ВЕ́КСЛЕР Уладзімір Іосіфавіч

(4.3.1907, г. Жытомір, Украіна — 22.9.1966),

савецкі фізік, заснавальнік навук. школы па фізіцы і тэхніцы паскарэння зараджаных часціц. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. з 1946). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1931). З 1936 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1949 у Аб’яднаным ін-це ядзерных праблем. Прапанаваў прынцыпы аўтафазіроўкі (1944) і кагерэнтнага паскарэння часціц (1956). Распрацаваў асновы т.зв. калектыўнага метаду паскарэння (1956—66). Кіраваў стварэннем першага сав. сінхратрона (1947) і сінхрафазатрона (1957). Аўтар манаграфіі «Паскарэнне атамных часціц» (1956). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэмія СССР 1963.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)