ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЎНЫ ЗБОР РУ́СКІХ ЛЕ́ТАПІСАЎ»

(«Полное собрание русских летописей», ПСРЛ),

шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсх. славян. Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АН СССР. Да 1921 выдадзена 24 т., усяго выйшла 38 тамоў. Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па інш. спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем. Беларускія і бел.-літ. летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах. У 17-м т. апубл. летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т. л. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і інш. гіст.-літ. матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем. У 32-м т. змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс. У 35-м т. надрукаваны агульнадзярж. бел.-літ. летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навук. ўжытак Магілёўская хроніка. У 38-м т. (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс. У некат. інш. тамах змешчаны помнікі стараж.-рус. летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі бел. народа: Аўрамкі летапіс (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і інш. На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПСРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную бел. мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 12, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХААНА́ЛІЗ (ад псіха... + аналіз),

вучэнне пра даследаванне бессвядомых псіхічных працэсаў і матывацый, выкарыстанне тэрапеўтычных уплываў на іх. Засн. ў канцы 19—1-й трэці 20 ст. З.Фрэйдам. Вынікі псіхатэрапеўт. практыкі, аналіз розных з’яў нармальнага псіхічнага жыцця (сон, памылковыя дзеянні, дасціпнасць) вызначаны Фрэйдам як вынік дзеяння агульных псіхал. механізмаў. Паслужыў асновай аналітычнай псіхалогіі, распрацаванай К.Юнгам, індывідуальнай псіхалогіі, засн. на вучэнні А.Адлера, і інш. плыняў глыбіннай псіхалогіі. П. узняў праблему сэнсавай і энергет. характарыстык псіхікі, яе структуры і дынамікі. Пашырыўся ў многіх краінах як сістэма поглядаў на прыроду чалавечай псіхікі, з’явы маралі, рэлігіі, культуры, мастацтва, навукі, грамадскага жыцця і інш. У аснове гэтых поглядаў тэорыя неўсвядомленага і полавай цягі. Неўсвядомленае праяўляецца ў паводзінах і псіхіцы чалавека; метады яго выяўлення — свабодныя асацыяцыі, тлумачэнне сноў, вывучэнне неўратычных сімптомаў і інш. Асоба ў структурных адносінах у П. складаецца з «Я», «Яно» і «Звыш-Я». Цэнтр. ідэя П. — існаванне тайнага канфлікту паміж неўсвядомленым і неабходнасцю выжыць у варожым для дадзенага індывіда асяроддзі. Адбываецца таксама сублімацыя (пераключэнне энергіі) неўсвядомленага. Механізм сублімацыі трактуецца як асн. крыніца творчасці. Паводле Фрэйда, П. займае «сярэдняе месца» паміж медыцынай і філасофіяй.

Літ.:

Фрейд З. Основные принципы психоанализа: Пер. с нем., анг. М.;

Киев, 1998;

Яго ж. Психоаналитические этюды: Пер. с нем. Мн., 1997;

Ярошевский М.Г. История психологии. 2 изд. М., 1997;

Ждан А.Н. История психологии. 3 изд. М., 1999;

Психоанализ и культура: Избр. тр. Карен Хорни и Эриха Фромма. М., 1995;

Шульц Д.П., Шульц С.Э. История современной психологии;

Пер. с анг. СПб., 1998.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЖА (Rosa),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 (па інш. звестках да 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. Стараж. цэнтр вырошчвання Р. — Пярэдняя Азія, адкуль яна трапіла ў ант. Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын) Найб. вядомыя Р.: Жэрара (R. scherardii), іржава-чырвоная (R. rubiginosa), майская, ці карычная (R. majalis), мяккая (R. mollis), сабачая (R. canina), скурысталістая (R. caesia), Юндзіла (R. jundzillii). Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. На Беларусі інтрадукаваны Р.: калючая (R. pimpinellifolia), маршчыністая (R. rugosa), шматкветная (R. multiflora), шызая (R. glauca) і інш.

Лістападныя або вечназялёныя кусты, часам павойныя, выш. 15—200 см (некат. віды ўтвараюць пляцістыя галіны даўж. да 12 м). Лісце чаргаванае, непарнаперыстае з прырослымі да чаранка прылісткамі. Кветкі простыя ці махровыя, дыяметрам 1—16 см, пахучыя, розных колераў, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Плод — аднанасенны арэшак, змешчаны звычайна ў мясістым несапраўдным плодзе. Плады шыпшыны маюць у сабе разнастайныя вітаміны, напр., вітаміну С у іх амаль у 10 разоў больш, чым у цытрусавых, з іх атрымліваюць сіропы і вітамінныя канцэнтраты, жаўцягонны прэпарат халасас, з пладоў і пялёсткаў — варэнне, мармелад, пасцілу, цукеркі, з пладоў і каранёў — дубільныя рэчывы, фарбавальнікі, з пялёсткаў казанлыкскай ружы — ружавы алей і ружавую ваду для парфумерыі, касметыкі, кандытарскай і лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Лек., харч., эфіраалейныя, тэхн., меданосныя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Ружа: 1 — шыпшына маршчыністая; 2 — Глорыя Дэй; 3 — Сэнтэнэр дэ Люрдэ; 4 — Джон Ф.​Кенэдзі; 5 — Супер Стар.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (сапр. Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч

