адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50° паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.
Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку па Пд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАРКТЫ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
фларыстычная і зоагеагр. вобласць сушы. Для раслін і жывёл межы галарктычнай біягеаграфічнай вобласці не супадаюць. Самая вял. займае больш за палову ўсёй сушы: Еўропу, б.ч. Азіі, Паўн. Афрыку, Паўн. Амерыку. У складзе галарктычнай біягеаграфічнай вобласці вылучаюць самаст. падвобласці Палеарктыку і Неарктыку.
Фауна на Крайняй Пн бедная і аднастайная, да Пд багацейшая. Агульныя віды для Паўн. Амерыкі і паўн. Еўразіі: бабёр, воўк, буры і белы мядзведзі, гарнастай, лось, высакародны алень, снежны баран, ліс і інш. Сярод эндэмікаў млекакормячыя (віларогі, грызуны апланадонтавыя, селявініевыя і інш.), птушкі (цецеруковыя, гагары, чысцікі і інш.), рыбы (ласасёвыя, асетрападобныя і інш.). Тэр. Беларусі ўваходзіць у падвобласць Палеарктыкі і падзяляецца на 3 правінцыі (раёны); паўн., пераходную і палескую. Пашыраны зубр, бабёр, глушэц, высакародны алень і інш.; сярод эндэмікаў хахуля, бабёр, казуля, сіпуха і інш. Для флоры галарктычнай біягеаграфічнай вобласці характэрны сям. складанакветных, злакавых, асаковых, бабовых, казяльцовых, крыжакветных, губакветных і інш. Больш за 30 эндэмічных сям. раслін: гінкгавыя, адоксавыя, шэйхцэрыевыя і інш.Тэр. Беларусі ўваходзіць у Барэальную падвобласць. Вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі: Усх.-Еўрап. (займае большую ч.тэр.), Цэнтр.-Еўрап. (Белавежская пушча) і Паўн.-Еўрап. (на Пн). Пашыраны складанакветныя, злакавыя, асаковыя і інш., з дрэвавых — бярозавыя, хваёвыя, вярбовыя і інш.Эндэмікі: луннік, снітка, маркоўнік, медуніца і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л.сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр.ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л.квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́РКТЫКА (ад неа... + грэч. arktikos паўночны),
Неаарктыка, Неарктычная біягеаграфічная падвобласць, вобласць з 2 ці 3 падвобласцямі, або падцарства з асобнымі біягеагр. абласцямі: Арктычнай, Канадскай, Санорскай у складзе Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці царства Арктагеі. Займае Паўн. Амерыку (на Пд да Мексіканскага нагор’я ўключна), Канадскі Арктычны архіпелаг, а-вы Алеуцкія, Бермудскія, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, Прыбылова.
Паводле характару расліннасці вылучаюць зоны тундры, тайгі, шыракалістых лясоў, стэпу (прэрый). Субтрапічныя хвойна-шыракалістыя лясы распасціраюцца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа на зах. схілах Сьера-Невады і ў Каліфорніі. Субтрапічныя пустыні займаюць Мексіканскае нагор’е, дзе найб. пашыраны кактусы; растуць агавы, юка дрэвападобная, палыны, ксерафітныя калючыя кусты і інш.Эндэмікі — сям. фук’ерыевых (ідрыя, фук’ерыя раскошная і інш.), сальнае дрэва. У прэрыях характэрныя расліны — кавылі, злакі. Лісцевыя лясы маюць вял. відавую разнастайнасць. У хвойна-шыракалістых лясах захаваліся эндэмічныя віды секвоі, секвоядэндран, туі, тсугі. У фауне вял. разнастайнасцю вылучаюцца млекакормячыя, сярод іх 3 эндэмічныя сям.: гаферавыя, апладонтавыя і віларогі, шмат інш. эндэмічных родаў і відаў. Шмат эндэмікаў і сярод птушак: арлан белагаловы, казарка канадская, калібры, папугаі, каршун вілахвосты, качка каралінская, лебедзь амерыканскі і інш Паўзуны прадстаўлены пераважна яшчаркамі сям.ігуанавых (анолісы, фрыназомы і інш.), эндэмічнымі сям. бязногіх яшчарак аніэлід, ядазубаў. Сярод змей характэрны ўдавы, ядавітыя ямкагаловыя (грымучыя змеі, шчытаморднікі). Чарапахі прадстаўлены 3 сям. і вял. колькасцю відаў. У бас.р. Місісіпі жывуць алігатары. Сярод земнаводных шмат хвастатых, у т. л. эндэмічнае сям. амфіум. Рыбы ўключаюць эндэмічныя атр. аміяпадобных, або глейных рыб і панцырнікападобных, эндэмічныя сям. афрэдадэрыевых і слепавочкавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́Л,
