РЭ́ЗАЎСКІ (Людвіг Пятровіч) (24.4.1887, г. Елгава, Латвія — 1980),
удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі і на Зах. фронце. У рэв. руху з 1905. З 1915 на Зах. фронце, чл. Мінскай латышскай секцыі РСДРП. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага Савета, нам. заг. Мінскай газетнай экспедыцыі, якая забяспечвала фронт бальшавіцкай л-рай, удзельнік выпуску газ. «Звязда». З ліст. 1917 камісар нар. асветы, унутр. спраў СНК Зах. вобласці і фронту. У 1918 старшыня Смаленскай губ. надзвычайнай камісіі, нам. старшыні Казанскага губвыканкома. З мая 1919 у НКУС РСФСР, з лют. 1920 у ВЧК, з 1921 у Наркамаце асветы РСФСР. У 1924—25 на адм.-гасп. рабоце.
т. 13, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. recapitulatio паўтарэнне),
паўтарэнне ў эмбрыягенезе сучасных арганізмаў прыкмет, якія меліся ў дарослых продкаў (напр., жаберных адтулін у зародкаў наземных пазваночных). Р. як вынік пэўных суадносін антагенезу і філагенезу развіў у эвалюцыйным вучэнні Ч.Дарвін. У канцэпцыі біягенетычнага закону Э.Гекеля (1866) Р. разглядалася як непасрэдны вынік эвалюц. фарміравання антагенезу: прыкметы дарослых продкаў пасля змянення іх арганізацыі пры дапамозе прыбаўлення новай стадыі ў канцы антагенезу пераходзілі ў эмбрыянальны стан і паўтараліся ў нашчадкаў у якасці зародкавых. А.М.Северцаў паказаў, што Р. характэрна толькі для асобных органаў (а не цэлых стадый развіцця ўсяго арганізма, як лічыў Гекель) пры іх эвалюц. пераўтварэннях паводле спосабу анабаліі.
т. 13, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАНТУ́Й (ад тат. літар. — свята плуга),
старажытнае веснавое земляробчае свята даісламскага паходжання ў татараў (казанскіх, сібірскіх і інш.) і башкіраў. Традыцыйна адзначаўся да пач. веснавой сяўбы вёскамі адной акругі пачаргова без дакладнай даты ў залежнасці ад прыродных умоў. Уключаў частаванне прыгатаванай на лузе ў катлах абрадавай кашай, наведванне могілак, спарт. спаборніцтвы (бег, скачкі вярхом, нац. барацьбу — керэш і інш.), дзіцячыя і юнацкія забавы. З 20 ст. праводзіцца паўсюдна пасля завяршэння палявых работ як нац. свята. У 1990-я г. адроджана святкаванне С. ў бел. татараў Акрамя татараў і башкіраў С. адзначаюць некат. групы народаў, якія жывуць па суседстве з імі, — марыйцаў, рускіх, удмуртаў, чувашоў.
т. 14, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎНІЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
арганізацыя, якая садзейнічае вырашэнню задач членаў калектыўнага садаводства.
Ствараецца грамадзянамі на добраахвотных асновах. Фарміруецца, рэгіструецца і кантралюецца раённымі (гарадскімі) выканаўчымі і распарадчымі органамі. Пасля рэгістрацыі С.т. з’яўляецца юрыд. асобай. Дзейнасць С.т., правы і абавязкі яе членаў рэгламентуюцца статутам т-ва. Аб’екты і збудаванні агульнага карыстання, пабудаваныя за кошт мэтавых і членскіх узносаў, з’яўляюцца агульнай маёмасцю т-ва. С.т. мае права займацца таксама прадпрымальніцкай дзейнасцю (прыбытак, атрыманы ў выніку гэтай дзейнасці, выкарыстоўваецца для набыцця маёмасці агульнага карыстання, на яе эксплуатацыю і рамонт).
На Беларусі членамі С.т. могуць быць грамадзяне, якія ў адпаведнасці з зямельным заканадаўствам маюць права на зямельныя ўчасткі для вядзення калектыўнага садаводства.
т. 14, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНСА́РА (санскр., літар. — блуканне, кругаварот, пераход праз пэўныя станы),
вучэнне ў індыйскіх рэлігіях (індуізм, джайнізм, будызм) і філасофіі пра пераўвасабленне, перараджэнне душы. Вытокі ідэі С. ў анамістычных уяўленнях аб роднаснасці ўсяго жывога і магчымасці пераходу паміж яго формамі (перараджэнне магчыма не толькі ў вобразе чалавека, але і бога, жывёлы) і ў ідэі аб перыядычным узнікненні і знішчэнні ўсяго, што існуе ў свеце. Ажыццяўляецца С. паводле законаў кармы: пасля смерці душа можа пераўвасобіцца ў сваёй ранейшай форме існавання або ў больш ці менш спрыяльных формах у залежнасці ад здзейсненых пры жыцці ўчынкаў. С. проціпастаўляецца нірване як канчатковаму выхаду з ланцуга перараджэнняў, духоўнаму выратаванню.