(4.12.1912, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.2000),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны ін-т (1935). Працаваў бактэрыёлагам ва Узбекістане, Краснаярскім краі, Хакасіі, у Маскве, Мінску. З 1947 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў, у час. «Беларусь», у 1967—72 нам. гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Тэматыка вершаў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй (зб-кі «У заўтрашні свет», 1951; «Святло акон тваіх», 1959; «Служба святла», 1967; «Зямля гаворыць зорам», 1971). Яго творы вылучаюцца філас. напружаннем думкі, увядзеннем у стылістыку вершаў тэрміналогіі розных галін навукі, што характарызуе лірычнага героя як чалавека справы. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў бел. паэзіі («Яго Вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) стварыў манумент. вобраз Чалавека, злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, як маральную каштоўнасць сённяшняга часу сцвярджае асабістую адказнасць чалавека за далейшае існаванне зямной цывілізацыі. За кн. «Крокі сэрца» (1980) літ. прэмія імя А.​Куляшова 1981. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Някрасава, А.​Міцкевіча, М.​Упеніка.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

[Вершы і паэма «Яго Вялікасць»]. Мн., 1969;

Два колеры жыцця. Мн., 1973;

Позірк. Мн., 1977;

Паэмы. Мн., 1979;

Ісці да чалавека: Літ. партрэты. Мн., 1987;

Хвала жыццю. Мн., 1987.

Літ.:

Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Ярац В. Сінтэз традыцый і наватарства // Бел. літаратура. Мн., 1985. Вып. 13.

І.​Э.​Багдановіч.

А.С.Русецкі.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,

рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.

Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.​Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.​Уітл (Вялікабрытанія) і інш.

Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).

т. 13, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́МІТ ТЫСЯЧАГО́ДДЗЯЎ,

сустрэча лідэраў краін (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), якія з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Адбыўся 6—8.9.2000 у г. Нью-Йорк (Рэспубліку Беларусь прадстаўляў Прэзідэнт А.​Р.​Лукашэнка). Праводзіўся з мэтай узмацнення ролі ААН у міжнар. палітыцы і ў сувязі з пачаткам новага тысячагоддзя. З дакладам на С.т. выступіў Генеральны сакратар ААН К.​Анан (кіраўнікі краін і ўрадаў выступалі з 5-хвіліннымі паведамленнямі-дакладамі). На С.т. адзначалася, што ўжо 55 гадоў свет жыве без войнаў паміж вядучымі дзяржавамі, хоць войны, пераважна ўнутры краін, працягваюцца (у 1990-х г. у выніку войнаў і ўзбр. канфліктаў загінула больш за 5 млн. чал.), узмацняецца мілітарызацыя шэрагу дзяржаў і розных слаёў насельніцтва (у арсеналах ядз. дзяржаў знаходзіцца 35 тыс. ядз. боепрыпасаў, а на руках людзей — 500 млн. адзінак стралк. зброі). ААН робіць энергічныя захады для ўмацавання міру (у 1990-я г. падпісана ў 3 разы больш мірных пагадненняў, чым за 3 папярэднія дзесяцігоддзі, вырасла колькасць аперацый ААН у падтрымку міру, міжнар. санкцый, у т. л. фактаў эмбарга на пастаўку зброі ў шэраг дзяржаў). Разам з умацаваннем міру паміж народамі гал. задачамі ААН з’яўляюцца: барацьба з галечай, неадукаванасцю і хваробамі, процідзеянне насіллю і тэрору, барацьба з дэградацыяй і разбурэннем асяроддзя існавання чалавека і інш. У ходзе С.т. адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на вышэйшым узроўні, у якім удзельнічалі У.​Пуцін (Расія), Б.​Клінтан (ЗША), Т.​Блэр (Вялікабрытанія), Ж.​Шырак (Францыя), Цзян Цзэмінь (Кітай). Па выніках работы С.т. прынята Заключная дэкларацыя.

