ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ (ад лац. voluntas воля),

кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.​Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.​Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,

узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук. веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЦЦЁ,

асобая форма існавання і руху матэрыі, здольная да развіцця (эвалюцыі) і якасна больш высокая, чым фіз. і хім. формы; асн. матыў існавання і змест перажывання чалавека, жыццёвы лёс наогул. Характарызуецца абменам рэчываў, раздражняльнасцю, самааднаўленнем, сістэмным самакіраваннем, перадачай энергіі і інфармацыі, прыстасаванасцю да ўмоў асяроддзя(адаптацыяй), а таксама адноснай самастойнасцю надарганізменных утварэнняў (біягеацэнозаў, экасістэм) пры агульным фізіка-хім. адзінстве жывога рэчыва біясферы Зямлі (магчыма, і ўсяго Сусвету). Існуюць розныя канцэпцыі паходжання і сутнасці Ж. Прыхільнікі крэацыянізму прызнаюць аднаактавае стварэнне арганізмаў Богам або шматлікія акты стварэння ўсё больш дасканалых форм Ж. пасля знішчэння папярэдніх у выніку «катаклізмаў». Тэорыя самаадвольнага і спантаннага зараджэння Ж. была пашырана ў Стараж. Кітаі (Канфуцый), Вавілоне і Егіпце. Віталізм, які абапіраецца на вучэнне Арыстоцеля аб энтэлехіі, растлумачвае працэсы Ж. дзеяннем нематэрыяльнай «энергіі душы», «жыццёвай сілы» або «жыццёвага парыву». Тэорыя біяхім. эвалюцыі прапануе сваю ўсеагульную схему ўзнікнення Ж. ў выніку працяглых пераўтварэнняў вугляродазмяшчальных злучэнняў, пераходу ад складаных арган. рэчываў да простых жывых арганізмаў; паводле палеанталагічных звестак, першыя жывыя арганізмы (аднаклетачныя) з’явіліся на Зямлі не менш як 3,5—3,8 млрд. гадоў назад. На глебе метафізічнага матэрыялізму распрацоўваліся канцэпцыі пра занясенне зародкаў жыцця на Зямлю з космасу (панспермія) і аб спрадвечным паралельным існаванні жывой і нежывой матэрыі. Франц. філосаф А.​Бергсон разглядаў Ж. як працэс чалавечага быцця і ўяўляў яго ў форме зыходнага «ўзрыву», які прывёў да разгортвання жыццёвага працэсу; пры гэтым у якасці 2 асн. форм Ж. і пазнання ён вылучаў інтэлект і інтуіцыю. З псіхааналітычнага пункту погляду Ж. ўяўляе сабой узаемадзеянне структурных элементаў псіхікі, жыццядзейнасці індывіда і асаблівасцей навакольнага асяроддзя. На думку З.​Фрэйда і Л.​Шапенгаўэра А.​Шапенгаўэра, «сапраўдным вынікам» і мэтай Ж. з’яўляецца дасягненне смерці, а сексуальныя схільнасці, якія ўзнаўляюць папярэднія станы праз зліццё дзвюх зародкавых клетак, ёсць увасабленне волі да Ж. Ідэі аб Ж. як рэдкай разнавіднасці смерці ляжаць у аснове канцэпцыі постструктуралізму, прадстаўнікі якога не проціпастаўляюць Ж. смерці, а ўводзяць іх у адносіны невырашальнай узаемаабарачальнасці. Гл. таксама Абіягенез, Гамеастаз, Дарвінізм, Філасофія жыцця.

Літ.:

Вернадский В.И. Живое вещество. М., 1978;

Фролов И.Т. О смысле жизни, о смерти и бессмертии человека. М., 1985;

Зеленков А.И., Водопьянов П.А. Динамика биосферы и социокультурные традиции. Мн., 1987;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш. Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.

Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э.). Паўзаній (2 ст. н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст.), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.​Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.​Ж.​Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст.). Першы робат сканструяваў амер. інж. Дж.​Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп. вучоны Н.​Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн. тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл. Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш. тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш.). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.

На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл. Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).

Літ.: Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп. М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ. М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.

Г.​І.​Хуцкі, У.​М.​Сацута.

Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.

т. 13, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФАРМАТЫКА

Работы па праблемах інфарматыкі на Беларусі пачаты ў 1960-я г. ў працэсе стварэння на Мінскім з-дзе ЭВМ сям’і вылічальных машын «Мінск». Сістэмнае праграмнае забеспячэнне і пакеты навук. праграм агульнага прызначэння распрацоўваліся ў НДІ ЭВМ і АН Беларусі. Асн. работы вядуцца па праблемах дыскрэтнай аптымізацыі ў Ін-це матэматыкі (ІМ) і Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі (АІПІ) Нац. АН Беларусі, БДУ; тэорыі аўтам. кіравання — у ІМ, АІПІ, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР), Бел. нац. тэхн. ун-це (БНТУ), Ваен. акадэміі (ВА); лагічнага праектавання — у НДІ ЭВМ, АІПІ, БДУІР, БДУ; аўтаматызацыі праектавання — у АІПІ, Мінскім вытв. аб’яднанні аўтам. ліній, БДУІР, БНТУ; тэорыі і метадах апрацоўкі сігналаў і відарысаў — у АІПІ, БДУ, БДУІР, НВА «Інтэграл», ВА; праграмнага забеспячэння — у НДІ ЭВМ, АІПІ, ІМ, БДУ, Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання, НВА «Агат»; аховы інфармацыі — у АІПІ, БДУ, НДІ тэхн. аховы інфармацыі, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, НДІ ЭВМ, НВА «Агат»; тэорыі і метадах геаінфармацыйных сістэм — у АІПІ, Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы», Рэсп. навук.-тэхн. цэнтры «Экамір»; інфарм. тэхналогій у медыцыне — у АІПІ, Бел. цэнтры мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі аховы здароўя. (Гл. таксама Інфарматыка).

Сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі і размеркаваная апрацоўка інфармацыі ў рэжыме аддаленага доступу развіваюцца з 1970-х г., калі ствараліся рэгіянальныя і лакальныя камп’ютэрныя сеткі на базе лакальных і аддаленых дысплейных комплексаў для Адзінай сістэмы ЭВМ (ЕС ЭВМ). Рэгіянальныя сеткі ствараліся на аснове персанальных ЭВМ з аддаленым доступам з выкарыстаннем мадэмаў па вызначаных тэлеф., валаконна-аптычных і спадарожнікавых каналах сувязі. З 2001 на Беларусі працуе лічбавая сетка з інтэграцыяй абслугоўвання, што спалучае магчымасці агульнай тэлеф. сеткі і сеткі перадачы даных. Глабальная сусветная сетка Інтэрнет забяспечвае доступ да аддаленых інфарм. рэсурсаў з дапамогай Вэбтэхналогіі. Асн. правайдэрам, які забяспечвае паслугі доступу да сеткі, з’яўляецца Рэсп. аб’яднанне «Белтэлеком». У навук. і агульнаадук. галінах створана навук.-інфарм. камп’ютэрная сетка, якая аб’ядноўвае камп’ютэрныя сеткі ў Нац. АН Беларусі (BASNET), БДУ (карпаратыўная сетка БДУ), Мін-ва адукацыі (UNIBEL).

Аўтаматызацыя праектавання як самастойны навук. кірунак сфарміравалася з пачаткам серыйнага выпуску ЭВМ. На базе лабараторый Ін-та матэматыкі і выліч. тэхнікі створаны Ін-т тэхн. кібернетыкі (1965; з 2002 — Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі Нац. АН Беларусі). У ін-це вядуцца даследаванні працэсаў тэхн. падрыхтоўкі па тэорыі аўтаматызацыі праектавання, а таксама эксперым. і доследна-канструктарскія распрацоўкі ў машына-, авія- і суднабудаванні, радыётэхн., электроннай прам-сці і інш. Прапанаваны класіфікацыя і кадзіраванне інфармацыі, метады рашэння тыповых праектных задач, пабудавання інфарм. мадэлей, фармалізацыі тыповых тэхнал. маршрутаў (Г.​К.​Гаранскі). Даследаваны працэсы тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці, прапанаваны дэдуктыўная тэорыя сістэмна-структурнага мадэліравання працэсаў (В.​Дз.​Цвяткоў), тэорыя аўтаматызаванага сінтэзу канструкцый спец. тэхнал. аснасткі (А.​Г.​Раковіч). Распрацаваны метады г праграмныя сродкі аўтаматызацыі складана-рэзальных інструментаў, інструментальных наладак спец. агрэгатных станкоў і аўтам. ліній, станкоў-аўтаматаў (Л.​М.​Ламбін, Б.​І.​Сініцын). Даследаваны праблемы інфарм. забеспячэння працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці (М.​А.​Ярмаш), аспекты эрганамічнага праектавання складаных тэхн. сістэм (Г.​Р.​Маньшын). Прапанаваны падыходы фармалізацыі працэсаў прыняцця рацыянальных рашэнняў складаных праектных задач (Г.​М.​Левін, В.​С.​Танаеў). Развіта тэорыя праектавання складаных тэхн. аб’ектаў (А.​І.​Семянкоў). Праведзены даследаванні па мадэліраванні і аптымізацыі шматпераходных тэхнал. працэсаў (У.​І.​Махнач), інфарм. працэсаў тэхн. падрыхтоўкі вытв-сці нерэгулярных канструкцый (С.​В.​Мядзведзеў), скразных тэхналогій праектавання і вытв-сці складаных вырабаў у машына- і прыладабудаванні (Л.​В.​Губіч). Даследуюцца метады праектавання сістэм кіравання тэхнал. абсталяваннем (А.​І.​Дабралюбаў), дыягностыкі складаных сістэм кіравання. Прапанаваны прынцыпы пабудавання аўтаматызаваных сістэм кіравання эксперыментам, інфарм.-вымяральных сістэм (Р.​Х.​Садыхаў, П.​М.​Чаголін). Распрацаваны метады і тэорыя аналізу выпадковых працэсаў (А.​М.​Крот), падыходы да стварэння праграмных комплексаў на базе выліч. сістэм і сетак (Г.​В.​Рымскі). Даследаваны прынцыпы стварэння праграмна-апаратных сродкаў і распрацаваны эксперым. ўзоры чарцёжна-графічных аўтаматаў (Я.​В.​Дняпроўскі, В.​К.​Ерахавец), планшэтных прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.​І.​Аляксееў). Распрацаваны комплекс дзяржстандартаў і кіруючых дакументаў, якія рэгламентуюць стварэнне аўтаматызаваных сістэм (У.​І.​Махнач, І.​С.​Міцяеў, А.​І.​Семянкоў). Вынікі н.-д. і доследна-канструктарскіх работ укаранёны на мінскіх трактарным і аўтамаб. з-дах, ААТ «Гарызонт», «Віцязь» і інш.

Штучны інтэлект як навук. кірунак сфарміраваўся ў 1970-я г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграмавання, выліч. тэхнікі і інш. Асн. кірункі даследаванняў: сінтэз і распазнаванне мовы, апрацоўка і распазнаванне відарысаў і картаграфічнай інфармацыі, пытанні рэалізацыі сістэм аўтам. аналізу тэкстаў натуральнай мовы (вядуцца ў БДУ і Мінскім лінгвістычным ун-це), распрацоўка нейракамп’ютэраў і нейрасеткавых мадэлей (у Цэнтры інфарм. тэхналогій, БДУІР, Брэсцкім тэхн. ун-це) і інш. У БДУІР з 1995 рыхтуюць спецыялістаў па спецыяльнасці «Штучны інтэлект» і яе спецыялізацыях; вядуцца работы па развіцці і давядзенні да практ. рэалізацыі графадынамічнай парадыгмы прадстаўлення і перапрацоўкі ведаў.

