ГЛАЎКАНІ́Т (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),
мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Fe. Адрозніваюць Ж.с. зямное (тэлурычнае) і касмагеннае (метэарытнае), што трапляе на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Тэлурычнае, або ферыт, мае нікелю да 3%, аваруіт, або нікель-жалеза, — ад 30 да 80%, метэарытнае — камасіт — каля 6,4%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі рэдкія, звычайна дэндрыты, зерні, суцэльныя масы. Колер і бляск як у метал. жалеза. Цв. 4—5. Шчыльн. 7—7,8 г/см³. Коўкае. Ферамагнетык. Рэдкі мінерал, звязаны ў асноўным з базальтамі, утвараецца таксама ў сідэрытавых намнажэннях, каменных вуглях і ў балотных жал. рудах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБАКО́ВА (дзявочае Бязніцкая) Ларыса Віктараўна
(н. 11.7.1953, в. Вугалеўшчына Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спартсменка (веславанне на байдарках і каноэ). Скончыла Рэсп. школу трэнераў (1976). Засл. майстар спорту СССР (1973). Майстар спорту СССРміжнар.класа (1973). Чэмпіёнка свету і Еўропы ў веславанні на байдарцы-чацвёрцы (1973, г. Тамперэ, Фінляндыя), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1974, Мехіка), чэмпіянату свету і Еўропы (1975, Бялград) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіёнка СССР (1972, 1974), Спартакіяды народаў СССР (1975) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. З 1973 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Да 1997 — трэнер па плаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБААНГІДРА́ЗА,
фермент класа ліяз, які каталізуе абарачальнае ўтварэнне вугальнай к-ты з двухвокісу вугляроду і вады. Металапратэід (мае атам цынку), малекулярная маса каля 30 000. Выяўлена ў жывёл, чалавека, раслін, бактэрый. Знаходзіцца ў эрытрацытах, клетках нырак, слізістай абалонцы страўніка, сятчатцы вока і інш. Рэгулюе кіслотна-шчолачную раўнавагу ў тканках і біял. вадкасцях. Адыгрывае важную ролю ў хуткім звязванні ці вызваленні вуглякіслага газу CO2 (напр., пры дыханні, сакрэцыі кіслага страўнікавага соку, пры падкісленні мачы ў нырках, утварэнні шкарлупіны яйца ў яйцаводах птушак і інш.). Інгібітары К. ўжываюцца пры лячэнні некат. сардэчна-сасудзістых і інш. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),
мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.
Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СМАЧ (Генадзь Аркадзевіч) (н. 7.7.1953, в. Асташкі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1990), праф. (1991), чл.-кар.Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў БДУ (1976). З 1993 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі Бел.пед. ун-та. Даследуе барацьбу кампартыі Аўстрыі супраць фашызму ў 1920-я г., ролю рабочага класа і паліт. партый Веймарскай рэспублікі, сав.-герм. і бел.-герм. адносіны ў найноўшы час. Аўтар прац «Крызіс германскага лібералізму ў гады Веймарскай рэспублікі» (1989), «Трагедыя куміраў рэвалюцыі» (1994, з А.Космач), сааўтар навуч. дапаможніка для школ «Сусветная гісторыя навейшага часу» (кн. 1—2, 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ КУ́РСЫ Адкрыты Г.Львовай у вер. 1914 у Мінску пры Аляксееўскай жаночай гімназіі на базе класафп. ігры
(існаваў пры гімназіі з 1913). Тэрмін навучання 3 гады. Заняткі праводзіліся па класах фп. (выкладчык Львова),
скрыпкі (Ю.Жухавіцкі), спеваў (Ю.Багуслаўскі), сумеснай ігры (Г.Іваноўскі), хар. спеваў (Ф.Леўчанка). Выкладаліся таксама агульнатэарэт. дысцыпліны — методыка фп. ігры, тэорыя музыкі і эстэтыка (Львова), сальфеджыо і гармонія (Л.Эмерман). Асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню методыкі ігры на фп., заснаванай на навейшых прыёмах выканання. 2 разы на год адбываліся канцэрты навучэнцаў. Выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю выкладчыкаў муз. школ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫПО́ЛЬ (ад мульты... + грэч. polos полюс),
пэўная канфігурацыя кропкавых крыніц поля (зарадаў). Напр., кропкавы зарад — М. нулявога парадку; 2 процілеглыя па знаку і роўныя па модулі зараду — дыполь, ці М. 1-га парадку; 4 аднолькавыя па модулі зараду, размешчаныя ў вяршынях паралелаграма так, што кожная старана злучае процілеглыя па знаку зарады — квадруполь, ці М. 2-га парадку. Асн. характарыстыка М. — мультыпольны момант, які дазваляе адназначна звязаць палі М. з палямі складаных сістэм крыніц на вял. адлегласцях, што вядзе да уніфікацыі рашэння шырокага класа задач. Паняцце М. дастасавальнае для апісання палёў, створаных эл., магн. і інш. зарадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСНІКО́Ў (Віктар Мікалаевіч) (н. 3.9.1948, г. Чыстапаль, Татарстан, Расія),
бел. спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег). Майстар спорту СССРміжнар.класа (1972). Засл. трэнер Беларусі (1991). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1973). З 1973 на трэнерскай рабоце. Чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні (1976, г. Мюнхен, Германія), сярэбраны прызёр зімовага чэмпіянату Еўропы (1977, г. Сан-Себасцьян, Іспанія) у бегу на 60 м з бар’ерамі. Чэмпіён СССР у бегу на 60 м з бар’ерамі ў закрытым памяшканні (1972, 1974, 1975, 1976, 1980), у бегу на 110 м з бар’ерамі (1972, 1974, 1975, 1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),
мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.