РАМА́НЬЯ (Romagna),

гістарычная вобласць на Пн Італіі. Як Р. вядома з 6 ст., калі так называлі візант. ўладанні ў Італіі. З 8 ст. пад уладай лангабардаў, потым рым. пап. З 962 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1278 імператары прызналі сюзерэнітэт папства над Р., аднак папская ўлада ўмацавалася тут толькі ў 16 ст. У 1796 акупіравана франц. войскамі, уваходзіла ў Цыспаданскую, з 1797 у Цызальпінскую рэспублікі, потым у інш. дзярж. ўтварэнні часоў франц. ўладарання ў Італіі. У 1815—59 зноў у Папскай дзяржаве (апрача 1831, калі Р. ўваходзіла ў Аб’яднаныя італьян. правінцыі). У 1860 у выніку рэферэндуму 1859 увайшла ў склад Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. Паводле канстытуцыі Італьян. рэспублікі 1947 тэр. Р. ўключана ў адм. вобласць Эмілія-Раманья.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІЎ СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ.

Існаваў у г. Вільня (Вільнюс) у 1852—1915. Створаны 2.4.1852 для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтр. і мясц. адм.-судовых устаноў, якія існавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асн. дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 — пач. 19 ст. сюды паступілі кнігі гродзенскай і навагрудскай кадэнцый Трыбунала, Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш., у 1837—40 — Трыбунала скарбовага, Скарбовай камісіі ВКЛ, трокскія архіўныя матэрыялы. У 1-й пал. 19 ст. старадаўнія дакументы захоўваліся таксама ў архівах віленскага гродскага і гродзенскага судоў. На аснове названых архіваў быў створаны Віленскі цэнтр. архіў. У сярэдзіне 19 ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак. У яго складзе быў архіў Трыбунала ВКЛ, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага), Гродзенскай і Мінскай губ. У 1880 паступілі справы Беластоцкай акругі за 1794—1808; у 1887 уключаны Люблінскі архіў стараж. актаў, у 1903—06 Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў (звязак). Пасля 1-й сусв. вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў архіве ў 1923 заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора 1921. У міжваенныя часы архіў называўся Віленскім дзярж. архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтр. архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М.​Мураўёва. З 1944 на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтр. дзярж. архіў Літ. ССР, у 1957 перайменаваны ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў Літ. ССР (аб’яднаў фонды б. Віленскага цэнтр. архіва і Вільнюскага гарадскога дзярж. архіва), з 1990 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРО́ І ЗЛО,

нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.

Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.​Спінозы, Вальтэра, Д.​Дзідро, Г.​Гегеля, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст. Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.​Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.​Гусоўскі, М.​Цішкевіч, Ф.​Скарына, А.​Волан, С.​Будны, С.​Лован, С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.​Нарбут, Г.​Каніскі, К.​Каліноўскі, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч і інш.

Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,

суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс. км³ атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс. км³), мінус сцёк (47 тыс. км³), расход — выпарэнне (63 тыс. км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс. км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс. км³ атм. ападкаў і 47 тыс. км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс. км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³ атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ІНСТРУМЕ́НТЫ,