Лагічнае праектаванне — пачатковы этап праектавання дыскрэтных выліч. і кіравальных устройстваў з выкарыстаннем апарата лагічнай алгебры, тэорыі аўтаматаў і лагічных схем, графаў і інш. раздзелаў дыскрэтнай матэматыкі. З 1960-х г. вядуцца работы па стварэнні новых ЭВМ і сістэм аўтаматызаванага праектавання (Г.​М.​Лапато і інш.). Распрацаваны кананічны метад сінтэзу лагічных схем (А.​Ш.​Блох), прапанаваны метады аўтам. аналізу і сінтэзу лагічных схем кіравання тэхнал. машынамі (С.​І.​Акуновіч, А.​І.​Дабралюбаў). З пач. 1970-х г. у АІПІ пад кіраўніцтвам А.​Дз.​Закрэўскага развіваецца тэорыя аўтаматызаванага лагічнага праектавання, што прывяло да стварэння сям’і моў і сістэм праграмавання ЛЯПАС (П.​М.​Бібіла і інш.). Распрацаваны эфектыўныя метады і алгарытмы рашэнняў шэрагу задач лагічнага праектавання, а на іх базе — метады сінтэзу асінхронных аўтаматаў і лагічных схем у канкрэтных элементных базісах, а таксама атрымання правяральных і дыягнастычных тэстаў для іх.

Апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы. У сярэдзіне 1960-х г. у АІПІ, БДУ, БДУІР, ВА пачаліся даследаванні па стварэнні і дастасаваннях аўтаматызаваных сістэм для перадачы, апрацоўкі і захоўвання сігналаў рознай фіз. прыроды (радыёлакацыйных, акустычных, вібрацыйных). У АІШ развіты метады фарміравання выпадковых сігналаў з зададзенымі характарыстыкамі, іх аналізу і ідэнтыфікацыі (А.​М.​Крот, Р.​Х.​Садыхаў, П.​М.​Чаголін), распрацаваны апарат тэарэтыка-полінаміяльнага прадстаўлення дыскрэтных сігналаў (А.​М.​Крот). З 1970-х г. вядуцца даследаванні ў галіне апрацоўкі відарысаў з дастасаваннямі да апрацоўкі картаграфічнай інфармацыі; закладзены асновы тэорыі апрацоўкі відарысаў (С.​У.​Абламейка); метады аналізу і распазнавання асн. класаў аб’ектаў відарысаў (С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў), эфектыўныя метады і алгарытмы інварыянтнага параўнання і аналізу геам. аб’ектаў (А.​В.​Тузікаў), створана тэхналогія складання лічбавых карт (А.​М.​Кручкоў).

У АІПІ створаны новы навук. кірунак — моўная інфарматыка (Б.​М.​Лабанаў), распрацаваны метады распазнавання слоў у моўным патоку і сінтэзу моўных сігналаў на аснове тэкставай інфармацыі (Б.​М.​Лабанаў), новы падыход да распазнавання сігналаў моўных фанем (А.​М.​Крот, П.​П.​Ткачова), метады аналізу атрактараў складаных дынамічных сістэм і хаатычных сігналаў (А.​М.​Крот), метады апрацоўкі і аналізу мед.-біял. сігналаў і відарысаў (С.​У.​Абламейка, У.​В.​Анішчанка, А.​М.​Крот, А.​В.​Тузікаў).

У 1950—70-я г. ў ВА праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні па стварэнні разнесеных радыёлакацыйных станцый і сістэм. Пазней развіта тэорыя сінтэзу структуры сістэмы аптымальнай апрацоўкі сігналаў на фоне карэляваных перашкод (А.​Я.​Ахрыменка), развіты асновы тэорыі радыёлакацыйнага распазнавання (А.​Я.​Ахрыменка, В.​І.​Курловіч, Т.​І.​Шаломенцаў). У канцы 1960-х г. у БДУІР распачаты работы па стварэнні касм. спалучаных сістэм перадачы інфармацыі, у сувязі з чым распрацаваны алгарытмы фільтрацыі стахастычных працэсаў і метады супольнай нелінейнай фільтрацыі дыскрэтных і неперарыўных маркаўскіх працэсаў (В.​А.​Чардынцаў), алгарытмы сінхранізацыі па інфарм. сукупнасцях (У.​В.​Лосеў). У канцы 1970-х г. у БДУ пачаты даследаванні па мадулярных выліч. структурах для лічбавай апрацоўкі сігналаў (А.​Ф.​Чарняўскі), для яе створаны высокаскарасныя мадэлі базавых працэдур (А.​Ф.​Чарняўскі, А.​А.​Каляда і інш.).

Распазнаванне вобразаў. Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі праводзяцца з канца 1970-х г. Найб. буйнымі навук. кірункамі даследаванняў з’яўляюцца метады распазнавання вобразаў, якія грунтуюцца на імавернасна-стат. падыходзе, на лагічным падыходзе і на алг. і лагічным пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў.

У АІПІ Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам А.​Дз.​Закрэўскага распрацаваны лагічны падыход да распазнавання вобразаў у прасторы булевых і мнагазначных прыкмет, прапанаваны камбінаторныя метады выяўлення імплікатыўных заканамернасцей у патоку даных з ацэньваннем іх дакладнасці і пабудавання на іх аснове базы даных, распрацаваны шэраг алгарытмаў рашэння лагічных ураўненняў.

У межах імавернасна-стат. падыходу ў БДУ распрацаваны: тэорыя рабаснага стат. распазнавання вобразаў (Ю.​С.​Харын), асновы тэорыі ўстойлівай стат. класіфікацыі мнагамерных назіранняў (Я.​Я.​Жук, Ю.​С.​Харын); пабудаваны новыя рабасныя ўстойлівыя алгарытмы дыскрымінантнага аналізу (К.​А.​Дучынскас, У.​І.​Малюгін, А.​Г.​Мядзведзеў), кластэр-аналізу (Я.​Я.​Жук, Ю.​С.​Харын), распазнавання «разладак» (М.​С.​Абрамовіч, А.​М.​Мельнікава, П.​П.​Рогач), імавернасна-стат. мадэліравання складаных сістэм (С.​В.​Агіевіч, В.​А.​Галінскі, С.​М.​Сталеўская). У БДУ праводзіліся даследаванні ў межах дэтэрміністычнага падыходу да рашэння задач распазнавання вобразаў (В.​У.​Краснапрошын, М.​А.​Лепяшынскі, Ю.​В.​Плотнікаў), распрацаваны алг. і лагічныя пашырэнні эўрыстычных алгарытмаў (У.​А.​Абразцоў, С.​І.​Кашкевіч, В.​У.​Краснапрошын), вывучаліся ўласцівасці карэктнасці, манатоннасці, устойлівасці, пытанні складанасці рэалізацыі пабудаваных сем’яў алгарытмаў (У.​А.​Абразцоў, А.​Л.​Канавалаў, С.​І.​Кашкевіч, В.​У.​Краснапрошын), даследаваліся невыразныя распазнавальныя сістэмы з семантычнымі ўласцівасцямі (У.​А.​Абразцоў, С.​І.​Ватлін, І.​П.​Кавалёў, В.​У.​Краснапрошын). Даследаванні па распазнаванні вобразаў у дастасаванні да апрацоўкі відарысаў вядуць навук. школы С.​У.​Абламейкі і Р.​Х.​Садыхава.

Геаінфармацыйныя сістэмы. Гэты навук. кірунак, звязаны з геагр. інфарм. сістэмамі (ПС) і ГІС-тэхналогіямі, інтэнсіўна развіваецца з канца 1970-х г., калі пад кіраўніцтвам А.​І.​Семянкова быў выкананы шэраг работ у галіне лічбавай картаграфіі. Атрыманы тэарэт. і практычныя вынікі па аўтаматызаваным распазнаванні картаграфічных відарысаў і стварэнні лічбавых мадэлей мясцовасці (С.​У.​Абламейка, А.​М.​Кручкоў, А.​Г.​Пратапопаў, А.​В.​Старцаў), стварэнні банкаў картаграфічнай інфармацыі (А.​К.​Сутурын, М.​А.​Ярмаш), стварэнні і абнаўленні марскіх карт (С.​П.​Борычаў, С.​А.​Шаўроў), апрацоўкі касм. здымкаў (Б.​С.​Берагаў і інш.). У АІПІ створана сям’я прылад уводу-вываду графічнай інфармацыі (Г.​І.​Аляксееў, Я.​В.​Дняпроўскі, В.​К.​Ерахавец і інш.). У Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Геаінфармацыйныя сістэмы» распрацаваны тэхналогіі выяўлення лясных пажараў і маніторынгу стану лясоў паводле даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, мадэліравання надзвычайных сітуацый на хімічна небяспечных аб’ектах. Дастасаванні ГІС-тэхналогій да лясной гаспадаркі Беларусі развіваюцца ў Бел. тэхнал. ун-це, унітарным прадпрыемстве «Белдзяржлес» і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі. У ААТ «Пеленг» вядуцца работы па стварэнні метадаў і тэхналогій атрымання высокадакладных лічбавых мадэлей мясцовасці. Метады і сродкі арганізацыі экалагічнага маніторынгу навакольнага асяроддзя распрацоўваюцца ў Рэсп. навук.-тэхн. цэнтры «Экамір», Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства. Распрацоўкай ГІС-тэхналогій для аператыўнага кантролю катастрафічных паводак займаюцца ў БДУ і УП «Белдзіправадгас». Ваенныя дастасаванні ГІС-тэхналогій вядуцца ў ВА.

Прылады ўводу відарысаў. Даследаванні па аўтаматызацыі ўводу графічнай інфармацыі пачаліся ў сярэдзіне 1960-х г. У АІПІ пад кіраўніцтвам П.​М.​Чаголіна быў выкананы шэраг работ па аналізе эксперым. графікаў і пераўтварэнні складаных форм графічных даных. У 1968 была сфармулявана (А.​Расказаў) ідэя пабудавання індукцыйных вымяральнікаў каардынат. Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (Мінск) распрацавана сям’я дыгітайзераў серыі ЭМ (У.​П.​Зуеў, Г.​П.​Шадурскі). У 1984 гэтая тэматыка перададзена Доследна-канструктарскаму бюро машынабудавання (ДКБМ) пры з-дзе «Эвістар» (г. Віцебск). З 1983 наладжана супрацоўніцтва АІПІ і ДКБМ, у выніку якога распрацаваны тэарэт. асновы дыгітайзераў разгортвальнага пераўтварэння, элементы тэорыі дыгітайзераў неперарыўнага дзеяння і інш.

З 1979 у АІПІ разам з Цэнтр. КБ АН Беларусі разгорнуты работы па стварэнні спецыялізаванай аўтаматызаванай картаграфічнай вытв-сці, створана сям’я высокадакладных (з хібнасцю да 0,1 мм) дыгітайзераў «ПЛАНШЭТ» (Г.​І.​Аляксееў, М.​С.​Люкевіч). У 1989—90 група спецыялістаў з АІПІ і Цэнтр. КБ АН Беларусі і ГППЗ «Аптрон» пад кіраўніцтвам Г.​І.​Аляксеева распрацавала тэорыю і методыку праектавання ноніусных дыгітайзераў (Г.​І.​Аляксееў, А.​І.​Грэкаў) і зрабіла канструктарскую дакументацыю на дыгітайзеры серыі УВГ1. З 2000 у АІПІ вядуцца даследаванні па пафрагментным растравым уводзе відарысаў малафарматнымі планшэтнымі сканерамі. Распрацаваны спосаб камплексавання дыгітайзераў і планшэтных сканераў, што забяспечвае аўтам. вызначэнне становішча і арыентацыі сканера ў каардынатнай сетцы дыгітайзера (Г.​І.​Аляксееў, В.​А.​Мільман і інш.) з захаваннем аўтаномнай работы дыгітайзера і сканера.

