род кажаноўсям.амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.
Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТЛЕРАЎ Аляксандр Міхайлавіч
(15.9.1828, г. Чыстапаль, Татарстан — 17.8.1886),
рускі хімік, заснавальнік рус. школы хімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1874). Скончыў Казанскі ун-т (1849), у якім і працаваў, праф. (1857), у 1860 і 1863 рэктар. З 1868 праф. Пецярбургскага ун-та. Навук. працы па арган. сінтэзе і тэорыі хім. будовы. Адкрыў новы спосаб сінтэзу ёдзістага метылену (1858), атрымаў уратрапін і палімер фармальдэгіду (1861), які выкарыстаў для сінтэзу цукрыстага рэчыва «метыленітану». Стварыў тэорыю хім. будовы, паводле якой уласцівасці рэчываў абумоўлены парадкам сувязей атамаў у малекулах і іх узаемным уплывам (1861). Растлумачыў з’яву ізамерыі (1864). У 1864 выдаў кнігу «Уводзіны да поўнага вывучэння арганічнай хіміі», дзе тэорыя хім. будовы ўпершыню пашырана на ўсе класы арган. злучэнняў.
Тв.:
Соч. Т. 1—3. М., 1953—58.
Літ.:
Быков Г.В. А.М.Бутлеров: Очерк жизни и деятельности. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́МЕТР
(ад гігра... + ...метр),
прылада для вымярэння вільготнасці паветра. Бывае вагавы (абсалютны), валасяны, плёначны, электралітычны, керамічны, кандэнсацыйны і інш.; выкарыстоўваюць таксама псіхрометр. З дапамогай вагавага гігрометра вызначаюць абс. вільготнасць па павелічэнні вагі гіграскапічнага рэчыва пасля паглынання вадзяной пары з вільготнага паветра. Адносную вільготнасць паветра вымяраюць з дапамогай розных тыпаў гігрометраў, з іх найб. пашыраны валасяны (выкарыстоўваюць абястлушчаны чалавечы волас, даўжыня якога большае пры павелічэнні вільготнасці) і плёначны (у якасці адчувальнага элемента выкарыстоўваюць арган. плёнку, якая расцягваецца ў вільготным і сціскаецца ў сухім паветры). Электралітычны гігрометр заснаваны на ўласцівасці гіграскапічнага слоя электраліту (хлорыстага літыю) мяняць эл. супраціўленне ў залежнасці ад вільготнасці паветра. У керамічным гігрометры выкарыстана залежнасць эл. супраціўлення керамікі (сумесі гліны, крэменю, кааліну і інш.) ад вільготнасці паветра. Кандэнсацыйным гігрометрам вызначаюць пункт расы па т-ры, пры якой на метал. люстэрку кандэнсуецца вільгаць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700°C да 50—25°C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер.рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.
Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.
Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт.рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны 10B — паглынальнік нейтронаў Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУЧА́ЛЬНАЯ ТКА́НКА.
тканка арганізмаў жывёл і чалавека, якая складаецца з клетак і міжклетачнага рэчыва і ўтварае ўнутр. асяроддзе арганізма. Есць ва ўсіх органах і ў залежнасці ад функцыі мае розную будову. Яе стан і функцыі рэгулююцца нерв. і гумаральнымі механізмамі. Функцыі З.т.: механічная (утварае шкілет, абалонкі і апору ўнутр. органаў, злучае органы), трафічная (пераносіць пажыўныя і інш. рэчывы да функцыянальнай тканкі — парэнхімы і ад адных органаў да другіх), ахоўная (ажыццяўляе ахоўныя запаленчыя рэакцыі арганізма), пластычныя (удзельнічае ў рэгенерацыі, запаўняе дэфекты пры пашкоджанні органаў).
Паводле будовы падзяляецца на касцявую, храстковую, рэтыкулярную (складае аснову крывятворных органаў), тлушчавую і валакністую, якая пранізвае ўсе органы і ўтварае праслойкі паміж асобнымі органамі. У міжклетачным рэчыве валакністай З.т. ёсць валокны калагенавыя (моцныя, не расцягваюцца), эластычныя і тыкулінавыя (пераплятаюцца, утвараюць сетку). Прамежкі паміж валокнамі і клеткамі запоўнены студзінападобным рэчывам. Клеткі З.т.: камбіяльныя, фібрабласты, гістыяцыты, плазматычныя, пігментныя, тлушчавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, нанесеныя на паверхню метал. і неметал. вырабаў у вакууме накіраваным асаджэннем часціц рэчыва. Бываюць метал. і неметалічныя. Наносяцца тэрмічным або электронна-прамянёвым выпарэннем і катодным распыленнем, а таксама іх спалучэннем.
