раздзел оптыкі, які вывучае законы распаўсюджвання святла на аснове ўяўлення пра светлавыя прамяні як лініі, уздоўж якіх перамяшчаецца светлавая энергія. У аднародным асяроддзі прамяні прамалінейныя, у неаднародным скрыўляюцца, на паверхні раздзела розных асяроддзяў мяняюць свой напрамак паводле законаў пераламлення і адбіцця святла. Асноўныя законы геаметрычнай оптыкі вынікаюць з Максвела ўраўненняў, калі даўжыня светлавой хвалі значна меншая за памеры дэталей і неаднароднасцей, праз якія праходзіць святло; гэтыя законы фармулююцца на аснове Ферма прынцыпу.
Уяўленне пра светлавыя прамяні ўзнікла ў ант. навуцы. У 3 ст. да н.э.Эўклід сфармуляваў закон прамалінейнага распаўсюджвання святла і закон адбіцця святла. Геаметрычная оптыка пачала хутка развівацца ў сувязі з вынаходствам у 17 ст. аптычных прылад (лупа, падзорная труба, тэлескоп, мікраскоп), у гэтым асн. ролю адыгралі даследаванні Г.Галілея, І.Кеплера, В.Дэкарта і В.Снеліуса (эксперыментальна адкрыў закон пераламлення святла). У далейшым геаметрычная оптыка развівалася як дастасавальная навука, вынікі якой выкарыстоўваліся для стварэння розных аптычных прылад. Для атрымання нескажонага відарыса аптычнага лінзавая сістэма адпавядае пэўным патрабаванням: пучкі прамянёў, што выходзяць з некаторага пункта аб’екта, праходзяць праз сістэму і збіраюцца ў адзін пункт; відарыс геаметрычна падобны да аб’екта і не скажае яго афарбоўкі. Любая аптычная сістэма задавальняе патрабаванні, не звязаныя афарбоўкай, калі відарыс ствараецца параксіянальнымі прамянямі (бясконца блізкімі да аптычнай восі). Фактычна ў стварэнні відарыса ўдзельнічаюць шырокія пучкі прамянёў, нахіленыя да восі пад значнымі вугламі. У выніку наяўнасці аберацый аптычных сістэм яны не задавальняюць гэтыя патрабаванні. На аснове законаў геаметрычную оптыку памяншаюць аберацыі да дапушчальна малых значэнняў падборам гатункаў шкла, формы лінзаў і іх узаемнага размяшчэння. Для праектавання асабліва высакаякасных аптычных сістэм карыстаюцца таксама хвалевай тэорыяй святла.
Асн. палажэнні і законы геаметрычнай оптыкі выкарыстоўваюць пры праектаванні лінзавых аптычных сістэм (аб’ектывы, мікраскопы, тэлескопы і інш.), распрацоўцы і даследаванні лазерных рэзанатараў, прылад з валаконна-аптычнымі элементамі, факусатараў і канцэнтратараў светлавой, у т. л. сонечнай, энергіі, сістэм асвятлення і сігналізацыі ў аўтамаб., паветр. і марскім транспарце.
Літ.:
Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;
Борн М., Вольф Э. Основы оптики: Пер. с англ.М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ,
працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб.эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л.бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.
Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.
Д.М.Кукуй.
Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.Да арт.Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРА́ЦЫЯ (позналац. decoratio літар. ўпрыгожанне) у тэатры і кіно, афармленне трохмернай прасторы, у межах якой адбываецца дзеянне спектакля або фільма. Існуе для вобразнай характарыстыкі гіст. абставін, умоў і атмасферы спектакля або фільма — асяроддзя, у якім дзейнічае акцёр. Ствараецца з дапамогай архітэктуры, жывапісу, графікі, маст. планіроўкі месца дзеяння, спец. фактур, асвятлення і тэхнікі.
