КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),

каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала ​3/4 тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́ЛАЎ (Віктар Рыгоравіч) (8.12.1927, Мінск — 3.5.1994),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1949). З 1956 на Рэсп. студыі тэлебачання, з 1969 адначасова выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Для творчасці характэрны спалучэнне стылістыкі т-ра са спецыфічна тэлевізійнымі сродкамі выразнасці, выкарыстанне музыкі і жывапісна-графічных выяўл. сродкаў: тэлепастаноўкі «Млын на сініх вірах» У.​Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.​Горкага (1959), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (1964), «Ранак» Г.​Вагнера (1968, тэлеопера), «Ткачы» Г.​Гаўптмана (1969), «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча (1978), «Безназоўнае» паводле твораў Я.​Купалы і «Імяніны» па матывах твораў Я.​Коласа (1982), «Федра» паводле Ж.​Расіна (1983) і інш. Паставіў тэлефільмы: маст. «Тартак» (1974), дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 2-я і 3-я серыі), «Гранд эдукадор» (1970), «Помнікі не маўчаць» (1971).

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПІ́НСКІ ((Karpiński) Францішак) (4.10.1741, в. Галаскоў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 16.9.1825),

польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польск. сентыменталізму; асветнік. Скончыў езуіцкую акадэмію ў Львове (1762). Жыў у Вене, Варшаве. З 1793 на Беларусі. Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў, сабраных у «Забаўках вершам і прозай» (т. 1—7, 1782—87), камедыі «Чынш» (1790). У аўтабіягр. «Дзённіках» (1822, вытрымалі 6 выданняў) апісаў жыццё на Беларусі. Матывы бел. фальклору выкарыстаў у творах «Падарожжа па зачараванай краіне», «Свецкія песні». Дэмакратычна асветніцкі светапогляд К. з ухілам да эмацыянальна-маральных дамінантаў выявіўся ў філас.-этычным творы «Размова Платона са сваімі вучнямі» (1802) і інш. Творчасць К. паўплывала на В.​Дуніна-Марцінкевіча.

Тв.:

Dzieła. T. 1—4. Warszawa, 1806;

Pamiętniki. Warszawa, 1898;

Historia mego wieku i ludzi, z którymi żyłem. Warszawa, 1987.

Літ.:

Sobol R. Franciszek Karpiński. Warszawa, 1807.

т. 8, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. correlatio суадносіны) у біялогіі, узаемазалежнасць у зменлівасці паміж марфал., фізіял., біяхім. прыкметамі раслінных ці жывёльных арганізмаў; узаемасувязь паміж біял. працэсамі са складаным перакрыжаваннем розных прычын, узаемных уплываў і іх вынікаў. Паняцце К. ўведзена франц. заолагам Ж.​Кюўе, распрацоўвалася сав. біёлагамі А.​М.​Северцавым і І.​І.​Шмальгаўзенам. Адлюстроўвае ўзаемную адпаведнасць будовы і функцый клетак, тканак, органаў і сістэм арганізма, якая выяўляецца ў працэсе яго развіцця і жыццядзейнасці. Бывае дадатная (прамая залежнасць паміж прыкметамі) і адмоўная (залежнасць адваротная). Стат. мера ўзаемасувязі развіцця прыкмет — каэфіцыент К.

Адрозніваюць некалькі форм К.: геномную, якая абумоўлена дзеяннем сукупнай колькасці спадчынных фактараў (плеятрапія) і дзеяннем звязаных паміж сабой генаў (храмасомная К.); морфагенетычную — узаемазалежнасць ва ўнутр. фактарах індывід. развіцця (пры гэтым разглядаецца сувязь паміж двума або многімі морфагенет. працэсамі). Філагенетычная, або філетычная К. — суадносная змена органаў у працэсе эвалюцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЕ ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,

сукупнасць даследаванняў Зямлі з космасу з дапамогай аэракасмічных метадаў і візуальных назіранняў. Уключае вывучэнне структуры і зменлівасці атмасферы, гідрасферы, літасферы, біясферы і праяўленні гасп. дзейнасці чалавека. Цесна звязана з касм. картаграфіяй, геалогіяй, акіяналогіяй, гідралогіяй і інш. Асн. мэта К.з. — пазнанне заканамернасцей геагр. абалонкі, вывучэнне прыродных рэсурсаў для іх аптымальнага выкарыстання, ахова навакольнага асяроддзя, забеспячэнне прагнозаў надвор’я і інш. К.з. пачало развівацца на пач. 1960-х г. пасля запуску першых сав. і амер. ШСЗ. Інфармацыю са спадарожнікаў і касм. караблёў атрымліваюць з выш. ад 250—500 км (адкуль разам з касмічнай здымкай праводзяцца візуальныя назіранні) да 100 тыс. км і больш (гл. Дэшыфраванне аэрафотаздымкаў). На Беларусі К.з. займаюцца картографа-геад. аб’яднанне «Белгеадэзія», ВА «Белгеалогія», Навук.-вытв. комплекс «Космааэрагеалогія», Рэсп. навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш.