Літ.:

Танаев В.С., Левин Г.М. Декомпозиционные методы оптимизации проектных решений. Мн., 1978;

Цветков В.Д. Системно-структурное моделирование и автоматизация проектирования технологических процессов. Мн., 1979; Автоматизация проектирования ЭВМ. Мн., 1980; Закревский А.Д. Логический синтез каскадных схем. М., 1981; Алексеев Г.И. Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985; Петренко А.Й., Семенков О.И. Основы построения систем автоматизированного проектирования. Киев, 1985; Садыхов Р.Х., Чеголин П.М., Шмерко В.П. Методы и средства обработки сигналов в дискретных базисах. Мн., 1987; Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989; Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990; Физические основы дистанционного зондирования. Мн., 1991; Харин Ю.С. Робастность в статистическом распознавании образов. Мн., 1992; Крот А.М., Минервина Е.Б. Быстрые алгоритмы и программы цифрового спектрального анализа сигналов и изображений. Мн., 1995; Автоматизация проектирования технологических процессов. Мн., 1997; Жук Е.Е., Харин Ю.С. Устойчивость в кластер-анализе многомерных наблюдений. Мн., 1998; Закревский А.Д. Параллельные алгоритмы логического управления. Мн., 1999; Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. 2 изд. Мн., 2000; Географические информационные системы. Создание цифровых карт. Мн., 2000; Журавков М.А., Видякин В.В. ГИС-технологии в прикладной механике. Мн., 2000; Губич Л.В. Автоматизация процессов проектирования в машиностроении. Мн., 2002; Закревский А.Д. Логика распознавания. М., 2003; Яго ж. Логические уравнения. Мн., 2003.

У.​Л.​Каткоў (інфарматыка), М.​М.​Маханёк (сеткавыя і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі), У.​І.​Махнач (аўтаматызацыя праектавання), У.​В.​Галянкоў (штучны інтэлект), А.​Дз.​Закрэўскі (лагічнае праектаванне), С.​У.​Абламейка, А.​М.​Крот, Б.​М.​Лабанаў (апрацоўка сігналаў, відарысаў, мовы), Ю.​С.​Харын, В.​У.​Краснапрошын (распазнаванне вобразаў), С.​У.​Абламейка, А.​М.​Кручкоў (геаінфармацыйныя сістэмы), Г.​І.​Аляксееў (прылады ўводу).

Дыгітайзер УВП-01.

т. 18, кн. 2, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.

У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д. Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).

Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар. т-ра масак — італьян. камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.​С.​Станіслаўскі (гл. Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.​Меерхольда, Б.​Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).

Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл. т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.

Развіццё бел. прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.​Ждановіча, У.​Галубка, У.​Крыловіча, Г.​Грыгоніса, К.​Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.​Уладамірскі, Г.​Глебаў, А.​Ільінскі, Л.​Ржэцкая. Акцёры Б.​Платонаў, І.​Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.​Дзядзюшка, Ц.​Сяргейчык, В.​Галіна, В.​Пола, І.​Шаціла, М.​Бялінская, М.​Звездачотаў, Р.​Кашэльнікава, Я.​Глебаўская, А.​Радзялоўская, С.​Бірыла, А.​Шэлег.

З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.​Станюта, Л.​Рахленка, З.​Стома, Г.​Макарава, Ф.​Шмакаў, І.​Матусевіч, З.​Канапелька, З.​Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.​Тарасаў, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, П.​Дубашынскі, А.​Мілаванаў, Г.​Талкачова, У.​Куляшоў, Г.​Дубаў, Т.​Кокштыс, Я.​Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.​Кумельскі, А.​Кістаў, Дз.​Арлоў, А.​Клімава, Р.​Янкоўскі і інш.).

У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.​Купалы і Я.​Коласа, з 1945 у Бел. тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.

У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.​Пікфард, Л. і Д.​Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.​Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.​Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.​Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед. маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш.). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.​Чаплін, Д.​Фербенкс, Пікфард, Л.​Гіш, І.​Мазжухін, А.​Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.​Габэн, М.​Сімон, М.​Дзітрых, В.​Лі, Л.​Аліўе, Ч.​Лоўтан, Г.​Гарба, Х.​Богарт, Г.​Фонда, Б.​Бабачкін, В.​Марэцкая, Л.​Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.​Філіпа, Ж.​Маро, Дж.​Мазіны, М.​Мастраяні, С.​Ларэн, І.​Тулін, М. фон Сюдаў, Б.​Ланкастэра, С.​Трэсі, М.​Бранда, З.​Цыбульскага, Л.​Вініцкай, С.​Бандарчука, І.​Смактуноўскага, Д.​Баніёніса, М.​Ульянава.

У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.​Дэпардзьё, Дж.​Нікалсан, Д.​Хофман, Дж.​Фонда, Л.​Ульман, Х.​Шыгула).

У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.​Крыловіч, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.​Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.​Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.​Дзянісава, В.​Белахвосціка, Т.​Мархель, У.​Гасцюхіна, Г.​Гарбука, М.​Яроменкі, С.​Сухавей.

Літ.:

Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;

Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;

Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;

Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;

Няфёд У. Народны артыст СССР П.​С.​Малчанаў. Мн., 1958;

Яго ж. Народны артыст БССР У.​І.​Уладамірскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд. Мн., 1989;

Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;

Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.​К.​Ільінскі. Мн., 1954;

Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;

Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн., 1970;

Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;

Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;

Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;

Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.

А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Да арт. Акцёрскае мастацтва. А.​Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.​Вольскага).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. М.​Ульянаў у ролі маршала Г.​К.​Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. С.​Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы).
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Ч.​Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт. Акцёрскае мастацтва. Г.​Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.​Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.​Купалы).

т. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКА І НАВУКОВЫЯ ЎСТАНОВЫ

Навука на Беларусі мае глыбокія гістарычныя вытокі і непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства, ростам гарадоў і патрэбамі вытворчасці, праблемамі нац. і сац. развіцця.

СТАНАЎЛЕННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ.

Першыя навук. ўяўленні адносяцца да 7—8 ст., калі ў плямён, што насялялі тэр. Беларусі, пачалося адасабленне такіх рамёстваў, як ліцейнае, кавальскае, ганчарнае, ткацкае. Развіццё іх было немагчыма без пэўных фіз. і фізіка-хім. ведаў. Так, пры атрыманні жалеза з балотных руд нашы продкі маглі з вялікай дакладнасцю вытрымліваць неабходную для гэтага тэмпературу больш за 1000 °C. Эмпірычныя звесткі ў галіне фізікі і механікі паспяхова выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні культавых і абарончых збудаванняў, пракладцы дарог і будаўніцтве мастоў. Назіранні за атм. з’явамі адлюстроўваліся ў нар. прыкметах, звязаных з прадказаннем надвор’я, неабходных для земляробства і жывёлагадоўлі (адно з першых пісьмова зафіксаваных метэаралаг. назіранняў датуецца 3.3.1067). Да 13 — пач. 14 ст. адносіцца стварэнне на тэр. Беларусі ўласнай сістэмы мер — так званай Полацкай сістэмы.

Развіццё навук. ідэй на бел. землях адбывалася ў цеснай узаемасувязі з асн. тэндэнцыямі развіцця сусветнай цывілізацыі. Распаўсюджванне хрысціянства на старажытнабел. землях паскорыла развіццё пісьменства, літаратуры, культуры і ўлучыла іх у агульнаеўрапейскі гіст.-культурны ландшафт, спрыяла ўмацаванню сувязей з Візантыяй, дзяржавамі Зах. Еўропы. У манастырах і храмах ствараліся бібліятэкі, вяліся летапісы, перапісваліся кнігі. Такія асветнікі стараж. Беларусі, як Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі, сталі зоркамі першай велічыні ў культ. жыцці Усх. Еўропы. Для распаўсюджвання прыродазнаўчых ведаў на тэр. Беларусі асаблівую ролю адыгрывала навук. літаратура, якая праз Беларусь трапляла ва Усх. Еўропу. Яна ўключала звесткі пра антычную навуку, знаёміла з працамі Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля і інш.

Развіццё навук. ідэй у 16 ст. звязана з навукова-асветніцкай дзейнасцю М.​Гусоўскага, Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, М.​Стрыйкоўскага. У 1517 Ф.​Скарына заснаваў бел. кнігадрукаванне, у 1522 выдаў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой былі звесткі па многіх галінах ведаў. У 1553 па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы М.​Радзівіла заснавана друкарня ў Брэсце, дзе кнігі друкаваліся на лацінскай і польскай мовах. У 1562 С.​Будны заснаваў друкарню ў Нясвіжы.

Значнае месца ў пашырэнні адукацыі і навук. ведаў займалі навуч. ўстановы. Пачатковыя школы ствараліся пры правасл. прыходскіх цэрквах і брацтвах Сярэднюю і вышэйшую адукацыю можна было атрымаць у каталіцкіх навуч. установах — калегіумах, дзе выкладаліся т зв «сем вольных навук»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Асноўнае выкладанне ішло на бел. мове, выкарыстоўвалася таксама лацінская, грэчаская і польская мовы. У 1570 адкрыта першая ў ВКЛ вышэйшая навуч. ўстанова — Езуіцкі калегіум у Вільні (у 1578 ператвораны ў Віленскую акадэмію, з 1781 — Галоўная школа літоуская, з 1803 — Імператарскі Віленскі ун-т), які стаў першым навук. цэнтрам і на бел. землях. У 19 ст. Віленскі ун-т быў навуч. і адм. цэнтрам Віленскай навуч. акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губ. Ён адыграў выключную ролю ў культ. развіцці Беларусі, пашырэнні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навуч. акругі і выкладчыкаў для самога ун-та. За гады свайго існавання ун-т даў свету шмат таленавітых навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі. Сярод іх: М.​Пачобут-Адляніцкі — заснавальнік віленскай астранамічнай школы і першы дырэктар Віленскай абсерваторыі, І.​Дамейка — геолаг, прафесар ун-та ў Сант’яга (Чылі), С.​Горскі — заг. батанічнага саду Віленскага ун-та, В.​Міцкевіч — заснавальнік фіз. школы ў Вільні, М.​Ястржэмбскі — лаўрэат Дзямідаўскай прэміі, аўтар першага ў Расіі дапаможніка па буд. механіцы («Курс практычнай механікі», 1837), І.​Гайдэталь — інжынер, ген.-маёр, кіраўнік работ па ўдасканальванні Агінскага канала, Ё.​Лібошык — лекар і батанік, доктар медыцыны і хірургіі Дэрпцкага ун-та. М.​Палінскі — матэматык, дэкан фізіка-матэм. ф-та Віленскага ун-та, юрыст С.​Казакевіч і інш.

З 1580 дзейнічаў Полацкі езуіцкі калегіум (у 1812 ператвораны ў акадэмію), з 1586 — Нясвіжскі, з 1633 Брэсцкі, з 1664 — Гродзенскі, з 1714 — Мінскі езуіцкія калегіумы. Пры калегіумах існавалі бібліятэкі, музеі, друкарні, тэатры, аптэкі. У 16—18 ст. езуіты адкрылі на Беларусі 20 навуч. устаноў, якія спрыялі распаўсюджванню асветы, дасягненняў сусветнай навукі, падрыхтоўцы нац. інтэлігенцыі. У 1-й пал. 18 ст. ў езуіцкіх калегіумах і інш. установах пачалі выкладаць эксперым. навукі, сталі адкрывацца астранамічныя, фізічныя, мінералагічныя і інш. кабінеты, што адпавядала агульнаеўрапейскім тэндэнцыям Значную ролю ў пашырэнні прыродазнаўчых ведаў на Беларусі адыграла Каралеўская медыцынская акадэмія (1775—81), заснаваная ў Гродне А.​Тызенгаўзам. Яе кіраўнік — франц. ўрач і вучоны-натураліст, даследчык флоры Літвы і Беларусі Ж.​Э.​Жылібер.

