СВІДЭ́РСКІ ((Świderski) Ян) (14.1.1916, г. Хмяльнік Вінніцкай вобл., Украіна — 18.10.1988),
польскі акцёр, рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1948). Скончыў Ін-ттэатр. мастацтва ў Варшаве (1938). Дэбютаваў у 1938 у Познані. У 1944—49 працаваў у тэатрах Беластока, Любліна, Лодзі. З 1949 у Варшаве: з 1955 у «Т-ры Драматычным» (акцёр, рэжысёр, у 1962—65 маст. кіраўнік і адначасова дырэктар т-ра), з 1966 у «Т-ры Атэнэум». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Творчасці ўласцівы глыбокі псіхалагізм, вострая характарнасць, майстэрства пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: «Барон» («На дне» М.Горкага), Паэт («Вяселле» С.Выспянскага), Стары («Крэслы» Э.Іанескі), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Саламон («Цана» А.Мілера), Йун Габрыэль Боркман (аднайм. п’еса Г.Ібсена). Паставіў «Вяселле» Выспянскага (1955), «Паліцыя» С.Мрожака (1958). Пастаноўшчык і выканаўца роляў Шамбяляна («Дурны Якуб» Т.Рытнера, 1970), Фрыдрыха 11 («Фрыдрых Вялікі» А.Навачынскага, 1977). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в.Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙНІ́ЦА,
адтуліна ў сцяне абарончага збудавання для вядзення агню са стралковай зброі (закрытыя байніцы) або прасвет паміж зубцамі ў завяршэнні крапасных сцен, вежах і інш. (адкрытыя байніцы). З’явіліся ў стараж. свеце. Пашырыліся ў сярэднявеччы, калі пачалося буд-ва замкаў, крэпасцяў, умацаванняў гарадоў, з 14—15 ст. і ў палявых абарончых умацаваннях. На Беларусі існавалі са стараж. часоў у драўляных абарончых збудаваннях, з 13 ст. — у мураваных вежах (Камянецкая вежа). Асабліва пашырыліся ў 14 ст. (Лідскі, Крэўскі, Гродзенскі Стары замкі). Прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў. Мелі прамавугольную, трапецападобную або паўцыркульную форму. У 15—16 ст. набылі круглаватую форму, бо сталі шырока выкарыстоўвацца ручная агнястрэльная зброя (рушніцы, аркебузы, мушкеты) і лёгкія гарматы (гакаўніцы). У 17 ст. над байніцамі круглаватай формы з’явіліся прамавугольныя вертыкальныя прарэзы для прыцэльвання (Любчанскі замак, Камайскі касцёл, кляштар брыгітак у Гродне). На валах земляных умацаванняў адкрытымі байніцамі служылі прасветы паміж напоўненымі зямлёй лазовымі кашамі. Байніцы, прызначаныя для вядзення агню з гармат, наз.амбразурамі, для кідання камення — машыкулямі.
А.А.Трусаў.
Байніцы Лідскага (злева) і Гродзенскага Старога замкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭН (Келясцін Іванавіч) (каля 1800, Брэстчына — 29.3.1875),
бел. краязнавец, фалькларыст, этнограф. Скончыў Брэсцкае 6-класнае вучылішча, Жыровіцкую духоўную семінарыю (1831). З 1831 святар у Кобрыне, з 1838 настаяцель царквы ў в.Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губ. У працы «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета...» (нап. 1856; зберагаецца ў архіве Геагр.т-ваРас. Федэрацыі ў С.-Пецярбургу) адлюстравана матэрыяльная і духоўная культура беларусаў на тэр. Падляшша. Складаецца з 6 раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У працы 38 песень (з іх 14 вясельных; пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў), 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі. Частка фалькл. матэрыялу змешчана ў дадатку. Ёсць малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, жылых і гасп. пабудоў і іх планы. У параўнальным плане пададзены штодзённы побыт беларусаў і мазураў, адметнае і аднолькавае ў іх культурах.
