захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен.дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл.Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен.дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.Р.Ушакоў) і 60-я (палк. А.В.Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен.дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен.дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1950—53,
баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач.жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр.Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілы ААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн.чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс.чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёна г. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс.чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.А.Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.К.Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн.чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.
Літ.:
История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;
Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;
Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;
1991. № 1—5;
Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Бажэнаў.
Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1908—09,
міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн.тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял.Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас.сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІПЕЛА́ГСКІЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫІ РУ́СКАГА ФЛО́ТУ,
тры паходы рас.Балт. флоту ў Міжземнае мора і яго баявыя дзеянні ў раёне Грэчаскага архіпелага ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. 1-я экспедыцыя (1769—74) праведзена ў час рус.-тур. вайны 1768—74 для нанясення ўдару па прыморскіх пунктах і адцягнення часткі тур. сіл з дунайскага і крымскага напрамкаў. 2 рас. эскадры на чале з адм. Р.А.Спірыдавым і контр-адм. Эльфінстонам прыбылі ў Эгейскае м., у баях у Хіяскім праліве (24.6.1770) і Чэсменскай бухце (26.6.1770) разграмілі тур. флот адм. Хасан-бея і блакіравалі праліў Дарданелы (да 1773). 2-я экспедыцыя (1806—07) адбылася ў час рус.-тур. вайны 1806—12. Рас. эскадра і грэч. флатылія пад агульным камандаваннем віцэ-адм. Дз.М.Сянявіна блакіравалі Дарданелы і ў бітвах каля іх, в-ва Лемнас і Афонскага п-ва (1807) разграмілі тур. флот. У ходзе 3-й экспедыцыі (1827) аб’яднаныя брыт., рас. і франц. эскадры пад агульным камандаваннем брытанскага віцэ-адм. Кодрынгтана перамаглі тур.-егіп. флот у Наварынскай бухце (8.10.1827). Экспедыцыі паскорылі заканчэнне рус.-тур. войнаў, садзейнічалі нац.-вызв. барацьбе грэч. народа супраць тур. панавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.
Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.І.Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.П.Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.Захар’іч з войскам у 20 тыс.чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс.чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.В.Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ВАЙНА́ 1409—11,
вайна ВКЛ і Польскага каралеўства супраць Тэўтонскага ордэна. ВКЛ імкнулася вярнуць захопленую ордэнам Жамойцію, Польскае каралеўства — Памор’е і маркграфства Новую Марку, пакінуць за сабой Добжынскую зямлю; абедзве дзяржавы хацелі разграміць узбр. сілы крыжакоў. Ваенныя дзеянні пачаліся 16.8.1409 нападам войск ордэна на Добжынскую зямлю. У час ваен. кампаніі 1409 крыжакі захапілі яе, разбілі польск. войскі ў Новай Марцы, войскі ВКЛ выгналі крыжакоў з Жамойціі палякі вярнулі Быдгашч. 8.10.1409 Польшча заключыла з ордэнам перамір’е да 24.6.1410. У канцы 1409 у Бярэсці адбылася Берасцейская сустрэча 1409вял.кн.ВКЛВітаўта і польск. караля Ягайлы, на якой была ўзгоднена летняя кампанія 1410. У маі 1410 ордэн заключыў перамір’е з ВКЛ да 24 чэрвеня. Летам 1410 войскі Ягайлы і Вітаўта рушылі на сталіцу ордэна Мальбарк, прымусілі крыжакоў даць генеральную бітву, у выніку якой армія Ордэна пацярпела поўнае паражэнне (гл.Грунвальдская бітва 1410). Аблога Мальбарка (25.7—19.9.1410) не мела поспеху. Вайна скончылася Тарунскім мірам 1411, паводле якога захопленыя ў час вайны гарады і замкі вернуты ўладальнікам, Жамойція навечна перададзена ВКЛ. Добжынская зямля пакінута за Польшчай. Вялікая вайна 1409-11 падарвала магутнасць Тэўтонскага ордэна і спыніла яго агрэсію на ўсход.