уласцівасць дзеяслова кіраваць формай вінавальнага склону назоўніка — прамога дапаўнення, што называе прадмет, на які непасрэдна пераходзіць дзеянне, абазначанае дзеясловам. Напр., «друкаваць газету», «чытаць кнігу». Проціпастаўленне пераходных і непераходных дзеясловаў («сініць» — «сінець», «будаваць» — «будавацца») утварае ў мове грамат. катэгорыю пераходнасці — непераходнасці. П. не мае спец. фармальных сродкаў выражэння ў самім дзеяслове, адзін і той жа дзеяслоў у залежнасці ад свайго значэння можа быць непераходным («паляўнічы кружыў па лесе») і пераходным («вецер кружыў снег у полі»). Усе зваротныя дзеясловы — абавязкова непераходныя, таму што афікс зваротнасці («-ся», «-ца») — былы займеннік «сябе», які і быў прамым дапаўненнем.
Літ.:
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАХАФО́РА (ад грэч. trochos кола + phoros які нясе), ловенаўская лічынка,
мікраскапічная свабодна плаваючая лічынка многашчацінкавых чарвей, сіпункулід, эхіўрыд і некат. малюскаў. Другая назва ад імя швед. заолага С.Ловена, які апісаў Т. ў 1840. Састаўная ч. планктону. Жывуць у акіянскіх водах.
Цела з адным або некалькімі паяскамі раснічак для перамяшчэння. Стрававальная сістэма складаецца са страўніка, сярэдняй і задняй кішкі. Выдзяляльныя органы — протанефрыдыі. На пярэднім полюсе цела знаходзіцца орган пачуццяў — цемянная пласцінка з султанам раснічак і вял. колькасцю клетак. Пры развіцці Т. многашчацінкавых чарвей набывае шчацінкі (параподыі), утвараюцца парныя цэламічныя мяшкі. і лічынка пераходзіць у стадыю метатрахафоры, а ў малюскаў — у велігер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ТРАПЯТУ́ХА»,
бел.нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер 2/4. Тэмп жвавы. Выконваецца парамі, якія кружацца то ўправа, то ўлева вальсападобнай полькай з прытупам. Пасля выкрыку «крут» выканаўцы мяняюцца парамі — дзяўчына пераходзіць «пляцёнкай» да юнака, які стаіць побач. Партнёры кланяюцца адзін аднаму і падаюць руку. Пасля таго, як юнак перакруціць дзяўчыну, яны становяцца тварам адзін да аднаго і дробна патрэсваюць плячыма, рукамі і нагамі. Потым фігуры паўтараюцца. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. Зафіксаваны ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВЫ́ РАЗРА́Д, іскра электрычная,
нестацыянарны электрычны разрад у газе, які ўзнікае ў эл. полі пры цісках газу парадку атмасфернага (некалькі соцень кілапаскаляў). Адрозніваецца звілістай разгалінаванай формай і хуткім развіццём (каля 10−7 с), суправаджаецца характэрным гукавым эфектам («трэск» іскры). Т-ра ў гал. канале І.р. дасягае 104 К. Разрад паўтараецца, калі напружанне пасля амаль імгненнага спаду зноў дасягае велічыні напружання прабою. Пры дастатковай магутнасці крыніцы напружання І.р. пераходзіць у дугавы (электрычную дугу) або тлеючы разрад. У прыродных умовах найчасцей назіраецца ў выглядзе маланкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДПУХЛІ́ННЫЯ ЗАХВО́РВАННІ,
перадпухлінныя станы, паталагічныя працэсы і хваробы, якія папярэднічаюць развіццю рака. Падзяляюць на 2 групы: аблігатныя і факультатыўныя. Аблігатныя (пігментная ксерадэрма, прыроджаны паліпоз тоўстай кішкі) абавязкова з цягам часу пераходзяць у рак. Умоўна да аблігатных П.з. адносяць нейрафібраматоз, які таксама пераходзіць у злаякасную пухліну — нейрафібрасаркому. Факультатыўныя П.з. (захворванні з гіперпластычнымі і дыспластычнымі працэсамі, прыроджаныя парушэнні структуры тканак) не абавязкова пераходзяць у ракавую пухліну. Многія органы могуць мець факультатыўныя П.з., напр., страўнік — хранічную язву, атрафічны гастрыт, залозісты паліп; малочная залоза — фібраадэному, кістозна-фіброзную мастапатыю; печань — цырозы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮСТЭ́РКА»,
«Люстра», бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬПІ́Т,
запаленне пульпы зуба. Узнікае пры пападанні ў яе бактэрый, іх таксінаў, прадуктаў распаду тканак з карыёзнай поласці, парушаных калязубных тканак, пры траўме зуба, з крывацёкам пры цяжкіх інфекц. захворваннях і інш. Бывае востры і хранічны, ачаговы і дыфузны (пашыраецца на ўсю пульпу зуба). П. пашкоджвае малочныя і пастаянныя зубы. Характарызуецца моцным болем, які можа ўзнікаць, напр., пры пападанні на хворы зуб халоднай (гарачай) ежы; пры некат. формах П. холад купіруе боль. Часам П. закранае галіны трайчастага нерва і боль пераходзіць на пэўныя часткі твару. Лячэнне: поўнае ці няпоўнае выдаленне пульпы з далейшым пламбаваннем зуба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАШУКА́ЛЬНІК,
прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.
Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і якіпераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.
Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).
Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп 1He) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.
Літ.:
Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл.АНСССР. 1938. Т. 18, № 1;