Літ.:

Саммит тысячелетия в ООН // Междунар. жизнь. 2000. № 10.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНСКРЫ́Т (ад санскр. апрацаваны),

літаратурна апрацаваная мова арыйскай цывілізацыі ў Індыі (у процілегласць пракрыту — мове неадукаваных мас); адна з асн. стараж.-індыйскіх моў. Вызначаецца строга нармалізаванай граматыкай.

У фанетыцы С. 3 чыстыя галосныя (а, е, о), 2 глайды (і, u), плаўныя складовыя (r, l), багатая ўпарадкаваная сістэма зычных (з проціпастаўленнем звонкасці-глухасці, прыдыхальнасці-непрыдыхальнасці), свабодны націск, залежныя ад націску тоны; у марфалогіі — сямісклонавая сістэма імя, клічная форма, 3 роды і лікі, багатая сістэма катэгорый і форм дзеяслова; у лексіцы — вял. колькасць складаных слоў, часам эквівалентных сінтагме ці цэламу сказу. С. падзяляецца на ведыйскі (15—5 ст. да н.э.), эпічны (5 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) і класічны, або С. у вузкім сэнсе (2—16 ст. н.э.).

Санскрытамоўная культура мае найбагацейшую л-ру. Ведыйскія тэксты (гл. Веды) — творы рэлігійныя (гл. Ведычная рэлігія), маст., навук., філас., юрыдычныя, якія ў храналагічным парадку распадаюцца на 4 цыклы: Самгіта — збор гімнаў (Рыгведа і інш.), Брахманы — каментарый да Веды і інш., Упанішады — рэлігійныя і філас. аповесці, Сутры — звод розных практычных правіл. На эпічным С. створаны сусветнавядомыя эпасы «Махабхарата» і «Рамаяна». Класічны С. прадстаўлены ў першую чаргу тэкстамі інд. граматыстаў. Нормы класічнага С. выкладзены ў граматыцы Паніні (5—4 ст. да н.э.). На пісьме выкарыстоўваліся пераважна разнавіднасці шрыфту дэванагары. У Індыі С. выкарыстоўваецца як мова гуманітарных навук і культу. З адкрыццём і пачаткам вывучэння С. ў Еўропе звязана зараджэнне параўнальна-гістарычнага мовазнаўства.

Літ.:

Иванов В.В., Топоров В.Н. Санскрит. М., 1960;

Барроу Т. Санскрит: Пер. англ. М., 1976;

Кочергина В.А. Санскритско-русский словарь. 2 изд. М., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯШЧЭ́ННЫ САЮ́З,

саюз еўрапейскіх манархаў, заключаны пасля краху напалеонаўскай імперыі. 26.9.1815 у Парыжы рас. імператарам Аляксандрам I, аўстр. імператарам Францам I і прус. каралём Фрыдрыхам Вільгельмам III падпісаны т.зв. Акт свяшчэннага саюза. 19.11.1815 да С.с. далучыўся франц. кароль Людовік XVIII, потым большасць манархаў Еўропы. Вялікабрытанія не ўвайшла ў саюз, але падтрымлівала яго палітыку. Дзейнасць С.с. была накіравана на ажыццяўленне рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15, задушэнне рэв. і нац.-вызв. руху ў Еўропе. Вядучая роля ў саюзе належала Аляксандру I і К.В.Метэрніху. На 1-м Ахенскім кангрэсе 1818 вырашаны пытанні пра датэрміновы вывад акупац. войск з Францыі, пра захаванне ў Еўропе дзярж. граніц, вызначаных Венскім кангрэсам, і абсалютысцкіх рэжымаў. На Тропаўскім кангрэсе 1820 Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі пратакол, якім абвяшчалася права ўзбр. ўмяшання ў справы інш. дзяржаў (у адпаведнасці з гэтым рашэннем Аўстрыя задушыла Неапалітанскую рэвалюцыю 1820—21 і рэвалюцыю 1821 ў П’емонце). Лайбахскі кангрэс 1821 санкцыяніраваў аўстр. інтэрвенцыю ў Неапалі і П’емонце. У адпаведнасці з рашэннем Веронскага кангрэса 1822 франц. армія ў 1823 уварвалася ў Іспанію, задушыла рэвалюцыю і аднавіла абсалютызм. Супярэчнасці паміж С.с. і Вялікабрытаніяй узніклі з-за розных адносін да вайны за незалежнасць ісп. калоній у Амерыцы 1810—26, паміж Расіяй і Аўстрыяй — у сувязі з процілеглымі адносінамі да грэч. нац.-вызв. паўстання 1821—29. Паўстанне дзекабрыстаў у 1825 у Расіі, рэвалюцыя 1830 у Францыі і Бельгіі, паўстанне 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі моцна падарвалі С.с. У пач. 1830-х г. саюз фактычна распаўся (фармальна ў 1848 у час рэвалюцыі 1848 у Францыі).