Ф.​Е.​Шамкевіч.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШУ́БСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (лехіцкая падгрупа). Пашырана ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяв. Польшчы. Блізкая да польскай мовы (некат. мовазнаўцы лічаць яе польск. дыялектам). Мае 2 дыялекты: паўночны і паўднёвы. Спецыфічныя асаблівасці: ужыванне галоснага «i» замест «ę», часам захаванне праслав. «tǎrt» без пераходу ў «trot», зацвярдзенне мяккіх «ś», «ź», «ć», і інш. На працягу 13—20 ст. зазнала значны ўплыў нямецкай мовы. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца канцом 16 ст., выдавалася рэліг., маст. л-ра, рабіліся спробы ўнармавання літ. мовы. Сучасная літ. мова ўжываецца абмежавана.

Літ.:

Atlas językowy kaszubszczyzny i dialektów sąsiednich. Z. 1—15. Wrocław etc., 1964—78;

Sychta B. Słownik gwar kaszubskich na tle kultury ludowej. T. 1—7. Wroclaw etc., 1967—76;

Popowska-Taborska H. Kaszubszczyzna. Warszawa, 1980;

Popowska-Taborska H., Boryś W. Leksyka kaszubska na tle słowiańskim. Warszawa, 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІО́ПТЫКА (квазі... + оптыка),

раздзел радыёфізікі, які вывучае выпрамяненне і распаўсюджванне эл.-магн. хваль з даўжынёй хвалі λ 1—2 мм ва ўмовах, калі іх распаўсюджванне падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, але з улікам таксама і дыфракцыйных з’яў. К. распрацоўвае асімптатычныя метады для апісання дыфракцыі кароткіх хваль (гл. Дыфракцыя хваль) у сістэмах, памеры якіх істотна перавышаюць даўжыню хвалі.

Метады даследавання ўмоўна падзяляюцца на 2 групы. У першай зыходныя дакладныя ўраўненні заменьваюцца прыбліжанымі і шукаюцца рашэнні гэтых ураўненняў, у другой адразу ў агульным выглядзе выкарыстоўваюцца раскладанні рашэнняў па элементарных хвалях, пасля чаго ўжываюцца прыбліжаныя метады даследаванняў. К. пачала хутка развівацца ў 1950—60-я г. з асваеннем міліметровага і субміліметровага дыяпазонаў эл.-магн. хваль і са стварэннем аптычных квантавых генератараў, выпрамяненне якіх само стала аб’ектам вывучэння К. Асн. дасягненне К. — стварэнне адкрытых аптычных рэзанатараў і квазіаптычных ліній сувязі.

М.​А.​Гусак.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.​Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.​Бэкана, І.​Ньютана, Ч.​Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.​Максвел, П.​Дзірак, Дж.​Дж.​Томсан, Э.​Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНГУРО́ВЫЯ (Macropodidae),

сямейства сумчатых млекакормячых, 3 падсям., 17 родаў, каля 55 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі на а-вах Новая Гвінея, Тасманія, архіпелагу Бісмарка; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Большасць відаў — наземныя, некат. прыстасаваны да жыцця на дрэвах. Актыўныя ў прыцемках. Трымаюцца групамі. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела 25—160 см, хваста 15—110 см, маса 1,4—90 кг. Заднія канечнасці даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія; хвост моцны, большасць відаў карыстаецца ім як балансірам пры скачках (да 13 м у даўж.) са скорасцю да 50 км/гадз. Расліннаедныя; некат. кормяцца насякомымі і чарвямі. Раз у год нараджаюць 1 (зрэдку 2—3) дзіцяня і выношваюць у вывадкавай сумцы на жываце самкі 6—8 мес. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Гадуюць на фермах.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Кенгуровыя. Кенгуру: 1 — паласаты; 2 — шэры; 3 — дрэўны.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)