возера ў Расійскай Федэрацыі, на ПдУсх. Сібіры (у Бураціі і Іркуцкай вобл.). 456 м над узр. м.Пл. 31,5 тыс.км², даўж. 636 км, найб. шырыня 79,4 км. Самае глыбокае (1620 м) і вялікае па аб’ёме прэснай вады (23 тыс.км³) у свеце, змяшчае каля 1/5сусв. запасаў прэснай вады (без ледавікоў). Пл. вадазбору больш за 550 тыс.км². У Байкал упадае 336 рэк, у т. л. Селенга, Баргузін, Верхняя Ангара, Турка. Выцякае р. Ангара, якая выносіць за год каля 61 км³ вады. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання. Раён Байкала высокасейсмічны, шматлікія землетрасенні. 27 астравоў, найбольшы Альхон (пл. каля 730 км²). Байкал абкружаны горнымі хрыбтамі. Берагавая лінія слаба парэзаная. Самыя вял. залівы ў сярэдняй ч. возера: Баргузінскі, Чывыркуйскі (падзеленыя п-вам Святы Нос), Правал, губы Аяя і Фраліха. Ветравыя хвалі (да 5 м), згонна-нагонныя з’явы. Т-ра вады на паверхні ў жн. ў адкрытай частцы 12—14 °C, каля берагоў 18—20 °C, на глыбіні амаль пастаянная ўвесь год (3,2—3,5 °C). Ледастаў з канца снеж. — пач.студз. да пач. мая. У вытоку Ангары Байкал не замярзае. Вада адрозніваецца вял. празрыстасцю (да 40 м) і чысцінёй. Праводзяцца работы па памяншэнні адмоўнага ўплыву гаспадаркі навакольных раёнаў на водныя рэсурсы возера. Раён Байкала характарызуецца складанай сістэмай мясцовых вятроў: з ПнЗ — сарма (у раёне в-ва Альхон), з ПнУ — баргузін, з ПдЗ — култук. У флоры і фауне каля 2600 відаў і разнавіднасцяў, у т. л. ¾ эндэмікі: бычкі, жывародная рыба галамянка і інш.Прамысл. рыбы: байкальскі омуль, сіг, харыус, часцікавыя і інш. Водзіцца байкальскі цюлень. Развіты рыбалоўства, суднаходства. Гал. гарады Слюдзянка, Байкальск; прыстані Байкал, Лісцвянка, Танхой, Усць-Баргузін, Северабайкальск. У пас. Лісцвянка Лімналагічны ін-т Сібірскага аддзялення АН Расіі, у пас. Вялікія Каты гідрабіял. станцыя Іркуцкага ун-та. Паўн.-ўсх.ч. Байкала ў складзе Баргузінскага запаведніка, на паўд. узбярэжжы Байкальскі запаведнік, на зах. — Прыбайкальскі нац. парк і Верхняленскі запаведнік. Байкал і навакольныя мясцовасці — раён турызму і адпачынку. Па паўд. узбярэжжы Байкала праходзіць Транссібірская, па паўн. — Байкала-Амурская магістралі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,
міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб.глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд.афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс.км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс.км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-растудз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-раліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс. т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля 1/з часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),
мацярык у Паўд. паўшар’і, частка свету. Пл. 7631,5 тыс.км² (найменшы сярод мацерыкоў). Нас. 18 млн.чал. (1994). Працягласць з Пн на Пд ад мыса Йорк (10°14′паўд. ш.) да мыса Паўд.-Усходні (39°11′паўд. ш.) 3200 км; з З на У ад мыса Стып-Пойнт (113°51′усх. д.) да мыса Байран (153°34′усх. д.) 4100 км. На Пн Аўстралія абмываецца Тыморскім і Арафурскім, на У — Каралавым і Тасманавым морамі, на Пд і З — Індыйскім ак. Аўстраліі як частцы свету належыць шэраг а-воў: Тасманія, Кінг, Кенгуру, Мелвіл, Грут-Айленд і інш. (пл. з а-вамі 7704,5 тыс.км²). Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на 2,3 тыс.км цягнецца Вялікі Бар’ерны рыф. Берагавая лінія парэзана слаба: на Пн зал. Карпентарыя, на Пд Аўстралійскі зал., вял. п-авы — Кейп-Йорк і Арнем-Ленд на Пн.
