пагадненне паміж прадпрыемствамі з вызначэннем іх правоў і абавязкаў у сферы гасп. дзейнасці. Да іх адносяцца дагаворы пастаўкі, падраду на капітальнае буд-ва, грузавой перавозкі, кантрактацыі с.-г. прадукцыі, арэнды, на выкананне навук., праектных і канструктарскіх работ, па аказанні паслуг і інш. У Рэспубліцы Беларусь гаспадарчы дагавор рэгулюецца шматлікімі нарматыўнымі актамі, у т. л. правіламі аб дагаворах падраду на капітальнае буд-ва, палажэннямі аб пастаўках, аб парадку заключэння і выканання дагавораў кантрактацыі с.-г. прадукцыі, трансп. статутамі і кодэксамі і інш. Гаспадарчы дагавор выкарыстоўваюць і як прававую форму арг-цыі ўнутрыгасп. дзейнасці (пагадненне аб арэндзе, падрадзе, у т. л. брыгадным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЮС,
сукупнасць відаў крывасосных двухкрылых насякомых з розных сямействаў. Каля 900 відаў. Трапляецца ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыды, звычайныя ў тундры і лясах.
Да гнюсу адносяццакамары, мошкі, макрацы, маскіты, сляпні, крывасосныя мухі. Відавы склад і колькасць гнюсу залежаць ад ландшафтна-геагр. і кліматычных умоў, сезона, часу сутак. Раі гнюсу ўтвараюць толькі самкі. Развіццё і масавае размнажэнне гнюсу звязана з забалочанымі, слаба асвоенымі чалавекам тэрыторыямі, найчасцей у поймах буйных рэк. Насякомыя праколваюць хабатком скуру і крывяносны сасуд жывёл або чалавека, уводзяць рэчывы, якія выклікаюць сверб, пякоту, запаленчыя працэсы, павышэнне т-ры. Многія віды гнюсу — пераносчыкі ўзбуджальнікаў небяспечных хвароб (сібірскай язвы, сапу, малярыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯНО́Е ПАЛАТНО́,
грунтавая аснова аўтамабільных дарог і чыг. пуцей у выглядзе насыпу, выемкі, паўнасыпу-паўвыемкі або спрафіляванай на мясцовасці паласы ў нулявых адзнаках. На аўтамаб. З.п. ўкладваецца дарожнае адзенне, на чыг. — верхняя будова пуці. Да З.п. адносяцца кюветы, канавы, рэзервы, дрэнажныя і інш. непасрэдна звязаныя з палатном водаадводныя збудаванні. Выкарыстоўваецца для ўстаноўкі пуцявых і дарожных знакаў, агароджы, водапрапускных труб, падтрымных або ахоўных прыстасаванняў і канструкцый і інш. З.п. ўмацоўваюць дзёрнам, бетоннымі плітамі, поліэтыленавымі плёнкамі, вяжучымі матэрыяламі, пасевам траў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТА (ад грэч. chartēs аркуш, скрутак),
паменшанае, матэматычна вызначанае і абагульненае адлюстраванне паверхні Зямлі, іншых нябесных цел або нябеснай сферы і аб’ектаў, з’яў, якія да іх адносяцца, на плоскасці ў пэўнай картаграфічнай праекцыі і сістэме ўмоўных абазначэнняў з дапамогай картаграфічных прылад. З’яўляецца вобразна-знакавай мадэллю рэчаіснасці, мае прасторава-часавае падабенства адносна арыгінала, маштаб, метрычнасць, высокую нагляднасць, што робіць яе важным сродкам фіксацыі і перадачы інфармацыі, навуковага пазнання ў геаграфіі, геалогіі, геафізіцы, сацыялогіі і інш. навуках аб Зямлі і грамадстве. Гл.Геаграфічныя карты, Геалагічныя карты, Геамарфалагічныя карты, Глебавыя карты, Картаграфія, Кліматычныя карты, Марскія карты, Палітыка-адміністрацыйныя карты, Тапаграфічныя карты, Турысцкія карты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская група). Пашырана ў Карэліі, Цвярской, часткова Ленінградскай і Наўгародскай абласцях (Расія). Мае 3 дыялекты: уласна карэльскі, лівікоўскі (ці аланецкі) і людзікоўскі.
