НАВУ́МАЎ Мікалай Сцяпанавіч (н. 28.11.1938, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1962). Працаваў у г. Алматы, Кішынёве. З 1973 у Мінску — гал. архітэктар праектаў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (з 1980). Асн. работы: у Мінску — навуч. камбінат Міндарбуда Беларусі (1979), 12-павярховы інж.-лабараторны корпус трэстаў Белсельгастэхнікі (1980), рэсп. Дом тэхн. творчасці (1982, у сааўт.), Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (Гран-пры рэсп. фестывалю архітэктуры «Брэст—99»). Сярод інш. работ: будынак пед. ін-та імя І.​Крангэ (1975), бальнічны гарадок (1976) у Кішынёве і інш. Аўтар распрацовак наменклатуры прадпрыемстваў абслугоўвання насельніцтва для іх масавага буд-ва ў мікрараёнах (універсамы, крамы, кавярні і інш. ў мікрараёнах Захад, Паўд. Захад, Малінаўка, Уручча ў Мінску).

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДА́РАЎ Армен Сяргеевіч (н. 3.6.1948, г. Адэса, Украіна),

бел. вучоны ў галіне архітэктуры, дызайну і гісторыі дарог. Канд. архітэктуры (1974). Скончыў БПІ (1970). З 1974 у дарожных установах, з 1990 у рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белдарцэнтр» (з 1995 гал. архітэктар, з 2000 нам. ген. дырэктара — гал. архітэктар). У 1992—98 чл. к-та па ландшафтнай архітэктуры аўтамаб. дарог Транспартнага даследчага савета Нац. АН ЗША. Навук. працы па тэарэт. асновах дарожнай архітэктуры. Стварыў арх.-дызайнерскую службу аўтамаб. дарог Беларусі. Аўтар арх. праекта знака «Нулявы кіламетр», устаноўленага на Кастрычніцкай плошчы Мінска (1998).

Тв.:

История и архитектура дорог Белоруссии. Мн., 1978;

Архитектура автомобильных дорог. М., 1986;

Книга о дорогах: Дороги в человеческой цивилизации и культуре. Мн., 2000.

А.С.Сардараў. Знак «Нулявы кіламетр» (Мінск, 1998).

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКАЧУ́К Аксана Фёдараўна (н. 10.6.1933, С.-Пецярбург),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1958). З 1960 працавала ў ін-це «Мінскпраект», у 1977—83 гал. мастак Мінска, адначасова нам. гал. архітэктара горада. Кіраўнік аўтарскага калектыву праектаў будынкаў Ін-та нар. гаспадаркі (1964—74), жылых дамоў па вул. Старавіленскай (1977—79), будынка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі ((1981), Палаца культуры вытв. тонкасуконнага аб’яднання (1984), планіроўкі і забудовы мікрараёнаў Ракаўская шаша 6 і 7 у Мінску. Сярод інш. работ (у сааўт.): праекты рэстарана «Журавінка» (1969) у Мінску, рэканструкцый Бел. т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1985), будынкаў 19 ст. па вул. Камсамольскай у Мінску (1999) і інш.

т. 15, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБУНЕ́ЎСКІ Станіслаў Данілавіч (1868, Мазырскі р-н Гомельскай вобл. — 1937),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. архітэктараў (1897). У 1897—1937 гомельскі гар. архітэктар. Паводле яго праектаў у Гомелі пабудаваны Гомельскай мужчынскай гімназіі будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскі дом-камуна, Арлоўскі камерцыйны банк (1901, цяпер грамадскі цэнтр на рагу вуліц Савецкай і Першамайскай), жылы дом на рагу вуліц Баярскай і Мільённай (1909, цяпер на рагу вуліц Баўмана і Білецкага), гасцініца «Савой» (1912, не захавалася), земская бальніца і ваен. шпіталь (1914, цяпер корпус бальніцы хуткай дапамогі і ваен. шпіталь) і інш. Кіраваў аднаўленнем згарэлай ч. палаца (1923) Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, складаў праекты добраўпарадкавання вул. Савецкай, тэр. т.зв. гарэлага балота (1925). У 1937 рэпрэсіраваны.

В.​М.​Чарнатаў.

С.Д.Шабунеўскі.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́ШКА Герасім Васілевіч (3.3.1900, в. Паддубнае Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. —6.1.1942),

бел. архітэктар. Скончыў Ін-т грамадз. інжынераў у Петраградзе (1918—24). З 1924 у трэсце Мінбуда (у 1931—33 тэхн. дырэктар). У 1936—41 гал. архітэктар Мінска. Асн. работы: у Мінску — будынкі АТС (не захаваўся), Цэнтр. рабочай паліклінікі па вул. Мяснікова, кінатэатра «Пралетарый» па вул. Савецкай (з В.​Струевым, не захаваўся; усе 1930), жылы дом АН Беларусі (1935, з С.​Гейдукевічам), школа №4 па вул. Чырвонаармейскай (1936), 120-кватэрны жылы дом гарсавета па праспекце Скарыны (1937), будынак політэхн. тэхнікума (1938), гасцініца Бел. ваен. акругі (1939); будынак школы ў г. Барысаў Мінскай вобл. (1930), жылы дом НКУС у Магілёве (1940) і ІНШ.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 18, кн. 1, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́НХАРТ (Nonhardt. Nonhaart, Nonharteken) Пётр (? — 1633), бел. архітэктар і будаўнік. Паходзіў з Галандыі. З 1611 загадваў каралеўскімі збудаваннямі ў Вільні, начальнік каралеўскіх фартыфікацый у ВКЛ. Пабудаваў палац у Вільні (пасля 1610), Гайцюнішскі дом-крэпасць.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР,

старажытнарускі архітэктар. Будаўнік Георгіеўскага сабора (пачаты ў 1119) Юр’ева манастыра ў г. Ноўгарад. Яму прыпісваюцца таксама інш. саборы горада — Мікола-Дварышчанскі (закладзены ў 1113) і Раства Багародзіцы ў Антоніевым манастыры (закладзены ў 1117).

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАДА́М (Hippodamos) з Мілета, старажытнагрэчаскі архітэктар-горадабудаўнік 5 ст. да н.э. Распрацаваў прынцып рэгулярнай планіроўкі ант. гарадоў — т.зв. гіпадамава сістэма. Яму прыпісваюць планіроўку Пірэя (пасля 446 да н.э.), Родаса (408—407 да н.э.) і інш.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕТЫ́НІ Восіп Іванавіч (1790—1861),

бел. архітэктар. Вучыўся архітэктуры ў Польшчы і Італіі. У 1827—42 працаваў віцебскім губернскім архітэктарам. Выканаў праекты перабудовы бальніцы (1838, пабудавана ў 1820) і Віцебскага дваранскага дэпутацкага сходу (1842, не ажыццёўлены).

т. 3, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧ Казімір, прыдворны архітэктар; будаўнік князёў Радзівілаў у 1-й пал. 18 ст. ў Нясвіжы. Прадстаўнік архітэктуры барока. Аднавіў і перабудаваў Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс (пасля 1726), пабудаваў палацавую капліцу (1740), т-р Радзівілаў «камедыхаўз» (1747—48).

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)