у т. л. санорыкі, політанальнасці і інш. (Х.Загвейн, М.Фермелён, Д.Ройнеман, С.Дрэсдэн). Сярод найб. значных сучасных кампазітараў В.Пейпер і яго вучні Г.Ландрэ, Х.Бадынгс, Р.Эсхер, Я.Герадс, О.Кетынг, Х.Кокс, Т. дэ Леуў, П.Схат і інш. У Н. праводзяцца міжнар.муз. фестывалі, у т. л. адзін з буйнейшых у Еўропе Нідэрл.муз. фестываль, і конкурсы, у т. л. арганістаў (з 1951), выканаўцаў на карыёне (з 1959). Працуюць: оперны т-р «Дэ Недэрландсе опера», оперныя кампаніі «Дэ Зёйд-Недэрландсе опера» і «Форум», кампанія «Нідэрландскі балет», 12 сімф. аркестраў, у т. л. Амстэрдамскі, Гаагскі каралеўскі арк. «Рэзідэнсі», хар. аб’яднанне «Голас народа», мужчынскі хор «Апола», хор «Гаагскія спевакі» і інш.; 7 кансерваторый, 3 муз. ліцэі, ф-ты гісторыі і тэорыі музыкі ва ун-тах Амстэрдама, Лейдэна, Утрэхта.
Тэатр. З канца 12 ст. на тэр. Н. наладжваліся прадстаўленні царк. і свецкіх драм. твораў. У 2-й пал. 15 ст. ўзніклі аматарскія т-вы л-ры і тэатра, т. зв. камеры рытараў, звязаныя з нац.-вызв. рухам (ставілі містэрыі, міраклі, маралітэ, у 1606 паказы забаронены). У пач. 17 ст. паявіліся першыя пастаянныя т-ры. Цэнтрам тэатр. жыцця стаў «Амстэрдамскі гарадскі тэатр» (1638, створаны на аснове «Нідэрландскай акадэміі», засн. ў 1617 С.Костэрам). У яго рэпертуары п’есы І. ван дэн Вондэла, Г.А.Брэдэра, П.К.Хофта. Існавала шмат вандроўных труп. Сярод вядучых акцёраў таго часу І.К.Ватыр-Зісеніс, А.К. ван Гермез, Г.І.Грэвелінк, Л.Карлсзан, М.Корвер, А.Ноземан, Я.Пюнт, В. ван дэр Хувен. У 18—19 ст.т-р знаходзіўся пад моцным замежным уплывам. Уздыму нац.т-ра садзейнічала арганізацыя ў Амстэрдаме ў 1870 аб’яднання «Сцэнічны саюз Нідэрландаў», пры якім у 1875 адкрыўся т-р «Нідэрландская сцэна» (узначальваў В.Роярдс). У 1888 створаны т-р «Нідэрландскае сцэнічнае аб’яднанне» (з 1912 кіраўнік Г.Хеерманс, з 1917 — Э.Феркадэ), у рэпертуары п’есы Хеерманса, М.Эмантса, Ф.В ван Эдэна, А.Стрындберга, Г. фон Гофмансталя, выступалі акцёры Л.Баўместэр, Я.Мюс, Р.Хопер і інш. У 1910—30-я г. свае трупы ўзначальвалі акцёры і рэжысёры Роярдс, Феркадэ, Л.Салбарн і інш. У 1920-я г. пашыраны аматарскія калектывы. У 1920 Хеерманс адкрыў у Амстэрдаме «Карэ тэатр». У 1940—60-я г. вядучымі калектывамі былі «Гаагская камедыя» (кіраўнікі К.Ласёр, П.Стэнберген) і «Нідэрл. камедыя» (пад кіраўніцтвам Х.В. ван дэр Берга і І. дэ Местра) у Амстэрдаме. З 1950-х г. ставяцца п’есы нац. драматургаў Я.Стала, С.Нотэбама, Я. ван дэр Мерве і сусв. класікі. Т-ры працуюць у гарадах Амстэрдам, Арнем, Гаага, Ротэрдам, Эйндхавен, у краіне шмат тэатр. кабарэ, ёсць эксперым. трупа, т-р для дзяцей. Сярод сучасных майстроў сцэны Л. дэ Бур, А. ван Далсюм, К. ван Дэйк, Ф.Карэлсен, Ш.Кёлер, Э. ван Лінген, Ж.Роярдс-Сандберг, В.Фос, Г.Хермюс.
