у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.
Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).
Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН (сапр.Новых) Рыгор Яфімавіч
(1864?, 1865? ці 1872, с. Пакроўскае Яркоўскага р-на Цюменскай вобл., Расія — 30.12.1916),
фаварыт рас. імператара Мікалая II і імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Сібірскі селянін, мянушку Р. атрымаў за разгульнае жыццё. У 1904—05 набыў папулярнасць у вышэйшых колах пецярб. арыстакратыі, з 1907 пры царскім двары як «празорлівец» і цудоўны лекар-«збавіцель». Р. абяцаў малітвамі вылечыць хворага на гемафілію царэвіча Аляксея і паслаць «боскую ласку» на дзярж. справы цара. Меў неабмежаваны ўплыў на царскую сям’ю, за хабар аказваў «пратэкцыі». Паводле яго парад прызначаліся і змяняліся вышэйшыя асобы дзярж. і царк. кіравання. «Распуціншчына» моцна падарвала прэстыж самадзяржаўя напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917. Р. забіты змоўшчыкамі-манархістамі Ф.Ф.Юсупавым, У.М.Пурышкевічам і вял.кн. Дзмітрыем Паўлавічам.
Літ.:
Пуришкевич В.М. Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З МІХАІ́ЛА АРХАНГЕ́ЛА»,
«Рускі народны саюз імя Міхаіла Архангела», чарнасоценная (гл.Чарнасоценцы) арг-цыя ў Расіі ў 1908—17. Узнік у пач. 1908 у выніку выхаду з «Саюза рускага народа» шэрагу ультраправых дзеячаў на чале з У.М.Пурышкевічам (старшыня саюза да лют. 1917). Названы ў гонар нябеснага апекуна цараМіхаіла Фёдаравіча, заснавальніка дынастыі Раманавых. Кіруючы орган — Гал. палата з 14 членаў (у Пецярбургу). Аддзелы ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску і інш. Праграма ў значнай ступені супадала з праграмай «Саюза рус. народа», але прызнавала неабходнасць Дзярж. думы пры поўным пазбаўленні выбарчых правоў яўрэяў, падтрымлівала агр. палітыку П.А.Сталыпіна. Дзеячы «С.М.А.» выступалі ў друку (газ. «Колокол», штотыднёвікі «Прямой путь», «Зверобой»), распаўсюджвалі свае кнігі і брашуры, праводзілі сходы, гутаркі, масавыя акцыі, арганізоўвалі антысеміцкія кампаніі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дзейнасць «С.М.А.» спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,
помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел.рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш. Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСМА́НАВЫ,
расійскі баярскі род канца 15 — пач. 17 ст.
Родапачынальнік Даніла Андрэевіч Пляшчэеў, празваны Басманам. Памёр у палоне ў ВКЛ пасля 1514. Аляксей Данілавіч (?—1570), ваенны і дзярж. дзеяч Расіі. З 1552 акольнічы, з 1555 баярын. Удзельнік Казанскіх паходаў 1545—52, Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. аблогі і ўзяцця маскоўскімі войскамі Полацка ў 1563, і інш. Апрычнік, давераная асоба цара Івана IV Грознага, па загадзе якога забіты сынам Фёдарам. Фёдар Аляксеевіч (?—1570), фаварыт Івана IV. Краўчы (1567), камандуючы апрычнымі войскамі на Пд краіны (1569). Памёр у ссылцы. Пётр Фёдаравіч (?—17.5.1606), набліжаная да Барыса Гадунова асоба. Акольнічы (з 1599), баярын (з 1605). У 1605 перайшоў на бок Ілжэдзмітрыя I, стаў яго даверанай асобай; забіты разам з ім. Іван Фёдаравіч (?—вер. 1603), ваенны і дзярж. дзеяч. Акольнічы (з 1602) Забіты ў час задушэння Хлопка паўстання 1603. Пасля смерці двух апошніх мужчынская лінія роду Басманавых спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́Д (Akkad),
Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на ПнМесапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.
Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬНЫЯ ХЛЕБАРО́БЫ, свабодныя хлебаробы,
былыя прыватнаўласніцкія сяляне ў Расіі, вызваленыя ад прыгоннай залежнасці паводле ўказа цара Аляксандра I ад 20.2.1803. Памешчыкам дазвалялася адпускаць прыгонных паасобку або цэлымі вёскамі з абавязковым надзяленнем іх зямлёй за выкуп ці за выкананне павіннасцей. Калі абавязацельствы парушаліся, сялян вярталі назад. Паводле 9-й рэвізіі (1851) у вольныя хлебаробы пераведзены 137 034 душы мужчынскага полу (1 % прыгонных) з надзелам 6,9 дзес. на рэвізскую душу, да сярэдзіны 19 ст. — 151 тыс. На Беларусі вядомы толькі адзіны выпадак выкарыстання ўказа: у 1819 дзяржава выкупіла ў памешчыка 57 рэвізскіх душ з в. Жарцы Полацкага пав., «зважаючы на выдатныя паслугі, зробленыя імі ў вайне 1812 года». Да вольных хлебаробаў часта адносілі ўсіх сялян, якія сталі ўласнікамі зямлі, таму паводле 8-й рэвізіі (1834) іх налічвалася ў Віцебскай губ. 305, у Магілёўскай — 364 душы мужчынскага полу. У 1848 вольныя хлебаробы ўключаны ў склад дзяржаўных сялян на ўласных землях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗНЫ ((Hrozný) Бедржых) (6.5.1879, г. Ліса-на-Лабе, Чэхія — 12.12.1952),
чэшскі ўсходазнавец, адзін з заснавальнікаў хеталогіі. Акад. Чэхаславацкай АН (1952). Праф. Венскага (1905) і Пражскага (1919) ун-таў. З 1897 вывучаў тэалогію, семіталогію і санскрыт у Венскім ун-це. У 1924—25 удзельнічаў у раскопках стараж. паселішча Кюльтэпэ. З 1929 гал. рэдактар час. «Archiv orientálni» («Усходні архіў»). З 1938 дырэктар Ін-та ўсходазнаўства ў Празе. Упершыню распрацаваў прынцыпы інтэрпрэтацыі хецкіх клінапісных тэкстаў (1915). У працы «Мова хетаў, іх лад і іх прыналежнасць да індагерманскага моўнага племені» (ч. 1—2, 1916—17) падрабязна выклаў канцэпцыю індаеўрап. характару хецкай мовы. Зрабіў першы поўны пераклад стараж. помніка клінапіснай хецкай мовы — надпісаў цара Анітаса. Аўтар прац «Хецкія клінапісныя тэксты з Багазкёя» (1919), «Хецкія клінапісныя тэксты, спроба дэшыфроўкі» (т. 1—3, 1933—37), «Старажытная гісторыя Пярэдняй Азіі, Індыі і Крыта» (4 выд., 1949), і інш.