ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,

работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 7, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАРА́ДКУ КІРАВА́ННЯ,

злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 7, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя),

інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.​А.​Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАЗІ́ЙНЫЯ ХВАРО́БЫ, паразітарныя хваробы,

хваробы жывёл і чалавека, абумоўленыя паразітаваннем у іх арганізме асобных відаў прасцейшых, чарвей, кляшчоў і насякомых. Паводле лакалізацыі ўзбуджальнікаў падзяляюцца на эндагенныя (узбуджальнікі паразітуюць у крыві, лімфе, унутр. органах) і экзагенныя (на скуры, слізістых абалонках); паводле віду ўзбуджальнікаў — на протазаозы (узбуджальнікі прасцейшыя), гельмінтозы (чэрві), акарозы (кляшчы), энтамозы (насякомыя). Крыніца заражэння — хворыя арганізмы або пасіўныя паразітаносьбіты. Заражэнне (перадача ўзбуджальніка І.х., або інвазія) адбываецца праз ежу, ваду і аб’екты знешняга асяроддзя, пры пранікненні ўзбуджальнікаў у арганізм праз вонкавыя абалонкі (скуру, слізістыя), кантакце з хворым (большасць І.х. належаць да прыродна-ачаговых і развіццё іх узбуджальнікаў адбываецца з удзелам прамежкавых гаспадароў ці пры пэўных умовах знешняга асяроддзя). Да І.х. іншы раз адносяць хваробы раслін, выкліканыя паразітаваннем тых жа арганізмаў. І.х. жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія.

А.​А.​Астапаў.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕНТАРЫЗА́ЦЫЯ,

перыядычная праверка адпаведнасці фактычнай наяўнасці гасп. сродкаў (матэрыяльных і інш. каштоўнасцей) даным бухгалтарскага ўліку; адзін са сродкаў кантролю за захаваннем уласнасці, фінансава-разліковай дысцыпліны. Праводзіцца ва ўстаноўленыя тэрміны (планавая І.), раптоўна (рэвізія), пры змене матэрыяльна-адказных асоб, пасля стыхійных бедстваў, па патрабаванні следчых органаў, у інш. выпадках. Вылучаюць бягучую (праводзіцца ў любы час на працягу года) і гадавую (пры складанні гадавой справаздачы), поўную (ахоплівае ўсе віды сродкаў прадпрыемства, фірмы, арганізацыі) і частковую. І. прыродных рэсурсаў, улік колькасці, якасці, дынамікі запасаў і ступені эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. Ажыццяўляецца самастойна і ў працэсе складання кадастраў. Выкарыстоўваецца ў якасці асновы для распрацоўкі праектаў рацыянальнага прыродакарыстання, экалагічных прагнозаў, планавання прыродаахоўнай дзейнасці, вырашэння навук. праблем. На падставе фактаграфічных даных І. прыродных рэсурсаў складзены водны, зямельны, лясны кадастры Беларусі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯСНІ́ЦА,

разнавіднасць колавай павозкі, якая выкарыстоўвалася пры баявых дзеяннях, для трыумфальных, рытуальных і пахавальных шэсцяў, а таксама для спарт. спаборніцтваў. Рытуальныя і баявыя К. трапляюцца пры раскопках багатых пахаванняў канца 3-га тыс. да н.э. і больш позняга часу (Закаўказзе, Кіш, Ур і інш.). Баявыя К. шырока выкарыстоўваліся ў войсках дзяржаў Стараж. Усходу. Былі двух відаў: на 2 колах, запрагаліся адным або парай коней; на 4 колах. запрагаліся чацвёркай коней, неслі 4 і больш воінаў. У Стараж. Грэцыі К. прызначаліся ў асн. для спарт. спаборніцтваў. У Рыме найб. значэнне набылі трыумфальныя К. для пераможных імператарскіх шэсцяў. У іх запрагалі да 8 пар коней. Са з’яўленнем цяжкай кавалерыі ў раннім сярэдневякоўі К. знікае.

Да арт. Калясніца. Паляванне на львоў. Рэльеф з палаца Ашурнацырапала II у Кальху. 883—859 да н.э.

т. 7, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЧНЫЯ СЯЧЭ́ННІ,

лініі, якія атрымліваюцца пры перасячэнні прамога кругавога конуса з плоскасцямі, што не праходзяць праз яго вяршыню. Пры розных становішчах сякучай плоскасці адносна конуса атрымліваюцца эліпс, парабала, гіпербала.

