сукупнасць рэльефаўтваральных працэсаў, у выніку якіх узнікаюць горныя ўзняцці зямной паверхні. Выклікаецца тэктанічнымі рухамі пад уплывам эндагенных (унутраных) сіл Зямлі. Абумоўлена энергіяй, што выдзяляецца ў працэсе развіцця ўнутрызямных рэчываў пры ўплыве сілы цяжару і сіл, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Гораўтварэнне можа быць тэктанічным, вулканічным і складаным. Гораўтварэнню супрацьстаяць экзагенныя (знешнія) працэсы. Сучасныя горы — вынік працяглага сумеснага дзеяння эндагенных і экзагенных з’яў з чаргаваннем перавагі ўзыходных працэсаў над дэнудацыяй. Гіпотэзы гораўтварэння розныя. Найноўшыя звязваюць з рухамі буйных літасферных пліт Зямлі. З працэсамі гораўтварэння звязана ўзнікненне пэўных карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНАЯ ВЫ́РАБАТКА,
штучная поласць у зямной кары, утвораная ў выніку горных работ. Адрозніваюць горныя вырабаткі разведачныя (для пошуку і разведкі карысных выкапняў) і эксплуатацыйныя (для распрацоўкі радовішчаў); падземныя і адкрытыя.
Падземныя бываюць вертыкальныя (шурфы, шахтавыя ствалы, гезенкі), гарызантальныя (штольні, штрэкі, квершлагі, орты), нахіленыя (брэмсбергі, скаты, нахілы, шурфы і інш.); ачышчальныя, дзе адбываецца выманне карысных выкапняў (лавы, камеры), і падрыхтоўчыя, у якіх рухаецца транспарт, устаноўлена вентыляцыйнае абсталяванне і інш. Да горнай вырабаткі адносяць і буравыя свідравіны. З адкрытых горных вырабатак найб. пашыраны капітальныя і разразныя траншэі, а таксама раскрыўныя і здабыўныя ўступы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Джунгарыя,
раўнінная вобласць паміж гарамі Алтая і Усх. Цянь-Шаня, на ПнЗ Кітая. Пл. каля 700 тыс.км², пераважныя выш. 600—800 м. Складзена з магутнага покрыва рыхлых адкладаў. Пустыні з масівамі градавых і барханавых пяскоў, саланчакі. Асобныя невысокія горныя кражы і драбнасопачнік. Клімат умераны кантынентальны, з гарачым сухім летам і халоднай сухой зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -20 да -25 °C, ліп. ад 20 да 25 °C з рэзкімі ваганнямі на працягу сутак. Рачная сетка рэдкая. Разрэджаная ксерафітная расліннасць (саксаул, тамарыск, палыны, салянкі). Пашавая жывёлагадоўля, месцамі аазісы. Радовішчы нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЮ́БР (Cervus elaphus xanthopygus),
млекакормячае роду аленяў; падвід аленя высакароднага. Пашыраны ў гарах Усх. Сібіры і Д. Усходу, на Пн і ПнУ Кітая. Насяляе дубовыя лясы, гары і высечкі, горныя лугі.
Выш. цела самцоў у карку да 145 см. Маса да 300 кг. Знешне нагадвае аленя высакароднага. Афарбоўка скуры аднатонная, чырванавата-рыжая. Дарослыя самцы маюць галінастыя рогі (маладыя неакасцянелыя рогі — панты выкарыстоўваюць для вырабу лек. прэпаратаў). Гон увосень. Цяжарнасць да 35 тыдняў. У маі—чэрв. самка нараджае 1—2 цялят І. корміцца травяністымі і дрэвава-хмызняковымі раслінамі, ягадамі, пладамі, грыбамі, лішайнікамі. Гадуюць у аленяводчых гаспадарках (для здабычы пантаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЕ НАГО́Р’Е, Каракскі хрыбет,
на ПнУ Сібіры, у Камчацкай і Магаданскай абласцях Расіі. Цягнецца на 880 км ад Анадырскага зал. Берынгава м. да Парапольскага долу на Камчатцы. Складаецца з сярэдневышынных хрыбтоў (Пенжынскі, Рарыткін), град і кражаў (сярэдняя выш. 1000—1800 м, найб. 2562 м — г. Ледзяная). Сучаснае зледзяненне (агульная пл. 259,7 км). Складзена пераважна з пясчанікаў і гліністых сланцаў, пранізаных па лініях разломаў эфузіўнымі пародамі. Радовішчы каменнага вугалю, ртуці і сурмы. Клімат прыакіянічны, халодны. На схілах (да выш. 200—400 м) — зараснікі хмызняковай вольхі і кедравага сланіку, вышэй — травяніста-лішайнікавыя і халодныя камяністыя горныя пустыні і тундра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІЯ А́НДЫ (Cordillera de los Andes Caribes),
