СТАРЭ́ВІЧ Уладзіслаў Аляксандравіч (8.8.1882, Масква — 1965),

расійскі мастак, аператар, рэжысёр, заснавальнік рас. анімацыйнага кіно. Адкрыў тэхн. прынцып аб’ёмнай мультыплікацыі, першы з рас. кінематаграфістаў звярнуўся да графічнай мультыплікацыі. З 1919 жыў і працаваў у Францыі. Сярод лепшых фільмаў; «Помста кінематаграфічнага аператара» (1912), «Страказа і мурашка» (1913), «Певень і Пегас» (1914), «Маленькі народ» (1930), «Рэйнеке-Ліс» (1939), «Кветка папараці» (1949, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі) і інш. З 1913 ставіў ігравыя фільмы, здымаўся як акцёр. Распрацаваў шматлікія прыёмы аператарскага мастацтва, трукавыя і камбінаваныя здымкі.

т. 15, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ФАН БЛУА́СКІ (Stephen of Blois; каля 1097, г. Блуа, Францыя — 25.10.1154),

кароль Англіі [1135—54]. Сын графа Блуа, пляменнік англ. караля Генрыха I [1100—35]. Пасля смерці апошняга часткай англ. феадалаў быў прызнаны каралём. З 1139 вёў з пераменным поспехам барацьбу за ўладу з дачкой Генрыха I Мацільдай, якая таксама прэтэндавала на прастол. У краіне ў гэты час панавала феад. анархія. У 1153 С.Б. ў абмен на адмову Мацільды ад далейшай барацьбы прызнаў сваім наследнікам яе сына Генрыха (кароль Генрых II у 1154—89; заснавальнік дынастыі Плантагенетаў).

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮНІ́КСКАЕ ЦА́РСТВА, Сюнійскае царства,

сярэдневяковая арм. дзяржава ў 2-й пал. 10—12 ст. у вобл. Сюнік (паўд.-ўсх. ч. Арменіі). Заснавальнік — вял. князь Смбат, які ў 970 абвясціў сябе царом. Да сярэдзіны 11 ст. правіцелі С.ц. прызнавалі вярх. ўладу Багратыдаў — цароў Анійскага царства. Найб. росквіту С.ц. дасягнула ў 1-й пал. 11 ст. пры царах Васаку I і Смбаце II (мела 43 крэпасці, 48 манастыроў і больш за 1 тыс. вёсак). Яе сталіца — г. Капан. У 1170 С.ц. заваявалі сельджукі.

т. 15, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭСКАБА́ЛЬДЗІ (Frescobaldi) Джыралама (хрышчаны, верагодна, 12.9.1583, г. Ферара, Італія — 1.3.1643),

італьянскі кампазітар, арганіст. З 1604 спявак і арганіст кангрэгацыі «Санта-Чэчылія», з 1608 (з перапынкам) арганіст сабора св. Пятра ў Рыме. Творы Ф. — пераход ад строгай хар. поліфаніі 15—16 ст. да новых інстр. поліфанічных форм. Заснавальнік італьян. арганнай школы (пазней яго наз. «італьян. Бахам»); значная яго роля ў фарміраванні фугі. Аўтар твораў для аргана (рычэркары, канцоны, такаты. фантазіі, капрычыо), клавесіна (такаты, партыты); 2 мес, магніфіката і інш. духоўных твораў, мадрыгалаў і інш.

т. 16, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРО́ДЭР (Schröder) Фрыдрых Людвіг (3.11.1744, г. Шверын, Германія — 3.9.1816),

нямецкі акцёр, рэжысёр і тэатр. дзеяч. У 1771—98 (з перапынкамі) узначальваў Гамбургскі нац. т-р. Рэфарматар ням. сцэны. Сцвярджаў асветніцкі рэалізм і прагрэс. нац. рэпертуар. Заснавальнік тэатр. педагогікі і рэаліст. рэжысуры. Імкнуўся да ансамблевасці ў пастаноўках. Пераклаў і ўпершыню паставіў на гамбургскай сцэне трагедыі У.​Шэкспіра. Найб. значныя ролі ў шэкспіраўскім рэпертуары: Гамлет, кароль Лір, Макбет, Атэла (у аднайм. п’есах). Выступаў і як драматург.