Сістэмы тэатр. Д.: кулісная перасоўная — мяккія навясныя кулісы або цвёрдыя на рухомых рамах, размешчаныя ад партала ўглыб сцэны (вядома з 1628); кулісна-арачная пад’ёмная — жывапісныя палотны, зробленыя з улікам перспектывы і сшытыя ў выглядзе арак (вядома з 17 ст.; разнавіднасць кулісна-арачнай Д. — ажурная, умацоўваецца на сетцы або апліцыруецца на цюлі); павільённая — сценкі-рамы, зацягнутыя маляваным палатном, перакрытыя столлю (з 1794); аб’ёмная — камбінацыя плоскіх сцен і аб’ёмных дэталей: станкоў, лесвіц, пандусаў і інш. (з 1870); для змены аб’ёмнай Д. ўжываюцца рухомыя пляцоўкі-фуркі, паваротны круг і інш.; праекцыйная Д. заснавана на праекцыі на экран статычных і дынамічных выяў — арх. і пейзажных матываў, дажджу, полымя і да т.п. (з 1908). Сярод прыёмаў — афармленне з ужываннем розных сістэм Д.: сімультантны (адначасовы паказ розных месцаў дзеяння), умоўны (афармленне ў нейтральных сукнах ці шырмах або ў іх спалучэнні з арх. і бытавымі дэталямі па рухомай устаноўцы), прасторавы (сцэна з Д. акружае гледача з усіх бакоў). Кінадэкарацыі робяцца трохмерныя з улікам умоў здымкі (план, ракурс, асвятленне), характару здымкі і стужкі. Ім дадаюць жывапісную і фактурную апрацоўку: умоўна-абагульненую для агульных і аддаленых планаў і ілюзорна-натуральную для буйных і сярэдніх планаў. Д. ў кіно робяцца ў натуральную велічыню аб’екта або ў выглядзе яго фрагмента (т.зв. «ігравой часткі»), Фрагмент Д. часам дапаўняецца макетамі і рознымі фонамі, якія ў кадры злучаюцца ў адно цэлае. Развіццё мастацтва Д. цесна звязана з развіццём тэатра, кіно, драматургіі, выяўл. мастацтва. Актыўным творчым пошукам адметныя работы мастакоў тэатра і кіно М.Апіёка, М.Блішча, Б.Герлавана, А.Грыгар’янца, Я.Ждана, А.Марыкса, П.Масленікава, Дз.Мохава, С. і Я.Нікалаевых, Ю.Тура, Я.Чамадурава і інш.Гл. таксама Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва.
Літ.:
Козлинский В.И., Фрезе Э.П. Художник и театр. М., 1975;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў. Мн., 1989.
Г.І.Барышаў.
Да арт.Дэкарацыя. М.Апіёк. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Варвары» М.Горкага. 1966.Да арт.Дэкарацыя. П.Масленікаў. Эскіз дэкарацыі да оперы «Яснае світанне» А.Туранкова. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РКА,
нераздымнае злучэнне дэталей машын, канструкцый і збудаванняў пры іх награванні або пластычным дэфармаванні, у выніку якіх у месцы злучэння ўстанаўліваюцца трывалыя міжатамныя сувязі. Вызначаецца прадукцыйнасцю, універсальнасцю і эканамічнасцю. Пашырана ў прам. вытв-сці і буд-ве (гл.Зварныя канструкцыі). Найб. значэнне мае З. металаў і сплаваў; зварваюць таксама пластмасу, шкло, кераміку і інш.
Адрозніваюць З. плаўленнем і З. ціскам (пластычным дэфармаваннем). Да З. плаўленнем адносяцца: адзін з відаў высокачастотнай зваркі, газавая зварка, дугавая зварка, у т. л.газаэлектрычная зварка і падводная (гл.Падводная зварка і рэзка), лазерная зварка, плазменная зварка, электрашлакавая зварка, электронна-прамянёвая зварка і інш. Да З. ціскам адносяцца: адзін з відаў ВЧ-зваркі, кантактавая зварка, зварка выбухам, зварка трэннем, ультрагукавая зварка, халодная зварка, дыфузійная зварка і інш. У залежнасці ад віду зварачнага абсталявання адрозніваюць ручную, механізаваную і аўтам.