Адкрыў Аўстралію галандзец В.Янсзан у 1606. Усходні бераг ў 1770 наведаў Дж.Кук. Яго суайчыннік М.Фліндэрс назваў мацярык Аўстраліяй.
Рэльеф. У рэльефе Аўстраліі пераважаюць раўніны, каля 87% паверхні не перавышае 500 м над узр. м. Аўстралія — самы нізкі мацярык свету, сярэдняя выш. 215 м, найб. 2230 м — г. Касцюшкі ў Аўстралійскіх Альпах. Заходнюю ч. Аўстраліі займае Заходне-Аўстралійскае пласкагор’е (выш. 400—500 м) з хрыбтамі і шматлікімі сталовымі гарамі: на паўн.-зах. ускраіне масіў Кімберлі (выш. да 936 м), па ўсходняй — горы Мак-Донел (1510 м, г. Зіл), Масгрэйв (1140 м, г. Вудраф), на ПдЗхр. Дарлінг (выш. да 582 м), на Зхр. Хамерслі (выш. да 1226 м). Сярэдняя ч. Аўстраліі нізінная (пераважная выш. да 100 м над узр. м.). На ПдУ алювіяльныя раўніны рэк Мурэяі Дарлінга, у паўд. частцы хрыбты Фліндэрс і Маўнт-Лофты. Характэрны пенеплены — вял. ўраўнаваныя раўніны з астраўнымі гарамі. Усходнюю ч. Аўстраліі займае Вялікі Водападзельны хрыбет, які складаецца з шэрагу ізаляваных плоскавяршынных горных хрыбтоў з моцна расчлянёнымі стромкімі ўсх. і спадзістымі зах. схіламі.
Геалагічная будова. У аснове цэнтр. і зах. частак мацерыка — стараж.Аўстралійская платформа з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод, якія агаляюцца ў раёне Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я і часткова на п-аве Арнем-Ленд. Цэнтральная ч. платформы перакрыта чахлом асадкавых парод ад познапратэразойскага да кайназойскага ўзросту. Усходняя ч. ўтворана Усх.-Аўстралійскім складкавым геасінклінальным поясам, уключае разам з палеазойскімі вулканічныя і інтрузіўныя пароды ўсіх узростаў. Карысныя выкапні: алмазы (1-е месца ў свеце па здабычы), золата, жал. руды (хр. Хамерслі), медзь (Маўнт-Айза, Квінсленд), марганец (в-аў Грут-Айленд), уран (п-аў Арнем-Ленд), баксіты (п-авы Кейп-Йорк, Арнем-Ленд, хр. Дарлінг), каменны і буры вуглі (Вял. Водападзельны хрыбет), нафта і газ на ўзбярэжжы і ў шэльфавай зоне мацерыка (Баса праліў, ПдУ Аўстраліі), поліметалічныя і тытанавыя руды, фасфарыты.
Клімат. Паўн. частка Аўстраліі (да 20° паўд. ш.) знаходзіцца ў экватарыяльным, цэнтр.ч. (20—30° паўд. ш.) — у трапічным, паўд. ўскраіны — у субтрапічным кліматычных паясах. На б.ч. в-ва Тасманія клімат умераны. Высокія тэмпературы і вял. сухасць клімату (38% плошчы атрымлівае менш за 250 мм ападкаў) абумоўлены геагр. становішчам, працягласцю мацерыка з З на У, размяшчэннем на УВял. Водападзельнага хр., на Пдхр. Дарлінг, якія затрымліваюць вільгаць з акіянаў. Сярэднія т-ры студз. ад 20 да 30 °C і больш, ліп. ад 12 да 20 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 1500 мм да 300—250 мм за год і менш. Аўстралія — самая гарачая ч. сушы Паўд. паўшар’я: на 2/3тэр. трапічны пустынны і паўпустынны клімат (ва ўнутр. раёнах кантынентальны, сярэдняя т-ра студз. 34 °C, ліп. 10 °C). На б.ч.ўсх. ўзбярэжжа клімат трапічны марскі, гарачы. Самы гарачы раён з т-рай студз. больш за 40 °C на ПнЗ (Марбл-Бар), самы засушлівы — катлавіна воз. Эйр (менш за 120 мм ападкаў за год). Найб. колькасць ападкаў на паўн.-ўсх. узбярэжжы — больш за 2000 мм за год.