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМ (ад грэч. atomos непадзельны),

часціца рэчыва, найменшая частка хім. элемента, якая з’яўляецца носьбітам яго ўласцівасцяў. Кожнаму элементу адпавядае пэўны род атама, якія абазначаюцца сімвалам хім. элемента і існуюць у свабодным стане або ў злучэнні з інш. атамамі, у складзе малекул. Разнастайнасць хім. злучэнняў абумоўлена рознымі спалучэннямі атамаў у малекулах. Фіз. і хім. ўласцівасці свабоднага атама вызначаюцца яго будовай. Атам мае дадатна зараджанае цэнтр. атамнае ядро і адмоўна зараджаныя электроны і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі.

Асн. характарыстыка атама, што абумоўлівае яго прыналежнасць да пэўнага элемента, — зарад ядра, роўны +Ze, дзе Z = 1, 2, 3, ... — атамны нумар элемента, e — элементарны эл. зарад. Ядро з зарадам +Ze утрымлівае вакол сябе Z электронаў з агульным зарадам -Ze. У цэлым атам электранейтральны. Пры страце электронаў ён ператвараецца ў дадатна зараджаны іон. Маса атама ў асноўным вызначаецца масай ядра і прапарцыянальная яго атамнай масе, якая прыблізна роўная масаваму ліку. Пры яго павелічэнні ад 1 (для атама вадароду, Z = 1) да 250 (для атама трансуранавых элементаў, Z>92) маса атама мяняецца ад 1,67∙10​−27 да 4∙10​−25 кг. Памеры ядра (парадку 10​−14—10​−15 м) вельмі малыя ў параўнанні з памерамі ўсяго атама (10​−10 м). Паводле квантавай тэорыі, для электронаў у атаме магчымы толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі, якія для атама вадароду і вадародападобных іонаў вызначаюцца формулай En = −hcR Z2 n2 , дзе h — Планка пастаянная, c — скорасць святла, R — Рыдберга пастаянная, n = 1, 2, 3 ... цэлы лік, які вызначае магчымае значэнне энергіі і наз. галоўным квантавым лікам. Велічыня hcR=13,60 эВ ёсць энергія іанізацыі атама вадароду, г. зн. энергія, неабходная на тое, каб перавесці электрон з асн. ўзроўню (n=1) на ўзровень n=∞, што адпавядае адрыву электрона ад ядра. Электроны ў атаме пераходзяць з аднаго ўзроўню энергіі на другі паводле квантавага закону Ei−Ek=hν. Кожнаму значэнню энергіі адпавядае 2n​2 розных квантавых станаў, што адрозніваюцца значэннямі трох дыскрэтных фізічных велічыняў: арбітальнага моманту імпульсу Me, яго праекцыі Mez на некаторы напрамак z і праекцыі (на той жа напрамак) спінавага моманту імпульсу Msz. Me вызначаецца азімутальным квантавым лікам 1, які прымае n значэнняў (1=0, 1, 2 ..., n-1); Mez — арбітальным магнітным квантавым лікам me, які прымае 21+1 значэнняў (m1 = 1, 1-1, ..., -1); Msz спінавым магнітным квантавым лікам ms, які мае значэнні ½ і −½ (гл. Спін, Квантавыя лікі). Агульны лік станаў з аднолькавай энергіяй (зададзена n) наз. ступенню выраджэння ці статыстычнай вагой. Для атама вадароду і вадародападобных іонаў ступень выраджэння ўзроўняў энергіі gn=2n2. Зададзенаму набору квантавых лікаў n, 1, me адпавядае пэўнае размеркаванне электроннай шчыльнасці (імавернасці знаходжання электрона ў розных месцах атама). Паводле Паўлі прынцыпу, у атаме не можа быць двух (або больш) электронаў у аднолькавым стане, таму максімальны лік электронаў у атаме з зададзенымі n і 1 роўны 2 (21 + 1). Электроны ўтвараюць электронную абалонку атама і цалкам яе запаўняюць. На аснове ўяўлення пра паступовае запаўненне, з павелічэннем Z, усё больш аддаленых ад ядра электронных абалонак можна растлумачыць перыядычнасць хім. і фіз. уласцівасцяў элементаў. Гл. таксама Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.

Літ.:

Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1—2. М., 1984;

Борн М. Атомная физика. М., 1970;

Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;

Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989.

М.​А.​Ельяшэвіч.

Да арт. Атам. Размеркаванне электроннай шчыльнасці для станаў атама вадароду з n = 1, 2 і 3.
Да арт. Атам. Узроўні энергіі En і спектральныя серыі атама вадароду: лініі серый Лаймана, Бальмера і Пашэна.

т. 2, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)