НІНСЯ́-ХУЭ́ЙСКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН,

на Пн Кітая, па берагах сярэдняга цячэння р. Хуанхэ. Пл. 66,4 тыс. км². Нас. больш за 5 млн. чал. (1998), пераважна кітайцы (каля 70%), хуэй, або дунгане (каля 25%). Адм. ц. — г. Іньчуань. Тэр. раёна занята глыбока парэзаным пласкагор’ем выш. ад 1000 да 2570 м. Клімат кантынентальны, т-ра паветра каля -10 °C у студз., каля 20—25 °C у ліпені. Ападкаў 400—500 мм за год. Пераважае арашальнае земляробства (даліна р. Хуанхэ). Вырошчваюць рыс, пшаніцу, проса, гаалян, кукурузу, лён, цукр, буракі. У стэпах і паўпустынях авечкагадоўля. Здабыча каменнага вугалю, жал. руды, фасфарытаў, нафты. Чорная металургія; тэкст., харч., маш.-буд., радыётэхнічная, электронная, мукамольная прам-сць. Працуюць ГЭС Цынтунся (на р. Хуанхэ), ЦЭС. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Хуанхэ.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) з Аргаса, старажытнагрэчаскі скульптар і тэарэтык мастацтва 2-й пал. 5 ст. да н.э. Адзін з вядучых прадстаўнікоў высокай класікі. Працаваў у Аргасе. Творчасць вызначаецца імкненнем да маст. нарматыўнасці, што выявілася ў яго сачыненні «Канон» (захаваліся 2 фрагменты). Пад уплывам Піфагора спрабаваў матэматычна абгрунтаваць і ўвасобіць ідэальныя прапарцыянальныя суадносіны фігуры чалавека, стварыць узвышаны гарманічны вобраз грамадзяніна поліса. Статуі, якія вызначаліся цяжкавагавасцю прапорцый, унутр. дынамікай, абагульненасцю і класічнай яснасцю пластыкі, свабоднай ураўнаважанай кампазіцыйнай пабудовай, не захаваліся і вядомы паводле рым. копій і сведчанняў ант. аўтараў: «Дарыфор» («Кап’яносец», каля 440 да н.э.), «Параненая амазонка» (каля 440—430 да н.э.), «Дыядумен» (каля 420—410 да н.э.), хрысаэлефанцінная статуя Геры ў свяцілішчы Гераён у Аргасе і інш.

Паліклет. Параненая амазонка. Рымская мармуровая копія. Каля 440—430 г. да н.э.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШЭ́ЛЬ (Acheul),

археалагічная культура ніжняга палеаліту ў Еўропе, Афрыцы і Азіі. Назва ад мясцовасці Сент-Ашэль каля г. Ам’ен (Пн Францыі), дзе знойдзены прылады часу рыскага зледзянення. У Еўропе вылучаюцца 3 эпохі Ашэля — стараж.-ашэльская (абэвіль, шэль), каля 900—400 тыс. г. назад, сярэдне- і познаашэльская (каля 400—100 тыс. г. назад). Людзі Ашэля (пітэкантрапы, сінантрапы і інш.) жылі ў пячорах, пад адкрытым небам, карысталіся агнём, займаліся паляваннем і збіральніцтвам. У прац. дзейнасці выкарыстоўвалі ручныя рубілы, масіўныя адшчэпы і інш. каменныя прылады.

Да арт. Ашэль. Рубілы са стаянкі Сент-Ашэль.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́Я-ТРЫЯ́ДА (Hagia Triada),

паселішча неаліту і бронзавага веку каля в. Агія-Трыяда на в-ве Крыт, адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Захаваліся рэшткі палаца («царскай вілы»), пабудаванага мінойцамі каля 1600 да н.э. Складаўся з жылых і інш. памяшканняў, упрыгожаных фрэскамі, ванных пакояў, тэрас. Выяўлены культавае памяшканне з алтаром і ахвярныя рэчы (статуэткі, посуд і інш.), керамічны саркафаг з выявамі сцэн пахавальнага рытуалу. Заняпад Агія-Трыяды звязаны з нашэсцем ахейцаў (сярэдзіна 15 ст. да н.э.).

Да арт. Агія-Трыяда. Ваза з палаца. Каля 1500 да н.э.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЎНІК (Herminium),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі вельмі рэдка на сырых лугах, лясных палянах і каля крыніц трапляецца броўнік аднаклубневы (H. monorchis); занесены ў Чырв. кнігу.

Шматгадовыя травяністыя расліны з амаль бязлістым сцяблом і шара- або яйцападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае, голае, бліскучае, па 2—3 каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, паніклыя, зеленавата-жоўтыя, з моцным мядовым лахам, сабраны ў канцавое падоўжанае шматкветкавае коласападобнае суквецце. Плод — каробачка з вельмі дробным насеннем.

Броўнік аднаклубневы.

т. 3, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЭРЛО́О (Waterloo),

горад у Бельгіі, у правінцыі Брабант, на Пд ад Бруселя. Каля 30 тыс. ж. (1990). Каля Ватэрлоо 18.6.1815 адбылася бітва паміж англа-галандска-прускай арміяй і франц. войскамі Напалеона I. Франц. армія пацярпела паражэнне (з 72 тыс. было забіта 32 тыс. салдат і афіцэраў), што з’явілася апошнім знішчальным ударам для напалеонаўскай імперыі. Напалеон здаўся англічанам і быў высланы на в-аў Св. Алены. У Францыю зноў вярнуліся Бурбоны. У краінах Зах. Еўропы бітва пад Ватэрлоо вядома таксама як бітва пад Бель-Альянс (нас. пункт каля Ватэрлоо).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ БАР’Е́РНЫ РЫФ (Great Barrier Reef),

града каралавых рыфаў і астравоў уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, у Каралавым м. Даўж. каля 2300 км; шыр. ў паўн. ч. каля 2 км, у паўднёвай — да 150 км. Большая частка рыфаў знаходзіцца пад вадою і агаляецца ў час адліваў. Ад мацерыка Вялікі Бар’ерны рыф аддзелены суднаходнай натуральнай лагунай глыб. да 50 м. Даследавана каля 20 суднаходных праходаў (Вялікі Паўн.-Усходні, Рэйн-Айленд, Кука і інш.). Марскі нац. парк (засн. ў 1979); ахова флоры і фауны ўзбярэжжаў і мелкаводдзяў; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА, Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?),

італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)