мінерал падкласа складаных аксідаў (Fe, Mn)Nb2O6, крайні чл. ізаморфнага раду К. — танталіт (Fe, Mn)Ta2O6. Змяшчае Nb2O5 да 80% і 20% FeO, прымесі тытану, волава, урану, вальфраму і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, пласціністыя, прызматычныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер чорны, буравата-чорны. Бляск металападобны. Цв. 6. Шчыльн. 5,2—6 г/см³. Радыеактыўны. Трапляецца ў магматычных пародах, пегматытавых жылах і ў россыпах. Радовішчы ў Нігерыі, Бразіліі, ЗША, Аўстраліі і інш. Руда ніобію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь),
чырвоная медная руда, мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙЦЫ́Т (ад грэч. leukos белы),
мінерал групы фельдшпатоідаў, алюмасілікат калію, KAlSi2O6. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, больш за 625 °C пераходзіць у кубічную. Утварае крышталі і ўкрапіны ў пародзе. Колер белы, шэры. Бляск матавы на гранях і шкляны на ракавістым зломе. Цв. 5,5—6,0. Шчыльн. 2,4—2,5 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных пародах лейцыцітах, лейцытавых базальтах і інш. Сыравіна для вытв-сці алюмінію, паташу, калійных угнаенняў і інш. Радовішчы ў Расіі, Арменіі, Італіі, ФРГ, ЗША, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТЫ́Т (ням. Magnetit ад грэч. magnētis магніт),
мінерал падкласа складаных сілікатаў, аксід двух- і трохвалентнага жалеза FeFe2O4. Мае ў сабе 31% FeO, 69% Pe2O3, 72,4% Fe. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі пераважна актаэдрычныя, зярністыя агрэгаты. Колер чорны. Бляск метал. і паўметалічны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 4,8—5,3 г/см³. Асн. жалезная руда. Прамысл. паклады звязаны са складанымі магматычнымі, кантактава-метасаматычнымі і рэгіянальна-метамарфічнымі ўтварэннямі. На Беларусі М. утварае жалезныя руды Аколаўскага і Навасёлкаўскага радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны),
глаўберава соль, мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДАЛІ́Н ((Gadolin) Юхан) (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),
фінскі хімік. Чл.-кар.Пецярб.АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюнс. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЕРЫ́Т (ад імя франц. геолага П.Л.А.Кардзье),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат магнію (Mg, Fe)2Al3[AlSi5O18]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя або масіўныя. Колер сінявата-шэры, фіялетавы, буры, часам бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Характэрны плеахраізм (дыхраіт). Паходжанне пераважна метамарфічнае, радзей магматычнае. На Беларусі трапляецца сярод гліназёмных гнейсаў жалезаруднай аколаўскай серыі ў асацыяцыі з сіліманітам, біятытам, кварцам, стаўралітам і плагіяклазам. Сыравіна для вырабу керамікі; празрыстыя сінія разнавіднасці — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗУРЫ́Т (ад лац. lazur нябесна-блакітны колер),
мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см³. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКАЗІ́Т (позналац. marcasita ад перс. калчадан),
прамяністы калчадан, мінерал класа сульфідаў, сульфід жалеза FeS2. Хім. аналаг пірыту. Змяшчае 46,6% жалеза, часта прымесі нікелю, мыш’яку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Утварае канкрэцыі, сфераліты, нацёчныя агрэгаты, суцэльныя масы; крышталі таблітчастыя, радзей вострапірамідальныя, прызматычныя. Колер латунна-жоўты.
Бляск металічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 4,9 г/см³. Трапляецца М. эндагенны ў гідратэрмальных, пераважна жыльных радовішчах, М. экзагенны ў карбанатных пародах, глінах, каменных вуглях. Сыравіна для вырабу сернай кіслаты. Пры акісленні ўтварае ліманіт.