т. 14, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў УСЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Георгій),
князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Сын полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Згадваецца пад 1129 сярод сыноў Усяслава, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч саслаў у Візантыю. На думку А.Я.Праснякова і Т.Васілеўскага, С.Ў. у пач. 12 ст. валодаў Віцебскам, бо ў далейшым віцебскі сталец займалі яго ўнукі. Л.В.Аляксееў мяркуе, што Віцебск у гэты час належаў смаленскім князям. На думку А.М.Рапава, С.У. магло належаць Ізяслаўскае княства, бо пасля там княжыў яго сын Васілька Святаславіч. Меў сыноў Васіля, Давыда і Вячаслава, дачок Прадславу (Ефрасінню Полацкую) і Градзіславу (Еўдакію).
Л.У.Калядзінскі.
т. 14, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕЛЯНІ́Н»,
таварыства памешчыкаў, заможных сялян, чыноўнікаў царскай адміністрацыі, правасл. духавенства кансерватыўна-манархічнага кірунку ў пач. 20 ст. Узнікла ў 1905 у Вільні. Кіраўнікі — мясц. манархісты С.Кавалюк, П.Каранкевіч, А.Пшчолка, Л.Саланевіч, А.Уруцэвіч. Абараняла інтарэсы царскага самаўладдзя на Беларусі, выступала супраць бел. нац.-вызв. руху, газ. «Наша ніва», не прызнавала права беларусаў на самавызначэнне і стварэнне нац. дзяржаўнасці, лічыла Беларусь неад’емнай часткай Рас. імперыі. З 1906 уваходзіла ў «Рускі ўскраінны саюз». Пасля расколу т-ва ў 1908 створана псеўдабел. арг-цыя «Беларускае таварыства» на чале з Саланевічам. У 1906—15 выдавала час. «Крестьянин». Спыніла сваю дзейнасць восенню 1915.
У.М.Міхнюк.
т. 14, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНУСІ́ТЫ,
члены мусульманскага рэліг.-паліт. брацтва (тарыката) сенусія, заснаванага ў 1837 у г. Мекка Мухамедам ібн Алі ас-Сенусі. С. заклікалі да аднаўлення «чысціні» першапачатковага ісламу і свяшчэннай вайны (джыхаду) супраць іншаверцаў; асаблівае месца ў абраднасці С. займае ўслаўленне прарока Мухамеда. У 1843 ас-Сенусі перанёс сваю дзейнасць у Кірэнаіку (Лівія), якая стала гал. апорай руху С. Кіраўнікі брацтва — нашчадкі ас-Сенусі сталі фактычнымі правіцелямі Кірэнаікі; Мухамед аш-Шарыф узначаліў у 1911—31 барацьбу супраць італьян. акупацыі, Мухамед Ідрыс быў каралём незалежнай Лівіі [1951—69]. Пасля антыманархічнай рэвалюцыі 1969, нягледзячы на захады ўрада М.Кадафі, працягваюць адыгрываць важную ролю ў жыцці Усх. Лівіі, дзе складаюць каля трэці насельніцтва.
т. 14, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТНАЯ ЦЭ́ГЛА,
цэгла, атрыманая прасаваннем увільготненай сумесі кварцавага пяску (90—92%) і гашанай вапны (8—10%) з наступнай апрацоўкай у аўтаклаве. Па мех. уласцівасцях набліжана да глінянай абпаленай цэглы, але менш вода- і гарачаўстойлівая.
Аўтаклаўная апрацоўка адбываецца пры т-ры 175—190 °C і ціску 0,8—16 МПа, пасля чаго С.ц. 10—12 сут вытрымліваецца на паветры для карбанізацыі вапны Вырабляюць адзінарную (250 × 120 × 65 мм), модульную (250 × 120 × 88 мм), а таксама ў выглядзе пустацелых сілікатных блокаў (250 × 120 × 138 мм) Выкарыстоўваюць для муроўкі вонкавых і ўнутр. канструкцый у надземнай частцы будынкаў з нармальным і вільготным рэжымамі эксплуатацыі.
І.І.Леановіч.
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Утвораны ў 1944 у г. Скідзель Гродзенскага р-на як райпрамкамбінат на базе прамысл. арцелі. У 1945 далучаны цагельныя з-ды «Міхайлаўка» і «Луна», у 1954 — лесазавод «Азёры», у 1963 — кафляныя цэхі «Агароднікі» і «Астрына», цагельны з-д «Догі» і вапнавы з-д «Ішчална», у 1964 — быткамбінат. У 1966 пасля рэарганізацыі ўсе майстэрні перададзены райбыткамбінату. З 1975 — сучасная назва. У 1990—91 уваходзіў у склад Ваўкавыскага ВА «Будматэрыялы». На 2001 у камбінаце працуюць лесацэх і цэх гумава-тэхн. вырабаў (часова закансерваваны). Асн. прадукцыя: піламатэрыялы, сталярныя і паганажныя вырабы, драўляная скрынкавая тара, паліцы драўляныя для даспявання і захоўвання сыроў і інш.
т. 14, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)