З.; ад спосабу аховы зварнога шва ад шкоднага ўздзеяння паветра — З. ў ахоўных газах, у вакууме, пад флюсам, з аховай шлакам; ад тыпу электродаў — З. плаўкімі і няплаўкімі (вугальнымі, вальфрамавымі і інш.) электродамі. Да зварачных адносяць таксама працэсы пайкі, наплаўкі і інш. Найпрасцейшыя віды З. (кавальская зварка, ліцейная) узніклі з пачаткам вытв-сці і апрацоўкі металаў. Найб. пашыраныя віды электразваркі (дугавая, кантактавая) створаны ў 19 ст. ў выніку прац В.У.Пятрова, М.М.Бенардоса, М.Г.Славянава і інш. Першую гарэлку зварачную (ацэтыленакіслародную) сканструяваў франц.інж. Э.Фушэ (1903). Праблемы З. вывучаюцца ў Ін-це электразваркі АН Украіны і інш. Важныя даследаванні ў галіне З. правялі Я.А.Патон, Б.Я.Патон, Г.А.Нікалаеў, М.М.Рыкалін, К.К.Хрэнаў і інш.
Літ.:
Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;
Руге Ю. Техника сварки: Справ. Пер. с нем. Ч. 1—2. М., 1984;
Гурд Л.М. Основы технологии сварки: Пер. с англ.М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,
мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл.Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.Антушкевіч, Я.Стральбіцкі, М.Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц.маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх.дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),
1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.
Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз.кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл.Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш.перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз.гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш.Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч.механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).
3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).
Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;
Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.
У.М.Сацута.
Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РН (франц moderne ад лац. modernus новы, сучасны),
стыль у архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. Вядомы таксама пад назвамі «ар нуво» (Бельгія і Францыя), югендстыль (Германія і Скандынавія), сецэсіён (Аўстрыя), ліберці (Італія), мадэрнізм (Іспанія). Узнік каля 1890 як рэакцыя на эклектызм і гістарызм акад. мастацтва. Прадстаўнікі М. імкнуліся стварыць стыль, свабодны ад гіст. запазычанняў, сінтэзаваць усе пластычныя мастацтвы. адрадзіць маст. адзінства прадметнага свету шляхам выкарыстання новых тэхн. магчымасцей. У архітэктурынайб. ярка М. выявіўся ў творах Ч.Макінташа (Шатландыя), Х. ван дэ Велдэ і В.Арта (Бельгія), А.Гаўдзі (Іспанія), Э.Гімара (Францыя), І.Гофмана і І.М.Ольбрыха (Аўстрыя), Ф.Шэхтэля і Ф.Лідваля (Расія) і інш. Збудаванні ў стылі М. адметныя свабоднай, функцыянальна абгрунтаванай планіроўкай, якая вызначала маляўніча-сіметрычны і дынамічны характар аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, садзейнічала стварэнню падкрэслена індывід. будынкаў, дзе ўсе элементы падпарадкаваны адзінай вобразна-сімвалічнай задуме. Прынцыпова новым у архітэктуры М. было адмаўленне ад ордэрнай ці эклектычна запазычанай з інш. стыляў сістэмы аздаблення фасада і інтэр’ера. У М. не было падзелу на канстр. і дэкар. элементы