Кіно. У 1898 зняты першы дакумент. фільм-рэпартаж «Каралеўская сям’я» (рэж. Андэрсен), у 1902 — ігравы кароткаметражны фільм «Прыгоды санкюлота» (рэж. А. і В. Муленсы). У 1910—19 у Харлеме існавала першая кінастудыя, якая выпускала дакумент. і кароткаметражныя ігравыя фільмы. У 1920-я г.нац. кінавытворчасць заняпала. У 1927 у Амстэрдаме створана аб’яднанне «Фільм-ліга» на чале з І.Івенсам, якое імкнулася абнавіць мову дакумент. кіно («Мёртвая вада», рэж. Г.Рутэн; «Зёйдэр-Зе», рэж. Івенс, абодва 1934). Сярод інш. твораў дакумент. кіно «Свет крышталёў» (рэж. Я.Мол), «Востраў Вялікадня» (рэж. Дж.Ферну; абодва 1934), «Стары горад» (1935, рэж. В.Тухінскі), «Балада пра цыліндр» (1936, рэж. М. дэ Хас). Для школы дакумент. кіно характэрны пошук сродкаў выразнасці, паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў спалучэнні з вострай публіцыстычнасцю. У 1933 зняты першы гукавы ігравы фільм «Бацька радзімы» (рэж. Г.Я.Тэнісен). У 1930-я г.маст. фільмы ставілі пераважна эмігранты з Германіі. У 1945—50 выпускалі дакумент. стужкі, прысвечаныя руху Супраціўлення (рэж. Р.Хорнекер, П.Рота, Ферну, О. ван Неенхаф і інш.). Сярод маст. фільмаў канца 1950—70-х г. «Фанфары» (1958), «Голас вады» (1967, рэж. абодвух Б.Ханстра), «Месье Хавардэн» (1969, рэж. Х.Кюмель), «Калегі, спыніце шум» (1960), «Міра» (1971, сумесна з Бельгіяй), «Макс Хавелаар» (паводле Мультатулі, 1976; рэж. усіх Ф.Радэмакерс), «Франк і Ева» (1973, рэж. П. дэ ла Пара), «Салдат каралевы» (1977, рэж. П.Верхувен) і інш. З 1980-х г. пачаўся ўздым кінематографа Н.: «Задыхаючыся» (1982, рэж. М.Сакс), «Кафэ-марожанае» (1984, рэж. Д.Ф.Франк), «Аранжавы салдат» (1984, рэж. Верхувен). Сярод фільмаў 1980—90-х г. — «Знікненне» (рэж. Дж.Слёйзер), «Моц» (рэж. Ф.Фокеш; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску, 1999), «Прыгажуня» (рэж. І.Ахтэм), «Эліне Вера» (рэж. Кюмель), «Ава і Габрыэль» (рэж. Ф. дэ Руй), «Флодэр будуе Манхатан» (рэж. К.Хім) і інш. Сярод кінаакцёраў В. ван Алмерай, В.Андэрсен, К.Брусе, І.Блуменг, М. ван дэ Вен, Т.Ленсінк, П.Фабер, Р. дэ Хоер, Э.Хойтынг, Т.Хююрдэман і інш., рэжысёраў — Верхувен, П.Парэ, І.Стэлінг, В.Хаанстра, Х.Хілкем і інш. Буйнейшыя кінакампаніі — «Алартс», «Анімейтэд Піпл», «Скорпіо-філмс» і інш., кінастудыі — «Сінесентрум», «Карылан-філмс» і інш. У Амстэрдаме і Ротэрдаме праводзяцца міжнар. кінафестывалі дакумент. кіно. Кінематаграфістаў рыхтуюць Кінаінстытут у Амстэрдаме (з 1948) і Акадэмія кіно (з 1958).
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Серебряный Л.Р. Нидерланды: традиции и современность. М., 1990;
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983;
Крашенинникова Н.Л. Современная архитектура Нидерландов (Голландия). М., 1971;
Виппер Б.Р. Становление реализма в голландской живописи XVII в. М., 1975;
Яго ж. Очерки голландской живописи эпохи расцвета (1640—1670). М., 1962;
Ротенберг Е.И. Западноевропейское искусство XVII в. М., 1971;
Герб і сцяг Нідэрландаў.Да арт.Нідэрланды. Газавыя ўстаноўкі ў Слохтэрэне, на поўначы краіны.Да арт.Нідэрланды. Нафтаачышчальны завод на захадзе краіны.Да арт.Нідэрланды. Польдэры.Да арт.Нідэрланды. Рака Рэйн у Ротэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Узяцце «марскімі гёзамі» г. Брыл у 1572. Гравюра 1583.Да арт.Нідэрланды. Руіны г. Ротэрдам. Май 1940.Да арт.Нідэрланды. Набярэжная канала ў Амстэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Рэмбрант. Начны дазор. 1642.Да арт.Нідэрланды. Я.Вермер. Майстэрня жывапісца. 1665—70.Да арт.Нідэрланды. Кафлянае пано. Дэлфцкі фаянс. Каля 1700.Да арт.Нідэрланды. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1929.