Калі ў плоскасці выбрана дэкартава сістэма каардынат, то кожнае з К.с. вызначаецца ўраўн. 2-й ступені: Ax​2 + 2Bxy + Cy​2 + 2Dx + 2Ey + F = 0. Наадварот, калі такое ўраўн. мае хоць адно сапраўднае рашэнне і левая частка ўраўн. не распадаецца на 2 лінейныя множнікі, то гэтае ўраўн. задае адно з К.с. Такім чынам, К.с. вызначаюцца яшчэ як крывыя 2-га парадку, якія не распадаюцца. К.с. пашыраны ў з’явах прыроды і ў розных галінах навукі. Напр., планеты сонечнай сістэмы і ШСЗ рухаюцца па эліпсах; траекторыя цела, кінутага нахілена да гарызонту, падобна на парабалу.

Да арт. Канічныя сячэнні: а — эліпс; б — парабала; в — гіпербала.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НГІ (лац. Carolingi, франц. Carolingiens, ням. Karolinger),

каралеўская і імператарская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 8—10 ст. Назва ад імя Карла Вялікага. Вылучыліся ў 6 ст. са знатнага роду рыпуарскіх (усходніх) франкаў. У 7 ст. замацавалі за сабой пасаду маярдомаў (правіцеляў) Аўстразіі (усх. ч. Франкскай дзяржавы), да канца стагоддзя фактычныя ўладары ўсёй дзяржавы. Узмацніліся пры Карле Мартэлу, сын якога Піпін Кароткі (каранаваўся ў 751) скінуў апошняга прадстаўніка дынастыі Меравінгаў. Найб. магутнасці дасягнулі пры Карле Вялікім. Пасля Вердэнскага дагавора 843 падзяліліся на 3 галіны: сярэднефранкскую (італьянскую; правіла да 905), усходнефранкскую (германскую; правіла да 911), заходнефранкскую (французскую; правіла да 987). Гл. таксама «Каралінгскае адраджэнне».

Літ.:

Лебек С. Происхождение франков, V—IX вв.: Пер. с фр. М., 1993;

Тейс Л. Наследие Каролингов, IX—X вв.: Пер. с фр. М., 1993.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАКСІМЕТЫЛЦЭЛЮЛО́ЗА,

просты эфір цэлюлозы і гліколевай кіслаты агульнай формулы [C6H7O2(OH)3-x(OCH2COOH)x]n, дзе x = 0,08—1,5. Выкарыстоўваюць у асн. натрыевую соль К. (Na-K).

Na-K. аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (30—25)∙10​3, т-ра размякчэння 170 °C, шчыльн. 1590 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе (растворы вязкія празрыстыя), не раствараецца ў арган. растваральніках, мінер. маслах. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем шчолачнай цэлюлозы з монахлорвоцатнай к-той ці яе натрыевай соллю ў прысутнасці гідраксіду натрыю. Выкарыстоўваюць як загушчальнік і стабілізатар гліністых суспензій пры бурэнні нафтавых і газавых свідравін, флотарэагент пры абагачэнні медна-нікелевых і калійных руд, кампанент клеявых кампазіцый для шпалер, для шліхтавання нітак у тэкст. вытв-сцях; прадукт, які мае больш за 95% Na-K., як загушчальнік зубных паст, касметычных сродкаў і харч. прадуктаў (напр., сокаў, мусаў).

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРМАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў, высокасцябловых культур (сланечнік, кукуруза), а таксама для падбору з валкоў падвяленай травы з адначасовым здрабненнем і пагрузкай масы ў трансп. сродкі. Выкарыстоўваецца пры нарыхтоўцы сенажу, сена, травяной мукі, сіласу (гл. таксама Сіласаўборачны камбайн).

К.к. бываюць самаходныя колавыя і гусенічныя, прычапныя да гусенічных і колавых («Беларусь») трактараў. Асн. вузлы — шасі са здрабняльнікам і зменныя рабочыя органы. У залежнасці ад культуры, якая ўбіраецца, К.к. абсталёўваюць адпаведнымі жняяркамі (суцэльнага зрэзу, ручаёвымі або барабаннымі), падборшчыкам, здрабняльным апаратам барабаннага ці дыскавага тыпу. Шырыня захопу да 4,2 м, прапускная здольнасць пры скошванні траў да 36 т/гадз.

Схема кормаўборачнага камбайна з жняяркай для ўборкі траў: 1 — рэжучы апарат; 2 — матавіла; 3 — шнэк; 4 — вальцы сілкавальнага апарата; 5 — здрабняльны барабан; 6 — сіласаправод; 7 — рухавік.

т. 8, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)