ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),
падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.
Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.
Да арт.Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,
адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам I у гонар бітвы каля Кульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ГАЛЬ (Bucephala clangula),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны на вадаёмах лясной і часткова лесастэпавай зон Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца пераважна на таежных рэках і азёрах па поймах вял. рэк з лясістымі берагамі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду; гняздуецца ў паўн.ч. рэгулярна, у паўд. раёнах рэдка. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Нар. назвы вогаліца, гагаліца, вогаль.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,4 кг. Галава вялікая, шыя кароткая, тонкая. Самец белы з чорнай спінай і чорнай з зялёным адценнем галавой, на крыле вял.белае «люстэрка», каля дзюбы — круглаватая белая пляма. Самка драбнейшая, шэрая, з карычневай галавой і белым ашыйнікам. Гняздуецца ў дуплах высока над зямлёй. Займае і штучныя гнёзды — дуплянкі. Нясе 5—18 (часцей 8—9) яец. Добра лятае, плавае і нырае. Корміцца воднымі жывёламі, насеннем раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАЎЛІ́сапраўдныя
(Grus),
род птушак сям. жураўліных атр. жураўлепадобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі і Новай Гвінеі. Насяляюць пераважна адкрытыя мясціны: стэпы, вял. балоты, тундру.
Селяцца парамі, у час пралёту і зімоўкі аб’ядноўваюцца ў чароды. Найб. вядомы Ж.: шэры (Grus grus), канадскі (G. canadensis), белы, або стэрх (G. leucogeranus), амерыканскі (G. americana), японскі (G. japonensis). 6 відаў і 2 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Існуе Міжнар. фонд аховы жураўлёў (ЗША). На Беларусі 1 від — журавель шэры, трапляецца ўсюды, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 80—152 см, выш. каля 2 м, маса 3—12 кг. Апярэнне пераважна шчыльнае, шараватае, буравата-чорнае ці белае. Шыя і ногі доўгія, хвост кароткі. У палёце выцягваюць шыю і ногі. Большасць Ж. выдае гучны трубны крык (рэзанатар — падоўжаная трахея). Нясуць 1—2 (радзей 3) яйцы. Корм раслінны і жывёльны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́Ў (Іван Антонавіч) (19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),
бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «З маўклівых прадонняў», усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСТРАНГІЛІ́ДЫ (Metastrongylidae),
сямейства круглых чарвей. 13 відаў. На Беларусі адзначаны метастронгілюсы падоўжаны (Metastrongylus elongatus), пакрыты, або сціплы (M. pudendotectus), і салёны (M. salmi). Паразітуюць у бронхах і лёгкіх дзікоў, свойскіх свіней (асн. гаспадары), зрэдку жвачных, сабак, чалавека. Узбуджальнікі метастрангілёзу.
Цела ніткападобнае, белае, у самцоў даўж. да 26 мм, у самак да 50 мм. Развіццё з прамежкавым гаспадаром (дажджавыя чэрві). Яйцы з лічынкамі адкладваюцца ў бронхах, выводзяцца праз стрававальны тракт у вонкавае асяроддзе. Заглынутыя дажджавым чарвяком лічынкі пранікаюць у яго крывяносную сістэму, дзе праз 10—20 сут становяцца інвазійнымі. Пасля паядання жывёлай інвазаваных чарвей лічынкі М. пранікаюць праз сценку кішэчніка ў лімфатычныя вузлы, адтуль з лімфай і крывёю — у лёгкія і бронхі, дзе праз 25—35 сут пасля інвазіі дасягаюць палавой спеласці.
Да арт.Метастрангіліды. Метастронгілюс падоўжаны: 1 — агульны выгляд; 2—3 — заднія канцы цела самца і самкі (адпаведна); 4 — пярэдні канец цела; 5 — яйцо з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУСНАЯ ПАРО́ДАкачак,
мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ад дзікіх мясц. мускусных качак. Гадуюць у Еўропе, ЗША, Аўстраліі. На Беларусі наз. таксама бародаўчатымі, індакачкамі, шыпунамі; гадуюць пераважна аматары (з 1980-х г.).