прыстасаванні для вымярэння даўжынь ліній, вуглоў, перавышэнняў, азімутаў пры нівеліраванні, тапагр. здымцы, маркшэйдэрскіх работах, вышуканнях, будаўніцтве, мантажы і эксплуатацыі розных інж. збудаванняў. Паводле прынцыпу работы і будовы адрозніваюць мех., оптыка-мех., электрааптычныя і радыёэлектронныя геад. прылады. Стальныя або інварныя мерныя стужкі выкарыстоўваюць для вымярэння даўжынь ліній, базісныя прылады з падвесным інварным дротам — для вызначэння базісаў і трыянгуляцыі, дальнамерамі (святлодальнамер, радыёвышынямер, радыёдальнамер) вызначаюць даўжыню ліній без непасрэдных вымярэнняў з дакладнасцю да 0,1 мм на 100 м. Вуглы вымяраюць тэадалітамі (высокадасканальныя аптычныя, фотатэадаліты, гідратэадаліты) і бусоллю. Дакладнасць вымярэння вуглоў ад 15—10 у бусолі да 0,5 у аптычнага тэадаліта. Нівеліры выкарыстоўваюць пераважна для вымярэння перавышэнняў, стварэння нівелірнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапагр. здымак. Паводле дакладнасці яны падзяляюцца на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Гідрастатычнымі нівелірамі карыстаюцца зрэдку, прынцып дзеяння іх заснаваны на вымярэнні ўзроўняў вадкасці ў сасудах, злучаных гнуткім шлангам. З камбінаваных геадэзічных прылад найчасцей выкарыстоўваюць тахеометр (для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, даўжынь ліній і перавышэнняў) і кіпрэгель (для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі). Экліметр выкарыстоўваюць у геад. здымцы для вымярэння вуглоў нахілу ліній з дакладнасцю да 0,1°; экер — для адкладання на мясцовасці фіксаванага вугла; мензула (дошка-планшэт і падстаўкі з установачнымі прыстасаваннямі) — асн. ч. камплекта для тапагр. мензульнай здымкі; ватэрпас вадкасны або электрамеханічны — для вызначэння становішча геад. прылад і іх асобных вузлоў адносна верт. ліній; рэйка геадэзічная (брусок даўж. 1,5—4 м з нанесенай шкалой) — для вымярэння адлегласцей або перавышэнняў пры тапагр. здымцы. Пры складанні планаў, картаў і пры карыстанні імі ўжываюцца каардынатографы, маштабныя лінейкі і вымяральнікі, транспарціры, планіметры і курвіметры.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Геадэзічныя прылады і інструменты: 1 — аптычны тэадаліт Т-2; 2 — кіпрэгель; 3 — нівелір, 4 — экліметр.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АБАРО́НА сістэма агульнадзяржаўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў мірныя і ваенныя часы ў мэтах засцярогі насельніцтва ад зброі масавага паражэння і інш. сродкаў нападу праціўніка, або выратавальных ці неадкладных аварыйна-аднаўленчых работ у ачагах паражэння і раёнах стыхійных бедстваў. Грамадзянская абарона набыла асаблівае значэнне ў сувязі з праяўленнем і развіццём ракетна-ядзернай і інш. зброі масавага паражэння. У 1950—60-я г. грамадзянская абарона створана ў большасці буйных дзяржаў. У СССР грамадзянская абарона створана ў 1961 на базе мясц. проціпаветр. абароны (МППА), заснаванай у 1932. У Рэспубліцы Беларусь захавалася структура былой агульнасаюзнай грамадзянскай абароны. Паводле Палажэння аб грамадзянскай абароне, зацверджанага Вярх. Саветам у 1991, грамадзянская абарона Рэспублікі Беларусь арганізуецца на ўсёй тэр. краіны паводле тэр.-вытв. прынцыпу. Агульнае кіраўніцтва грамадзянскай абароны ажыццяўляе Савет Міністраў, непасрэднае — МУС (з 1994; да гэтага сілы грамадзянскай абароны падпарадкоўваліся Мін-ву абароны). Адказнасць за грамадзянскую абарону на месцах нясуць выканкомы Саветаў дэпутатаў, мін-вы, ведамствы, прадпрыемствы і ўстановы, кіраўнікі якіх з’яўляюцца нач. грамадзянскай абароны. Пры іх ствараюцца штабы грамадзянскай абароны, якія штодзённа займаюцца пытаннямі арганізацыі і матэрыяльнага забеспячэння. Штаб грамадзянскай абароны рэспублікі ўзначальвае міністр унутр. спраў.

У сучасных умовах на грамадзянскую абарону краіны ўскладзены наступныя задачы: засцярога насельніцтва ад вынікаў стыхійных і экалагічных бедстваў, буйных аварый і катастроф, прымянення праціўнікам сродкаў паражэння ў ваен. час; каардынацыя дзеянняў органаў кіравання краіны па прагназаванні, папярэджанні і ліквідацыі вынікаў гэтых бедстваў, аварый і катастроф; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ у ходзе ліквідацыі вынікаў надзвычайных сітуацый і ў ачагах паражэння; стварэнне і падтрыманне ў гатоўнасці сістэм кіравання, апавяшчэння, сувязі; арганізацыя назірання і кантролю за радыяцыйным, хім., бактэрыял. становішчам; удзел у ажыццяўленні мер, накіраваных на павышэнне функцыянавання аб’ектаў і галін эканомікі ў экстрэмальных умовах і інш.