У 17—18 ст. вялі навук. даследаванні і распаўсюджвалі веды ў галіне астраноміі, хіміі, геаграфіі, біялогіі, гісторыі, этнаграфіі і інш. навук Б.​Дабшэвіч, С.​Канарскі, І.​Капіевіч, О.​Крыгер, Я.​Накцыяновіч, К.​Нарбут, А.​Скарульскі, І.​Страйноўскі, І.​Храптовіч, С.​Шадурскі і інш. У 1-й пал. 19 ст. як частка славістыкі зарадзілася навук. беларусазнаўства (працы В.​Бадзянскага, З.​Даленгі-Хадакоўскага, П.​Шафарыка). Арганізатары гэтых даследаванняў — Віленскі ун-т, віленскія Археалагічная і Археаграфічная камісіі. Уклад у развіццё беларусазнаўства зрабілі ўраджэнцы Беларусі: гісторыкі М.​Без-Карніловіч, І.​Грыгаровіч, Т.​Нарбут, лінгвісты С.​Мікуцкі, І.​Насовіч, этнограф П.​Шпілеўскі, археолагі і краязнаўцы браты К. і Я. Тышкевічы. публіцыст Я.​Падбярэскі. У 1860—90-я г. бел. этнас даследавалі М.​Дзмітрыеў, М.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карскі, Ю.​Крачкоўскі, І.​Насовіч, М.​Нікіфароўскі, А.​Семянтоўскі, М.​Янчук і інш.

У 1840 каля мястэчка Горкі (Магілёўская губ.) адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа (з 1848 Горы-Горацкі земляробчы інстытут) — першая ў Расіі вышэйшая с.-г. навуч. ўстанова (у 1864 пераведзены ў Пецярбург). Ін-т адыграў вял. ролю ў развіцці навукі і падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Яго выпускнікі прафесары А.​Бажанаў, Ю.​Жабенка, С.​Касовіч, А.​Людагоўскі, А.​Саветаў, І.​Сцебут, Е.​Фалькоў, І.​Чарнапятаў і інш. зрабілі ўклад у развіццё с.-г. навукі і вышэйшай адукацыі.

У 2-й пал. 19 ст. навук. даследаванні праводзіліся гал. чынам у навук. кабінетах гімназій, прыватных н.-д. лабараторыях. Уклад у развіццё прыродазнаўчых ведаў зрабілі В.​Баранецкі, І.​Весялоўскі, Дз.​Дубяга, Б.​Дыбоўскі, В.​Ермакоў, браты А. і У. Кавалеўскія, Я.​Наркевіч-Ёдка, Я.​Рагоўскі, браты З. і Э. Урублеўскія, К.​Чаховіч і інш. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі існавалі 3 н.-д. ўстановы: Беняконская с.-г. доследная станцыя, станцыя лекавых раслін пад Магілёвам (абедзве засн. ў 1910) і Мінская доследная балотная станцыя (з 1911). Пэўная навук. работа вялася ў Віцебскім, Мінскім і Магілёўскім настаўніцкіх ін-тах (засн. адпаведна ў 1910, 1913 і 1914), у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та (дзейнічаў у 1911—22, з 1918 — Віцебскі археал. ін-т).

Вокладка «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны. Каля 1522.
Будынак Віленскай акадэміі (18 ст.).
Будынак Горы-Горацкага земляробчага інстытута (г. Горкі Магілёўскай вобл. 19 ст.).

РАЗВІЦЦЁ НАВУКІ Ў БССР.

Больш шырокія маштабы набыло развіццё навукі і навук. устаноў пасля ўтварэння БССР. У 1919 адноўлены земляробчы ін-т у Горках (з 1925 Беларуская с.-г. акадэмія), створаны Віцебскі батанічны сад. У 1920 на базе політэхн. вучылішча засн. Беларускі політэхнічны інстытут (БПІ), які у 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (у 1925 аб’яднаны з Горацкім земляробчым ін-там); у 1924 — Віцебскі ветэрынарны ін-т, у 1927 — Ін-т сельскай і лясной гаспадаркі. У 1921 у Мінску адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ), які стаў цэнтрам падрыхтоўкі нац. навук. і пед. кадраў і сістэматызаваных навук. даследаванняў у галіне фіз.-матэм., хім., біял., мед. і гуманітарных навук. Спец. камісія садзейнічання арганізацыі БДУ (узначальваў рэктар Маскоўскага ун-та В.​П.​Волгін) рэкамендавала для работы ў БДУ групу прафесараў з Маскоўскага, Петраградскага, Кіеўскага, Харкаўскага і інш. ун-таў; БДУ была перададзена багатая бібліятэка і абсталяванне; фінансавую дапамогу аказвалі Рас. АН, Маскоўскі ун-т, Наркамат асветы і інш. наркаматы РСФСР. Першы яго рэктар — гісторык У.​І.​Пічэта. У БДУ працавалі вядомыя вучоныя С.​Я.​Вальфсон, Ц.​М.​Годнеў, Я.​П.​Громер, М.​Б.​Кроль, М.​М.​Нікольскі, В.​І.​Пераход, У.​М.​Перцаў, М.​А.​Прыляжаеў, Я.​Е.​Сіроцін інш.

У 1922 на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР створаны першы н.-д. цэнтр рэспублікі — Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Яго старшынёй стаў С.​М.​Некрашэвіч, правадз. членамі — Я.​Ф.​Карскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас). Навукова-даследчая работа ў Інбелкульце вялася па гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках у яго лінгвістычнай, літаратурна-мастацкай, этнаграфічнай, гісторыка-археалагічнай, педагагічнай, прыродазнаўчай і сацыяльна-эканамічнай камісіях і секцыях; з 1924 працавалі геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі. Цэнтр. бюро краязнаўства пры Інбелкульце кіравала краязнаўчымі арг-цыямі БССР. Пры ін-це заснаваны музей прыроды Беларусі, бібліятэка, друкарня. Каб падняць узровень навук. даследаванняў, у 1926 Інбелкульт пераўтвораны ў Дзярж. н.-д. ўстанову пры СНК БССР. У 1927 у складзе Інбелкульта былі 3 ін-ты, 17 кафедраў (пераважна грамадскіх навук), 3 лабараторыі, шэраг камісій і 3 музеі.

Зыходзячы з патрэб развіцця нар. гаспадаркі і культуры, у 1928 урад БССР ператварыў Інбелкульт у Беларускую акадэмію навук, якая была ўрачыста адкрыта 1.1.1929. Сярод першых яе акадэмікаў-заснавальнікаў. Я.​М.​Афанасьеў, М.​Ф.​Бліадухо, С.​Я.​Вальфсон, С.​М.​Вышалескі, Г.​І.​Гарэцкі, М.​О.​Грэдзінгер, А.​Д.​Дубах, М.​М.​Дурнаво, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), І.​І.​Замоцін, У.​М.​Ігнатоўскі, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, І.​Д.​Луцэвіч (Я.​Купала), М.​К.​Малюшыцкі, С.​Ю.​Матулайціс, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, І.​А.​Пятровіч, Б.​А.​Тарашкевіч, А.​Н.​Ясінскі. Акадэмікамі былі абраны вядомыя савецкія вучоныя А.​П.​Карпінскі, В.​Р.​Вільямс, Д.​К.​Забалотны, М.​Я.​Мар, С.​Ф.​Альдэнбург, М.​М.​Пакроўскі, М.​А.​Скрыпнік, П.​А.​Туткоўскі, М.​І.​Яворскі. Першым прэзідэнтам акадэміі абраны У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31), віцэ-прэзідэнтамі — М.​І.​Бялуга, С.​М.​Некрашэвіч, неадменным сакратаром — В.​У.​Ластоўскі.

У 1931 пастановай СНК БССР функцыі Акадэміі навук былі пашыраны. На яе ўскладзена планаванне работы ўсіх н.-д. устаноў Беларусі, кантроль за выкананнем планаў навук. даследаванняў і ўкараненнем у вытворчасць іх вынікаў. Акадэмія стала цэнтральнай навук. установай рэспублікі. У 1932 у сістэме Бел. АН дзейнічала 14 інстытутаў: філасофіі, мовазнаўства, літаратуры і мастацтва, гісторыі, сав. будаўніцтва і права, эканомікі, яўрэйскай пралетарскай культуры, польскай пралетарскай культуры, біял. навук, аграглебавы, хіміі, геалогіі, фізіка-тэхнічны, псіханеўралагічны; 2 сектары — літоўскі і латышскі. У ін-тах працавалі 22 правадз. члены, 150 навук. супрацоўнікаў. Як самастойныя ўстановы працавалі камісія па вывучэнні Зах. Беларусі, Цэнтр. бюро краязнаўства, выдавецтва, бібліятэка. Для падрыхтоўкі навук. кадраў у 1931 створаны Ін-т аспірантуры.

У 1930 у Гомелі адкрыты Бел. лесатэхн. ін-т. У гады 1-й пяцігодкі (1928—32) дробныя спецыялізаваныя ВНУ Беларусі былі аб’яднаны, створана некалькі ведамасных н.-д. устаноў. На базе Бел. с.-г. акадэміі ў 1931 заснаваны НДІ: садова-агародны, водна-меліярацыйны, кармавых культур і аграхіміі, прадзільных культур. У 1932 на базе Ін-та сацыяліст. рэканструкцыі сельскай гаспадаркі створаны 2 НДІ: саўгаснага і калгаснага будаўніцтва. Былі заснаваны свінагадоўчы, балотны, ветэрынарны, гідраметэаралагічны і інш. НДІ, 15 занальных станцый і шэраг апорных н.-д. пунктаў. У 1929 на базе хім. лабараторыі Савета нар.-гаспадаркі БССР створаны Ін-т прамысловасці з сектарамі: торфу, будматэрыялаў, мінер. угнаенняў, тэкстыльным, энергетычным, сапрапеляў, скуранога абутку, паперы і інш. У 1924 пачалі дзейнічаць НДІ: эпідэміялогіі і мікрабіялогіі; фізіятэрапіі, артапедыі і неўралогіі; у 1927 — санітарна-гігіенічны; земляробства і кармоў; геолагаразведачны; у 1928 — туберкулёзу; у 1930 — меліярацыі і лугаводства; у 1931 — аховы мацярынства і дзяцінства; глебазнаўства і аграхіміі; у 1932 — пералівання крыві; скурных і венерычных хвароб. У 1933 адкрыты Бел. ін-т нар. гаспадаркі, абнавіў дзейнасць Бел. політэхн. ін-т (былі аб’яднаны мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харчовай прам-сці і Горацкі водна-меліярац. ін-ты). У БССР працавалі філіялы ўсесаюзных НДІ, занальныя навук. станцыі. Да канца 1-й пяцігодкі ў БССР працавала больш за 50 н.-д. устаноў: у галіне прамысловасці 6, сельскай гаспадаркі 23, аховы здароўя 10, культурна-асветных 12, па нацыянальным будаўніцтве 5 і інш. У 1932 у БССР было 940 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 23 акадэмікі, 118 прафесараў, 278 дацэнтаў, 521 асістэнт. У 1940 у 67 навук. установах (з ВНУ) працавала 2227 навук. супрацоўнікаў. У 1939/40 навуч. годзе падрыхтоўку педагагічных, навук. і інжынерна-тэхн. кадраў ажыццяўлялі 22 ВНУ.

Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы навук. кадраў для Беларусі аказалі навуковыя і вышэйшыя навуч. ўстановы Масквы, Ленінграда, Кіева і інш. навук. цэнтраў СССР, дзе праходзілі падрыхтоўку бел. аспіранты. Многія з іх зрабілі значны ўклад у развіццё бел. навукі (М.​А.​Барысевіч, М.​М.​Паўлючэнка. А.​Н.​Сеўчанка, Ф.​І.​Фёдараў і інш.).

У даваенны час н.-д. ўстановы рэспублікі выканалі грунтоўныя даследаванні ў галіне геалогіі, батанікі, заалогіі, фізіялогіі, біяхіміі, фотасінтэзу, медыцыны, фіз.-матэм., тэхн., хім., мастацтвазнаўчых, эканамічных і інш. навук. Значны ўклад зроблены ў распрацоўку праблем здабычы, сушкі і спальвання торфу, вывучэнне хім. саставу торфу і сапрапеляў, асушэнне і асваенне балот і забалочаных зямель, вывядзенне новых сартоў бульбы, лёну, павышэнне ўраджайнасці с.-г. культур, выкарыстанне лясных рэсурсаў. У галіне грамадскіх навук вучоныя рэспублікі даследавалі гісторыю, эканоміку, культуру, фалькларыстыку Беларусі. Значныя даследаванні прысвечаны гістарыяграфіі, крыніца-, архіва- і краязнаўству, праблемам гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. Даследаванні філосафаў былі сканцэнтраваны на вывучэнні заканамернасцей развіцця сацыяліст. грамадства. адносін сав. дзяржавы да культурнай спадчыны мінулага і інш. У 1936 Бел. акадэмія навук перайменавана ў Акадэмію навук БССР.

Пэўныя цяжкасці ў развіцці навукі ў БССР у гэты перыяд былі абумоўлены недахопам высокакваліфікаваных навук. кадраў, а таксама беспадстаўнымі рэпрэсіямі. Толькі ў АН БССР рэпрэсіравана больш за 140 супрацоўнікаў; сярод іх акадэмікі Я.​М.​Афанасьеў, Ц.​Л.​Бурстын, Г.​І.​Гарэцкі, П.​В.​Горын, А.​Д.​Дубах, В.​У.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​Ю.​Матулайціс, С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, В.​А.​Сербента, І.​З.​Сурта, Б.​А.​Тарашкевіч, В.​К.​Шчарбакоў і інш. Гэта адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў, была згорнута падрыхтоўка кадраў (калі ў 1934 у Акадэміі навучаліся 139 аспірантаў, то ў 1938 — толькі 6). У 1938 рэарганізацыяй ці зліццём з інш. ўстановамі скасаваны ін-ты фізіка-тэхнічны, філасофіі і эканомікі. У выніку фактычна былі закрыты цэлыя навук. кірункі, што прычыніла вял. шкоду развіццю навукі. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, навук. даследаванні канцэнтраваліся ў Віленскім ун-це, Бел. навук. таварыстве, Ін-це гаспадаркі і культуры.

У гады Вял. Айч. вайны ўсе НДІ і ВНУ Беларусі былі эвакуіраваны або знішчаны. Паводле рашэння Савета па эвакуацыі пры СНК СССР ад 7.7.1941 члены АН Беларусі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя накіроўваліся ў Ташкент на працу ў н.-д. і ВНУ. Значная частка супрацоўнікаў АН Беларусі ў час вайны працавала ў Маскве, у ін-тах АН СССР, інш. НДІ і ВНУ. У кастр. 1943 у Маскве аднавіў работу Прэзідыум АН Беларусі на чале з прэзідэнтам К.​В.​Горавым. Бел. вучоныя і ў гэты перыяд выканалі грунтоўныя навук. даследаванні па распрацоўцы новых тэхнал. працэсаў, зрабілі ўклад у вырашэнне пытанняў павелічэння ўрадлівасці с.-г. культур, павелічэння сыравінных рэсурсаў краіны. Б.​В.​Ерафееў распрацаваў і арганізаваў вытворчасць празрыстай брані з арганічнага шкла для авіяц. прамысловасці, С.​М.​Ліпатаў прапанаваў новы метад дээмульсацыі нафты, М.​Ф.​Ярмоленка — прынцып ачышчэння нафты ад серы. М.​С.​Акулаў займаўся ўдасканальваннем прыбораў неразбуральнага кантролю прамысл. прадукцыі, Ц.​М.​Годнеў — распрацоўкай метадаў захавання вітамінаў у прадуктах пры працяглым іх захоўванні, О.​К.​Кедраў-Зіхман — метадамі выкарыстання ўгнаенняў, А.​Я.​Пракапчук — вытворчасцю лекавых прэпаратаў.

У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў АН БССР пачалі працаваць ін-ты: гісторыі; мовы, літаратуры і мастацтва; эканомікі; сацыяліст. сельскай гаспадаркі; геалогіі; тэарэтычнай і клінічнай медыцыны; торфу; хіміі; а таксама фізіка-тэхн. лабараторыя, водагаспадарчы сектар, батанічны сад і інш. У пач. 1950-х г. навуковы патэнцыял Беларусі быў практычна адноўлены; значную дапамогу ў гэтым аказалі АН СССР і акадэміі навук саюзных рэспублік У 1947 заснаваны ін-ты механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, філасофіі і права, фізіка-тэхнічны і біялогіі; у 1950 — ін-ты жывёлагадоўлі і лесу; у 1951 — мовазнаўства (на базе сектара мовы Ін-та мовы, літаратуры і мастацтва. зараз імя Я.​Коласа); у 1952 — энергетыкі (з 1963 Ін-т цепла- і масаабмену, зараз імя А.​В.​Лыкава); у 1953 — фізіялогіі (на базе Ін-та тэарэт. медыцыны); у 1955 на базе сектара фізікі і матэматыкі Фізіка-тэхн. ін-та — Ін-т фізікі і матэматыкі (у 1959 перайменаваны ў Ін-т фізікі, зараз імя Б.​І.​Сцяпанава); у 1957 на базе сектара мастацтвазнаўства Ін-та літаратуры і сектара этнаграфіі і фальклору Ін-та гісторыі — Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (зараз імя К.​Крапівы); буд-ва і архітэктуры (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт СМ БССР па справах буд-ва), машыназнаўства і аўтаматызацыі (у 1963 перададзены ў Дзярж. камітэт па машынабудаванні пры Дзяржплане СССР, з 1965 у сістэме Мін-ва станкабуд. і інструментальнай прам-сці СССР пад назвай Эксперыментальны НДІ машыназнаўства, з 1971 у сістэме АН БССР як Ін-т праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын (зараз — Ін-т механікі і надзейнасці машын). У 1958 створаны сектар геранталогіі, у 1959 — Аддзел заалогіі і паразіталогіі. У 1959 на базе лабараторыі матэм. профілю Ін-та фізікі і матэматыкі створаны Ін-т матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (з 1965 Ін-т матэматыкі). У 1957 Ін-т літаратуры і мастацтваў перайменаваны ў Ін-т літаратуры (зараз імя Я.​Купалы). У 1959 на базе Ін-та хіміі створаны ін-ты фізіка-арганічнай хіміі і агульнай і неарганічнай хіміі. У 1963 Аддзел фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў пераўтвораны ў Ін-т фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, на базе Ін-та біялогіі — Ін-т эксперыментальнай батанікі і мікрабіялогіі (з 1966 Ін-т эксперым. батанікі, зараз імя В.​Ф.​Купрэвіча); у 1966 — Аддзел мікрабіялогіі (з 1975 Ін-т мікрабіялогіі). З 1965 пачалі працаваць ін-ты: ядзернай энергетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т энергетычных і ядзерных даследаванняў), генетыкі і цыталогіі, тэхн. кібернетыкі (з 2002 Аб’яднаны ін-т праблем інфарматыкі).

У 1930—60-я г. навуковую і навукова-арганізац. працу ў Акадэміі навук вялі яе прэзідэнты: П.​В.​Горын (1931—36), І.​З.​Сурта (1936—37), К.​В.​Гораў (1938—47), А.​Р.​Жэбрак (1947), М.​І.​Грашчанкаў (1947—51), В.​Ф.​Купрэвіч (1952—69); акадэмікі К.​М.​Міцкевіч, І.​С.​Лупіновіч, К.​К.​Атраховіч, Ц.​М.​Годнеў, М.​А.​Дарожкін, М.​Ф.​Ярмоленка, М.​М.​Нікольскі, А.​Н.​Сеўчанка, М.​В.​Турбін, В.​П.​Севярдэнка, І.​А.​Булыгін і інш. Значную ролю ў развіцці новых кірункаў фіз.-матэм. і тэхн. навук адыграў пераход на працу ў АН БССР і ВНУ рэспублікі вучоных Масквы і Ленінграда (Б.​І.​Сцяпанаў, М.​А.​Ельяшэвіч, АЖ. Красін, М.​М.​Сірата, А.​В.​Лыкаў, М.​П.​Яругін, У.​І.​Крылоў і інш.). У 1969 прэзідэнтам акадэміі выбраны М.​А.​Барысевіч (быў ім да 1987).

У 1970-я г. ў структуры Акадэміі навук утворана 5 новых ін-таў: у 1971 на базе лабараторый геахім. праблем АН СССР і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АН БССР — Ін-т геахіміі і геафізікі; у 1973 — ін-ты электронікі і фотабіялогіі; у 1974 на базе Аддзела біяарганічнай хіміі Ін-та фізіка-арганічнай хіміі — Ін-т біяарганічнай хіміі; у 1975 на базе Аддзела мікрабіялогіі — Ін-т мікрабіялогіі. Акадэмічныя навук. цэнтры арганізаваны ў абласных гарадах. Аддзел механікі палімераў у Гомелі ў 1969 пераўтвораны ў Ін-т механікі металапалімерных сістэм; у 1970 у Гродне адкрыты Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, у Магілёве — аддзяленні ін-таў фізікі і фізіка-тэхнічнага, у Віцебску — аддзяленне Ін-та фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў. Пазней гэтыя структурныя падраздзяленні пераўтвораны ў самаст. ін-ты: прыкладной оптыкі (1992) і тэхналогіі металаў (1992) у Магілёве, тэхн. акустыкі ў Віцебску (1975), біяхіміі ў Гродне (1985). У 1980 у Мінску пачаў дзейнічаць Ін-т заалогіі, у 1987 — Ін-т радыебіялогіі (з 2003 у Гомелі).

У канцы 1970-х г. у Акадэміі навук дзейнічала 5 аддзяленняў — грамадскіх, фіз.-матэм., фіз.-тэхн., біял., хім. і геалагічных навук, у якіх былі аб’яднаны 32 н.-д. ўстановы, працавала больш за 15,5 тыс. чалавек, у т. л. 204 дактары і больш за 1500 кандыдатаў навук, 54 акадэмікі і 70 членаў-карэспандэнтаў. Значныя поспехі былі дасягнуты ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі (М.​А.​Барысевіч, В.​С.​Буракоў, М.​А.​Ельяшэвіч, У.​А.​Піліповіч, Б.​І.​Сцяпанаў, Ф.​І.​Фёдараў), матэматыкі (У.​І.​Крылоў, У.​П.​Платонаў, Дз.​А.​Супруненка, М.​П.​Яругін), цеплафізікі і энергетыкі (А.​К.​Красін, А.​В.​Лыкаў, А.​Р.​Мартыненка), генетыкі і цыталогіі (Л.​У.​Хатылёва), геалогіі (Р.​Г.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач), лінгвістыкі (М.​В.​Бірыла), біяарганічнай хіміі (А.​А.​Ахрэм), грамадскіх навук (В.​К.​Бандарчык, К.​П.​Буслаў, М.​І.​Вядута, І.​Я.​Марчанка, Р.​М.​Суднік). Сфарміраваліся сусветна вядомыя навук. школы па мовазнаўстве, тэарэт. фізіцы, спектраскапіі, люмінесцэнцыі, лазернай фізіцы, электроніцы, цеплафізіцы, дыферэнцыяльных ураўненнях, алгебры і тэорыі лікаў, біяарган. хіміі, геалогіі, фізіялогіі, генетыкі і селекцыі, матэрыялазнаўстве і інш.