Унутраныя воды. Натуральная рачная сетка развіта слаба. Амаль 60% тэрыторыі — бяссцёкавыя вобласці. Рэкі кароткія, жыўленне дажджавое, рэжым нераўнамерны. Пустыні перасякаюць часовыя вадацёкі (крыкі) Купер-Крык, Джарджына і інш.Найб. мнагаводная рака Мурэй (даўж. 2570 км) з гал. прытокам Дарлінг (2740 км; самая доўгая рака Аўстраліі), рэкі Фіцрой, Ропер, Фліндэрс, Вікторыя, Мерчысан. Найб. азёры: Эйр, Торэнс, Амадыес, Гэрднер; вял. колькасць дробных (да 400) на ПдУ — на раўніне Салёных азёраў. Шмат стараж. азёрных катлавін, якія запаўняюцца вадой толькі пасля дажджоў. Аўстралія — багатая падземнымі водамі — 33 артэзіянскія басейны агульнай пл. каля 4800 тыс.км² (глыб. залягання вады 20—1800 м). Найбольш значныя басейны: Вялікі Артэзіянскі басейн, Мурэйскі, Морэтан-Кларэнс, Юкла, Джарджына.
Глебы і расліннасць. Глебавае покрыва падпарадкавана шыротнай занальнасці, парушаецца толькі ў гарах. На Пд і ПнУ развіты месцамі забалочаныя чырвона-жоўтыя латэрытныя глебы, якія змяняюцца чорна-бурымі глебамі саваннаў. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць шэразёмы трапічных і субтрапічных пустыняў і бурыя пустынна-стэпавыя глебы з саланчакамі і масівамі пяскоў. На Пд Аўстраліі прыбярэжная паласа каштанавых глебаў, на ПдЗ мацерыка чырваназёмы і жаўтазёмы субтрапічных саваннаў, па схілах гор горныя жоўта-бурыя лясныя, на вяршынях гор і ў Аўстралійскіх Альпах горна-лугавыя глебы. Расліннасць Аўстраліі развівалася ва ўмовах доўгай ізаляцыі, адрозніваецца своеасаблівым складам — каля 75% эндэмікі. Найб. тыповыя эўкаліпты (больш за 600 відаў), акацыі (490 відаў) і казуарыны (каля 25 відаў). Цэнтр.ч. мацерыка занята пясчанымі пустынямі (Вялікая Пясчаная пустыня, Вялікая пустыня Вікторыя, Гібсана пустыня) з рэдкімі дзярнінамі ксерафітных злакаў. Пустыні акаймаваны поясам паўпустыняў з зараснікамі калючых хмызнякоў (скрэбы). На Пн, У, ПдУ і ПдЗ паўпустыні пераходзяць у саванны (злакавае покрыва, асобна трапляюцца акацыі, «травяное дрэва», бутэлечнае дрэва). У далінах рэк паўн. і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа ўчасткі гілеяў, у вусцях — балоты і мангравыя зараснікі. 3% пл. займаюць лясы. Наветраныя схілы Вял. Водападзельнага хр. на Пн укрыты субэкватарыяльнымі вільготнымі лясамі з пальмамі, фікусамі, лаўровым дрэвам, араўкарыяй і бамбукам, далей на Пд — трапічнымі лясамі з эўкаліптаў. На зах. падветраных схілах — рэдкалессе і саванны. У гарах найб. рэзка выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Каля верхняй мяжы лесу растуць бук, «снегавы» эўкаліпт, дрэвападобныя папараці. Мацярык Аўстралія з прылеглымі а-вамі Тасманія і інш. вылучаюцца ў асобную фларыстычную вобласць, гл.Аўстралійская біягеаграфічная вобласць.
Жывёльны свет. Фауна Аўстраліі адрозніваецца багаццем эндэмічных (да 90 відаў) і рэліктавых жывёл. На мацерыку вял. колькасць сумчатых зямнога шара: кенгуру, барсук, мядзведзь (каала). Толькі ў Аўстраліі яйцародныя млекакормячыя (качканос і яхідна), дваякадыхаючая рыба рагазуб, адсутнасць эндэмічных капытных, прыматаў і драпежнікаў (акрамя дзікага сабакі дынга). З птушак ёсць страус эму, казуары, чорны лебедзь, лірахвост, папугаі, райскія птушкі і інш. Шмат ядавітых змей, яшчарак, скарпіёнаў, ядавітых павукоў; у вадаёмах — аўстралійскія кракадзілы і чарапахі. Флора і фауна ахоўваецца ў нац. парках і запаведніках, найб. вядомыя: Маўнт-Бафала, Касцюшкі, Саўт-Уэст (в-аў Тасманія), Уілсанс-Проматары і інш.