пашырэнне поглядаў, ідэй, процілеглых тым, якія распаўсюджвае ідэалагічны праціўнік. Гал. мэта К., побач са сцвярджэннем уласных ідэй, — нейтралізацыя магчымага ўплыву на грамадскую свядомасць варожай прапаганды. Аб’ектамі К. могуць выступаць як людзі, так і непрымальныя, некарысныя для пэўнай палітыкі падзеі і факты аб’ектыўнай рэчаіснасці. Напр., у другую сусв. вайну дзярж. кіраўніцтва гітлераўскай Германіі імкнулася з дапамогай контрпрапагандысцкіх захадаў пераадолець глыбокі негатыўны ўплыў на свядомасць насельніцтва паражэння германскіх войск у бітвах пад Масквой, Сталінградам і інш. Суб’ектамі К. могуць быць спецорганы і ін-ты дзяржавы (армія, паліт. партыі і інш.). Ва ўмовах бурнага развіцця сродкаў масавай камунікацыі і іх манапалізацыі дзяржавай або прыватнымі карпарацыямі К. разам з прапагандай можа быць эфектыўным сродкам маніпуліравання свядомасцю людзей у паліт. мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАЛА ((Coppola) Фрэнсіс Форд) (н. 7.4.1939, г. Дэтройт, штат Мічыган, ЗША),
амерыканскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Паставіў фільмы «Хросны бацька I» (1972, прэмія «Оскар») пра гісторыю клана нью-йоркскай мафіі, які стаў сенсацыяй у сусв. кінамастацтве, і яго працяг «Хросны бацька II» (1974, прэмія «Оскар»), «Хросны бацька III» (1990). Адметнай антываен. стужкай у сусветным кінематографе стаў «Апакаліпсіс сёння» (1979), прысвечаны в’етнамскай вайне. Сярод інш. фільмаў «Вясёлка Файніяна» (1968), «Размова» (1972), «Аўтсайдэры» (1983), «Клуб «Катон» (1984), «Такер: чалавек і яго мара» (1988), «Дракула» (1992). Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў, у т. л. «Людзі дажджу» (1969), «Патон» (1970, з Э.Нортам; прэмія «Оскар»), «Вялікі Гэтсбі» (паводле Ф.С.Фіцджэральда, 1974), «Ад усяго сэрца (1982), «Сады з камянёў» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),
бел.паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял.Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ.час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.
Тв.:
У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;
Крывёю сэрца. Мн., 1967.
Літ.:
Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́ШКІН (Аляксандр Георгіевіч) (21.3.1892, с. Багародскае Макшанскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 3.8.1938),
расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнік літ. груп «Кастрычнік», «Перавал». У ранніх апавяданнях (1914—15) паказваў змрочную і ціхую павятовую глухамань. Рамант. аповесць «Падзенне Даіра» (1923) пра грамадз. вайну. Раман «Людзі з глухамані» (1937—38) пра паслярэв. змены ў рас. глыбінцы. Аўтар аповесцей «Вакзалы» (1923), «Севастопаль» (1929—30, поўн. 1931), кн. апавяданняў «Лютаўскі снег» (1928), «Апавяданні» (1931), вершаў, кінасцэнарыяў, артыкулаў і інш. Асобныя творы М. на бел. мову пераклала Г.Шаранговіч.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1978;
Севастополь;
Падение Даира;
Вокзалы. Куйбышев, 1988;
Люди из захолустья. М., 1988.
Літ.:
Хватов А.И. Александр Малышкин: Жизн. путь и худож. искания писателя. Л., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАНО́БУ (Хісікава) (каля 1618, Хода, Японія — каля 1694; паводле інш. крыніц 1625 — каля 1694 або 1638—1714),
японскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў кірунку укіё-э. Зазнаў уплывы школы Тоса, Іваса Матабэ. Працаваў у тэхніцы аднакаляровага дрэварыту, у жанрах «людзі», «прыгажуні». Сярод твораў: світкі — «Касцюмы і звычаі», «Прыгажуня», трыпціх «Вядомыя сцэны Эда»; парныя шырмы — «Вясёлыя кварталы і тэатры», «Касцюмы і звычаі», «Жанравыя сцэны» (1670); «Мацукадзё і Мурасімэ», «Група падарожнікаў» (сярэдзіна 1670-х г.), «Цырульня» (1670—80-я г.), «Закаханыя каля шырмы» (1673—81), «Закаханыя са слугамі» (каля 1680); серыі — «Асакскія гісторыі» (1668), «100 выяў жанчын гэтага тленнага свету» (1681), «Сцэны Ёсівара» (каля 1688), ілюстрацыі да «Веснавой кнігі» (сярэдзіна 17 ст.), кнігі «100 паэтаў» (выд. 1695).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШСКІ ЗА́МАК Існаваў у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. каля в. Старая Мыш
(Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) на высокім правым беразе р. Мышанка. Квадратны ў плане (50 × 50 м) замак быў абнесены з У, Пд і З земляным валам (шыр. каля 15, выш. 3,5—4 м) і абарончым ровам (шыр. 30, глыб. да 15 м, адхоны берагоў 45°),
з Пн ахаваны дрыгвяністым берагам ракі. На земляным вале і паўн. краі замка былі драўляныя сцены з 4 вежамі па вуглах. У 1654 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасля працяглай аблогі замак узяты рус. войскамі і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ННІК ((Männik) Эдуард) (12.1.1906, г. Тарту, Эстонія — 30.1.1966),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1965). Друкаваўся з 1921. У сац.-крытычным рамане «Шэры дом» (1930), кнігах апавяданняў і аповесцей «Дваццаць гадоў назад» (1953), «За калючым дротам» (1954) падзеі грамадска-паліт. жыцця даваен. Эстоніі. Кнігі апавяданняў «Выпрабаванне сэрцаў» (1946), «Пятнаццаць крокаў» (1947, Дзярж. прэмія Эстоніі 1948), «Барацьба працягваецца» (1950), «Франтавыя апавяданні» (1962) пра вытокі гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар аповесці «Гісторыя аднаго кахання» (1954), зб. навел «Людзі на чашы шаляў» (1959) маральна-этычнай тэматыкі, кніг сатыры «Папыхваючы люлькай» (1964), «Голас пустой бочкі» (1965). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў Г.Шупенька.
Тв.:
Рус.пер. — «Через горы» и другие рассказы. Таллин, 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,
ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙТА́КАЎ (Бекі) (31.3.1914, с. Бедыркент, цяпер сельсавет імя А.Атаева Ташаузскай вобл., Туркменістан — 5.3.1979),
туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1968). Чл.-кар.АН Туркменістана (з 1969). Скончыў Ташаузскае пед. вучылішча (1931), настаўніцкі ін-т (1944). З 1944 на журналісцкай і пед. рабоце, у 1966—73 працаваў у перыяд. друку. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы і паэмы» (1947), «Пустыня адступае» (1951). Тэма вёскі — асн. ў пасляваен. творчасці С. (аповесці «Свет Масквы», 1953; «Неспакойныя людзі», 1958). Мінулае Туркменістана ў рамане «Паэт» (1958), гіст. трылогіі «Браты» (кн. 1—4, 1958—72). Аўтар рамана «Сэрца пустыні» (1962), аповесці «Сын Леніна» (1975), зб-каў апавяданняў, нарысаў, успамінаў. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў М.Гіль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́РЫ,
1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.
2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.
3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаўвял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.
4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.
5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.