Многія вынікі навук. даследаванняў, атрыманыя ў АН БССР, выкарыстоўваліся ў нар. гаспадарцы СССР Некаторыя ін-ты з’яўляліся галаўнымі ў СССР па асобных праблемах. Значную ролю ў развіцці навукі ў гэтыя гады адыграла Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР «Аб мерах па далейшаму развіццю навукі і ўмацаванню яе сувязей з вытворчасцю» (1970).

У 1970—80-я г. ўдасканальвалася арганізацыя навукі на Беларусі, значна павялічана колькасць ведамасных н.-д. устаноў рэсп. і саюзнага падпарадкавання. У адпаведнасці з патрэбамі нар. гаспадаркі з’явіліся новыя н.-д. ін-ты: эксперым. ветэрынарыі (1949, зараз імя С.​М.​Вышалескага); Мінскі н.-д. прыборабудаўнічы ін-т(1954), Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (1956), Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (1957), Навукова-даследчы і канструктарскі ін-т ліцейнай вытворчасці (1958), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (1958, з 1959 Бел. НДІ навукова-тэхн. інфармацыі); Мінскі канструктарска-тэхнал. эксперым. ін-т аўтамаб. прамысловасці (1960), Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (1960), Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (1961), Бел. н.-д. дарожны ін-т (1962), Бел. ін-т інжынерных пошукаў (1964), НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання (1965), Бел. філіял Энергет. н.-д. ін-та (1965) і інш.

Навук. даследаванні пачалі праводзіцца ў новых ВНУ, адкрытых у абласных цэнтрах для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў: Брэсцкім пед. ін-це (1950), Гродзенскім с.-г. ін-це (1951), Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (1953, Гомель), Бел. ін-це меліярацыі сельскай гаспадаркі (1954), Гродзенскім мед. ін-це (1958), Мінскім радыётэхн. ін-це (1964), Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці (1965), Гомельскім пед. ін-це (з 1969 Гомельскі ун-т). Усяго на Беларусі ў 1970 дзейнічалі 174 навук. ўстановы, у т. л. 21 ін-т у Акадэміі навук і 9 самаст. навук. падраздзяленняў. Пачалі дзейнічаць галіновыя навук. ўстановы: Бел. н-д. тэхнал. ін-т аўтамабільнага транспарту (1970), НДІ прам-сці першапачатковай апрацоўкі лубяных валокнаў (1970), НВА «Інтэграл» (1971), Бел. оптыка-механічнае аб’яднанне (1971, у складзе яго дзейнічае Навукова-даследчы і тэхнал. ін-т аптычнага станкабудавання), Бел. філіял Усесаюзнага НДІ галургіі (1971), Бел. НДІ аховы раслін (1971), Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі (1971), НДІ ЭВМ (1972), Бел. філіял НДІ працы (1972), Магілёўскі праектна-канструктарскі ін-т спец. тэхнал. аснасткі, аўтаматызацыі і механізацыі (1974), Бел. дзярж. праектна-тэхнал. ін-т (1975), Бел. НДІ горадабудаўніцтва (1976), Бел. НДІ кардыялогіі (1977), Гомельскі філіял Растоўскага НДІ тэхналогіі машынабудавання (1979) і інш. У Мінску былі адкрыты: філіял Ін-та мед. генетыкі Акадэміі мед. навук СССР (1981), Навукова-даследчы канструктарска-тэхнал. ін-т прыкладной механікі (1981), Мінскі н.-д. ін-т радыёматэрыялаў (1982, падпарадкоўваўся Мін-ву прам-сці сродкаў сувязі СССР), НВА «Агат» (1986, у склад яго ўключаны НДІ сродкаў аўтаматызацыі і НДІ «Агат»); Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т мікрабіял. вытворчасцей (1986) і інш. На 1.1.1975 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР працавалі 8 НДІ, 6 абласных доследных станцый, Ганусаўская доследна-селекцыйная станцыя па цукр. бураках і Палеская с.-г. доследная станцыя. У іх працавала 25 дактароў і 633 кандыдаты навук. У Мін-ве аховы здароўя — 9 НДІ (29 дактароў і 181 кандыдат навук). У сістэме Мін-ва прам-сці і на прамысл. прадпрыемствах дзейнічалі дзесяткі н.-д., тэхнал. і праектных ін-таў, канструктарскіх бюро і лабараторый, пры Дзяржплане БССР — НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання. Многія н.-д. ўстановы падпарадкоўваліся саюзным мін-вам і ведамствам, у т. л. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і Бел НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі Мін-ва меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР, Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-т арганізацыі і тэхнікі кіравання Мін-ва прыладабудавання, сродкаў аўтаматызацыі і сістэм кіравання СССР, Усесаюзны НДІ па вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы Мін-ва харчовай прам-сці СССР, Усесаюзны н.-д. і тэхнал. ін-т мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёла- і птушкагадоўчых ферм і інш.

У сувязі з высокімі тэмпамі развіцця і патрэбамі навукі і прам-сці ў рэспубліцы былі адкрыты: Гродзенскі ун-т (1977), Магілёўскі тэхнал. ін-т (1973), Наваполацкі політэхн. ін-т (1973), Мінскі ін-т культуры (1975), гомельскія кааператыўны (1980), політэхнічны (1980) і медыцынскі (1990) ін-ты, дзе навук. даследаванні праводзіліся ў 11 н.-д. сектарах, 10 праблемных, 13 галіновых лабараторыях, вылічальным цэнтры, дзесятках н.-д. лабараторый і на кафедрах. У сістэме Мін-ва адукацыі БССР пачалі дзейнічаць НДІ: пры БДУ — прыкладных фіз. праблем (1971, зараз імя А.​Н.​Сеўчанкі), фізіка-хім. праблем (1977), ядзерных праблем (1987); пры БПІ—НДІ парашковай металургіі (1972), які ў 1980 пераўтвораны ў міжгаліновае НВА парашковай металургіі (з 2002 у структуры Нац. АН Беларусі). Падрыхтоўка навук. кадраў у ВНУ вялася па такіх спецыяльнасцях і кірунках, як матэрыялазнаўства, паўправадніковая мікраэлектроніка, машынабудаванне, прыладабудаванне, электронная вылічальная тэхніка, аптычная і лазерная тэхніка, хім. тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці будматэрыялаў і інш.

У 1975 на Беларусі дзейнічалі 177 н.-д. устаноў (з ВНУ), дзе працавала 29,3 тыс. навук. работнікаў, у т. л. 600 дактароў і 7,9 тыс. кандыдатаў навук. У 1988 навук. даследаванні праводзіліся ў 99 н.-д. ін-тах, іх філіялах і аддзяленнях, у 33 ВНУ, 130 праектных, праектна-канструктарскіх і тэхнал. арганізацыях, 1675 лабараторыях, 675 канструктарскіх падраздзяленнях на вытворчасці. У іх працавала больш за 141 тыс. чал., з іх 44 тыс. навуковых і навукова-педагагічных супрацоўнікаў, у т. л. 1200 дактароў і 15 тыс. кандыдатаў навук. Навук. даследаванні ў галіне прыродазнаўчых і грамадскіх навук каардынавала АН БССР, сельскагаспадарчых — Мін-ва сельскай гаспадаркі, медыцынскіх — Мін-ва аховы здароўя, педагагічных — Мін-ва асветы, гісторыі КПБ — Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Для каардынацыі фундаментальных даследаванняў па тэхн., прыродазнаўчых і гуманітарных навуках пры Акадэміі навук у 1953 створаны Савет па каардынацыі навук. дзейнасці.

З мэтай больш эфектыўнага выкарыстання унікальнага навук. абсталявання і прыбораў на Беларусі былі створаны цэнтры калектыўнага карыстання. Адзін з першых у 1973 — Цэнтр аўтаматызаваных спектраскапічных вымярэнняў на базе Ін-та фізікі Акадэміі навук (зараз пры Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі). Усяго ў акадэміі ў розныя гады дзейнічала яшчэ 6 такіх цэнтраў. У 1974 пры Ін-це цепла- і масаабмену пачаў дзейнічаць Міжнар. цэнтр акадэмій навук сацыяліст. краін па павышэнні кваліфікацыі маладых вучоных па праблеме «Цепла- і масаабмен» (з 1991 — Міжнар. цэнтр павышэння кваліфікацыі навук. кадраў па праблеме «Цепла- і масаабмен»); з 1980 — Міжвузаўскі цэнтр па інфрачырвонай спектраскапіі і рэнтгенафазавым аналізе пры БПІ, Цэнтр па рэнтгенаструктурным аналізе і электроннай мікраскапіі пры БДУ. Пры НВА «Інтэграл» дзейнічае цэнтр «Белмікрааналіз».

У 1986—89 у рэспубліцы створана сістэма навук. забеспячэння праблем, звязаных з мінімалізацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986: у Акадэміі навук адкрыты Ін-т радыебіялогіі (1987), у Мін-ве аховы здароўя — Ін-т радыяцыйнай медыцыны (1988), у Гомелі — Бел. філіял Усесаюзнага НДІ с.-г. радыялогіі (1986, з 1992 ін-т радыялогіі), Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека (2002). У міжрэспубліканскай праграме навук. даследаванняў, звязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, удзельнічалі 19 акадэмічных, 21 галіновы ін-т, 6 ВНУ.

С.​М.​Некрашэвіч — першы старшыня Інбелкульта (1922—24).
Будынак Інбелкульта (г. Мінск, 1920-я г.).

ВУЧОНЫЯ-ПРЫРОДАЗНАЎЦЫ, АДНЫ З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАВУКІ

М.​Пачобут-Адляніцкі (1728—1810).
З.​Урублеўскі (1845—88).
Я.​А.​Наркевіч-Ёдка (1848—1905).

ПРЭЗІДЭНТЫ АКАДЭМІІ НАВУК

У.​М.​Ігнатоўскі (1929—31)
П.​В.​Горын (1931—36)
І.​З.​Сурта (1936—37)
К.​В.​Гораў (1938—47)
А.​Р.​Жэбрак (1947).
М.​І.​Грашчанкаў (1947—51)
В Ф.​Купрэвіч (1952—69)
М.​А.​Барысевіч (1969—87)
У.​П.​Платонаў (1987—92)
Л.​М.​Сушчэня (1992—97)
А.​П.​Вайтовіч (1997—2001)
М.У Мясніковіч (з 2001)

НАВУКА Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ.

Разбурэнне навуковых і навукова-гаспадарчых сувязей пасля распаду СССР негатыўна адбілася на стане навукі Беларусі. Тэмпы развіцця навук. патэнцыялу і яго эфектыўнасць у 1990-я г. рэзка знізілася ў сувязі са скарачэннем фінансавання навукі, старэннем яе матэрыяльна-тэхн. базы, нізкім узроўнем запатрабаванасці вынікаў навук. даследаванняў у нар. гаспадарцы. За 1990—98 у АН Беларусі колькасць навук. супрацоўнікаў зменшылася з 5967 да 4346 чал., у т. л. кандыдатаў навук з 2557 да 1959. Скарацілася колькасць маладых спецыялістаў, што прывяло да т.зв. «старэння» навукі. Разам з тым павялічылася колькасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі — у 1998 працавала 465 дактароў навук.

