КО́РЫ (Cori) Карл Фердынанд (5.12. 1896, Прага — 19.10.1984) і Коры Герці Тэрэза (15.8.1896, Прага — 26.10.1957),
амерыканскія біяхімікі. Муж і жонка. Чл.Нац.АН ЗША. Скончылі Пражскі ун-т (1920). З 1922 ва ун-тах ЗША. Навук. працы па абмене вугляводаў, вывучэнні ферментаў. Адкрылі працэс рэсінтэзу глікагену з малочнай кіслаты (цыкл К.), выдзелілі глюкоза-1-фасфат («эфір К.») і ўстанавілі яго ролю ў абмене вугляводаў, раскрылі біяхім. механізмы дзеяння інсуліну. Нобелеўская прэмія 1947 (разам з Б.Усаем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ЎФУТ-ХО́ДЖКІН (Crowfoot Hodgkin),
Ходжкін Дораці (12.5.1910, Каір — 1994), англійскі хімік і біяхімік.
Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Замежны чл.АНСССР (1976), Нац.АН ЗША і інш. Скончыла Оксфардскі ун-т (1932). З 1932 у Кембрыджскім, з 1934 у Оксфардскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біялагічна актыўных злучэнняў. Вызначыла структуру пеніцыліну, вітаміну B12, малекулярную масу глабулярных бялкоў, ступень агрэгатавання іх малекул, наяўнасць металавугляродзістай сувязі ў каферменце B12. Нобелеўская прэмія 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУНО́Р (манг. сіняе возера), Цынхай,
бяссцёкавае салёнае возера ў Кітаі, ваўсх.ч. гор Наньшань. Даўж. каля 105 км, шыр. да 65 км, пл. каля 4,2 тыс.км², глыб. да 38 м. Размешчана на выш. 3205 м, займае цэнтр.ч. Кукунорскай раўніны. Берагі слаба расчлянёныя, развіты стараж. азёрныя тэрасы (выш. да 50 м). Пясчаныя астравы. У К. упадаюць 23 ракі, найб.р. Бух-Гол утварае дэльту. З ліст. да сак. ледастаў. Багатае рыбай. Фауністычны заказнік Цынхайху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМАВА́ННЕ, кумленне,
старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ваўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАНЕ́Ц (Leontodon),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 3 віды Л.: асенні, або млячай (L. autumnalis; нар. назва залатушная трава); шурпатаваласісты (L. hispidus); дунайскі (L. danubialis). Трапляецца на лугах, каля дарог і жылля.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае або перыстанадрэзанае. Кветкі жоўтыя ці аранжавыя, сабраныя ў кошыкі. Абгортка з апушаных ланцэтных лісцікаў. Плод — сямянка з чубком. Меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРЫ́Т (ад лац. later цэгла),
шчыльная гліністая ці порыстая, шлакападобная камяністая горная парода чырвонага колеру, складзеная з гідраксідаў алюмінію і жалеза з прымессю мінералаў тытану. Утвараецца ва ўмовах вільготнага трапічнага і субтрапічнага клімату ў выніку выветрывання алюмасілікатных горных парод. Магутнасць Л. ад некалькіх да 50 м, узрост — ад юрскага да сучаснага. З Л. звязаны радовішчы жал. руд, нікелю, хрому, кобальту, баксітаў, золата і інш. У глебазнаўстве Л. наз. жалезістыя гарызонты інфільтрацыйнага паходжання, якія ўваходзяць у склад латэрытных глеб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́СКІН (Leskien) Аўгуст (8.7.1840, г. Кіль, Германія — 20.9.1916),
нямецкі мовазнавец; адзін з заснавальнікаў младаграматызму. Акад. Берлінскай і Мюнхенскай АН. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Вучыўся ва ун-тах Кіля, Лейпцыга, Іены, Гётынгена. Праф. ун-таў Іены (1869), Лейпцыга (1870—1916). Вывучаў фаналогію балт. і слав. моў, садзейнічаў стварэнню іх параўнальнай граматыкі. Асн. працы: «Скланенне назоўнікаў славянска-літоўскіх і германскіх моў» (1876), «Граматыка старабалгарскай мовы» (1909), «Граматыка сербахарвацкай мовы» (1914) і інш. Выдаў зборы слав. і літоўскага фальклору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МІЦА АСЕ́ННЯЯ,
сорт грушы Краснакуцкай доследнай станцыі садаводства (Украіна). Выведзены скрыжаваннем сартоў Любіміца Клапа і Дэканка зімовая. На Беларусі перспектыўная для вырошчвання ў аматарскім садаводстве ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай і Магілёўскай.
Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Пладаносіць на 6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць сярэдняя. Плады 90—100 г, жаўтавата-зялёныя, з паласатым румянцам на сонечным баку. Мякаць шчыльная, белая, сакавітая, масляністая, віннасалодкага смаку. Захоўваецца да снежня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯБЕ́ДНІК (Atriplex),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя Л.: раскідзісты (A. patula), татарскі (A. tatarica), кап’ялісты (A. prostrata).
Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты. Лісце чаргаванае, часта, як і сцёблы, з мучністым налётам. Кветкі у клубочках, сабраных у коласападобныя ці мяцёлчатыя суквецці, песцікавыя пераважна без калякветніка. Плод — аднанасенны арэшак. Харч., тэхн., кармавыя, лек., дэкар. расліны; ёсць ядавітыя і пустазелле.