будынка; дэкаратыўнасць заключалася ў эстэт. асэнсаванні формы. Вызначальным у структуры будынка была пабудова ўнутр. прасторы, якая выяўлялася ў рытмічнай і пластычнай арганізацыі вонкавых форм. Фасады вылучаліся дынамічнасцю і цякучасцю форм, часам набліжаліся да форм скульптурных ці імітуючых прыродныя з’явы (пабудовы Гаўдзі, Арта, ван дэ Велдэ, Шэхтэля), часам з геам. выразнасцю выяўлялі асн. аб’ём збудавання (пабудовы Гофмана, Ольбрыха, Макінташа, сталыя работы Шэхтэля). Некат. архітэктары М. прадвызначалі функцыяналізм, імкнуліся выявіць каркасную структуру будынка, падкрэсліць тэктоніку мас і аб’ёмаў (О.Вагнер і Гофман у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, А.Перэ ў Францыі). У выяўленчым мастацтве М. падрыхтаваны ў Англіі творчасцю прэрафаэлітаў і групы Arts and Crafts, найб. поўна ўвасобіўся ў творах О.Бёрдслі. У Францыі рысы М. адлюстраваліся ў творах сімвалістаў, сінтэтыстаў, набістаў, А. дэ Тулуз-Латрэка. Стылістыка М. характарызуецца дамінаваннем дэкар. пачатку ў фармальнай, кампазіцыйнай і каларыстычнай пабудове твора, асіметрычнасцю выгнутых форм і ліній, стылізаванымі расл. матывамі, вытанчанасцю каларыту. У творах М. фантаст. выявы перапляталіся з рэальнымі матывамі, якія набывалі сімвалічны сэнс. У асобных творах відавочны ўплыў мастацтва Усходу, асабліва Кітая і Японіі. Адным з асн. выразных сродкаў у мастацтве М. быў арнамент крывалінейных абрысаў, часта пранізаны экспрэсіўным рытмам. Арнаментальны пачатак аб’ядноўвае ўсе віды мастацтва М. У інтэр’ерах вытанчаныя лінейныя пляценні, рухомыя расл. ўзоры, рассыпаныя па падлозе, столі, канцэнтраваліся ў месцах іх спалучэння; яны аб’ядноўвалі арх. плоскасці, актывізавалі прастору. У майстроў венскага М. (Гофман, Ольбрых), работах шатл. групы «Чацвёра» на чале з Макінташам строга геам. арнамент вар’іраваў матывы круга і квадрата. Для М. характэрна ўзаемапранікненне станковых і дэкар.-прыкладных форм мастацтва. У жывапісе пераважалі пано, у скульптуры — рэльефы. Мэтай архітэктара, мастака, скульптара было стварыць сінт. цэльны твор мастацтва. Для жывапісу характэрны спалучэнне дэкар. умоўнасці арнаментальных дывановых фонаў, сілуэтнасць, вял. колеравыя плоскасці, тонка нюансіраваная манахромія. У творах П.Гагена і мастакоў групы «Набі» ў Францыі, Г.Клімта ў Аўстрыі, Ф.Кнопфа ў Бельгіі, Э.Мунка ў Нарвегіі, членаў «Свету мастацтва» стылістыка М. часта выкарыстоўвалася для ўвасаблення тэм і матываў, характэрных для сімвалізму. М. актыўна праявіўся ў графіцы (Бёрдслі, немцы Т.Т.Гейне і Г.Фогелер, швейцарац Ф.Валатон, Мунк, француз Э.Грасэ, чэх А.Муха, у Расіі — А.М.Бенуа, К.А.Сомаў і інш.), гэта звязана з росквітам кніжнай справы. Скульптура М. (Ж.Міне ў Бельгіі, Г.Обрыст у Германіі) вылучаецца дынамікай і цякучасцю форм і сілуэта. Асабліва пашыраны быў у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Яму ўласцівы тыя ж рысы, што і архітэктуры і скульптуры, у т. л. падабенства прадметаў і іх асобных дэталей натуральным формам (керамічныя і жал. вырабы Гаўдзі, метал. агароджы метро Парыжа Гімара, шкляныя вырабы Э.Гале, упрыгожанні Р.Лаліка ў Францыі; шкляныя пасудзіны Л.К.Тыфані ў ЗША, мэбля ван дэ Велдэ). Імкненне да канструктыўнасці, чыстаты ліній, лаканізму форм выявілася ў мэблі Макінташа, Гофмана, у Расіі — у І.А.Фаміна.