Аднак і ў гэтых умовах навук. даследаванні не спыніліся. Усталяванне суверэнітэту Беларусі патрабавала адначасова з дзярж. будаўніцтвам стварэння адпаведных навук. інстытутаў і дзярж. структур для арганізацыі і развіцця нац. навукі. У 1991 АН БССР была перайменавана ў Акадэмію навук Беларусі. Быў прыняты шэраг мер па дзярж. падтрымцы навукі, якія абумовілі змены ў арганізацыі навукі, што пачалі адбывацца ў 2-й пал. 1990-х г. Для павышэння эфектыўнасці навукова-тэхн. дзейнасці створаны Дзярж. патэнтны камітэт (1992), Дзярж. камітэт па навуцы і тэхналогіях (1993). У 1993 Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», паводле якога адказнасць за развіццё фундаментальных навук. даследаванняў у краіне ўскладзена на АН Беларусі. У 1994—95 праведзена работа па фарміраванні нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навукова-пед. кадраў. У 1994 створана Вышэйшая атэстацыйная камісія (ВАК) Рэспублікі Беларусь, рэарганізаваны і адкрыты новыя саветы па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. За 1994—2002 колькасць дактароў навук у краіне павялічылася на 840 чал., кандыдатаў — на 3842 чал. Усяго на Беларусі ў розныя гады працавала амаль 3500 вучоных вышэйшай кваліфікацыі. У 1997 АН Беларусі нададзены новы статус — яна стала Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (скарочаная назва паводле Статута — НАН Беларусі).

Для захавання навукова-тэхн. патэнцыялу ўдасканальвалася нарматыўна-прававая база навукі і тэхнікі, зацверджаны пералік і парадак фарміравання і выканання дзярж. навукова-тэхн. задач. З 1991 дзейнічае Бел. рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, які аказвае на конкурснай аснове фінансавую падтрымку навук. калектывам і асобным вучоным. Для ўмацавання дзярж. падтрымкі інавацыйнай дзейнасці створаны Бел. інавацыйны фонд, які ў 2002 уключаны ў склад Нац. АН Беларусі. У 2002 падняты статус і пашыраны функцыі Савета па каардынацыі фундаментальных даследаванняў пры Нац. АН Беларусі, які перайменаваны ў Савет па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Дзярж. камітэтам па навуцы і тэхналогіях сумесна з інш. органамі дзярж. кіравання распрацавана і з 1997 пачала дзейнічаць праграма развіцця матэрыяльна-тэхн. базы навукі.

Для развіцця актуальных навук. кірункаў у 1990-я г. пачалі дзейнічаць новыя навук. ўстановы. У АН Беларусі арганізаваны: Інжынерны цэнтр «Плазматэг» (1990), Навукова-даследчы цэнтр праблем рэсурсазберажэння (1990, Гродна), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (1990, на базе Ін-та торфу), Ін-т сацыялогіі і сацыяльных тэхналогій (1990), Аддзел аптычных праблем інфарматыкі (1991), Ін-т малекулярнай і атамнай фізікі (1992), ін-ты прыкладной оптыкі і тэхналогіі металаў (1992, Магілёў), Ін-т лесу (1992, Гомель), Ін-т тэхн. акустыкі (1999, Віцебск), Ін-т хіміі новых матэрыялаў (1998), Ін-т дзяржавы і права (1999), Аддзел праблем Палесся (2000). Ін-т ядзернай энергетыкі ў 1993 ператвораны ў Акадэмічны навукова-тэхнічны комплекс «Сосны» ў складзе трох ін-таў: праблем энергетыкі, радыяцыйных фізіка-хім. праблем і радыеэкалагічных праблем (створаны ў 1991). У 1992 прэзідэнтам АН Беларусі абраны Л.​М.​Сушчэня, у 1997 — А.​П.​Вайтовіч.

У сістэме міністэрстваў і ведамстваў створаны: Бел. НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі (1990, Магілёў), Ін-т радыяцыйнай бяспекі (1991), Навук. цэнтр праблем механікі машын (1992), Дзярж. навукова-вытворчы канцэрн дакладнага машынабудавання «Планар» (1992, на базе КБ дакладнага электроннага машынабудавання, які існаваў у Мінску з 1962), Бел. цэнтр мед. тэхналогій, інфарматыкі, кіравання і эканомікі, аховы здароўя (1992), Бел. ін-т сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхн. сферы, НДІ праблем аховы інфармацыі, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы, Ін-т сацыяльна-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе 1996), НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый (1999), Бел. НДІ лёну (2000). У 1992 створана Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь (з 2002 у складзе Нац, АН Беларусі), якая аб’ядноўвала 15 НДІ і 9 доследных станцый. У 2000 у яе складзе было 17 акадэмікаў, 24 члены-карэспандэнты, 1740 навук. супрацоўнікаў, у т. л. 85 дактароў і 503 кандыдаты навук. Прэзідэнтам акадэміі абраны В.​С.​Антанюк. Асн кірункі яе дзейнасці: правядзенне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, накіраваных на паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу ў аграпрамысловым комплексе; каардынацыя даследаванняў і навукова-метадычнае кіраванне гэтымі праблемамі, распрацоўка высокаэфектыўных рэсурсазберагальных экалагічных тэхналогій вытворчасці, перапрацоўкі і захавання прадукцыі сельскай гаспадаркі.

У 1996—2000 навук. даследаванні праводзіліся па 38 дзярж. праграмах фундаментальных даследаванняў у 130 навук. установах, у т. л.: 48 арганізацыях Нац. АН Беларусі, 13 ін-тах і цэнтрах Акадэміі аграрных навук, 32 ВНУ, 35 галіновых НДІ, 7 навук і навукова-тэхн. цэнтрах. У 2002 навук. даследаванні і распрацоўкі па розных галінах навукі і тэхнікі, прамысловасці і сельскай гаспадаркі вяліся ў 175 НДІ, 40 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 31 н.-д. падраздзяленне на прамысл. прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. арганізацыях. У гэтым удзельнічалі 30 711 чал. (у 3,5 раза меней, чым у 1990), у т. л. 787 дактароў і 3472 кандыдаты навук (без уліку навукова-пед. работнікаў). У 58 ВНУ (у т. л. 14 недзяржаўных) працавалі каля 22,6 тыс. навукова-пед. супрацоўнікаў, у т. л. 1130 дактароў і 7336 кандыдатаў навук. Навук. даследаванні праводзіліся па машына- і станкабудаванні, металургіі, радыётэхніцы, электроннай, оптыкамех. і электратэхн. прам-сці, прыладабудаванні, камп’ютэрнай тэхніцы, сінтэзе новых рэчываў і матэрыялаў, ахове навакольнага асяроддзя, гуманітарных і сац. навуках і інш.

Станоўчыя змены адбыліся ў падрыхтоўцы навук. кадраў праз аспірантуру. Калі ў 1992 аспірантуру мелі 89 устаноў краіны, дзе вучыліся 2639 чал., то ў 2002—123 установы з 6053 аспірантамі, з іх 926 чал. у Нац. АН Беларусі. У 2002 аспірантуру скончылі 1152 чал., з іх 194 чал. ў Акадэміі навук.

У 2002 праведзены работы па ўдасканаленні структуры кіравання ў навукова-тэхн. сферы, укараненні распрацовак у нар. гаспадарку, каардынацыі розных этапаў стварэння і арганізацыі вытворчасці новай прадукцыі. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5.3.2002 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі» ўстаноўлена, што Камітэт па навуцы і тэхналогіях (КНТ), ВАК і Нац. АН Беларусі ствараюць сістэму органаў дзярж. кіравання ў сферы навукі. КНТ (з 2004 Дзярж. КНТ) і Акадэмія навук паслядоўна рэалізуюць комплекс мер па арганізацыйна-эканам. рэгуляванні развіцця навуковай, навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці, абароне правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. У 2001—03 КНТ, акадэміяй з удзелам Мін-ва адукацыі і інш. органаў дзярж. кіравання падрыхтаваны і ўнесены на разгляд СМ Рэспублікі Беларусь шэраг асноватворных дакументаў: «Канцэпцыя інавацыйнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2003—2007 гг.» (зацверджана пастановай СМ ад 31.7.2003), «Канцэпцыя сістэмы аховы інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2003—2005 гг.», «Канцэпцыя далейшага развіцця навукі ў Рэспубліцы Беларусь». Для ўдасканалення сістэмы арганізацыі і правядзення навук. і прыкладных даследаванняў уведзены праграмна-мэтавы метад кіравання фундаментальнымі навук. даследаваннямі, пералік якіх на 2002—05 зацверджаны пастановай СМ ад 29.1.2002.

У 2002 навук. даследаванні вяліся па 32 дзярж., 9 галіновых, 6 рэгіянальных навукова-тэхн. праграмах, здзяйснялася навук. забеспячэнне 2 прэзідэнцкіх і 12 дзярж. народнагаспадарчых і сац. праграм. У 2003 па ініцыятыве Нац. АН Беларусі і пры падтрымцы КНТ ажыццёўлены кардынальныя змены ў арганізацыі н.-д. работ. У практыку кіравання навук. даследаваннямі ўведзены новыя формы іх выканання — дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў, дзярж. праграмы прыкладных даследаванняў, комплексныя праграмы навук. даследаванняў. Мэта новых праграм — атрыманне навук. вынікаў, арыентаваных на практычнае выкарыстанне. Пастановай СМ ад 2.5.2003 зацверджаны пералік дзярж. праграм фундаментальных і арыентаваных фундаментальных даследаванняў на 2003—05, а пастановай ад 26.9. 2003 — пералік 11 дзярж. праграм прыкладных навук. даследаванняў на 2003—05. Актывізавалася праца па фарміраванні навукова-тэхн. і інавацыйнай дзейнасці ў рэгіёнах Беларусі, асноўным механізмам здзяйснення якой з’яўляюцца рэгіянальныя навукова-тэхн. праграмы.

Навук. ўстановы і арганізацыі краіны выконваюць н.-д. і доследна-канструктарскія работы ў цесным кантакце з прадпрыемствамі з мэтай укаранення тэхнал. працэсаў, новай тэхнікі, матэрыялаў і практычных рэкамендацый, што дазваляе павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, садзейнічае вырашэнню праблем імпартазамяшчэння і экспарту ў розных галінах нар. гаспадаркі. Вынікі фундаментальных даследаванняў становяцца асновай навукаёмістых вытворчасцей, забяспечваюць развіццё сацыяльнай і культурнай сферы краіны. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады.

Фундаментальныя даследаванні па праграмах «Квант» і «Кагерэнтнасць» склалі аснову новых лазерных тэхналогій і абсталявання для машынабудавання, медыцыны. Новыя звышцвёрдыя, магнітныя, п’езакерамічныя і паўправадніковыя матэрыялы, распрацаваныя па праграме «Крышталяфізіка», дазволілі стварыць і выкарыстаць экалагічна чыстыя тэхналогіі вытворчасці парашкоў алмазу, кубічнага нітрыду бору, новыя ферытавыя і п’езакерамічныя вырабы для радыёэлектроннай прамысловасці.

Вынікі фундаментальных даследаванняў па праграмах «Інтэлект» і «Інфатэх» дазволілі стварыць прататыпы сістэм, пакетаў прыкладных праграм і макетаў устройстваў для ўводу, апрацоўкі і вываду відэаінфармацыі, аўтаматызацыі праектавання вырабаў у машына- і прыладабудаванні, апрацоўцы мед. інфармацыі, суперкамп’ютэрных сістэм.

Даследаванні ў галіне біяарганічнай хіміі прывялі да стварэння лячэбна-дыягнастычных прэпаратаў высокай сацыяльнай значнасці ў адпаведнасці з групамі рызыкі па захворваннях, арганізаваная вытворчасць якіх цалкам забяспечвае патрэбы краіны і ідзе на экспарт.