У.​В.​Савянок.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),

1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.​Кант і Г.​Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.

2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).

В.​В.​Філіпава.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́Т НАРО́ДНАГА КАНТРО́ЛЮ БССР (КНК БССР). Існаваў са снеж. 1965 па ліп. 1990. Створаны ў выніку рэарганізацыі органаў парт.-дзярж. кантролю ў органы нар. кантролю (НК) паводле Закона Вярх. Савета БССР ад 22.12.1965 «Аб органах народнага кантролю ў Беларускай ССР» Органамі НК з’яўляліся абл., гар. і раённыя КНК, групы і пасты пры сельскіх і пасялковых Саветах нар. дэпутатаў, на прадпрыемствах, у калгасах, установах, арг-цыях і вайсковых часцях. КНК БССР працаваў пад кіраўніцтвам Вярх. Савета, яго Прэзідыума і Савета Міністраў БССР. З’яўляўся саюзна-рэсп. органам і кіраваў работай ніжэйшых органаў НК Беларусі, адначасова падпарадкоўваўся КНК СССР. Апарат КНК БССР будаваўся паводле вытв.-галіновага прынцыпу. У пач. 1980-х г. ён складаўся з 8 вытв.-галіновых аддзелаў і 3 структурных падраздзяленняў. У БССР дзейнічалі 104 сельскія раённыя к-ты, 25 раённых у гарадах і 31 гар. к-т. У 1982 пазаштатны актыў КНК складаў 15 840 чал., аб’яднаных у 1552 пазаштатныя аддзелы. На 1.1.1982 на прадпрыемствах, у калгасах, установах і арг-цыях БССР дзейнічала 27 829 к-таў і груп НК і 11 909 пастоў, у якія было выбрана 386 тыс. чал. Дзейнасць КНК рэгламентавалася Законам «Аб народным кантролі СССР» ад 30.11.1979 і мела юрыд. характар. Іх функцыі заключаліся ў кантролі за выкананнем дзярж. планаў эканам. і сац. развіцця, укараненні ў вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі, перадавога вопыту, у вядзенні барацьбы з парушальнікамі дзярж. дысцыпліны, валакітай і бюракратызмам, ажыццяўленні кантролю за выкананнем законаў кіруючымі асобамі пры разглядзе прапаноў, скаргаў, заяў грамадзян і інш. КНК мелі права прыцягваць вінаватых да адказнасці, накладваць на іх спагнанні, рабіць грашовыя налічэнні, адхіляць ад займаемых пасад або паніжаць па пасадзе, накіроўваць у пракуратуру матэрыялы аб крадзяжах, злоўжываннях і інш.

Э.​А.​Забродскі.

