КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’вым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.Глебава), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэпзана» Э.Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.

А.І.Калядэнка.

У.Ц.Камкоў.
У.Камкоў у ролі Спартака.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Піліпавіч) (11.7.1933, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —22.11.1989),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. (1951; у 1953—56 і з 1960 выкладаў у ім) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы, Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1960). Працаваў у т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 арганізатар і кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне К. вызначалася высокай тэхнічнасцю, экспрэсіяй, тэмпераментам. Сярод партый на бел. сцэне: Мікалай, Князь («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Прынц, Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Балетмайстар спектакляў «Фіялка Манмартра» І.Кальмана, «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі (з Э.Піно, 1971) і інш. у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; ставіў танцы і пантаміму да драм. спектакляў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

Літ.:

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),

украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і «Вій» В.Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.

Л.А.Сівалобчык.

Я.М.Лысік.
Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.Пятрова.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДВІ́НАЎ (Барыс Аркадзевіч) (6.12.1899, Масква — 9.12.1953),

расійскі і бел. рэжысёр, педагог. Засл. арт. Расіі (1935). Праф. (1939). Скончыў 2-ю студыю МХАТ (1921). Да 1936 акцёр і рэжысёр МХАТ, адначасова з 1930 гал. рэжысёр Муз. т-ра імя У.І.Неміровіча-Данчанкі, у 1936—40 — Вял. т-ра ў Маскве. У 1947—51 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выкладаў у Маскоўскай, Саратаўскай, Бел. кансерваторыях і Бел. тэатр. ін-це (1947—51). Спалучаў традыцыі МХАТ з глыбокім разуменнем законаў муз. драматургіі, дасягаў тонкай псіхал. распрацоўкі вобразаў, выразнасці масавых сцэн. Сярод найб. значных пастановак першае ў СССР сцэн. ўвасабленне «Івана Сусаніна» М.Глінкі (1939, Вял. т-р), опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934) і «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936) у т-ры імя Неміровіча-Данчанкі. На бел. сцэне паставіў оперы «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса і «Алеся» Я.Цікоцкага (2-я рэд.; абедзве 1947), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1934, 1948), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1948), «Князь Ігар» А.Барадзіна і «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны (абедзве 1949), «Іван Сусанін» (1950), «Марозка» М.Красева і «Ціхі Дон» (абедзве 1951). Удзельнічаў у пастаноўцы балетаў «Князь-возера» В.Залатарова (1949) і «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1950).

Б.С.Смольскі.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЗЭ́ ((Bizet) Жорж) (сапр. імя Аляксандр Сезар Леапольд, пры хрышчэнні Жорж; 25.10.1838, Парыж — 3.6.1875),

французскі кампазітар, піяніст. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857, вучыўся ў А.Мармантэля, П.Цымермана, Ф.Галеві, Ш.Гуно). У 1857 за кантату «Клавіс і Клацільда» атрымаў вял. Рымскую прэмію, у 1858—60 жыў у Італіі. Адмовіўшыся ад канцэртнай дзейнасці, займаўся кампазітарскай творчасцю. Напісаў каля 20 опер (многія не закончаны), у т. л. «Дон Пракопіо» (1858—59, паст. 1906), «Іван Грозны» (1865, не закончана, паст. 1946), З аперэты, у т. л. «Доктар Міракль» (1857), музыку да драм. спектакляў. Найб. блізкія яму былі сюжэты з элементамі псіхал. драмы, вострымі канфліктамі. Раннія оперы Бізэ «Шукальнікі жэмчугу» (1863), «Перцкая прыгажуня» (паводле В.Скота, 1866, паст. 1867) развіваюць традыцыі франц. лірычнай оперы, вылучаюцца меладычным багаццем, маляўнічасцю аркестроўкі, зручным для спеваў выкладаннем вак. партый. У іх выявілася імкненне кампазітара да народнасці, жыццёвай праўды. Рэаліст. тэндэнцыі больш яскравыя ў оперы «Джаміле» (паводле паэмы А.Мюсэ «Намуна», 1871, паст. 1872) і музыцы да драмы А.Дадэ «Арлезіянка» (1872). Ён амаль не карыстаўся цытатамі, але, засвоіўшы рытма-інтанац. асаблівасці нар. напеваў, дакладна ўзнаўляў у іх характар усх. і правансальскай музыкі. Вял. папулярнасць набылі 2 аркестравыя сюіты з музыкі да «Арлезіянкі» (1-я належыць Бізэ, 1872, 2-я — Э.Гіро, 1885) — яркі ўклад у сусв. сімф. музыку. Найб. значны твор Бізэ — опера «Кармэн» (паводле П.Мерымэ, 1875) — адна з вяршыняў опернага мастацтва 19 ст. Аўтар арк. твораў, у т. л. сімфоніі-кантаты «Васка да Гама» (1859—60), сімфоніі «Рым» (1871), фп. п’ес, рамансаў, песень і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Брук М. Бизе. М., 1938;

Хохловкина А. Жорж Бизе. М., 1959;

Robert F. Georges Bizet: L’homme et son oeuvre. [Paris, 1965].

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),

аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.

Літ.:

Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;

Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;

Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;

Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;

Valentin E. Mozart: Weg und Welt. München, 1985.

Т.А.Шчарбакова.

В.А.Моцарт.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ТНІКАЎ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.7.1937, пас. Глыбокае Усх.-Казахстанскай вобл.),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1971 саліст Марыінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І.Глінкі (1960), Міжнар. конкурсу імя П.І.Чайкоўскага (Масква, 1966), Міжнар. конкурсу вакалістаў імя Ф.Віньяса (Гран-пры; Барселона, 1972). Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,

міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац. муз. культур.

т. 2, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛАШ (Аляксандр Іванавіч) (н. 6.3.1931, г.п. Градзіжск Палтаўскай вобл., Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1977). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1957). Сярод твораў: оперы «Гайдамакі» (1965), «Балада вайны» (1971), «Сцяганосцы» (1985); аперэты «Чыстая крыніца» (1975), «Легенда пра Кіеў» (1982), «Званы Расіі» (1983); вак.-сімф. і сімф. творы; 2 канцэрты для фп. з арк. (1982—83); хары; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар песень («Каліна ў жыце», «Два колеры», «Равеснікі»). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1975.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЯДЗІ́КТАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 6.10.1924, г. Тамбоў, Расія),

украінскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1949, клас Р.Вяроўкі), з 1959 яе выкладчык, з 1979 прафесар. З 1954 хормайстар (з 1972 — галоўны), з 1986 дырэктар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Паставіў харавыя сцэны ў операх «Тарас Бульба» М.Лысенкі, «Іван Сусанін» М.Глінкі, «Хаваншчына» М.Мусаргскага, «Аіда» Дж.Вердзі, «Лаэнгрын» Р.Вагнера, «Гугеноты» Дж.Меербера, «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976.

т. 4, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)