РЭАФІ́ЛЫ [ад грэч. rheos цячэнне, паток + ...філ(ы)],

арганізмы, прыстасаваныя да жыцця ў цякучых водах рэк, ручаёў, прыліўна-адліўных зонах мораў і акіянаў. Здольныя супрацьстаяць цячэнню, існуюць у патоку вады ўсе жыццё (напр., прахадныя рыбы) або ў пэўныя перыяды жыццёвага цыкла (напр., лічынкі аўсянікаў, шыцікі). На Беларусі сярод раслін да Р. належаць ніткаватыя зялёныя водарасці, сіне-зялёныя водарасці, мох фантыналіс, кветкавыя расліны — рагаліснік, разак, рдзесты, трыснёг, чарот; сярод жывёл — гідры, губкі, імшанкі, прымацаваныя інфузорыі, бентасныя калаўроткі, малашчацінкавыя чэрві, малюскі; ракападобныя, з рыб — сцерлядзь, некат. карпападобныя (верхаводка, гусцяра, краснапёрка, плотка і інш.), ласосепадобныя (рапушка, стронга, харыус звычайны і інш.).

Патрабуюць высокага ўзроўню кіслароду ў вадзе. Беспазваночныя Р. — фільтратары, улоўліваюць кармавыя часцінкі пры дапамозе лоўчых сетак (шыцікі), пасіўнай фільтрацыі вады праз лоўчыя шчацінкі на целе (лічынкі мошак), седыментацыі ў віры, які ствараецца рухамі шчацінак або шчупальцаў (інфузорыі, губкі, калаўроткі і інш.). Звычайна з павелічэннем скорасці цячэння памеры беспазваночных Р (акрамя каланіяльных форм) памяншаюцца.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУСЛА́ЎСКАЯ (Нінэль Захараўна) (н. 21.6.1935, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. эстрадная спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла муз. вучылішча ў Душанбе (1958). У 1962—87 салістка Бел. філармоніі. Яе выканальніцкая манера вылучаецца мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый песні «Белая Русь» Ю.​Семянякі, «Спадчына» І.​Лучанка. Дыпламант 1-га Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Масква, 1966).

І.​І.​Зубрыч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДЗІНА (Вольга Васілеўна) (н. 23.12.1932, г. Каршы, Узбекістан),

руская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1959). У 1962—84 салістка Саратаўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Выступае ў канцэртах.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАКА́РП (ад аск + грэч. karpos плод),

пладовае цела грыбоў падкласа сапраўдных сумчатых грыбоў (эўаскаміцэтаў). Аснову аскакарпа складаюць шчыльна сплеценыя вегетатыўныя гаплоідныя гіфы міцэлію, сярод якіх з зіготы аскагенных гіфаў утвараюцца сумкі з аскаспорамі. У залежнасці ад формы і будовы аскакарпа вылучаюць клейстатэцыі, перытэцыі і апатэцыі. Паводле тыпу аскакарпа і сумак вылучаюць групы парадкаў: плектаміцэты, пірэнаміцэты і дыскаміцэты.

т. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМА́Н (Ібн Афан) (?—656),

трэці праведны халіф (з 644) у Араб. халіфаце; адзін з паплечнікаў і зяць Мухамеда. З роду Амеядаў. Па яго даручэнні складзена афіц. рэдакцыя Карана. Пры Асману тэр. халіфата значна пашырылася. Аддаваў перавагу меканскай, пераважна амеядскай, знаці. Яго палітыка выклікала незадаволенасць у войску і сярод часткі араб. знаці. Забіты ў час паўстання ў Медыне.

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Засн. ў 1505 у Ашмянах вял. кн. ВКЛ і каралём польскім Аляксандрам. Будынкі амаль на працягу ўсяго часу існавання былі драўляныя. У інвентары касцёла 1585 сярод кніг упамінаецца вельмі рэдкі антыфанар (літургічная кніга для спеваў антыфонам) на пергаменце. У 1659 збудаванні кляштара разбураны. У 1822 пабудаваны мураваны зальны касцёл. У 1832 кляштар закрыты.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́САЎ (Ізраіль Мордухавіч) (7.10.1918, г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці — 4.8.1994),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951). Працаваў пераважна ў жанры гар. і індустр. пейзажа. Сярод твораў: «Восень» (1963), «Мінск, вул. Кірава» (1967), «Дрэвы і горад» і «Гарадскі рытм» (1967); карціны філас. кірунку: «Саперніцы» і «Успаміны» (1968), «Дзяўчына ў чырвоным» (1979), «Дзве жанчыны» (1993).

М.​М.​Паграноўскі.

І.Басаў. Успаміны. 1968.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»,

клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ КАЛГА́СНАЯ»,

штомесячны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1932 у Мінску на бел. мове Аб’яднаннем пралетарска-калгасных пісьменнікаў Беларусі. Меў на мэце выхоўваць новых пісьменнікаў з асяроддзя калгаснага сялянства. Друкаваў творы пра сацыяліст. перабудову вёскі, жыццё калгасаў, саўгасаў, МТС. Сярод аўтараў Я.​Купала, П.​Броўка, А.​Куляшоў, К.​Чорны, М.​Зарэцкі, Я.​Скрыган і інш. Выйшла 8 нумароў.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,

газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)