РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАМБЛЕ́Я (ад франц. assemblée сход),

1) сход, нарада.

2) Назва дзярж. органа (парламента — Нац. асамблея ў некаторых краінах) або вышэйшага органа міжнар. арганізацыі (напр., Генеральная асамблея ААН).

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́МСКАЯ ВАЙНА́ 1964—73,

вайна ЗША і іх саюзнікаў (Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд. Карэі, Тайланда, Філіпін) супраць нац.-вызв. сіл Паўд. В’етнама. Гл. ў раздзеле Гісторыя арт. В’етнам.

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁН (Mayon),

вулкан на ПдУ в-ва Лусон у Ціхім ак. (тэр. Філіпін). Правільны конус выш. 2462 м, складзены пераважна з андэзітаў. Частыя вывяржэнні. Нац. парк Маён-Волькана.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЖЛІ́С (араб. сход),

назва вышэйшага заканад. органа ў шэрагу мусульманскіх краін (напр., Іран, Мальдывы), у некат. краінах СНД (Азербайджан, Туркменістан). М. часам называюць Вял. нац. сход (парламент) Турцыі.

т. 10, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕД (ад англ. plaid),

1) клятчастая тоўстая шарсцяная шаль з махрамі — прыналежнасць шатландскага нац. касцюма.

2) Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая выкарыстоўваецца ў якасці пакрывала.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКІ ((Wasilewski) Леан) (24.8.1870, С.-Пецярбург — 10.12.1936),

польскі публіцыст, гісторык, дыпламат. З 1896 дзеяч Польск. сацыяліст. партыі. Пасля яе расколу ў 1906 кіраўнік рэв. фракцыі. Рэдактар парт. выданняў «Przedświt» («Зара»), «Robotnica» («Работніца»). Друкаваўся пад псеўд. Л.​Плахоцкі. У 1918—19 міністр замежных спраў Польшчы. З 1924 узначальваў Ін-т вывучэння навейшай гісторыі Польшчы, з 1929 рэдактар час. «Niepodległość» («Незалежнасць»). З 1931 старшыня Ін-та вывучэння нац.-вызв. спраў. У працах «Літва і яе народы» (1907), «Літва і Беларусь» (1912) і інш. даследаваў развіццё культуры і асветы, гісторыю бел. і літ. нац.-вызв. руху ў 19 — пач. 20 ст.

т. 4, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКІ О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР,

буйнейшы муз. тэатр Венгрыі ў Будапешце. Засн. ў 1837 у Пешце (з 1840 Нац. т-р). Ставіў оперныя і драм. спектаклі. У 1884 аркестр і оперная трупа вылучаны ў самаст. т-р (Каралеўскі оперны т-р, цяпер Венгерскі оперны т-р), які перайшоў у новы будынак (пабудаваны ў стылі рэнесансу, упрыгожаны фрэскамі і скульпт. творамі; глядзельная зала на 1398 месцаў). У рэпертуары т-ра венг. нац. оперы і балеты, творы замежнай, у т. л. рус., класікі. Філіял — Т-р імя Ф.​Эркеля (з 1951). Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра Ф.Эркель, Г.Малер, А.Нікіш, О.Клемперэр.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРАНА́ІКЕ (Саламон) (8.1.1899, г. Каломба, Шры-Ланка — 26.9.1959),

палітычны і дзярж. дзеяч Цэйлона (Шры-Ланкі). Атрымаў адукацыю ў Каломба, Шры-Ланка і Оксфардзе. У 1925 уступіў у партыю Цэйлонскі нац. кангрэс і стаў адным з яе лідэраў. У 1947—51 міністр аховы здароўя, старшыня першага цэйлонскага парламента. У 1951 стварыў Цэйлонскую партыю свабоды. У 1956—59 прэм’ер-міністр, адначасова міністр замежных спраў і абароны. Урад Бандаранаіке праводзіў курс на замацаванне паліт. незалежнасці і развіццё нац. эканомікі (ліквідацыя замежных ваен. базаў, нацыяналізацыя порта Каломба, 10-гадовы план развіцця гаспадаркі). Забіты ў выніку змовы.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАФА́Т (Ясір) (н. 4.8.1929, г. Іерусалім),

лідэр нац.-вызв. руху Палесціны, старшыня (з 1969) Выканкома Арганізацыі вызвалення Палесціны (АВП). Скончыў Каірскі ун-т (1955). Адзін з заснавальнікаў (1956) і кіраўнікоў (з 1965) палесцінскай арг-цыі аль Фатах, вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Палесцінскага руху супраціўлення (з 1970). У сак. 1989 прызначаны Выканкомам АВП прэзідэнтам Дзяржавы Палесціна, абвешчанай на сесіі Нац. савета Палесціны (парламент у выгнанні) у ліст. 1988 у г. Алжыр. У 1993 падпісаў ізраільска-палесцінскае пагадненне аб узаемапрызнанні АВП і Ізраіля і аўтаноміі Палесціны. Нобелеўская прэмія міру (1994, з І.Рабінам і Ш.Перасам).

Я.Арафат.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)