ПАЙКІЛАТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. poikilos пераменлівы, разнастайны + тэрма),
халаднакроўныя жывёлы, жывёлы з непастаяннай унутр. т-рай цела, аднолькавай з т-рай навакольнага асяроддзя або вышэйшай на 1—2 °C.
Да П.ж. належаць усе беспазваночныя, з пазваночных — кругларотыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны. Некат. П.ж. гінуць ці часова страчваюць рухомасць, калі т-ра асяроддзя павышаецца або паніжаецца за межы аптымальнай. Т-ра іх цела можа значна перавышаць т-ру асяроддзя пры павелічэнні рухальнай актыўнасці (напр., у насякомых у час палету, хутка плаваючых рыб) або пад уплывам паглынання сонечнага цяпла (паўзуны і інш.). Тэрмарэгуляцыя П.ж. абумоўлена нізкай агульнай арганізацыяй і ўзроўнем абмену рэчываў, які ў 20—30 разоў ніжэйшы, чым у гамаятэрмных жывёл, адсутнасцю замкнутай сістэмы кровазвароту (беспазваночныя) або недасканаласцю яе рэгуляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,
арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.
Літ.:
Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;
Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ ШКО́ДНАСЦІ,
фактары працоўнага працэсу і вытворчай сферы, якія аказваюць прамое або ўскоснае неспрыяльнае ўздзеянне на стан здароўя і працаздольнасць чалавека. Могуць выклікаць прафесійныя хваробы. Да П.ш. належацьхім. (таксічныя рэчывы і інш.), фіз. (шум, вібрацыя, ультрагук, іанізаваныя, лазерныя і інш. выпрамяненні, электрамагнітныя палі і інш.), біял. (узбуджальнікі інфекц. захворванняў, гармоны, антыбіётыкі і інш.) фактары; вымушанае нязручнае становішча цела ў час працы, нерв.-псіхічнае, зрокавае, слыхавое напружанне і інш. Падзяляюць на 2 групы: небяспечныя фактары, якія выклікаюць вострае парушэнне здароўя і гібель арганізма і шкодныя фактары, якія аказваюць адмоўны ўплыў на працаздольнасць або выклікаюць прафес. хваробы. Пры ўдасканаленні ўмоў працы П.ш. могуць памяншацца або ліквідавацца. З мэтай прафілактыкі П.ш. праводзяцца перыяд.мед. агляды працуючых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШАНЯ́ТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
група птушак, птушаняты якіх ад вылуплівання да пераходу да самастойнага жыцця развіваюцца ў гняздзе. Яны няздольныя самастойна перамяшчацца і адшукваць корм і патрабуюць пастаянных клопатаў бацькоў. На Беларусі ў арнітафауне да П.п. належаць усе віды вераб’інападобных, голубападобных, дзятлападобных, зязюлепадобных, ракшападобных, стрыжападобных і інш.
Яйкі П.п. маюць адносна мала жаўтка, які да моманту вылуплівання амаль поўнасцю спажываецца. Птушаняты вылупліваюцца голыя або з недаразвітым пуховым покрывам, няўстойлівай тэрмарэгуляцыяй, з закрытымі вачыма і вонкавымі слыхавымі праходамі, слабаразвітай мускулатурай. На розныя вонкавыя раздражняльнікі рэагуюць аднолькава: выцягваюць шыі і разяўляюць раты. Птушаняты застаюцца ў гняздзе ад 10 дзён (некат. вераб’іныя) да 3 месяцаў (грыфы). Гл. таксама Вывадкавыя птушкі, Паўвывадкавыя птушкі.
Да арт.Птушанятныя птушкі: 1 — у гняздзе валасянкі ястрабінай; 2 — у гняздзе дубаноса звычайнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Іванавіч) (12.4.1840, с. Вазнясенскае Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 20.6.1921),
украінскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1916), акад.АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865), з 1876 яе прафесар. Аўтар «Нарысаў гісторыі ўкраінскай літаратуры XIX ст.» (1884) і «Нарысаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры XVII—XVIII стст.» (1911). Даследаваў праблемы слав. літаратур («Аб уплыве заходнееўрапейскай літаратуры на старажытнарускую», 1872, «Гістарычны погляд на ўзаемныя адносіны паміж сербамі і рускімі ў адукацыі і літаратуры», 1876, «Заходнярускія палемічныя сачыненні» 1894), гісторыі тэатра («Драматычныя сачыненні Георгія Каніскага», 1878, «Стары паўднёварускі тэатр і ў асаблівасці вертэп», 1882), гісторыі царквы («Нарыс гісторыі базыльянскага ордэна», 1870), гісторыі Беларусі («Беларусь і Літва», 1890). Яму належаць працы па археалогіі, этнаграфіі, музейнай справе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬу матэматыцы, абсяг,
звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФ’Е́РЫ ((Alfieri) Віторыо) (16.1.1749, г. Асты, Італія — 8.10.1803),
італьянскі драматург і паэт; стваральнік нац. трагедыі класіцызму. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1766). Аўтар трагедый: «любоўных» («Антоній і Клеапатра», 1774—75; «Піліп», 1776; «Актавія», 1779, і інш.), «свабоды» («Віргінія», 1777; «Змова Пацы», 1777—81; «Брут I», «Брут II», абедзве 1786, і інш.), «пра барацьбу за трон» («Дон Гарсія», 1774—78; «Марыя Сцюарт», 1777—86, і інш.), «сямейных пачуццяў» («Антыгона», 1775—76; «Альцэста», 1797, і інш.), «унутранай барацьбы» («Саул», 1782); «Міра», 1784); камедый у вершах (1800—03): «Адзіны», «Нямногія», «Проціяддзе», «Развод» і інш.; эпіграм, сатыр, празаічных памфлетаў (зб. «Ненавіснік Галаў», 1799); трактатаў «Пра тыранію», «Пра ўладара і літаратуру» (абодва 1789); аўтабіяграфіі «Жыццё Віторыо Альф’еры з Асты, расказанае ім самім» (1806). Яму належаць каля 200 санетаў і пераклады з антычных класікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,
напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл.Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.
А.В.Кудзельскі.
Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належацькультурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.