К.м. аглюцінатыўная. Для фанетыкі характэрны проціпастаўленне кароткіх і доўгіх галосных, наяўнасць дыфтонгаў, сінгарманізм. у сінтаксісе ўжыванне прыназоўнікаў і паслялогаў. Стараж. пісьмовыя помнікі адносяцца да 13 ст. Збераглася багатая вусная нар. творчасць (эпас «Калевала» і інш.). У 1930-я г. існавала пісьменнасць на аснове рус. алфавіта, з 1940-х г. К.м. ўжывалася ў вуснай форме. З канца 1980-х г. пісьменнасць на аснове лац. графікі.
Літ.:
Основы финно-угорского языкознания: Прибалт.-фин., саамский и мордовский языки. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТО́НЫ (ад грэч. leptos тонкі, лёгкі),
элементарныя часціцы, якім уласцівы электраслабае ўзаемадзеянне і гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Адрозніваюцца ад адронаў, кваркаў і інш. адсутнасцю моцнага ўзаемадзеяння, напр. паміж сабой, паміж Л. і кваркамі. Маюць спін 1/2 і адносяцца да ферміёнаў. Падзяляюцца на 3 сям’і (пакаленні): электрон і электроннае нейтрына, μ− мезон і мюоннае нейтрына, τ− Л. і таоннае нейтрына, а таксама іх антычасціцы (пазітроны, μ+ мезон, τ+ Л.) і адпаведныя антынейтрына; з кожнай з гэтых сем’яў звязваюць асобны лептонны лік. Л. не маюць структуры, утвараюць вадародападобныя атамарныя станы тыпу пазітронія, мюонія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, што ўтрымліваюцца ў тканках жывёльных і раслінных арганізмаў у адносна высокіх канцэнтрацыях (10−2% і вышэй). Да М. адносяцца кісларод, вадарод, вуглярод, азот, кальцый, фосфар, натрый, калій, сера, хлор, магній; з іх утвораны неарган. (мінер. солі, вада) і арган. (бялкі, нуклеінавыя к-ты, тлушчы, вугляводы) рэчывы. Неарган. рэчывы ўдзельнічаюць у фарміраванні цвёрдых тканак (косці, зубы), уваходзяць у склад ферментаў, гармонаў, вітамінаў, нуклеінавых к-т. Разам з вадой мінер. рэчывы фарміруюць у арганізме асяроддзе, у якім працякаюць хім. рэакцыі. Арган. рэчывы ўдзельнічаюць у пабудове мяккіх тканак і клетак крыві. М. паступаюць у арганізм з ежай, вадой, паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ЗЛАЧЫ́НСТВА,
найцяжэйшае проціпраўнае дзеянне, якое замахваецца на асновы існавання дзяржаў і нацый, падрывае найважнейшыя прынцыпы міжнар. права, пагражае міжнар. міру і бяспецы. Аб’ектам М.з. могуць быць: усеагульны мір і міжнар. бяспека; добрасуседскія адносіны паміж народамі і дзяржавамі; правы народаў і нацый на самавызначэнне; законы і звычаі вайны. У адпаведнасці са Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала і інш.міжнар.-прававымі актамі да М.з. адносяцца: злачынствы супраць міру, ваен. злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і чалавецтва, у т. л. каланіялізм, генацыд, апартэід, масавае забруджванне атмасферы або мораў (экацыд). Суб’ектамі М.з. і суб’ектамі адказнасці за іх учыненне могуць быць дзяржавы, міжнар. арг-цыі і фіз. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ПРЫВА́ТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць норм, якія рэгулююць прыватна-прававыя адносіны міжнар. характару. У іх прымаюць удзел чужаземцы, замежныя юрыд. асобы і замежныя краіны; яны звязаны з тэрыторыяй дзвюх або некалькіх дзяржаў; аб’ектам праваадносін з’яўляецца рэч, якая знаходзіцца за мяжой. Да сфер дзейнасці М.п.п. адносяцца пытанні цывільна-прававога стану чужаземцаў, замежных юрыд. асоб і змешаных т-ваў, права ўласнасці, абавязацельнага, аўтарскага, вынаходніцкага, сямейнага, спадчыннага правоў і інш. Нормы М.п.п. ёсць як у двухбаковых, так і ў шматбаковых міжнар. дагаворах. Асаблівасцю цывільна-прававых адносін М.п.п. з’яўляецца тое, што яго нормы, як правіла, не рэгулююць канкрэтна спрэчку, якая ўзнікла, а толькі ўказваюць, заканадаўства якой краіны належыць выкарыстаць (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.