Трываласць счаплення вакуумнага пакрыцця з матэрыялам асновы абумоўлена т-рай асновы, якасцю падрыхтоўкі і ачысткі яго рабочай паверхні, энергіяй часціц, што наносяцца, і інш. Тэрмічнае выпарэнне ажыццяўляецца з дапамогай розных крыніц нагрэву і адпаведных прыстасаванняў у вакууме 1,33·10-1 — 1,33·10-5Па. Пры электронна-прамянёвым выпарэнні выкарыстоўваюцца электронна-прамянёвыя пушкі, якія генерыруюць электроны з вял. скарасцямі. Адначасовым выпарэннем некалькіх матэрыялаў атрымліваюць шматкампанентныя і шматфазныя вакуумныя пакрыцці. Пры катодным распыленні матэрыял, які наносіцца, «бамбардзіруюць» іонамі розных элементаў. Найб. пашырана катоднае распыленне ў тлеючым разрадзе, які ўзбуджаецца ў аргоне і інш. інертных газах пры ціску 2,66—13,3 Па і напружанні 1—5 кВ. Вакуумныя пакрыцці выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, мікраэлектроніцы, выліч. тэхніцы, фіз. оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНАЛО́ГІЯ
(ад біягеацэноз + ...логія),
навука пра структуру, дынаміку і класіфікацыю згуртаванняў жывых істот у сувязі з месцам іх пражывання. Вывучае біял. прадукцыйнасць, кругаварот рэчываў і паток энергіі ў біягеацэнозах, іх цэласнасць і стабільнасць, межы і дынаміку. Прыватная частка біягеацэналогіі — біяцэналогія.
Пачатак біягеацэналогіі пакладзены працамі рус. вучоных В.В.Дакучаева і Г.Ф.Марозава, развіты вучэннем У.І.Вярнадскага пра біясферу і ролю жывога рэчыва ў фарміраванні зямной кары. Заснавальнікам біягеацэналогіі як асобнай навукі з’яўляецца У.М.Сукачоў. На Беларусі праблемы біягеацэналогіі распрацоўвалі акад. І.Д.Юркевіч і яго школа геабатанікаў, калектыў гідрабіёлагаў БДУ пад кіраўніцтвам Г.Г.Вінберга, які ў 1940-я г. пачаў вывучэнне біягеацэнозу воз. Нарач. Н.-д. работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, Цэнтр.бат. садзе), біял. ф-тах ВНУ і інш. з выкарыстаннем комплексных метадаў вывучэння, мадэлявання і прагназавання біягеацэнатычных і экалагічных працэсаў і сістэм. Даныя біягеацэналогіі важныя ў гасп. дзейнасці чалавека і асабліва ў справе аховы прыроды.
Літ.:
Сукачев В.Н. Избр. тр. Л., 1972. Т. 1. С. 228—241.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ЗО́НАядзернага рэактара,
прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.
Літ.:
Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТА́ЦЫЯ
(ад грэч. hydōr вада),
працэс далучэння вады да рэчыва (электронаў, іонаў, атамаў і малекул). Адбываецца без разбурэння ці з разбурэннем малекул вады.
Гідратацыя без разбурэння малекул вады абумоўлена электрастатычным і ван-дэр-ваальсавым узаемадзеяннямі, утварэннем каардынацыйных і вадародных сувязей. У выніку гідратацыі ўтвараюцца гідраты. Гідраты іонаў, атамаў і малекул могуць быць газападобнымі, вадкімі, цвёрдымі (гл.Крышталегідраты). Гідратацыя ў растворы — асобны выпадак сальватацыі. Найб. даследавана гідратацыя іонаў у растворах электралітаў. Адрозніваюць гідратацыю першасную — узаемадзеянне іонаў толькі з суседнімі малекуламі вады і другасную — з больш аддаленымі малекуламі. Агульная колькасць малекул вады ў гідратнай абалонцы іона можа дасягаць некалькіх соцень. Гідратацыя абумоўлівае растваральнасць рэчываў у вадзе, электралітычную дысацыяцыю, кінетыку і раўнавагу хім. рэакцый у водных растворах, адыгрывае значную ролю ў жыццядзейнасці жывых арганізмаў. Гідратацыя з разбурэннем малекул вады пашырана ў неарган. і арган. хіміі і шырока выкарыстоўваецца ў прам-сці (напр., гідратацыя аксідаў пры атрыманні сернай і азотнай кіслот, гідратацыя этылену пры сінтэзе этанолу). Працэс, адваротны гідратацыі, наз.дэгідратацыяй.