Тулава падоўжанае, шырокае, грудзі глыбокія. Галава падоўжаная, з пукатым ілбом. Дзюба цялеснага або цёмна-ружовага колеру, з чорным канцом. Вакол вачэй і над асновай дзюбы скура голая, чырв., са складкамі і бародаўкамі, што выдзяляюць тлушч, які ў качараў у перыяд размнажэння пахне мускусам (адсюль назва). Крылы і хвост доўгія. Ногі кароткія, чорныя. Апярэнне чорнае з зялёным адлівам і белымі «люстэркамі» на крылах (або белымі крыламі), белае або стракатае.
Добра лётаюць; замест кракання шыпяць. Маса качараў 5—6 кг, качак 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 70—120 яец за год, маса яйца 70—80 г. Жыццяздольнасць высокая. Мяса нятлустае, мяккае, з прысмакам дзічыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́ША (Oncorhynchus gorbuscha),
прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак. і прылеглай ч.Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белым м., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.
Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял.прамысл. значэнне.
Гарбуша: 1 — звычайны выгляд; 2 — самец у шлюбным убранні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́НКА, малінаўка (Erithacus rubecula),
птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, цэнтр. абласцях Зах. Сібіры, на Каўказе. Жыве ў мяшаных і хвойных лясах, садах і парках. На Беларусі звычайны пералётны від.
Даўж. цела 14—16 см, маса 16—20 г. Апярэнне мяккае, рыхлае. У дарослых спіна, крылы і хвост аліўкава-шэрыя, брушка белае, лоб, шчокі, гарляк, грудзі цагляна-рыжыя. Маладыя птушкі зверху цёмна-бурыя з вохрыстымі стракацінамі, бруха жаўтавата-вохрыстае з цёмнымі крапінамі. Гнёзды будуе з сухога лісця, травы, поўсці і інш. ў шчылінах ствалоў, на зямлі. Нясе 6—7 яец двойчы за год. Корміцца пераважна насякомымі. Зімуе на Пд да Егіпта, у Зах. Еўропе, М. Азіі, на З да Пакістана.
Публікаваў казкі, легенды, паданні (рубрыка «Працы нашых чытачоў»), гумарыст. творы (рубрыка «Куток смеху»), Меў таксама рубрыку «Загадкі і круцігалоўкі». Выйшла 15 нумароў (асобныя здвоеныя).
Літ.:
Войцікава Л. (Зоська Верас). [Заранка] // Полымя. 1968. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГА́НЕСБУРГ, Іаханесбург (Johannesburg),
горад на ПнПаўд.-Афр. Рэспублікі, у цэнтры горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. 712,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 3 млн.ж. (1993). У цэнтр ч. горада пераважае белае насельніцтва (афрыканеры, англа-паўднёваафрыканцы), у прыгарадах — негрыцянскае. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл. і прамысл. цэнтр краіны. У горадзе праўленні асн. горнапрамысл. і фін. канцэрнаў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (горнае абсталяванне, эл.-тэхн., аўтазборка), хім., тэкст., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., пашыў адзення. У межах горада 7 буйных руднікоў па здабычы золата. Шліфоўка алмазаў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Муніцыпальная маст. галерэя (з 1911).
Засн. ў 1886 як шахцёрскі пасёлак пры рудніках Вітватэрсранда. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 захоплены англічанамі (1900), у 1910 уключаны ў склад брыт. дамініёна Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 ПАР). З 1928 горад. У пач. 20 ст. І. — адзін з цэнтраў масавых выступленняў афр. насельніцтва супраць расізму і апартэіду. Пасля 2-й сусв. вайны горад перажыў эканам. бум (развіццё хім. прам-сці, машынабудавання, апрацоўкі каштоўных камянёў).