АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,

процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.

Літ.:

Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;

Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.​Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.​К.​Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.​Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл. Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).

М.​А.​Ткачоў.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,

антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943.

Праведзена партыз. брыгадай імя Молатава Пінскай вобл. (камандзір М.​І.​Герасімаў) з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка. Распрацавана БШПР у канцы 1942.

У лют.сак. 1943 дыверсійныя групы атрадаў імя Лазо, імя Кутузава, імя Суворава вывелі са строю шлюзы Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчанскі, у маі — Пераруб і Радастаўскі на Белаазерскім канале. У пач лета 1943 праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал. З гэтай мэтай прыбыла аднаўленчая каманда, якую прыкрывалі 6 ваен. катэраў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы. Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне брыгады ў ноч на 19.6.1943 сіламі 3 атрадаў (каля 400 чал.) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчанскага гідравузлоў. У выніку аперацыі ўзровень вады панізіўся да 30—60 см. 120 км канала на ўчастку Пінск—Кобрын сталі непрыгоднымі для эксплуатацыі. 129 суднаў праціўніка, якія былі перакінуты з Дняпра. засталіся ў Пінскім порце і ў ліп. 1944 захоплены Дняпроўскай ваен. флатыліяй.

А.​М.​Літвін.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),

1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.

2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЗІ́РАВАННЕ ў кібернетыцы,

пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.​Э.​Шэнанам (1950-я Г.).

У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб. часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМ найб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКТО́ ((Cocteau) Жан) (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),

французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл. Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст. аднайм. монаопера Ф.​Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).

Тв.:

Рус. пер — Портреты-воспоминания: Эссе. М., 1985.

Літ.:

Bross J. Cocteau. Paris, 1970.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ (сапр. Вервіцыёці) Аляксандр Паўлавіч

(13.10.1847, Кішынёў — 26.10.1908),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог і тэарэтык т-ра. На прафес. сцэне з 1865. У 1876—1908 у маскоўскім Малым т-ры (у 1882—84 у Александрынскім т-ры). З 1888 выкладаў у Маскоўскім тэатр. вучылішчы. Адзін з заснавальнікаў Новага т-ра (філіял Малога т-ра), у 1898—1903 узначальваў у ім драм. трупу. Імкнуўся да перадачы рэаліст. шматграннасці і гіст. дакладнасці характарыстыкі персанажа, да спалучэння творчага натхнення з высокай сцэн. тэхнікай. Сярод роляў: Петручыо, Гамлет, Атэла, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы», «Гамлет», «Атэла», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.​Гуцкава), Чацкі і Фамусаў («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Паратаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Сталбцоў, Дзямурын («Новая справа» і «Цана жыцця» У.​Неміровіча-Данчанкі). У Новым т-ры паставіў спектаклі: «Рэвізор» М.​Гогаля, «Казьма Захар’іч Мінін-Сухарук» і «Снягурка» Астроўскага; у Малым т-ры — «Рамэо і Джульета», «Бура» Шэкспіра, «Без віны вінаватыя» Астроўскага.

Тв.:

Статьи. Письма. Записки. 2 изд. М., 1950.

Літ.:

Зограф Н.Г. АП.​Ленский. М., 1955.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́МБ (лац. Columbus, італьян. Colombo, ісп. Colon) Хрыстафор (29.10.1451, г. Генуя, Італія —20.5.1506), мараплавец, адкрывальнік Новага Свету. У 1476—84 жыў у Лісабоне і на партуг. а-вах Мадэйра і Порту-Санту. Склаў праект зах. марскога шляху (найкарацейшага на яго погляд) з Еўропы ў Індыю. У 1485 пераехаў у Кастылію, дзе праз 7 гадоў дамогся ад ісп. ўрада арганізацыі акіянскай экспедыцыі пад сваім кіраўніцтвам. Першую экспедыцыю ажыццявіў у 1492—93 на 3 суднах («Санта-Марыя», «Пінта» і «Нінья»), перасек Атлантычны ак., дасягнуў Багамскіх а-воў 12.10.1492 (афіц. дата адкрыцця Амерыкі), Кубы і Гаіці. Другую экспедыцыю (1493—96; 17 суднаў) К. узначаліў у чыне адмірала, на пасадзе віцэ-караля новых зямель; адкрыў некалькі астравоў з групы Малых Антыльскіх, а-вы Пуэрта-Рыка, Ямайку. У выніку 3-й экспедыцыі (1498—1500; 6 суднаў) адкрыў в-аў Трынідад і ч. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. У час 4-й экспедыцыі (1502—04) адкрыў усх. ўзбярэжжа Цэнтр. Амерыкі. Плаванні К. адносяцца да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў.

Літ.:

Магидович И.П. Христофор Колумб. М., 1956;

Путешествия Христофора Колумба: Дневники, письма, документы: Пер. с исп. М., 1961.

Х.Калумб.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,

анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.​К.​Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.

В.​І.​Мялешка.

т. 7, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)