Многія прынцыповыя пытанні тэорыі крышталізацыі і зацвярдзення металаў і сплаваў (праграма «Ліццё») дазволілі стварыць высокаэфектыўныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, якія шырока выкарыстоўваюцца на вытворчасцях Беларусі і за мяжой.

Фундаментальныя распрацоўкі па праграме «Біятэхналогія» дазволілі стварыць унікальныя прэпараты, якія не саступаюць замежным аналагам, для аховы пладова-ягадных культур ад хвароб.

На Нац. АН Беларусі як на вышэйшую навук. арганізацыю краіны ўскладзены функцыі правядзення, развіцця і каардынацыі фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў у галіне прыродазнаўчых, тэхн. і гуманітарных навук; павышэння эфектыўнасці выкарыстання навук. дасягненняў, падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай адукацыі; павелічэння ўплыву навукі на развіццё эканомікі, адукацыі, культуры бел. народа.

Асновы і гарантыі дзейнасці акадэміі заканадаўча замацаваны ў законе Рэспублікі Беларусь «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (5.5.1998), указах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у шэрагу інш. законаў, а таксама пастаноў СМ.

На 1.1.2004 у Нац. АН Беларусі працавала 16 625 чал., з іх 577 дактароў і 2145 кандыдатаў навук, у т. л. ў 73 н.-д. установах — 10 937 чал., у 2 навукова-вытворчых канцэрнах — 2681 чал., у канструктарскіх, доследна-вытворчых арганізацыях і прадпрыемствах — 1418 чал.; навук. даследаваннямі і распрацоўкамі заняты 6373 навук. супрацоўнікі. У персанальным складзе Акадэміі навук былі 94 акадэмікі, 100 членаў-карэспандэнтаў, 3 ганаровыя і 15 замежных членаў. За перыяд 1928—2004 у Акадэміі навук абраны: 252 акадэмікі, 223 члены-карэспандэнты, 11 ганаровых і 21 замежны член.

У складзе Нац. АН Беларусі 7 аддзяленняў: аграрных і біял. навук; гуманітарных навук і мастацтваў; мед. навук; фізіка-тэхн. навук; фізікі, матэматыкі і інфарматыкі; хіміі; навук аб Зямлі. З 2001 Акадэмію навук узначальвае М.​У.​Мясніковіч.

Навуковыя ўстановы і арганізацыі Акадэміі навук з’яўляюцца галаўнымі арганізацыямі-выканаўцамі работ па такіх навукова-тэхн. праграмах, як «Экалагічная бяспека», «Энергетыка-2004», «Тэхналогіі», «Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі», «Белаўтатрактарабудаванне», «Энергазберажэнне». Акадэмія — дзяржзаказчык па такіх праграмах, як «Алмазы», «Новыя матэрыялы і ахова паверхняў», «Рэсурсазберажэнне 2005», «Лазерныя сістэмы», «Прылады для навуковых даследаванняў», «Інфармацыйныя тэхналогіі» і інш.

Вучоныя Беларусі праводзяць сумесныя навук. даследаванні з вучонымі інш. краін. У 2002 выконваліся 22 праекты ў рамках праграм міжнар. навукова-тэхн. супрацоўніцтва; у 2003 дзейнічала больш за 30 міжнар. міжурадавых дамоўленасцей у галіне навукі і тэхналогій (ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Кітай, Індыя, Іран, Сірыя і інш.). Акадэмічнымі ін-тамі ў 2003 выкананы навук. даследаванні і распрацоўкі па міжакадэмічных, міжінстытуцкіх пагадненнях і кантрактах з даследчымі цэнтрамі 52 краін Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Паўн. і Паўд. Амерыкі. ВНУ выкананы кантракты і дагаворы з 25 краінамі. Ва ўзаемаадносінах з замежнымі краінамі ў апошнія гады зроблены акцэнт на актывізацыю інавацыйнай дзейнасці, падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, распаўсюджанне распрацовак бел. вучоных.

Нац. АН Беларусі развівае плённыя дзелавыя адносіны з замежнымі партнёрамі ва ўсім свеце і прадстаўляе Беларусь у такіх міжнар. навук. арганізацыях, як Міжнар. навук. савет (ICSU), Асацыяцыя еўрапейскіх акадэмій навук (ALLEA), Міжакадэмічная група па міжнар. праблемах (ІАР), Міжнар. цэнтр навуковай і тэхн. інфармацыі (МЦНТІ), Міжнар. кангрэс тэхн. таварыстваў па механіцы (ICÓMES), Міжнар. цэнтр па цепла- і масаабмене (ІСНМТ). Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі акадэмій навук (засн. ў 1993), дзейнасць якой накіравана на аднаўленне, захаванне і развіццё новых умоў навук. супрацоўніцтва. Бел. вучоныя ўдзельнічаюць у выкананні расійскіх навукова-тэхн. праектаў у галіне касмічных і авіяц. тэхналогій, атамнай энергетыкі, інфарматыкі і інш. Шэраг сумесных праектаў выконваецца з вучонымі Расійскай, Украінскай, Літоўскай, Балгарскай АН і інш.

З 1998 арганізацыі Нац. АН Беларусі ажыццяўляюць Міждзярж. праграмы Саюза Беларусі і Расіі: «Лазерныя тэхналогіі XXI стагоддзя», «Навукаёмістыя кампаненты агульнамашынабудаўнічага выкарыстання», «Суперкамп’ютэр», «Распрацоўка і выкарыстанне касмічных сродкаў і тэхналогій, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі» («Космас-БР»), «Распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій у інтарэсах эканамічнага і навукова-тэхнічнага развіцця Саюзнай дзяржавы» («Космас-СГ»), «Стварэнне высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых прэпаратаў новага пакалення на аснове бялкоў чалавека, атрымліваемых з малака трансгенных жывёл» («БелРосТрансген», 2003—06).

Акадэмія мае шэраг двухбаковых пагадненняў аб навук. супрацоўніцтве з акадэміямі навук ці аналагічнымі ім навук. ўстановамі Арменіі, Аўстрыі, Балгарыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Егіпта, ЗША, Казахстана, Кітая, Кубы, Літвы, Македоніі, Малдовы, Паўд. Карэі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш., з сусветнымі лідэрамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій — кампаніямі «Х’юлет-Пакард», «Дэл», «Оракл», «Эрыксан», «СІСКО». У 2003 паміж Нац. АН Беларусі і Т-вам Фраўнгофера (Германія) падпісана пагадненне пра ўтварэнне на базе Ін-та фізікі імя Б.​І.​Сцяпанава сумеснай лабараторыі для фундамент. і прыкладных даследаванняў у галіне оптыкі, дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Сумесная лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраўнгофера—Сцяпанава — першы ў СНД прыклад аб’яднанага міжнар. супрацоўніцтва ў навук. праграмах у гэтай галіне.

Вучоныя Акадэміі навук і ВНУ Беларусі ўдзельнічаюць у рэалізацыі міжнар. навук. праектаў пры фінансавай падтрымцы замежных навук. фондаў і арганізацый (МНТЦ, INTAS, IST, TACIS, ЮНЕСКА, МАГАТЭ і інш.).

Значная роля ў інфармацыйным забеспячэнні навукі адводзіцца бібліятэкам. Вялікая работа ў гэтым кірунку праводзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ) імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі (створана ў 1925 пры Інбелкульце). У яе фондзе больш за 3 млн. адзінак, у т. л. каля 1 млн. замежных выданняў. У апошнія гады тут арганізаваны анлайндоступ да электронных каталогаў многіх вядучых замежных навук. часопісаў. ЦНБ — адзіная ў краіне навукова-даследчая ўстанова па праблемах бібліятэказнаўства, бібліяграфазнаўства, гісторыі кнігі.

Дзеля рэалізацыі дзярж. палітыкі інфарматызацыі і кіравання нац. інфармацыйным рэсурсам у Акадэміі створаны Нац. цэнтр інфармацыйных рэсурсаў і тэхналогій (2002). Выдаюцца навук. часопісы: «Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (у 7 серыях), «Веснік Фонду фундаментальных даследаванняў», «Вылічальныя метады ў прыкладной матэматыцы», «Інжынерна-фізічны часопіс», «Літасфера», «Матэрыялы. Тэхналогіі. Інструменты», «Нелінейныя з’явы ў складаных сістэмах», «Прыродныя рэсурсы», «Трэнне і знос», «Часопіс прыкладной спектраскапіі» і інш.

Вынікі некаторых навук. даследаванняў бел. вучоных прызнаны навук. адкрыццямі. Сярод аўтараў адкрыццяў А.​А.​Ахрэм (1975), М.​А.​Барысевіч (1977), У.​Р.​Барышэўскі (1979, 1988), Ф.​І.​Фёдараў (1980), В.​І.​Вацякоў (1986), Д.​М.​Гаркуноў, В.​Я.​Мацюшэнка, А.​А.​Палякоў і Г.​П.​Шпянькоў (1990), В.​А.​Лапіна (1991), В.​В.​Еўсцягнееў, У.​М.​Калешка, В.​С.​Пячкураў, В.​С.​Улашчык (1991).

Дасягненні бел. вучоных адзначаны высокімі дзярж. ўзнагародамі. Звання Героя Сац. Працы ўдастоены; Т.​М.​Шкурко (1948), П.​І.​Альсмік (1966), В.​Ф.​Купрэвіч (1969), М.​П.​Яругін (1969), А.​Н.​Сеўчанка (1971), П.​У.​Броўка (1972), Н.​Д.​Мухін (1973), Б.​І.​Сцяпанаў (1973), Т.​В.​Бірыч (1974), Я.​І.​Скурко (1974), К.​К.​Атраховіч (1975), Н.​Н.​Аляксандраў (1977), З.​І.​Азгур (1978), М.​А.​Барысевіч (1979), Т.​Н.​Кулакоўская (1979), Ф.​І.​Фёдараў (1979), І.​П.​Шамякін (1981). Званне заслужанага дзеяча навукі БССР і Рэспублікі Беларусь атрымалі больш за 310 вучоных, засл. дзеяча навукі і тэхнікі Беларусі — 70 чалавек. Ленінскія прэміі прысуджаны А.​К.​Красіну (1957), М.​Я.​Мацапуры (1962), Р.​І.​Салаухіну (1965), М.​А.​Ельяшэвічу (1966), Б.​Л.​Шапашніку (1976), У.​П.​Платонаву (1978), М.​А.​Барысевічу, В.​В.​Грузінскаму і В.​А.​Таўкачову (1980), Ю.​В.​Карніловічу і Г.​Д.​Смірнову (1983). 214 вучоных Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі СССР, больш за 800 вучоных і спецыялістаў — Дзярж. прэміямі БССР і Рэспублікі Беларусь. За дасягненні ў развіцці навукі і падрыхтоўцы кадраў ордэнамі СССР узнагароджаны АН Беларусі і яе 6 інстытутаў, 6 навук. устаноў мін-ваў і ведамстваў, 11 ВНУ.

Літ.:

Очерки истории науки и культуры Беларуси, IX — нач. XX в. Мн., 1996;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1966;

Знаменательные даты советской науки. Хроника важнейших научных событий и достижений // Советская наука: Итоги и перспективы. М., 1982;

Наука и техника СССР, 1917—1987 гг. Хроника. М., 1988;

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Асветнікі зямлі беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Национальная академия наук Беларуси, 1929—1999. Мн., 1998;

Национальная академия наук Беларуси: Персон. состав. Мн., 2003.

А.​І.​Лесніковіч, В.​А.​Гапоненка.

Галоўны корпус Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У зале Музея гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Чытальная зала прыродазнаўчых навук Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.​Коласа.

т. 18, кн. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)