горы на Пн Венесуэлы ў Паўд. Амерыцы. Даўж. каля 800 км. Складаюцца з Берагавой Кардыльеры (выш. да 2765 м) і ўнутранага хр. Серанія-дэль-Інтэр’ёр (выш. да 2600 м). Утвораны з метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі ў восевай зоне. паўд.ч. — з эфузіўных і асадачных парод, у мезакайназоі. Каля паўд. падножжа радовішчы нафты і газу. Хрыбты раздзелены падоўжнай тэктанічнай катлавінай, у межах якой знаходзіцца воз. Валенсія і даліна р. Туй. Землетрасенні. На схілах ксерафітныя лясы і хмызнякі, вышэй за 900—1000 мгорныя лістападныя і вечназялёныя лясы. Некалькі нац. паркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНО́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, на У п-ва Камчатка. Засн. ў 1934 у мэтах аховы камчацкага собаля. З 1985 біясферны запаведнік. Пл. больш за 1 млн.га. Рэльеф перасечаны. Патухлыя і дзеючыя (Краноцкая Сопка 3528 м) вулканы, леднікі (Цюшэўскі 8 км), тэрмальныя азёры, гейзеры, вадаспады, горныя тундры, альпійскія лугі. Лясы з каменнай бярозы, у падлеску кедравы і альховы сланік, рабіна, бружмель. У фауне камчацкі собаль, гарнастай, выдра, рысь, ліс, снежны баран, паўн. алень, мядзведзь, расамаха і інш. На ўзбярэжжы нерпа, цюлень, лежбішчы сівучаў. У арнітафауне глушэц, курапаткі, лебедзі, качкі, кулікі, белаплечы арлан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАТЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Lofoten),
архіпелаг у Нарвежскім м., каля паўн.-зах. ўзбярэжжа Скандынаўскага п-ва; тэр. Нарвегіі. Ад паўвострава аддзелены пралівам Вест-фіёрд. Уключае а-вы Эўствагёй, Вествагёй, Флакстадзёй, Москенесёй і шмат дробных. Пл. 1,2 тыс.км². Нас. 27,1 тыс.чал. (1979). Выш. да 1161 м. Берагі ў асноўным скалістыя, парэзаныя фіёрдамі. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сіенітаў, крышт. сланцаў. Клімат акіянічны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 12 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Мора каля берагоў не замярзае. Горныя тундры, верасоўнікі. Інтэнсіўнае рыбалоўства (селядзец, траска). Авечкагадоўля. Гал. населены пункт і порт — Свольвер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУГ, гвізоцыя (Guizotia),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 5—6 (па інш. звестках 12) відаў. Радзіма — горныя раёны трапічнай Афрыкі. Як маслічная культура вырошчваецца пераважна ў Эфіопіі (з 3-га тыс. да н.э.) і Індыі Н. абісінскі (G. abyssinica).
Н. абісінскі — травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым сцяблом. Лісце ланцэтнае. Кошыкі шматлікія, дыяметрам 3—6 см у агульным мяцёлчатым суквецці. Сямянкі дробныя, бліскучыя, чорныя, маюць да 50% алею. Алей спажываецца ў ежу і для вырабу пакосту. фарбаў, лаку, мыла; макуха — корм для жывёлы. Харч., тэхн., кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАСЦЬ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
уласцівасць пароды неабарачальна дэфармавацца без мікраскапічных парушэнняў суцэльнасці пад уздзеяннем мех. нагрузкі; яна павялічваецца з ростам т-ры і ціску. Найб. пластычныя горныя пароды — гліны, графіт, каменная соль і інш. Пад ціскам 0,98—1,96 МПа граніт і дыябаз робяцца пластычнымі. Пластычнасць гліністых парод залежыць ад вільготнасці пароды, дысперснасці, мінер. саставу і інш., характарызуецца межамі пластычнасці (верхняй — мяжа цякучасці і ніжняй — мяжа раскочвання) і лікам пластычнасці (рознасць вільготнасці верхняй і ніжняй мяжы). У інж.-геал. практыцы грунты паводле ліку пластычнасці падзяляюць на групы: гліны (>17), суглінкі (17—7), супескі (7—0), пяскі (0).