Літ.:

История западноевропейского театра. Т. 2. М., 1957.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЛАГЕ (Berlage) Хендрык Петрус (21.2.1856, Амстэрдам — 12.8.1934),

галандскі архітэктар, заснавальнік сучаснай галандскай архітэктуры. Найб. значная праца — будынак Біржы ў Амстэрдаме (1897—1909), у якім рысы нац.-рамант. стылю (падкрэсленая масіўнасць збудавання з асіметрычна пастаўленай вежай, вял. плоскасці цагляных сцен) спалучаюцца з функцыянальнай абумоўленасцю плана і смеласцю канструкцыйнага вырашэння. Імкненне да прастаты, рацыянальнасці і геам. строгасці кампазіцыі найб. паслядоўна выявіліся ў планах расшырэння Амстэрдама (1902—17) і рэканструкцыі Гаагі (1908—09), у пазнейшых пабудовах (Муніцыпальны музей, Гаага, 1916—35).

Х.П.Берлаге. Біржа ў Амстэрдаме. 1897— 1909. Інтэр’ер.

т. 3, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫТАШВІ́ЛІ (Берытаў) Іван Саламонавіч

(10.1.1885, в. Веджыні, Сігнахскі р-н, Грузія — 30.12.1974),

савецкі грузінскі фізіёлаг; заснавальнік груз. школы фізіёлагаў. Акад. АН СССР (1939), АН Грузіі (1941), АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1915 у Новарасійскім (Адэса), з 1919 у Тбіліскім ун-тах. З 1941 дырэктар, з 1951 навук. кіраўнік Ін-та фізіялогіі АН Грузіі. Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і вышэйшай нерв. дзейнасці. Даследаваў фізіялагічныя, псіхал. і фіз.-хім. асновы памяці. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЎРА (Vávra) Отакар (н. 28.2.1911, Брно, Чэхія),

чэшскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Чэхаславакіі (1968). Праф. Акадэміі мастацтваў (1963, Прага). Заснавальнік нац. манум.-гіст. фільма: «Філасофская гісторыя» (1937), «Ян Гус» (1955), «Ян Жыжка» (1956), «Супраць усіх» (1958). Тэме лёсу нацыі ў час 2-й сусв. вайны прысвечаны фільмы: «Нямая барыкада» (1949, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1950), «Дні здрады» (1973), «Сокалава» (1974, разам з СССР), «Вызваленне Прагі» (1976). Сярод інш. стужак: «Грамадзянін Брых» (1958), «Залаты ранет» (1965), «Раманс для карнета» (1967, Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1968), «Вандраванні Яна Амаса» (1983).

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КСЛЕР Уладзімір Іосіфавіч (4.3.1907, г. Жытомір, Украіна — 22.9.1966),

савецкі фізік, заснавальнік навук. школы па фізіцы і тэхніцы паскарэння зараджаных часціц. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. з 1946). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1931). З 1936 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1949 у Аб’яднаным ін-це ядзерных праблем. Прапанаваў прынцыпы аўтафазіроўкі (1944) і кагерэнтнага паскарэння часціц (1956). Распрацаваў асновы т.зв. калектыўнага метаду паскарэння (1956—66). Кіраваў стварэннем першага сав. сінхратрона (1947) і сінхрафазатрона (1957). Аўтар манаграфіі «Паскарэнне атамных часціц» (1956). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэмія СССР 1963.

У.І.Векслер.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НДСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

сярэдневяковая дзяржава палабскіх славян (бодрычаў, люцічаў, памаран) у 1040-я г. — 1-й трэці 12 ст. Уключала тэр. на ўзбярэжжы Балтыйскага м., паміж вусцямі рэк Лаба (Эльба) і Одра (Одэр). Цяпер тэр. ФРГ.

Заснавальнік — бодрыцкі кн. Готшалк [1044—66]. Ён і яго пераемнік кн. Круты [1066—93], каб процістаяць герм.-каталіцкай экспансіі, намагаліся стварыць незалежную слав. царкву. Пры Крутым дзяржава пашырылася да Паўночнага м. Сын Готшалка князь (у дакументах «кароль») Генрых (правіў з 1093) вярнуў у краіну ням. епіскапаў, што выклікала хваляванні. Канчаткова Вендская дзяржава распалася каля 1129.

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)