ВАЛЮНТАРЫ́ЗМ

(ад лац. voluntas воля),

кірунак у філасофіі, сацыялогіі і псіхалогіі, паводле якога першаасновай існага, вышэйшага прынцыпу быцця і развіцця навакольнага свету з’яўляецца воля. Валюнтарызм ставіць волю на прыярытэтныя пазіцыі ў духоўным быцці як процілеглае рацыяналізму і інтэлектуалізму, якія адстойваюць вызначальную ролю розуму, інтэлекту. Тэрмін «валюнтарызм» увёў у навук. ўжытак ням. сацыёлаг Ф.Цёніс у 1883. Першапачатковыя элементы валюнтарызму выявіліся ў філасофіі Аўгусціна і Іаана Дунса Скота, якія менавіта ў валявых актах бачылі першааснову ўсіх духоўных працэсаў. Падобныя прынцыпы — у вучэнні І.Канта аб першаснасці практычнага розуму над тэарэтычным, І.Фіхтэ аб волі як абсалютным творчым прынцыпе сусвету. Пры гэтым у Канта, Фіхтэ, Ф.Шэлінга, Г.Гегеля воля па сваёй прыродзе разумная, у А.Шапенгаўэра ж, які лічыцца класічным прадстаўніком валюнтарызму, яна набывае трактоўку ірацыяналістычнага першапачатку Сусвету; у яго трактоўцы свядомасць і інтэлект толькі другасныя праявы волі. Э.Гартман сцвярджаў, што воля знаходзіцца ва ўсім і ўсюды дзейнічае несвядома, з чаго вынікала бессэнсоўнасць сусветнага працэсу. Ф.Ніцшэ ў сваёй канцэпцыі зыходзіў з таго, што ўсё жывое, і найперш чалавек, апанавана воляй да ўлады. Тэрмін «валюнтарызм» выкарыстоўваюць і для характарыстыкі сацыяльна-паліт. практыкі, яна не лічыцца з аб’ектыўнымі тэндэнцыямі ці заканамернасцямі гіст. развіцця, а кіруецца суб’ектыўнымі жаданнямі і самавольствам асоб, што прымаюць пэўныя рашэнні.

Я.М.Бабосаў.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)