Літ.:
Лобач М. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павета свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў XIX стагоддзя // Studia polsko-litewsko-białoruskie. Warszawa, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛМА,
рака ў Мінскай вобл., левы прыток Свіслачы (бас. Дняпра). Даўж. 103 км. Пл. вадазбору 1150 км² Пачынаецца меліярац. каналам каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Каралёў Стан Мінскага р-на, цячэ па Мінскім узв. і Цэнтральнабярэзінскай раўніне праз Смалявіцкі, Чэрвеньскі і Пухавіцкі р-ны. Вусце за 1 км на У ад в.Стары Двор Пухавіцкага р-на. Асн. прытокі: Вожа, Гаць, Чэрвенка (злева), Слоўст (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, месцамі больш як 3 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія. Пойма на вял. працягу асушаная і разараная. У верхнім цячэнні зарэгулявана 4 плацінамі, у т. л. плацінай Пятровіцкага вадасховішча. Рэчышча ў сярэднім цячэнні выпрастанае і паглыбленае, шыр. ракі ў вярхоўі 3—4 м, ніжэй — 8—10 м, у вусцевай частцы больш як 40 м. Берагі стромкія і абрывістыя выш. ад 0,4 да 2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,7 м³/с. Жывіць сажалкі рыбакамбіната «Волма», частка вады праз іх сістэму скідваецца ў р. Свіслач. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На ёй г.п. Смілавічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),
назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.
Гевандхаўз. Канцэртная зала (стары будынак). Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЦКІ (Францішак Казіміравіч) (14.5.1907, фальварак Каладзянка, Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 1988),
бел. і польскі паэт, журналіст. З 1925 чл. Незалежнай сял. партыі. З 1926 чл.КПЗБ, з 1928 чл. Пастаўскага падп. райкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць быў зняволены на 7 гадоў. У 1936 вызвалены, да 1938 у падп. Краёвым сакратарыяце ЦККПЗБ. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з польск. патрыят. рухам, з 1943 у падполлі ў акупіраванай Варшаве. Пасля вайны арыштаваны па лжывым абвінавачванні, 5 гадоў быў у зняволенні ў СССР. Рэабілітаваны. З 1952 у віленскай польскамоўнай газ. «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»). З 1957 у Польшчы. Пісаў вершы на бел. і польскай мовах. Некат. з іх, напісаныя ў 1927, сталі рэв. песнямі («Мы ішлі ў цяжкім змаганні», «Стары год пражыўшы, жывём новы год» і інш.); ананімна апубл. ў зб. «Сцягі і паходні» (1965).
Тв.:
Памятные годы // Люди Нарочанского края. Мн., 1975, Важная пляцоўка // Бел. каляндар. Беласток, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел. жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НАВА (Зоя Васілеўна) (н. 27.11. 1938, в. Старое Сяло Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва, жывапісец, графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Манум. творам характэрна глыбокае разуменне спецыфікі гэтага віду мастацтва і тэхнікі іх выканання. Сярод работ энкаўстыкі «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976), «Мая Радзіма» ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1977, абедзве ў Мінску, у сааўт. з С.Катковай), «Арфей», «Дзень нашага жыцця» ў санаторыі «Беларусь» у г. Місхор (Украіна, 1984), размалёўка капліцы св. Марыі ў г. Хапфагартэна (Аўстрыя, 1997), габелены «Квітней Беларусь» (у сааўт. з С.Сакаловым, 1979), «У дынамічнай прасторы» (1991), «Дабравешчанне» (1997). Жывапісным творам уласцівы вытанчаныя спалучэнні насычаных колераў і дынамічных рытмаў: «Мая Беларусь» (1972), «Мадонна» (1977), «Цвіценне» (1988), «Аўтапартрэт» (1989), «Крык» (1993), «Купальшчыцы» (1997), «Подых веера», «Фауст і Мефістофель» (абедзве 1998). Аўтар шматлікіх акварэляў: «Сустрэча з мінулым» (1972), «Вясенні кліч» (1980), «Блакітная прастора» (1991), «Зімовы стан» (1993), «Знакі руху» (1995), «Афрыканскія кветкі» (1997); малюнкаў. Іл.гл. таксама да арт.Васковы жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),
расійскі паэт.Канд.філал.н. (1941). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял.Айч. вайны. Паэт.зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.Семяжон, К.Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.