т. 7, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫВЫ́Я ВЕЧАРЫ́»,

амбівалентнае выяўленне святых вечароў на Каляды, калі найб. поўна і шматгранна разгортваецца нар. смехавая культура і ўсё можна падаць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Смехавая культура з элементамі нар. т-ра ў розных формах вядома амаль усім народам свету. Ў славян яна ў найбольшай ступені выяўляецца ў час калядна-навагодніх і масленічных святкаванняў. У беларусаў на працягу 2-тыднёвых калядных святкаванняў і ў святы вечар прыпынялася ўсякая праца (інакш, паводле нар. павер’яў, магла «скрывець дамашняя жывёла»), усе павінны былі гуляць, наладжваліся ігрышчы з танц.-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. У розных рэгіёнах Беларусі «К.в.» маюць свае адметныя рысы. На Палессі і Падняпроўі — карнавалізаваныя шэсці і прадстаўленні пераапранутых. Паводле нар. вызначэння, «К.в.» — самы вясёлы час года: можна хадзіць буслам, канём, казлом, цыганом, гусаром — «кім хочаш, тым і хадзі». На Паазер’і — гэта «каляднае вяселле для ўсіх» — «Жаніцьба Цярэшкі», дзе ўсе пары, што перакруціліся ў «Лявонісе» («пажаніліся» ў танцы), павінны па чарзе яшчэ і даганяць сваіх «дзядоў» і «бабак», якія ўцякаюць. Для тэатралізаваных паказаў характэрна багатая вобразнасць: парадзіраваныя пахаванні з амбівалентнасцю смерці-ўваскрэсення ў танцы, гульні, рытуальным смеху («Тут каза ўпала, // Здохла і прапала. // Ты, стара казішча, // Устань, развесяліся»). Драматызм сапраўднага вяселля як абраду пераходу (пераўтварэння) у «Жаніцьбе Цярэшкі» падаецца ў смехавай гратэскавай форме («Дзед бабу тапіць вядзець, // А баба крычыць — не йдзець. // Дзед бабу — чабох на дно, // А мне, дзед, і тут ладно»). Пра «К.в.» ў сучасных вёсках Палесся і Паазер’я зняты аднайм. дакумент. кінафільм (1990).

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі. Мн., 1975;

Народны тэатр. Мн., 1983;

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

Літ.:

Бахтин М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1965;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн.. 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

хімічная сувязь, якая, у адрозненне ад простай хім. сувязі, утворана больш чым адной парай электронаў. Паводле ліку электронных пар, што ўдзельнічаюць ва ўтварэнні К.с., адрозніваюць падвойную, патройную і чацвярную сувязі.

Паводле ўласцівасцей сіметрыі малекулярных арбіталей К.с. падзяляюць на σ-, π- і δ-сувязі. Арбіталі σ-сувязей маюць цыліндрычную сіметрыю адносна лініі сувязі, арбіталі π-сувязей антысіметрычныя адносна плоскасці, якая праходзіць праз сувязь. Простая хімічная сувязь утвараецца толькі σ-малекулярнымі арбіталямі, а π-сувязь — паміж атамамі ўжо злучанымі σ-сувяззю. Падвойная сувязь складаецца з адной σ- і адной π-сувязей (напр., у малекуле этылену H2C=CH2). Патройная сувязь паміж 2 атамамі з’яўляецца камбінацыяй адной σ- і дзвюх π-сувязей (напр., у малекуле ацэтылену HC=CH). Чацвярная сувязь, характэрная толькі для пераходных металаў, уключае арбіталі патройнай сувязі і арбіталі δ-сувязі. Найб. трываласцю вызначаюцца σ-сувязі. Энергія π-сувязі складае прыкладна 80% энергіі σ-сувязі, а ўклад δ-сувязі, напр., у комплексным октахлорадырэнат-аніёне [Re2CL8]​2-, ацэньваецца прыблізна ў 14% ад поўнай энергіі сувязі. Пры наяўнасці ў малекуле 2 і большага ліку К.с. яны ўтвараюць сістэмы з кумуляванымі (2 падвойныя сувязі мяжуюць з адным атамам, напр., у алене H2C=C=CH2), спалучанымі [падвойныя ці (і) патройныя сувязі падзелены адной простай, напр., у акрыланігрыле H2C=CH—C≡N] і ізаляванымі сувязямі (К.с. падзелены 2 і больш простымі сувязямі, гл. Дыенавыя вуглевадароды). У спалучаных сістэмах парадак К.с. (мера кратнасці, заселенасці сувязі электронамі) — велічыня дробная.

Літ.:

Гиллеспи Р. Геометрия молекул: Пер. с англ. М., 1975;

Коттон Ф.А., Уолтон Р.У. Кратные связи металл—металл: Пер. с англ. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Да арт. Кратная сувязь. Схема ўтварэння сувязей; а) простай σ-сувязі C−C у малекуле C2H6 этану; б) падвойнай сувязі C=C у малекуле C2H4 этылену; в) патройнай сувязі C≡C у малекуле C2H2 ацэтылену.

т. 8, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)