ПАЧО́ПКА Янка (Іван Пятровіч; 8.11.1890, в. Летнікі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 26.5.1977),

бел. пісьменнік, фалькларыст. Скончыў Варанецкую (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) с.-г. школу. Працаваў у дэпартаменце земляробства Віленскай губ. У 1925 рэдагаваў двухтыднёвік «Праваслаўны беларус» (Варшава). Пасля працаваў аграномам. Друкаваўся з 1912 пад псеўд. Башкір, Янка Башкір. Пісаў вершы і прозу. Збіраў фальклор (зб. «Дурнішча: Народная казка з Дзісеншчыны», 1927). Вершы, байкі, нар. паданні, казкі друкаваў у час. «Заранка», «Пралескі», «Праваслаўны беларус», «Маланка», «Калоссе». Выдаў кн. «Малочная карова: Як яе выбраць, карміць і даглядаць», «Пчолы і як вадзіць іх у рамовых вуллях» (абедзве 1923), «Гародніцтва: Як трэба гаспадарыць на гародзе, каб мець добрае варыва» (1925), «Як выбраць добрага каня» (1928). Аўтар камедыі «Гурток» (1926).

А.​С.​Ліс.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКАЯ Галіна Аляксандраўна (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),

бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1981). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.​А.​Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.​Я.​Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.​С.​Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.​В.​Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАНО́ВІЧ Яўген Нічыпаравіч (27.9.1929, в. Холма Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1987),

бел. мовазнавец, фалькларыст. Скончыў БДУ (1956). Працаваў настаўнікам. З 1960 у «Вучэбна-педагагічным выдавецтве» (з 1964 заг. рэдакцыі), у 1967—70 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1971 гал. рэд. выд-ва «Народная асвета», у 1979—82 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Навука і тэхніка». Займаўся бел. лексікаграфіяй. Самая грунтоўная лексікаграфічная праца Р. — слоўнікі назваў населеных пунктаў Беларусі па абласцях: Віцебскай (1977), Брэсцкай (1980), Мінскай (1981), Гродзенскай (1982), Магілёўскай (1983), Гомельскай (1986). Складальнік зб. «Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі» (1958, 2-е выд. 1974), аўтар «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979, з А.​І.​Болсунам), апавяданняў для дзяцей, перакладаў з інш. моў.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВІЧ Ян (Іван) Станіслававіч (парт. псеўд. Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл. КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш. Канд. у чл. ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.

У.​І.​Адамушка.

Я.С.Бабровіч.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРА́З Уладзімір Германавіч (27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),

этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АН СССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.

Літ.:

Кулешова Н.Ф. В.​Г.​Тан-Богораз. Мн., 1975.

т. 2, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРО́ЎНА,

гераіня аднайм. песні-балады, пашыранай на Беларусі, Украіне, часткова ў Літве і Польшчы. Твор узнік у 18 ст., звязаны з учынкамі старосты г. Канеў М.​Патоцкага, які прымусам браў прыгожую дзяўчыну замуж, а нацешыўшыся ахвярай, забіваў яе і наладжваў пышнае пахаванне. Падобны сюжэт і ў аснове нар. балады, толькі там гордая дзяўчына нават пад пагрозай смерці не згаджаецца на дамаганні пана. У вобразе Бандароўны адлюстравана нар. ўяўленне пра маральную чысціню і стойкасць, чалавечую годнасць і прыгажосць. Першы баладу пра Бандароўну апубл. Я.​Чачот. Яе запісалі Е.​Раманаў, М.​Федароўскі, У.​Вярыга, П.​Шэйн, Р.​Шырма і інш. Я.​Купала на аснове балады стварыў паэму «Бандароўна».

Літ.:

Балады. Мн., 1978. Кн. 2. С. 343—354;

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978. С. 173—183.

Л.​М.​Салавей.

т. 2, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЗНА́ Лявон Цімафеевіч (4.2.1929, в. Новае Сяло Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 15.8.1972),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У выніку падарожжаў па Беларусі ў 1950—60-я г. падрыхтаваў альбомы «Беларускае народнае адзенне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны» і вял. серыю жывапісных і графічных пейзажаў Беларусі. Паводле яго эскізаў створаны касцюмы для ансамбляў песні і танца (Гродзенскага «Нёман», Смаргонскага імя Агінскага, Навагрудскага «Свіцязь» і інш.). У 1966—69 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Працаваў у тэхніках жывапісу («Зязюленька», «Народны спявак Моніч», аўтапартрэт, партрэт «Маці»), акварэлі («Стары Мінск», «Гаспадар»), пастэлі («Старая», «Мястэчка»), вітраж («Будаўніца»), графікі і інш. Складальнік альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, 2-е выд. 1990).

І.​П.​Хаўратовіч.

Л.Баразна. Гандлярка пацеркамі (Несцерка). 1954.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЙША Антон Сцяпанавіч (1858, б. хутар Любопаль Пінскага р-на Брэсцкай вобласці — 1924),

рэвалюцыянер-народнік. У час вучобы ў Беластоцкім рэальным вучылішчы ўваходзіў у нелегальны вучнёўскі гурток, арганізаваны І.Я.Грынявіцкім. У 1877—79 студэнт Пецярбургскага тэхнал. ін-та. У студз.—жн. 1880 жыў у Пецярбургу на адной кватэры з Грынявіцкім. Уваходзіў у цэнтр. гурток рабочай арг-цыі «Народнай волі», кіраваў яе раённымі аддзяленнямі за Нарвенскай заставай; вёў рэв. прапаганду на фабрыках і заводах горада. Са снежня 1880 працаваў у нарадавольскай друкарні, якая выпускала «Рабочую газету», з сак. 1881 у друкарні газ. «Народная воля». Улетку 1881 у Маскве ўдзельнічаў у стварэнні рабочай нарадавольскай арг-цыі. 18.12.1881 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць; прыцягнуты да суд. «працэсу 17-ці» (сак.—крас. 1883). Засуджаны да ссылкі ў Сібір. Памёр у г. Кірэнск (Іркуцкая вобл.).

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВОЛЕ́НЕ» («Wyzwolenie»), Польская народная партыя «Вызваленне»,

дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.​Багінскі, Я.​Домбскі, Т.​Начніцкі, С.​Асецкі, Ю.​Панятоўскі, С.​Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.​Фідаркевічам, С.​Ваявудскім, С.​Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІНА́ Лідзія Аляксандраўна (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМ СССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.​С.​Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг. т-ра оперы і балета (1952—54).

Л.Ільіна. Мадонна. З серыі «Мацярынства». 1967.

т. 7, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)