У архітэктуры Беларусі М. пашыраны з пач. 20 ст. Ён разгаліноўваўся на шэраг ярка выражаных стылёвых кірункаў: сецэсіён, неарускі стыль, неараманскі і неагатычны кірункі, неабарока, неакласіцызм, неарэнесанс і інш. Для М. характэрны багатая арнаментыка з уключэннем стылізаваных дэкар. элементаў готыкі, класіцызму, стараж.-рус. і інш. стыляў (жылыя дамы па вул. Савецкай у Гомелі, будынак б-кі імя Карскага ў Гродне, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, праект кінатэатра «Сатурн» у Гродне, чыг. вакзал у Маладзечне, будынак банка ў Слоніме). Манум.-дэкар. мастацтва М. стала неад’емнай ч.арх. кампазіцыі будынкаў, шырока выкарыстоўваліся выяўл. элементы (герб кн. Святаполк-Мірскіх на Мірскай капліцы, мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе капліцы ў Ляснянскім мемарыяльным комплексе). Імкненне да наўмыснай ускладненасці, інтэнсіўнага святлаценю фасадаў абумовіла шырокае выкарыстанне моцна высунутых эркераў, вуглавых лоджый, мансардавых, шатровых і інш. форм дахаў (сядзібны дом у г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Лужаснянскай земляробчай школы будынак). Дзвярныя і аконныя праёмы, часам выцягнутыя на вышыню будынка, з мудрагеліста выгнутымі пераплётамі атрымалі абрысы падкоў, трапецый, парабалічных арак. Былі пашыраны выгнутыя ажурныя балконныя краты і казыркі дзвярных парталаў, аздобленыя скульптурай, спалучэнне адкрытага муру і ляпных дэталей (б. даходны дом у Мінску па вул. Кірава). У драўлянай архітэктуры выкарыстоўваліся вежавыя кампазіцыі і дэкар. элементы нар. дойлідства (асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.). У культавай архітэктуры М. праяўляецца ў пошуках зграбнай формы і сілуэта, вылучэнні дэталей і элементаў у агульнай кампазіцыі (Крыжаўзвіжанская царква ў в. Амелянец Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.). У стылі М. на Беларусі працавалі арх. С.Шабунеўскі, В.Марконі, О.Краснапольскі, А.Альшалоўскі, Б.Астравумаў, К.Данцоў, К.Шрэтэр, У.Срока і інш.
Стыль М. меў уплыў на бел. выяўленчае, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. Яго рысы адчуваюцца ў некат. творах Ф.Рушчыца, С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Тычыны, Я.Мініна, А.Астаповіча, С.Юдовіна, у карцінах і дыванах Я.Драздовіча. Захаваліся помнікі манум.-дэкар. мастацтва ў Гродне (вітражы касцёлаў бернардзінцаў і францысканцаў), Віцебску (маёлікавая мазаіка на будынку пазямельна-сял. банка). Цякучыя, прэтэнцыёзныя, са скругленымі гранямі формы шклянога посуду, якія спалучаліся з пышным дэкорам (размалёўка золатам, эмалямі, выкарыстанне метал. арматуры) уласцівы маст. шклу, што выраблялася на шклозаводзе «Нёман» і на Барысаўскім хрусталёвым заводзе. Асіметрычныя, хваліста-ламаныя рэльефныя малюнкі характэрны для копыскай кафлі; мудрагелістыя перапляценні геам. арнаменту, выцягнутыя сцёблы галінак і лісцяў, кветак аздаблялі віцебскія кафлі і дэкар. пліткі. Драўляную мэблю багата ўпрыгожвалі рэльефнай разьбой, такарнымі элементамі, інкрустацыяй. М. праявіўся ў маст. ліцці і коўцы (аздабленне балконаў, парапетаў, ганкаў жылых і грамадскіх будынкаў у Гродне, Мінску, Віцебску, Магілёве, Полацку, Гомелі і інш.
Літ.:
Кириченко Е.И. Модерн: К вопросу об истоках и типологии // Сов. искусствознание. М., 1979. Вып. 1;
Tschudi Madsen S. Art nouveau. Paris, 1967.
В.Я.Буйвал, А.М.Кулагін, М.М.Яніцкая.
Да арт.Мадэрн. Кафляная печ у г Гродна. Канец 19 — пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Э.Гімар. Станцыя метрапалітэна ў Парыжы.Да арт.Мадэрн. Л.Даменік-і-Мантанер. Будынак бальніцы Сан-Пуа ў г. Барселона (Іспанія). 1902—12.Да арт.Мадэрн. Ч.Макінташ. Дзверы чайнага пакоя асабняка Вілаў у Глазга. 1904. Вітраж, таніраванае шкло.Да арт.Мадэрн. В.Арта. Вестыбюль асабняка Таселя ў г. Брусель (Бельгія). 1893.Да арт.Мадэрн. Э.Гале. Фаянсавая чаша ў выглядзе сокала. 1885—89.Да арт.Мадэрн. Г.Клімт. Партрэт Адэль Блох-Баўэр. 1907.Да арт.Мадэрн. Кінатэатр «Сатурн» у г. Гродна. Праект пач. 20 ст.Да арт.Мадэрн. Асабняк у г. Бабруйск Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПСКІ РАЁН.
На ПнУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1960). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 34,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 35,5%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Крупкі; гар. пасёлкі Бобр, Халопенічы. 231 сельскі нас. пункт. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Абчугскі, Выдрыцкі, Дакудаўскі, Дзянісавіцкі, Ігрушкаўскі, Кастрычніцкі, Крупскі, Нацкі, Ухвальскі, Хацюхоўскі, Янаўшчынскі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. яго паўн.-ўсх. ўскраіна ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня раўнінная. Тэр. мае агульны нахіл з ПнУ на ПдЗ да даліны р. Бярэзіна. Пераважаюць выш. 160—200 м, найвыш. пункт 225 м (на ПнЗ ад в. Хацюхова). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, буд. пяскі, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -7,4 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 642 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб.р. Бобр з прытокамі Нача, Можа, Еленка, Пліса. На Пн верхняе цячэнне р. Эса. Найб. азёры: Сялява, Худавец, Абіда, Радомля, Нерыб. Пашыраны глебы: дзярнова-падзолістыя (42,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (38,6%), тарфяна-балотныя (13%) і інш. Пад лесам 41,6% тэр., асн. масівы на Пд. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя; 25,3% — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 3,1% тэр. раёна. Заказнікі рэсп. значэння: ландшафтны Сялява, біял.Дзянісавіцкі; мясцовага значэння гідралагічныя: Абчуга, Азярышча і Рэчкі, Восава Гібалаўскае, Гразінскае, Жэўняк, Залатое, Зернае 1, Ліпкі, Масток, пойма р. Можа, Пушча, Радомля, Рачалі, Сіманава Гара, Сычоўскае, Туршэўка-Чортава, Чарапоўшчына.
На 1.1.1998 агульная пл.с.-г. угоддзяў 82,8 тыс.га, з іх асушана 22,1 тыс.га. У раёне 21 калгас, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля (вытв-сць свініны, ялавічыны, малака) і раслінаводства (вытв-сць зерня, бульбы, лёну). Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), ільноапр. (ільновалакно), харч. (масла, сыр, тварог, натуральныя малочныя прадукты, пладова-агароднінныя кансервы, хлеб), с.-г. машынабудавання (зернесушылкі, стагавозы, стагакіды, дарожныя каткі, рамонт с.-г. машын), дрэваапр. і буд. матэрыялаў (асфальт) прам-сці; вытв-сцьдэталей для муз. інструментаў. Крупскі лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Брэст—Масква, аўтадарогі Лепель—Халопенічы—Крупкі, Чашнікі—Бобр—Беразіно. У раёне 25 сярэдніх, 6 базавых, 6 пач., дзіцячая спарт., 2 муз. (3 філіялы) школы, дзіцячы цэнтр творчасці, турыстычная база, вучэбны камбінат, Халопеніцкі дзіцячы дом, 26 дашкольных устаноў, 11 дамоў культуры, 21 клуб, 43 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 3 амбулаторыі, 28 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Праабражэнская царква (канец 18 ст.) у в. Грыцкавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Калодніца; Багародзіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Худаўцы. Выдаецца газ. «Ленінскім курсам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands),
уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².
Нас. 104 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс.ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ваўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.
Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, 2/3тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш.Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс.чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс.чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сці гал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн.т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс.т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.
Гісторыя. Адкрыты Х.Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.
Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс.рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл.Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.
Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш.Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш.Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.
На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац.АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.
Літ.:
Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;
Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ.М., 1986;
Промышленное применение лазеров: Пер. с англ.М., 1988.
В.В.Валяўка, В.К.Паўленка.
Да арт.Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.